Дзякуй лёсу, ёсць яшчэ сябры, што без нагоды дораць табе кніжкі! Такое не з’еш - забудзеш, а паставіш на паліцу, каб у дні смутку ды сумненняў пагартаць, сустрэцца твар у твар са сваімі пачуццямі-развагамі… Той стан, аб неверагоднай значнасці якога хочацца нагадаць, зноў запрашаючы вас, сябры, у нашу хату-чытальню.
Знаўцы заўсёды падкрэслівалі: вось паэт, што памнажае святло і хараство. "Узнёслы, юны, далёкі, трапяткі, родны і блізкі" - як толькі пра яго не пісалі. І хіба можа з тым не пагадзіцца ўсякі, хто чытаў вершы Уладзіміра Жылкі - паэта, што нарадзіўся 125 гадоў таму, творцы, чыё імя стаіць поруч з імем Максіма Багдановіча? У наш легкадумны век цяжка ўявіць, як зусім малады чалавек можа прагнуць не летуценнай прыгажосці, а яго вялікасці хараства, якое існуе ва ўсім: ад прыроды да чалавечай душы. Ледзь не ў кожнай прадмове да яго твораў мы прачытаем, што жыццёвы шлях маладога чалавека "палягаў праз самакатаванне, эміграцыю, расстанне з усім, што ён любіў, - з Беларуссю, дачкой, сябрамі".

Жылка пакінуў гэты свет, калі яму было ўсяго 33… Пасля смерці яго чакала забыццё. Але ж такі голас - чалавека, напоўненага любоўю, - не мог не прарвацца праз гады, не адрадзіцца:
Брацці, зраблю вас багатымі,
Зорамі высаджу край.
Сонцам заззяе над хатамі
Словаў маіх каравай.
Я ж вачэй не ўзніму, багавіца,
Толькі ўзрушаны думкі чамусь.
О, як соладка сэрцу маліцца:
Беларусь, Беларусь, Беларусь!
У новым зборніку
"Уладзімір Жылка. Пад гэтым небам" з серыі "Новая бібліятэка беларускай паэзіі" кожны, упэўнена, знойдзе зрыфмаваныя радкі, якія адгукнуцца.
Не пакіне нас, бібліяфілаў, раўнадушнымі і працяг серыі "Бібліятэка беларускай аповесці". У зборніку
"Змітрок Бядуля. „Салавей“. Алена Васілевіч. „Пачакай, затрымайся…“. Уладзімір Караткевіч. „Лісце каштанаў“" чакае нямала перажыванняў. З першых старонак "Салаўя" падумалася трывіяльнае: як жа імкліва ляціць час, як незваротна мяняецца жыццё! Бо твор - пра часы… прыгоннага права. Упэўнена, пастаўленыя ў свой час па яго матывах балет і спектакль былі цікавымі, але мне хапіла ўласнай фантазіі, каб яскрава ўявіць кожнага героя. Аповесцю гэтай паэт, філосаф, даследчык фальклору, літаратуры і тэатра Змітрок Бядуля зрабіў унёсак у станаўленне гістарычнай прозы, хоць сам аўтар называў твор белетрызаваным, казачна-прыгодніцкім. Цікавы факт: некаторыя крытыкі гатовы былі залічыць "Салаўя" нават да раманаў.

Што да аўтабіяграфічнай тэтралогіі Васілевіч "Пачакай, затрымайся…", то яна аб’ядноўвае аповесці "Расці, Ганька" (1966), "Доля знойдзе цябе" (1968), "Новы свет" (1970) і "Пачакай, затрымайся…" (1970). У 1994-м дадаўся яшчэ раздзел "…А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна…". Твор адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне дзіцячай літаратуры… "Лicце кaштaнaў" Караткевіча - вельмі моцнае слова для тых і пра тых, чыё дзяцiнcтвa i юнaцтвa aпaліла вaйна. Лісце каштанаў ападзе, каб увесну вырасці зноў, а вось абарванае чалавечае жыццё ніколі ўжо не адродзіцца, не вернецца.
Вечная тэма вайны знаходзіць новае гучанне і ў прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі кнізе
"Слова пад кулямі". Праз тэксты, дакументы і фотаздымкі дазнаемся аб журналістыцы ваенных гадоў на тэрыторыі СССР і БССР. "У дні вайны газета - паветра, - пісаў у самы разгар Вялікай Айчыннай Ілья Эрэнбург. - Людзі раскрываюць газету, перш чым раскрыць пісьмо ад блізкага сябра. Газета цяпер пісьмо, адрасаванае асабіста табе. Ад таго, што стаіць у газеце, залежыць і твой лёс". Мяркую, і журналістам, і больш шырокаму колу чытачоў цікава будзе даведацца аб тым, што на Беларусі выдавалася ва ўмовах падполля не так і мала газет, у тым ліку камсамольскіх і партызанскіх.

А яшчэ пра тое, як загінуў 25-гадовы галоўны рэдактар газеты "Звязда" Уладзімір Амельянюк… Калі і з чыёй дапамогай радыёстанцыя, што вяшчала з Масквы, пачала гаварыць на беларускай мове… Колькі пісьменнікаў мы страцілі на фронце, а каму пашчасціла выжыць і атрымаць званне Героя Савецкага Саюза… Прыгадаем і тое, якім чынам паэта, празаіка, драматурга і публіцыста Канстанціна Сіманава звязвае з Беларуссю знакаміты верш "Чакай мяне". Інфармацыя ў кнізе адсартавана паводле раздзелаў: газеты, радыё, работа фатографаў, кінахроніка, пісьменніцкія творы.
"Сустрэча вясны на Сатурне", "Ноч на Марсе", "Аргентанія"… Падобна на назвы фантастычных аповесцей, але гэта пералік работ знакамітага нашага земляка. Менавіта яго творчасці прысвечаны своеасаблівы фотаальбом
"Язэп Драздовіч" з тэкстам на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Заклікаю не прапусціць кароткі аповед пра жыццё вялікага талента, пагартаць старонкі, на якіх змешчаны фота карцін. Так натхняе! Асабіста мяне яшчэ і таму, што сустракаліся на маім жыццёвым шляху людзі, якія бачылі майстра, памяталі, якой неверагоднай была яго творчасць…

Урэшце толькі касмічнай тэматыцы Драздовіч прысвяціў больш за сто твораў, што склалі цыклы "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Марсе" і "Жыццё на Месяцы". Ідэі прыходзілі майстру ў дзіўных снах, у якіх ён бачыў таямнічыя гарады, незямную дзіўную прыроду, жыццё іншапланецян. Язэп называў іх "астральнымі падарожжамі-палётамі". Раніцай рабіў падрабязнае апісанне ўбачанага, ілюстраваў малюнкамі і картамі, складзенымі ў графічныя альбомы. "Магчыма, што некаторыя… чытачы знойдуць, што ўсё тое, што я тут апісваю… ёсць ні што іншае, як толькі мары, палёты і фантазіі… Прыйдзе час, калі паездка на Месяц стане не толькі магчымай, як і цяпер узлёт машынаю на завоблачча", - пісаў Драздовіч у дзённіку.
У працяг "касмічнай" тэмы прыгадаўся чамусьці дзіцячы вершык: "- Дзядзя, // Колькі сонц на свеце? - // Запыталі ў мяне дзеці. // Адказаў: - Адно… // Смяюцца: // - Не адно, а іх без ліку. // Сапраўды, пачаў лічыць я: // Ў кожнай кроплі - сонца блікі". Між іншым, як толькі летам знікае за хмарамі сонца і пачынаецца дождж, у галаве круцяцца гэтыя радкі, і лёгкі сум адразу адступае. Калі я іх завучыла - не памятаю, але з таго часу люблю і дождж, і блікі сонца ў кожнай кроплі пасля яго… Прынамсі, верш Яўгена Скурко. Яго пяру належыць нямала твораў, якія ён прысвяціў дзецям.

Любяць іх, упэўнена, і дарослыя, а таму для сямейнага чытання шчыра раю папоўніць хатнія бібліятэкі свежым выданнем Максіма Танка
"Блікі сонца". Урэшце вершы майстар пачаў пісаць, будучы яшчэ гімназістам. Лірыка нацыянальнага класіка - гэта спалучэнне рэалізму, рамантызму, сатыры, філасофскіх разваг, непадробная цікаўнасць як да айчыннага, так і да замежнага літаратурнага скарбу. Ёсць у Танка і пра боль за родны край, і пра мужнасць народа, і наогул ім створана шмат прывабных вобразаў.
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг
Пра таямніцы жахлівых падзей і легенду фотажурналістыкі: 5 кніг для цікавага адпачынку
Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?