Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Пяць кніг, якія нядрэнна было б пачытаць разам з дзецьмі

05.08.2024 | 18:15
Як казаў адзін вядомы палітык, найлепшы сябра - той, хто "дасць мне кнігу, якую я не чытаў". Міжволі задумалася: а ці не можам мы добра пасябраваць адразу з усёй сям’ёй?

Выдатны шанс для гэтага дае чарговая падборка новых кніжных выданняў. А самыя доўгія канікулы - выдатны час, каб пачытаць разам з дзецьмі, у сямейным коле і пасля падзяліцца ўражаннямі.

Важныя жыццёвыя ісціны дрэнна засвойваюцца, калі дзіцяці казаць у лоб. А вось даводзіць іх, выкарыстоўваючы розныя павучальныя гісторыі, куды больш эфектыўна, бо ў гэтым выпадку патрэбныя высновы напрошваюцца самі па сабе. Але дзе ж набраць вобразных, пераканаўчых аповедаў на розныя выпадкі жыцця? Адкрыю сакрэт: такая крыніца ёсць. 

Выдавецтва "Мастацкая літаратура" выпусціла зборнік вершаў, апавяданняў і беларускіх народных казак "Хітры дзённік". Тут жыццёвай мудрасці і народнага гумару цэлы россып! 

Знайсці гэту кнігу дакладна варта, калі ў сям’і ёсць дзеці малодшага школьнага ўзросту. Кожны невялічкі твор незвычайнага "дзённіка" расказвае пра тое, што такое добра і дрэнна, пра вучобу і вольны час, пра настаўнікаў і бацькоў, пра сяброўства, кнігі, працу. Словам, пра тыя самыя важныя рэчы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай дзіцячага жыцця. Разам з малымі можна абмеркаваць учынак Даніка - героя апавядання "Дарога ў школу". Чаму хлапчук не данёс кветкі ў школу ў першы дзень навучальнага года і што зрабіла настаўніца, калі даведалася, што букет застаўся ляжаць каля абеліска героям вайны?
Своеасаблівую павучальную тэматычную энцыклапедыю дарослага жыцця нагадвае кніжачка "Обман в конверте, или Сборник поучительных рассказов и рисунков". У зборнік увайшлі работы фіналістаў і пераможцаў гарадскіх конкурсаў на тэму "Стоп заробку ў канвертах". Няцяжка здагадацца, што гэта найперш ініцыятыва падаткавікоў. Да яе далучыліся галіновы прафсаюз і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Трэба сказаць, неблагая спроба ліквідаваць прабелы ў фінансавай пісьменнасці юнага пакалення, якое часам не задумваецца, як ствараецца камфортнае жыццё, да якога мы прывыклі: працуюць установы аховы здароўя і адукацыі, грамадскі транспарт, рамантуюць дарогі… Гэта ўсё забяспечваецца ў тым ліку за кошт падаткаў.

Здавалася б, тэма складаная для дзяцей школьнага ўзросту, але, мяркуючы па змесце зборніка, справіліся яны з ёй паспяхова. І нават здолелі раскрыць, чым рызыкуе наймальнік, які выплачвае заробкі ў канвертах, якіх правоў і сацыяльных гарантый пазбаўляецца сам работнік і што ўрэшце губляе дзяржава. "Трэба з розумам ставіцца да таго, дзе вы працуеце і як налічваецца ваш заробак", - прыходзіць да высновы ў сваёй мастацкай працы вучаніца СШ № 92 Вікторыя Собалева. А Настасся Ляшкевіч з гімназіі № 21 сцвярджае, што ў канвертах павінны быць толькі лісты. Скарыстаўшыся QR-кодамі на апошняй старонцы кнігі, можна больш падрабязна пазнаёміцца з конкурснымі работамі.
Дарэчы, QR-коды трывала ўвайшлі ў друкаваныя выданні: хочаш больш інфармацыі, відэа- і аўдыязапісаў - пераходзь па спасылцы і, як кажуць, заглыбляйся! Зборнік "Старажытная беларуская літаратура" серыі "Чытай і слухай" выйшаў менавіта ў такім фармаце. Творы эпох Сярэднявечча, Адраджэння альбо ў стылях барока, класіцызму, асветніцтва, рамантызму і рэалізму можна пачытаць і паслухаць. Чым прыцягальныя і карысныя аповесці, летапісы, паэмы ды іншыя творы Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага, Вікенція Равінскага, Яна Баршчэўскага, Адама Міцкевіча, Канстанціна Вераніцына, Уладзіслава Сыракомлі? Найперш глыбокім асэнсаваннем настрояў і мар беларусаў у розныя часы і эпохі. Гэта бясцэнны духоўны набытак нацыі, па якім мы і сёння звяраем свае памкненні.

А якое жыццё без добрага і задзірыстага гумару? Беларусы заўсёды тым і вызначаліся, што ў самыя складаныя моманты знаходзілі сілы пажартаваць. Тая ж знакамітая паэма "Тарас на Парнасе" - выдатны ўзор нязмушанага і дасціпнага народнага гумару.
І конь, і кот могуць плакаць, але ж не смяяцца! А чалавека прырода надзяліла гэткаю раскошаю, якая, як сцвярджаюць навукоўцы, станоўча ўплывае на фізічны і псіхічны стан. А з чаго, спытаеце, смяецца беларус? Найперш з сябе. Пераканацца ў гэтым можна, калі пагартаць перавыдадзены "Зялёны лісток на планеце Зямля" Янкі Сіпакова. Як вам, напрыклад, гэта гісторыя?

Новы беларус упершыню наведаў вёску. Вярнуўшыся, расказвае жонцы:

- Там чалавек, я сам бачыў, зрабіў жывога каня.

- Не гавары глупства, - адмахнулася ад яго жонка.

- Чыстая праўда! Калі я падышоў, ён ужо заканчваў прыбіваць яму ногі…
І такіх дасціпных жарцікаў у кнізе вядомага літаратара хапае. Але гэта не гумарыстычны зборнік. "Зялёны лісток на планеце Зямля" - так Янка Сіпакоў называе Беларусь. Гэта своеасаблівы партрэт Радзімы, сапраўдная энцыклапедыя яе гiсторыi. Грунтоўны аповед пра нашу зямлю, людзей, мову, міфалогію, камяні, ежу, лясы, замкі, кнігі, адзенне, хаты, святыні, сімвалы, надвор’е, флору, фаўну, святы, гарады і мястэчкі, неба і космас, каляндар, войны, святых… У фінальным эсэ аўтар робіць важны і важкі акцэнт, сцвярджаючы, што менавіта з нашых культуры і літаратуры "можна пачынаць усе кнігі, у якіх мы хочам расказаць іншым краінам і народам, як мы жывём, чым займаемся і пра што марым на сваім зялёным лістку, які сціпла і годна, ласкава і з надзеяй прытуліўся да нашай роднай і любай планеты Зямля".

З надзеяй на мір ды спакой жывуць на Беларусі людзі. Яны добра ведаюць, якім цяжкім быў лёс краіны, праз якія складаныя выпрабаванні давялося прайсці продкам, асабліва падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Звярнула ўвагу на дакументальную аповесць-эсэ Анатоля Бензерука "Галавасек". "Чароўная флейта", "Цёплы вецер", "Майская навальніца" - гэта не паэтычныя экспромты, а найменні карных аперацый, якія нямецкія акупанты праводзілі на беларускай зямлі. Аўтар спыняецца на адной з іх - "Драйек" ("Трохкутнік"). Яе жахлівым вынікам у верасні 1942-га стала знішчэнне разам з жыхарамі дзвюх вёсак на Брэстчыне - Зялёныя Буды ў Маларыцкім і Драмлёва ў Жабінкаўскім раёнах. Населеныя пункты так і не аднавіліся пасля вайны. 

Карнікі быццам бы шукалі партызан, насамрэч забівалі ўсіх, хто здаваўся ім падазроным. А падазравалі яны палешукоў, цэлыя вёскі. "Гарэлі Баравая, Забалацце, Зялёныя Буды пад Маларытай, Барысаўка, Каменка, Рэчыца пад Кобрынам… 11 верасня стала фатальным днём для Драмлёва", - горыч і боль адчуваеш, чытаючы гэтыя радкі. У кнізе шмат фактычнага матэрыялу, пералічваюцца імёны і прозвішчы ахвяр генацыду беларускага народа.

Чытаем, помнім!

| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Што вы ведаеце пра нацыянальныя паркі? Пять цікавых кніг, якія выдалі ў Беларусі

"І хто ж, вы думаеце, парушыў ідылію?" Пяць свежых і цікавых выданняў белліта

Якую кнігу возьмем з сабой у парк? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе