Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

"Паўлінка" назаўжды. Гісторыя спектакля з 1912 года і да нашых дзён

10.06.2024 | 21:20

Як вадэвіль Купалы "прадказаў" вызваленне Беларусі і стаў легендай нацыянальнага мастацтва. Калі нараджалася "Паўлінка", нікому з яе творцаў не прыходзіла ў галаву, што гэта мае быць "нятленка". Ні Купалу ўлетку 1912-га, калі на верандзе матчынага дома за кубкам сырадою ён нядрэнна бавіў час, малюючы норавы харужанскай шляхты. Суседзі пакрыўдзіліся, асабліва Францішак Аўлачымскі, ён жа Пранцысь Пустарэвіч: "Вось жа нахабнік, нават імя не змяніў!" Ну і хай, напэўна, думаў аўтар. Гэта ж капуснік, нагода пасмяяцца і... павучыць дзяўчат цалавацца.

Не стала хітом тэатральнага сезона

Ці не з такім жа стаўленнем некалі браўся за "Паўлінку" БДТ-1, сённяшні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы? Вадэвіль - так акрэслены яе жанр у тагачасных дырэктарскіх загадах. Вясёлая лёгкая п’еса без дробкі той напышлівасці, якую пазней надалі ёй культуролагі і тэатразнаўцы. Спытайце ў школьнікаў, якім спектаклем адкрыўся 14 верасня 1920 года Купалаўскі тэатр. Відавочна, адкажуць, што "Паўлінкай". Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Той незабыўны вечар распачаўся сумеснымі спевамі "Інтэрнацыянала", пасля чаго паказалі "Рысь" паводле матываў аповесці Элаізы Ажэшкі, два вадэвілі на ідзіш паводле Шолама-Алейхема і "Вяселле" Чэхава.

"Паўлінку" далі на чацвёрты дзень, 17 верасня. Гэта быў адноўлены і дапрацаваны спектакль Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, які ўпершыню ўбачыў святло рампы 1 мая 1917 года. Відаць, рэжысёр Фларыян Ждановіч таксама не ўспрымаў камедыю Купалы залішне сур’ёзна: ролю Альжбеты, паводле некаторых звестак, іграў мужчына.

"Паўлінка" не стала хітом першага тэатральнага сезона ў БДТ-1. Дый іншыя беларускамоўныя пастаноўкі Белдзяржтэатра - "На Купалле", "Вяселле", "Машэка" - збольшага ўспрымаліся як эксперымент і ўяўлялі хутчэй інсцэніраваныя абрады. Тут панавала руская трупа з даволі правінцыйным рэпертуарам. З пачаткам беларусізацыі Прэзідыум ЦВК БССР пастанавіў "изгнать из стен государственного театра играющую там оперетку". Памяшканне замацавалі за беларускай трупай. Але і яна абрушвае на гледачоў самую што ні ёсць безгустоўшчыну. Чаго варта адна толькі назва пастаноўкі - "Польскі жыд"!

1920 год. Першая афіша Купалаўскага тэатра

Першая, так бы мовіць, сур’ёзная спроба паставіць у Белдзяржтэатры "Паўлінку" адбылася ў 1927 годзе. Галоўны рэжысёр Еўсцігней Міровіч зрабіў з яе вострасацыяльную агітку, і спектакль хутка сышоў са сцэны.

Вось так і атрымалася, што першая больш-менш "тая самая" "Паўлінка" паўстала ў БДТ-2, сёння гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Выдатны рэжысёр і акцёр Павел Малчанаў назваў пастаноўку "Вечар беларускіх вадэвіляў", у яе ўвайшлі дзве купалаўскія камедыі - "Прымакі" і "Паўлінка". Музыку напісаў Міхаіл Красеў, якога мы ведаем як аўтара дзіцячай оперы "Марозка". Дапамагаў яму беларускі кампазітар Леанід Маркевіч. Прэм’ера з поспехам прайшла 12 чэрвеня 1936 года. Публіка была ў захапленні. "Паўлінка" трыумфавала!

"Паўлінка" падчас вайны

І калі ў эвакуацыі ў Томску на пачатку 1944 года ў БДТ-1 узнікла вострая патрэба паставіць беларускую камедыю, дырэктар тэатра Фаня Алер вырашыла… "паўтарыць" спектакль віцяблян. Еўсцігней Міровіч ідэю падтрымаў. Пастаноўку даручылі рэжысёру Льву Літвінаву (Гурэвічу), бо, па праўдзе кажучы, не мелі намеру ствараць эпахальны спектакль - вясёлае і забаўляльнае дзейства, не больш за тое.

Здавалася б, у цяжкі для Радзімы час лагічна засяродзіцца на героіцы. Былі і прыклады. Вялікім поспехам карыстаўся, напрыклад, спектакль "Проба агнём" у пастаноўцы БДТ-2, які тады працаваў у Арэхава-Зуеве пад Масквой, і кантата Багатырова "Беларускім партызанам". Яны натхнялі, усялялі веру ў непазбежную перамогу. Але купалаўцы, знаходзячыся з 1941 года ў правінцыйным Томску, выступаючы ці не штодня перад параненымі ў шпіталях і рабочымі эвакуіраваных заводаў, адкрылі для сябе вельмі простую ісціну. Смяротна стомленыя і галодныя людзі, многія з якіх страцілі сваіх блізкіх, хацелі, каб мастацтва хаця б на гадзіну-другую вярнула іх у родны дом, у мінулае, дзе яны былі здаровыя і шчаслівыя, дзе жылі мама с татам і ўвогуле ўсе былі жывыя.

1944 год, Томск. Сцэна з "Паўлінкі"

У рэпертуары тэатра ўжо мелася "Пінская шляхта" і пікантныя камедыі Лопэ дэ Вега, але гэтага было недастаткова. У прадчуванні хуткага вызвалення роднай зямлі і вяртання ў Беларусь тэатр шукаў сапраўды нацыянальную п’есу. Размова зайшла, як мы ўжо згадвалі, пра "Вечар беларускіх вадэвіляў" - выглядала так, што "Паўлінка" з "Прымакамі" ідэальна адпавядалі агульнаму настрою. Да таго ж "успомнілі" пра "Вечар…" вельмі своечасова - на пачатку 1944-га творчую брыгаду тэатра выклікалі "для художественного обслуживания освобожденных территорий". Менавіта такая фармуліроўка значыцца ў дырэктарскім загадзе ад 21 студзеня 1944 года. Акурат завяршыліся репетыцыі "Прымакоў". Да іх дадаліся "Партызаны" паводле п’есы Кандрата Крапівы (з гэтым спектаклем тэатр удзельнічаў у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве 5-14 чэрвеня 1940 года) і "Валодзін гальштук", таксама п’еса Крапівы. У склад творчай тэатральнай брыгады ўвайшлі народны артыст БССР У. Уладамірскі-Малейка, які перадаў абавязкі мастацкага кіраўніка Глебаву-Сарокіну, заслужаны артыст БССР К. Быліч, а таксама С. Станюта, С. Глікман, В. Краўцоў, Л. Ярмоліна, З. Лідская (ці Ліцкая. - Аўт.), А. Важэнін і З. Скачкоўская.

Астатнія заняліся "Паўлінкай". Аб падрыхтоўцы спектакля сведчыць дырэктарскі загад ад 8 лютага 1944 года. Мастацкае афармленне даручылі Барысу Малкіну, які працаваў пад кіраўніцтвам галоўнага мастака БДТ-1 Івана Ушакова. Абавязкі асістэнта рэжысёра ўсклалі на Сцяпана Бірылу. Кампазітар Яўген Цікоцкі падкючыўся пазней, ён у той час займаўся операй "Алеся", якой мусіў адкрыцца Вялікі тэатр пасля вызвалення Мінска. Усе верылі ў хуткую сустрэчу з родным горадам і працавалі як апантаныя. Цікоцкі напіша 19 мая 1944 года ў газеце "Совецкая Беларусь" пра сваю работу над "Алесяй" і пра музыку да спектакля "Палешукі" ў БДТ-1. Пра "Паўлінку" ніводнай згадкі. Ці не таму, што ўдзел кампазітара ў спектаклі спачатку не планаваўся? Магчыма, Літвінаў узяў музыку Красева і Маркевіча. Балазе, наконт аўтарскіх правоў тады не надта турбаваліся. І толькі праз нейкі час, калі "Паўлінка" стала ці не сімвалам Купалаўскага тэатра і ўвогуле нацыянальнага тэатральнага мастацтва, запрасілі Цікоцкага, які асвяціў яе сваім талентам і аўтарытэтам.

Захаваўся спіс размеркаваных роляў. Першым нумарам ідзе Пранцысь, выканаўцы - народныя артысты БССР Глеб Глебаў-Сарокін і Генрых Грыгоніс. Сыграць Сцяпана даручылі заслужаным артыстам БССР Барысу Кудраўцаву, якому ледзь споўніўся 31 год, і не на шмат старэйшаму Уладзіміру Дзядзюшцы. Роля пана Быкоўскага дасталася заслужанаму артысту БССР Барысу Платонаву і Здзіславу Стоме. Якім, якога ўвасабляў на сцэне заслужаны артыст БССР Іван Шаціла, аказаўся старэйшы за Сцяпана. Паўлінка - заслужаная артыстка БССР Раіса Кашэльнікава, саракагадовая, мажная, прыгожая жанчына, якая не надта выглядала на дачку. Але менавіта яна стала першай, можна сказаць, класічнай Паўлінкай, на якую раўняліся наступныя пакаленні актрыс. У ролі Альжбеты была народная артыстка БССР непараўнальная Лідзія Ржэцкая.

1980 год. У ролі Паўлінкі Ала Доўгая

Прэм’ера "Вечара камедый" з поспехам прашумела ў Томску 23 мая 1944 года. Праз тыдзень дырэктар тэатра Фаня Алер выдала чарговы загад. "П’есы, прысвечаныя Айчыннай вайне, мабілізуюць пачуцці і энергію гледача на здзяйсненне свяшчэннай задачы па разгроме ворага. Разам з тым не меней важнае патрыятычнае значэнне маюць класічныя творы, якія адлюстроўваюць даўніну. Менавіта такімі трэба разглядаць камедыі народнага паэта Беларускай ССР Янкі Купалы „Паўлінка“ і „Прымакі“, якія любоўна і дыхтоўна, у належнай мастацкай інтэрпрэтацыі пастаўлены заслужаным артыстам БССР, галоўным рэжысёрам тэатра Л.М. Літвінавым у садружнасці з мастаком Б.Я. Малкіным. Гэты спектакль - „Вечар камедый“ - з’яўляецца этапным на шляху стварэння нацыянальнага рэпертуару і па сваіх мастацкіх вартасцях годны памяці народнага песняра Беларусі", - можна прачытаць на пажоўклай ад часу паперы.

Усім удзельнікам спектакля аб’явілі падзяку. Уганаравалі і работнікаў дэкарацыйнага цэха. Цікава, што мастацкае вырашэнне дэкарацый жыве дагэтуль, хіба толькі крыху змяняецца.

Тым часам далёка на захадзе ва ўмовах надзвычайнай сакрэтнасці разгортваліся апошнія прыгатаванні да аперацыі "Баграціён". Артысты, зразумела, пра гэта не ведалі, аднак інтэнсіўна рыхтаваліся да рээвакуацыі. Спачатку ў Гомель, бо хто ж мог уявіць тады, што ўжо 3 ліпеня Мінск вызваляць? Склалі дэталёвы спіс тых, хто плануе вярнуцца ў Беларусь. Актрыса Маргарыта Шашалевіч, першая жонка Заіра Азгура, з трынаццацігадовым сынам вырашыла застацца ў Томску, аднак на "Паўлінцы" гэта ніякім чынам не адбілася, бо ў спектаклі яе не задзейнічалі.

Сёлета купалаўцы адкрыюць юбілейны 105 сезон

"Совецкая Беларусь" 17 чэрвеня нагадала чытачам, што 28 чэрвеня спаўняецца два гады з дня смерці Песняра. З гэтай нагоды, паводле безыменнага журналіста, спецыяльную праграму, прысвечаную Янку Купалу, падрыхтаваў Дзяржаўны ордэна Чырвонага Працоўнага Сцяга драматычны тэатр. Праз дзесяць дзён выданне напіша: "Атрыманы падрабязныя звесткі аб поспеху купалаўскага вечара, падрыхтаванага Першым Беларускім ордэна Чырвонага Працоўнага Сцягу драматычным тэатрам. Праграма вечара складаецца з двух твораў паэта: „Паўлінка“ і „Прымакі“. Апрача таго, напісана ўступнае слова аб жыцці і творчасці Янкі Купалы… Спектакль яркі, красачны, багаты. У ім многа песень, танцаў на аснове народных мелодый".

"Важнае патрыятычнае значэнне маюць класічныя творы, якія адлюстроўваюць даўніну".

Гэта першая згадка пра "Паўлінку" ў беларускім друку. Ці маглі газетчыкі ўявіць, што некалі сціплы "вечар" стане візітоўкай нацыянальнага тэатра? Тым болей што такое пачэснае месца ў беларускім тэатральным мастацтве здавалася занятым. Напярэдадні вайны БДТ-2 выпусціў прэм’еру "Несцеркі" Віталя Вольскага з музыкай Ісака Любана. Іскрамётная пастаноўка Навума Лойтэра карысталася надзвычайным поспехам і ў 1946 годзе атрымала Сталінскую прэмію. Акурат у гадавіну смерці Купалы "Совецкая Беларусь" публікуе чарговую ўзнёсла-захопленую рэцэнзію на спектакль віцяблян. Неўзабаве яго пабачыла Масква.

Аднак мінскія акцёры нават не думаюць засмучацца з гэтай прычыны. З радасным настроем у ліпені калектыў едзе на гастролі ў Юргу. "Паўлінка" настолькі там спадабалася, што спектакль просяць паказаць і ў Новасібірску.

Чамусьці заднім днём, 8 жніўня, намеснік дырэктара Абрам Гайдарын-Равінскі выдае загад, паводле якога з 11 ліпеня, літаральна праз тыдзень пасля вызвалення, у Мінск накіроўвалася брыгада для правядзення арганізацыйных работ, звязаных з рээвакуацыяй. Сярод першых, хто пасля трохгадовай разлукі ступіў на парог роднага тэатра, - артысты Здзіслаў Стома і Уладзімір Скакун.

Сакавік 2021 года. У сучаснай "Паўлінцы" маладыя акцёры іграюць побач з легендамі беларускай сцэны: Пранцысь Пустарэвіч - народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, Паўлінка - Настасся Варанкова, Якім - Ілья Крук

У той самы дзень "Советская Белоруссия" (з 1 ліпеня 1944 года газета рускамоўная) друкуе вялікі артыкул Яўгена Садоўскага аб вяртанні БДТ-1. Вядомы крытык напамінае чытачам пра заслугі тэатра перад краінай, згадвае яго непараўнальных артыстаў і паведамляе, што калектыў прывозіць з сабой 21 спектакль, пастаўлены ў эвакуацыі. Сярод іх і "Паўлінка". "Минский зритель увидит эти замечательные произведения в блестящем исполнении лучших артистов коллектива", - запэўнівае Садоўскі.

Дату ад’езду тэатра з Томска прызначылі на 20 жніўня. Дэкарацыі "Паўлінкі" грузяць у асобны вагон, бо наперадзе яшчэ гастролі ў Новасібірску.

Чытайце таксама:

Паўліна Мядзёлка: муза паэта і зямная жанчына. Якое дачыненне яна мела да "Паўлінкі"?


Война и мир Евгения Тикоцкого. Что на самом деле известно о знаменитом композиторе?


Протоколы на папиросной бумаге. Какими были первые годы Белорусского союза композиторов?


Дарога дамоў заняла роўна паўтара месяца. Чацвёртага кастрычніка 1944 года тэатр вярнуўся на родную зямлю з падзячным лістом з Томска. "Спектакли Белорусского государственного орденоносного театра помогали нам в труде и вселяли в нас бодрость и веру в то, что фашистская гадина будет уничтожена. Артистов театра можно было видеть и в студенческой аудитории, и у койки раненого воина Красной Армии, и в производственных цехах фабрик и заводов, и в колхозах", - сёння гэтыя радкі ўспрымаюцца як сведчанне велізарнай ролі мастацтва ў перамозе над ворагам.

"Марай нашай было зрабіць спектакль так, каб ён быў варты светлай памяці народнага паэта".

На шчасце, тэатральны будынак не пацярпеў. Першы драматычны раздзяліў яго з іншымі творчымі калектывамі, як гэта было ў 1920-я. У разбураным вайной Мінску адразу ж распачалі падрыхтоўку да адкрыцця першага сезона. Пачаўся ён 9 снежня са спектакля па п’есе Віктара Галаўчынера "Урок жыцця". Неўзабаве тэатру прысвоілі імя Янкі Купалы. Што да "Паўлінкі", то яе аднавілі на сцэне Купалаўскага толькі ў 1945-м, і ў такім фармаце спектакль існаваў мінімум да сярэдзіны 1950-х гадоў. Яго вельмі любілі гледачы.

У 1952 годзе "Паўлінку" экранізуюць. У галоўных ролях выдатныя купалаўскія акцёры Глеб Глебаў, Уладзімір Дзядюшка, Лілія Драздова, Лідзія Ржэцкая, Вера Пола, Уладзімір Кудрэвіч, Барыс Платонаў. Але гэта не выратавала кінафільм ад глядацкага расчаравання і скептычных водгукаў кінакрытыкаў. І на тое былі прычыны. Музыку Цікоцкага крыху "падправіў" беларускі кампазітар Юрый Бяльзацкі. А рэжысёр Аляксандр Зархі чамусьці ўвогуле вырашыў стварыць кінаверсію ў жанры меладрамы.

Затое на тэатральнай сцэне "Паўлінка" працягвае сваё феерычнае шэсце. Для акцёраў удзел у купалаўскім вадэвілі, асабліва гэта было заўважна ў 1960-80-х гадах, - залог творчага прызнання і ганаровых званняў.

У чым феномен "Паўлінкі" Купалы-Літвінава-Цікоцкага, запатрабаванасць і папулярнасць спектакля? Яго ў 2019 годзе афіцыйна прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. "Марай нашай было зрабіць спектакль так, каб ён быў варты светлай памяці народнага паэта; каб тое, што адчувалі мы і думалі пра яго, атрымала б у спектаклі годнае сцэнічнае выражэньне, як, хаця б, водбліск яго", - прызнаваўся рэжысёр. Сэрцам ігралі ў "Паўлінцы" такія выдатныя акцёры, як Ала Доўгая, Барыс Уладамірскі, Генадзь Аўсяннікаў, Галіна Макарава, Марыя Захарэвіч, Зінаіда Браварская, Уладзімір Рагаўцоў.

- "Паўлінка" - мая вельмі старая знаёмая, - расказвае былы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка. - Студэнтам кансерваторыі працаваў у аркестры Купалаўскага тэатра. Выконвалі музыку, якую напісаў Цікоцкі. Пана Быкоўскага тады іграў Здзіслаў Стома, у іншых ролях - Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Уладзімір Дзядзюшка, Вера Пола.

Кастрычнік 2023 года. Агата - народная артыстка Беларусі Тамара Міронава. Альжбета - заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава

Галоўная рыса "Паўлінкі" - паэтычнасць, і яе, на думку Уладзіміра Рылаткі, любой цаной трэба ўтрымаць, бо людзі, прадстаўленыя на сцэне, - "залатыя" вяскоўцы.

- Як казаў Міклуха-Маклай, у папуасаў культуры значна болей, чым у англійскіх джэнтльменаў, - усміхаецца суразмоўца. - Бо ён вымяраў яе ўзроўнем гуманізму, узаемнай павагі паміж людзьмі. Што гэта, як не галоўныя ментальныя рысы беларусаў? І такі флёр абавязкова павінен прысутнічаць у "Паўлінцы".

Уладзімір Рылатка лічыць, што яшчэ адна важная адметнасць п’есы - яе цеплыня і нейкая асаблівая сардэчнасць: глядач выходзіць з залы ўсё роўна як накормлены і абагрэты, быццам пагасцяваў у сялянскай хаце ў шчырых гаспадароў.

Ці захавалі непараўнальны дух і атмасферу "Паўлінкі" сучаснікі?

Можна сцвярджаць, што так. Аднаўленнем легендарнага спектакля займалася мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава. Яна ў "Паўлінцы" ажно 32 гады. Сёння адна з найлепшых выканальніц ролі Альжбеты.

"Адроджаны пасля 2020 года спектакль - жывое сведчанне, што Купалаўскі тэатр несмяротны".

- Яшчэ калі ў масоўцы была, бачыла, як іграе гэту ролю Марыя Захарэвіч, - гаворыць Няфёдава. - Менавіта яна стала для мяне маяком. Запазычыла ў яе малюнак і пасыл, але ўсё роўна мая Альжбета іншая. Спадзяюся, што ўзяла найлепшае ў карыфеяў, дадаўшы сваё.

Касцюмер Купалаўскага тэатра Валянціна Корань: на касцюмах з "Паўлінкі" ўнікальная вышыўка

Уладзімір Рылатка ўпэўнены, што "Паўлінку" захавалі так, як падчас вайны бераглі самыя каштоўныя рэліквіі.

- Гэты адроджаны пасля 2020 года спектакль - жывое сведчанне, што Купалаўскі тэатр несмяротны, - гаворыць ён. - Маладыя людзі іграюць так, як немагчыма зайграць ні на адной іншай сцэне свету. Яны літаральна заразіліся купалаўскім духам, і праз іх наш галоўны драматычны тэатр абвяшчае, што жывы і будзе развівацца, што ў яго і ў спектакля вялікая будучыня.

Акцёры Юлія Аўчыніна і Ілья Крук іграюць у пастаноўцы закаханую пару - Паўлінку і Якіма. Ілья з Брэста, скончыў тэатральнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Юлія - выпускніца галоўнай тэатральнай ВНУ краіны, прычым з дыпломам магістратуры.

- "Паўлінка" - першы спектакль, які я ўбачыў у Мінску, - расказвае выканаўца ролі Якіма. - Чамусьці вырашыў, што мой герой не настаўнік, а паштальён, дый увогуле атрымаў нейкую мешаніну эмоцый. Прызнацца, значна больш мяне ўразіла архітэктура Купалаўскага тэатра.

Ілья нават не марыў служыць на гэтай сцэне. Але нечакана для сябе паспяхова прайшоў няпросты кастынг і атрымаў ролю Якіма.

- На той час аддаваў перавагу больш яскравым, бесшабашным героям, і мне здавалася, што Якім не можа быць такім, - гаворыць акцёр. - Аказалася, можа. З Божай дапамогай і пры падтрымцы майстроў роля атрымалася, і цяпер для мяне Якім - самы блізкі і родны чалавек.

Ілья Крук

Пытаюся, ці адчуваў Ілья, як часам кажуць акцёры, супраціўленне матэрыялу.

- Не, п’еса лёгкая і даступная, адначасова мастацкая і прыгожая. Гэта сапраўды камедыя. У ёй шмат гумару, столькі любові, - захоплена гаворыць Ілья. - Можна сказаць, што "Паўлінка" - гэта энцыклапедыя беларускай душы. Мне здаецца, кожны турыст мусіць паглядзець "Паўлінку", бо ў ёй захоўваецца ўся інфармацыя пра нас: хто мы і адкуль, якія нашы традыцыі і культура. Чаму мы, беларусы, такія чыстыя ў сваіх думках і ўчынках.

Для Юліі Аўчынінай стварыць вобраз Паўлінкі на сцэне Купалаўскага - даўняя, амаль дзіцячая мара. Студэнткай часта глядзела спектакль і фантазіравала, як бы яна сама сыграла. Аднак запаветную ролю ёй даверылі не адразу. Спачатку давялося прымерыць вобраз фрэйліны ў спектаклі "Чорная панна Нясвіжа", потым Эні ў казцы "Гісторыя шакаладнага дрэва" і Праскоўі Паўлінаўны ў "Гарачым сэрцы".

- Маё шчасце было бязмежным, - гаворыць Юлія, згадваючы той момант, калі мастацкі кіраўнік прапанавала ёй ролю Паўлінкі. - Далёка не кожнай актрысе так шанцуе. Гэта знакавая роля: дзяўчына-званочак, незвычайная лёгкасць і адначасова прастата. Старэйшае пакаленне тэатра зрабіла хіба не большы ўклад у маю Паўлінку, чым я сама: падказвалі, раілі.

Юлія Аўчыніна

Менавіта гэты спектакль для Юліі, паводле яе прызнання, як сапраўдны рытуал. За тры гадзіны да пачатку яна паўтарае тэкст ролі, потым ідзе на распеўку, на грым. Рэпеціруе з музыкантамі, бо музычная лінія ў спектаклі значная. Калі трэба, разам з калегамі праходзіць раз-другі той ці іншы эпізод спектакля.

- За што я люблю тэатр? За тое, што кожны спектакль непаўторны, - разважае Юлія Аўчыніна. - Сёння ў мяне Паўлінка летуценная, заўтра бойкая і жвавая. Залежыць не толькі ад мяне, а і ад партнёраў на сцэне, іх настрою. Нават надвор’е ўплывае. І штораз "Паўлінка" насычаецца пачуццямі і эмоцыямі яе стваральнікаў.

Кожнае новае пакаленне знаходзіць у ёй нешта для сябе, асаблівае і непаўторнае. Героі п’есы жывуць у свеце, дзе галоўны аўтарытэт - бацькі, а канфлікт заўжды залагоджваецца любоўю. Вечныя каштоўнасці "Паўлінкі" - гэта і ёсць сакрэт яе вечнасці. Пройдуць гады, зменіцца час, людзі, абставіны і тэхналогіі, а яна будзе ўсё такой жа.

"Можна сказаць, што "Паўлінка" - гэта энцыклапедыя беларускай душы".

- Гэта энергетыка, тэмпарытмы, інтанацыі, - гаворыць Ілья. - Моладзь XXI стагоддзя напаўняе рамантыку даўніх часоў сучаснымі пачуццямі і разуменнем. І па-ранейшаму ўсе мы, ад студэнтаў да мэтраў, творцы новай эпохі спектакля і ўспрымаем "Паўлінку" як велізарны неспазнаны свет са сваёй непаўторнай гісторыяй і лёсам.

І ў гэтым сэнсе, на думку Юліі, адраджэнне "Паўлінкі" на сцэне Купалаўскага - падзея амаль роўная той, што адбылася са спектаклем восемдзясят гадоў таму далёка ад радзімы, у эвакуацыі, у вялікай надзеі на Перамогу.

| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Надзеі КАСЦЕЦКАЙ, БЕЛТА, з архіва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і адкрытых крыніц.