Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Общество

"Паважайце наш выбар, нашу гісторыю". Вячаслаў Даніловіч пра Дзень народнага адзінства

18.09.2024 | 15:35
Чацвёрты раз Беларусь адзначыла Дзень народнага адзінства. Гэта самае маладое дзяржаўнае свята нашай суверэннай краіны. Яно вяртае нас да падзей далёкага 1939-га. Менавіта 85 гадоў таму 17 верасня Чырвоная армія перайшла мяжу з Польшчай, пачаўшы вызваленчы паход. Яго вынікам стала ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. Пра значэнне гэтай падзеі ў лёсе беларускага народа і яе ўплыў на сённяшнія рэаліі, пра гістарычныя ўрокі і пераасэнсаванне стаўлення да мінулага мы пагаварылі з вядомым палітыкам і вучоным, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктарам гістарычных навук Вячаславам Даніловічам.

- Вячаслаў Віктаравіч, падзеі 85-гадовай даўніны, у верасні 1939 года і пазней, сталі пераломнымі ў гісторыі нашай дзяржавы, ці не так?

- Безумоўна, таму што была ліквідавана гістарычная несправядлівасць - падзел беларускага народа па­жывому, тое, што зрабілі паводле Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе. Беларусы фактычна ўпершыню аб’ядналіся ў рамках уласнай нацыянальнай дзяржавы, якой з’яўлялася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Несумненна, гэта вельмі знакавая старонка і для нашага народа, і для беларускай дзяржаўнасці. Як бы хто ні ставіўся да тых падзей, для нас яны адназначна надзвычай станоўчы момант. Таму што несправядліва, калі народы дзеляць на часткі, і яны не маюць магчымасці жыць так, як лічаць патрэбным.

- На ваш погляд, у чым найбольш праявіўся лёсавызначальны характар падзей 1939-га?

- Перш за ўсё ў пазітыўнай рэакцыі падаўляючай большасці беларусаў на тое, што адбывалася. Насельніцтва сустракала Чырвоную армію хлебам-соллю і кветкамі.

У той час імідж Савецкага Саюза, савецкіх рэспублік у свеце быў вельмі прывабны. Дастаткова згадаць, што эканамічны крызіс 1929-1933 гадоў закрануў усе краіны, вельмі цяжкім становішча было і ў Заходняй Беларусі. Ад яго наступстваў не пацярпеў толькі Савецкі Саюз. Працоўных усяго свету ўражвала, што ёсць краіна, якая пазбягае сацыяльных узрушэнняў, беспрацоўя, дэфіцыту прадуктаў і іншых тавараў. Гэта адно.

Другое - мяжа балюча падзяліла нават сем’і, і не было ніякай магчымасці наведаць родных. Але найгорш тое, як ставіліся польскія ўлады да мясцовага насельніцтва. На "крэсах усходніх", дзе ў асноўным жылі беларусы, праводзілася жорсткая палітыка паланізацыі. Усе беларускія школы да 1939 года пераўтварылі ў польскія, забаранілі выкарыстанне беларускай мовы, праваслаўныя храмы аддавалі пад касцёлы.

Калі паглядзець на эканоміку Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай польскай дзяржавы, то гэта быў аграрна-­сыравінны прыдатак карэннай Польшчы. Польскія ўлады цікавілі тэрыторыя і рэсурсы, але ўкладвацца ў развіццё краю яны лічылі непатрэбным. Не хачу сказаць, што абсалютна ўсім там дрэнна жылося: сёй­-той, хто "стаў" палякам, меў пэўныя сродкі і адчуваў сябе больш­-менш нармальна, але падаўляючая большасць насельніцтва знаходзілася ў вельмі складаным сацыяльна-эканамічным становішчы. Не сакрэт, што сялянам не хапала зямлі: у міжваеннай Польшчы захоўвалася памешчыцкае землеўладанне. Даводзілася выязджаць у іншыя мясціны альбо ўвогуле перасяляцца туды, дзе былі вольныя землі. Назіраўся актыўны міграцыйны працэс у Паўднёвую Амерыку, Канаду, Злучаныя Штаты. Зноў жа не будзем забываць пра нацыянальны і канфесійны прыгнёт з боку польскіх улад.
1939 год. У вызваленым Слоніме

І падумайце, як мудра павяло сябе савецкае кіраўніцтва! Былі праведзены абсалютна дэмакратычныя выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Усе, хто дасягнуў васямнаццацігадовага ўзросту, мелі права паўдзельнічаць і прагаласаваць за таго альбо іншага дэлегата. У польскім жа выбарчым заканадаўстве існавалі сацыяльныя, нацыянальныя і іншыя абмежаванні, якія не адпавядалі рэальнай дэмакратыі.

Народны сход Заходняй Беларусі прадстаўляў розныя пласты мясцовага насельніцтва. Зразумела, большасць яго дэлегатаў былі беларусы, але і палякі, рускія, літоўцы, украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэрыторыі краю, таксама прымалі ўдзел у яго працы - сяляне, рабочыя, інтэлігенцыя. Фактычна гэта правобраз Усебеларускага народнага сходу - вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, які фарміруецца абсалютна дэмакратычным шляхам. Заўважу яшчэ, што значная частка насельніцтва Заходняй Беларусі ўвогуле ўпершыню атрымала магчымасць удзельнічаць у выбарах.

- Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 года, заканадаўча замацаваў уваходжанне тэрыторыі краю ў склад БССР. Што гэта значыла насамрэч?

- Вядома, найперш была прызнана савецкая ўлада на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Рашэнні аб нацыяналізацыі буйной прамысловасці і банкаў павярнулі вектар развіцця з капіталістычных на сацыялістычныя рэйкі. Вырашылася зямельнае пытанне: пасля ліквідацыі памешчыцкага землеўладання сяляне атрымалі надзелы.

Пачала вельмі бурна развівацца прамысловасць. Літаральна за паўтара года, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у Заходняй Беларусі рэканструявалі ці пабудавалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх працавалі 40 тысяч рабочых. Доля валавога ўнутранага прадукту, якую забяспечвалі заходнія вобласці БССР, складала больш за 27%.

"Несправядліва, калі народы дзеляць на часткі, і яны не маюць магчымасці жыць так, як лічаць патрэбным".

Гэта вельмі імклівае эканамічнае развіццё! А сацыяльная сфера? Адкрылі пяць вышэйшых навучальных устаноў, дваццаць пяць тэхнікумаў. Згадайце: "за Польшчай" існаваў адзін Віленскі ўніверсітэт, дзе ў найлепшыя гады беларусы складалі максімум 3% студэнтаў. Адкрываюцца тэатры, клубы. Навучанне ў школах (а іх на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля ўз’яднання стала значна больш, амаль 6000) ідзе на пяці мовах - беларускай, рускай, польскай, літоўскай, ідзіш. "Пры панах" вучыцца можна было толькі на польскай.

Такая палітыка сведчыць пра народны характар савецкай улады, што, безумоўна, спрыяла яе падтрымцы з боку мясцовага насельніцтва. Калі б не вайна, а яна каштавала беларускаму народу 40 даваенных бюджэтаў БССР, і гэта толькі матэрыяльны ўрон, без уліку страшных людскіх страт - кожны трэці загінуў, рэспубліка магла б нармальна развівацца. Уявіце сабе: 40 гадоў мы "згубілі" праз палітыку генацыду і знішчэння нацыянальнага багацця, якую праводзілі нямецка­-фашысцкія захопнікі.

- У гістарыяграфіі савецкага перыяду шырока выкарыстоўваўся тэрмін "далучэнне", хоць відавочна ўваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР стала аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, уз’яднаннем беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Выглядае, што даследчыкі асцярожнічалі пры ацэнцы тых падзей?

- Так, але гэта пазіцыя абсалютна памылковая, таму што далучыць можна штосьці да чагосьці штучна, як, напрыклад, у свой час Заходнюю Беларусь да польскай дзяржавы далучылі. Мы ж гаворым пра ўз’яднанне: тое, што парвалі на часткі, урэшце стала цэлым, адзіным. Хоць я глыбока перакананы, што ніколі ў жыцці польскія ўлады не вярнулі б гэтыя землі ў склад БССР. Але гісторыя распарадзілася па-­свойму.
Камандзір Чырвонай арміі чытае газету жыхарам Заходняй Беларусі ўвосень 1939-га

Шмат бруду, асабліва адразу пасля распаду СССР, вылілі на знакаміты пакт Рыбентропа-Молатава, сцвярджаючы, быццам бы Савецкі Саюз паспрыяў пачатку Другой сусветнай вайны. Сёння любы гісторык, які займаецца гэтай тэмай, выразна бачыць тыя сілы, якія вырасцілі нацысцкую Германію. А гэта так званыя добрыя і слаўныя заходнія дэмакратычныя краіны - Вялікабрытанія, ЗША, Францыя. Чаму ім так спатрэбілася песціць нацызм і накіроўваць яго агрэсію на ўсход? Я ўжо адзначаў, што Савецкі Саюз прапанаваў у той час рэальную альтэрнатыву ашалеламу капіталізму, які панаваў ва ўсім свеце, гэтаму несправядліваму грамадству нажывы. І тады было вырашана моцным браніраваным кулаком, вайною зруйнаваць Савецкі Саюз. Як звычайна, з даўніх часоў англасаксонскія эліты дзейнічалі паводле прынцыпу "падзяляй і ўладар", вырашаючы свае праблемы за кошт іншых, чужымі рукамі. Савецкі Саюз, калі Германія пачала праяўляць свой агрэсіўны характар, вёў шматгадовыя перамовы з Вялікабрытаніяй, Францыяй, каб стварыць агульную сістэму бяспекі супраць нацызму ў Еўропе. Былі заключаны дамовы з Францыяй і Чэхаславакіяй аб падтрымцы ў выпадку агрэсіі. І што мы ўбачылі ў 1938 годзе на так званай Мюнхенскай змове? Тыя ж Францыя і Вялікабрытанія выкруцілі рукі чэхаславацкаму ўраду Эдварда Бенеша, прымусіўшы фактычна адмовіцца ад суверэнітэту сваёй краіны. СССР гатовы быў аказаць ваенную дапамогу Чэхаславакіі, але для гэтага Чырвонай арміі трэба было прайсці праз тэрыторыю Польшчы альбо Румыніі. І тая і другая краіны адмовілі. Гэта выразна дэманстравала, што Захад па сутнасці даў карт­-бланш нацысцкай Германіі, і потым аб’яднаная нацысцкім рэйхам Еўропа прыйшла да нас усталёўваць новы парадак.

 "Ніколі ў жыцці польскія ўлады не вярнулі б гэтыя землі ў склад БССР".

Пакт Рыбентропа-­Молатава - гэта не прычына канфлікту, а яго наступства. Савецкі Саюз быў апошняй еўрапейскай краінай, якая падпісала дагавор аб ненападзенні з Германіяй. А першай гэта зрабіла Польшча. Як толькі Гітлер прыйшоў да ўлады і заявіў, што будзе адраджаць германскую імперыю на нацысцкім грунце, Польшча ў 1934­-м падпісала дагавор аб ненападзенні. Потым, у 1938-­м, - сакрэтны пратакол, паводле якога яна паўдзельнічала ў падзеле Чэхаславакіі, атрымаўшы Цешынскую вобласць.

Раней за Савецкі Саюз падобныя дагаворы з Германіяй мелі Вялікабрытанія, прыбалтыйскія рэспублікі і шэраг іншых краін. Сутнасць жа заключаецца ў тым, што Савецкаму Саюзу проста не заставалася выбару: альбо ваяваць з нацысцкай Германіяй, а патрэбен быў час, каб падрыхтавацца, альбо пайсці на неардынарны крок - падтрымаць прапанову Германіі заключыць дагавор аб ненападзенні на 10 гадоў. Гэта было нечакана для заходніх "дэмакратаў", якія з’яўляліся рэальнымі падпальшчыкамі сусветнай бойні. Аднак гэты дагавор ніякім чынам не рабіў Савецкі Саюз і Германію саюзнікамі. Так, быў сакрэтны пратакол, якім размежавалі сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы. Але ўспомніце тую ж Мюнхенскую змову. Усё было цалкам у духу часу.

Падпісанне пакта дазволіла аднавіць гістарычную справядлівасць: уз’яднацца Заходняй Беларусі, Заходняй Украіне са сваімі савецкімі рэспублікамі ў адзінай дзяржаве. Больш за тое, на прыкладзе Заходняй Беларусі (гэта вельмі важны і істотны момант) бачым выразны сацыяльна-­эканамічны і культурна­-духоўны імпульс, які быў нададзены ўсяму беларускаму грамадству.

У савецкі час тэму ўз’яднання сапраўды не педаліравалі, але жыццё паказала, што гэта контрпрадуктыўна. Можа, яно дзесьці там у геапалітычных сферах і апраўдана было на той час, але не апраўдала сябе. Успомніце, ужо ў суверэннай і незалежнай Беларусі таксама не акцэнтавалі ўвагу на падзеях 1939 года. Ну навошта, калі ў нас добрыя, як мы лічылі, суседзі і развіваецца супрацоўніцтва, нейкія старыя справы згадваць? Але жыццё паказала: трэба гэта рабіць! Тут нічога ганебнага, няма чаго саромецца. Мы глядзім на нашу гісторыю вачыма свайго народа, праз прызму сваёй дзяржаўнасці, вызначаючы добрае ці дрэннае, што далі тыя альбо іншыя гістарычныя падзеі і асобы.
- Калі б тэрыторыя Заходняй Беларусі не ўвайшла ў склад БССР, то, відаць, праз пэўны час ад беларусаў там не засталося б і следу? Ва ўсякім разе, адзін з польскіх прэм’ерміністраў Скульскі яшчэ на пачатку 1920-х заяўляў, што праз 50 гадоў пра ніякіх беларусаў у Польшчы ніхто нават не згадае.

- Цяжка сказаць, што было б, калі б уз’яднанне зацягнулася ці не адбылося ўвогуле. У любым выпадку лёс беларусаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі склаўся б незайздросна.

"Мы глядзім на нашу гісторыю вачыма свайго народа, праз прызму сваёй дзяржаўнасці".

Звярну вашу ўвагу: у міжваеннай Польшчы палякі складалі толькі 65% насельніцтва. Нягледзячы на гэта, мясцовыя кіруючыя эліты праводзілі ў жыццё тэзіс "Польшча для палякаў". Атрымлівалася, што амаль палова насельніцтва заставалася за бортам. Таму патрэбна было яго асіміляваць, пазбавіць магчымасці нацыянальна­культурнага развіцця, каб найлепшым чынам выкарыстоўваць патэнцыял гэтых тэрыторый у сваіх інтарэсах.

Але не адбылося так, як хацелі польскія кіруючыя эліты. Гісторыя пайшла па справядлівым шляху. Дух нашага народа не быў зломлены, нягледзячы на працэсы паланізацыі.

- Мяркуючы па тым, што адбываецца сёння, у польскіх улад усё яшчэ жыве небяспечная настальгія па "адарваным краі"?

- У польскіх кіруючых эліт ёсць, як гаворыцца, фантомныя болі. Хаця з гістарычнага пункту гледжання гэтыя тэрыторыі да міжваеннага перыяду ніколі не былі ў складзе польскай дзяржавы. А чаму апынуліся? Таму што яшчэ "начальнікам польскай дзяржавы" Юзафам Пілсудскім быў абвешчаны тэзіс аб аднаўленні Рэчы Паспалітай як польскай дзяржавы ў межах 1772 года. Гэта значыць, уся Беларусь і велізарны кавалак Украіны павінны былі адысці да Польшчы. Фактычна выхадзец з тэрыторыі Заходняй Беларусі, Свянцянскага раёна сучаснай Літоўскай Рэспублікі, Пілсудскі цудоўна разумеў, што насельніцтва там далёка не ўсё польскае, таму ён заігрываў з мясцовымі нацыянальнымі дзеячамі, абяцаючы і беларусам, і ўкраінцам культурную аўтаномію ў складзе адноўленай Рэчы Паспалітай. Але факт застаецца фактам: перамогу ўсё ж атрымала ідэя іншага польскага палітыка Рамана Дмоўскага аб тым, што мясцовае насельніцтва павінна быць спаланізавана і ніякія федэратыўныя элементы ў дзяржаве немагчымыя. Юзаф Пілсудскі ўрэшце ажыццяўляў тую палітыку, якая адпавядала інтарэсам большасці кіруючай эліты Польшчы. На жаль, дагэтуль сучасным польскім палітыкам здаецца, што гэта як быццам бы іх тэрыторыя.

- На вашу думку, да якіх высноў падводзяць нас падзеі 1939 года? Якія гістарычныя ўрокі варта вельмі цвёрда засвоіць?

- Першы і самы галоўны ўрок - неабходна па максімуму захоўваць грамадскае адзінства. Бо сёння, на жаль, ужо згаданы мной старажытны пастулат "падзяляй і ўладар" супраць Беларусі актыўна выкарыстоўваюць кіруючыя колы Захаду, англасаксонская цывілізацыя фактычна на гэтым пабудавана. Усе павінны выдатна разумець: разам мы моцныя, а як толькі пад чыімсьці ўплывам пачынаем дзяліць і, горш за тое, адзін з адным біцца, гэта ні ў якім разе не на карысць нашаму народу. Невыпадкова 2021-­ы быў у нас Годам народнага адзінства, бо выдатна ўсвядомілі пасля падзей 2020-­га, як лёгка згубіць мір і спакой на геапалітычным перакрыжаванні, дзе мы жывём.

 "Адзінкі краін у свеце маюць рэальны суверэнітэт, і Рэспубліка Беларусь адна з іх".

Выразны ўрок 1939-­га заключаецца і ў тым, што дзяржаўная палітыка павінна адпавядаць інтарэсам большасці народа. Чаму Польшча так лёгка разляцелася на кавалкі? Таму што ўлады дбалі пра інтарэсы толькі часткі насельніцтва. Другі важны момант - узважаная геапалітычная стратэгія дзяржавы. Гэта якраз тое, што эфектыўна ажыццяўляе наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ён паслядоўна адстойвае інтарэсы свайго народа і беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, ён гарант суверэнітэту і выбудоўвае адносіны з іншымі краінамі на прынцыпах узаемапавагі.
Гэта надзвычай важны момант. Скажыце, колькі ў тым жа Еўрапейскім саюзе рэальна суверэнных краін? Добра, калі адна - Венгрыя. Па вялікім рахунку нават польская кіруючая эліта праводзіць палітыку не ў інтарэсах Польшчы, а з падачы Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі рухаецца ў рэчышчы, вызначаным звонку. Увогуле адзінкі краін у свеце маюць рэальны суверэнітэт, і Рэспубліка Беларусь адна з іх. Дзякуючы найперш, канешне, нашаму нацыянальнаму лідару.

Можна доўга дыскутаваць пра ролю асобы ў гісторыі. Але цалкам відавочна: калі на чале дзяржавы моцны і харызматычны палітык, які заўсёды з народам і ўся яго дзейнасць у інтарэсах народа, то, несумненна, у такой краіны ёсць гістарычная перспектыва і шчаслівая будучыня. І ў гэтым сэнсе, лічу, нашай Беларусі вельмі пашанцавала.

- Часам наша краіна ўяўляецца мне караблікам, які ў вельмі неспакойным акіяне ўпарта і настойліва прабіраецца наперад…

- Так, беларуская дзяржава ідзе ўласным шляхам, праводзіць разумную знешнюю і ўнутраную палітыку. З усімі гатова супрацоўнічаць, нармальнае жыццё развіваць. Адзінае, што просім: паважайце наш выбар, нашу гісторыю.

- І не лезьце, куды не просяць.

- Бадай, самы істотны момант, яшчэ адзін урок нашай гісторыі: адносіны і ўнутры грамадства, і паміж краінамі выбудоўваюцца на грунце ўзаемапавагі. Гэта аснова. Так і хочацца часам сказаць заходнім "дэмакратыям": "Мы паважаем вашы традыцыі. Хочаце дэградаваць - дэградуйце, але не трэба нам сюды пхаць вашу дэградацыю".

- Дзякуй за цікавую размову.

ДАНІЛОВІЧ Вячаслаў Віктаравіч

Нарадзіўся 21 лістапада 1973 года ў Полацку. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці "настаўнік гісторыі і сацыяльна­-палітычных дысцыплін", там жа аспірантуру, дактарантуру Інстытута гісторыі. Доктар гістарычных навук, дацэнт.

Настаўнічаў, выкладаў і працаваў на розных пасадах у БДПУ імя Максіма Танка, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, дырэктарам Інстытута гісторыі НАН, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Сёлета абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання па Чкалаўскай акрузе № 97, з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.

| Гутарыў Ігар ГАНЧАРУК. Фота БЕЛТА.

Чытайце таксама:
Эта тема до сих пор будоражит и литовцев, и белорусов. Историк о спорах насчет ВКЛ
Что изменится в белорусском образовании? Рассказывает Андрей Иванец
Как противостоять "фейковой чуме"? Мнение белорусских экспертов