Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

"Пан Тадэвуш", старадаўнія рэцэпты ці беларускі Манпарнас: агляд кніжных навінак

12.11.2025 | 19:10
Джон Стэйнбек, амерыканскі пісьменнік, стваральнік сусветна вядомых раманаў і аповесцей, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, сказаў неяк, што кніг ніколі не бывае дастаткова. Як не пагадзіцца? Новыя экзэмпляры зачакаліся нас у крамах і бібліятэках.

"Свінцова-цёмныя хмары адна за адной насоўваліся на Літву з поўдня, адначасна, адным глытком, праглыналі дзённае святло, і зямлю ахінала трывожная цемра. Яна… пранікала пад стрэхі пабудоў, у жылыя хаціны. Яна трывожным чаканнем сціскала трапяткія сэрцы людзей". Заварожваюць такія радкі? Любіце па восені прыгоды, дэтэктывы, фантастыку? У чарговай кнізе серыі "Бібліятэка беларускай аповесці" ёсць адразу ўсё: дэтэктыў "Адплата" Генадзя Аўласенкі, фантастыка "Апошняя надзея" Сяргея Белаяра і твор на гістарычную тэму "Меч Агрыка" Уладзіміра Мажылоўскага. Напісана займальна, такія аповесці сведчаць пра тое, што найноўшая беларуская літаратура актыўна развіваецца ў самых розных кірунках і на сваім рахунку мае адметныя ўзоры прозы ў прыгодніцкім жанры.
А згаданыя вышэй радкі з "Мяча Агрыка" пераносяць ажно ў… 1362 год, захапляюць ад самага пачатку выразным апісаннем наваколля, прадказваючы блізкую бяду. "Трывожная цемра" з "трывожным чаканнем" рыхтуюць да жорсткага ўдару лёсу, які абрынецца на галоўнага героя Васіля Карыятавіча. Але ж дзе гора, там і шчасце. У фінале ўжо ўзрадуемся за перамогу войска вялікага князя літоўскага ў крывавай сечы з татарамі. Дружына Васіля паказала тут сябе найлепшым чынам. Вось толькі меч Агрыка - што за ён, якую ролю адыграў? Дазнаемся…

І перанясёмся бліжэй да нашых дзён, у канец года 1811-га, каб сустрэцца на беразе Нёмана са шляхціцамі Тадэвушам ды Зосяй. Так, новае перавыданне (а колькі іх было, ды яшчэ і на розных мовах!) эпічнай паэмы "Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве" Адама Міцкевіча прагне ўвагі. Гэты моцны, глыбокі твор застаецца актуальным для азнаямлення ў любы час, у любым узросце - настолькі важным застаецца ўсё, пра што дбаў Адам Міцкевіч. Напісаны "Пан Тадэвуш…", як вядома, у 1832-1834 гадах у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі. Апублікавалі твор таксама тут, але пазней, у 1843-м.
Усе падзеі апісаны па-польску, хоць маюць непасрэднае дачыненне да роднай для творцы Літвы-Беларусі і звязаны з наступленнем Напалеона на Расію. На беларускую мову паэму перакладалі розныя творчыя асобы, але ў любым выпадку ім удавалася захаваць дакладна рэальна перададзены аўтарам побыт, стасункі паміж людзьмі. Дзякуючы Міцкевічу сёння мы разумеем, якой была Беларушчына, а разам з тым і Польшча, і Расія тых часоў. Свежае выданне адметнае яшчэ і прыгожымі ілюстрацыямі.

Акурат з ілюстрацыйнага матэрыялу пачнецца першае знаёмства з такім навукова-папулярным выданнем, як "Парижская школа: белорусский Монпарнас и художественное сообщество ХХ века. Факты и путеводитель" укладальніцы Алы Зміевай. Парыжская школа - мастацкая плынь першай паловы ХХ стагоддзя - аб’яднала некалькі пакаленняў мастакоў: ад Мадзільяні да Пікасо. Кніга ж дэманструе работы, а таксама раскрывае шэраг фактаў з жыцця і творчасці землякоў: не толькі добра вядомых Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, але і такіх выхадцаў з Беларусі, пра якіх шырокае кола чытачоў, магчыма, дазнаецца ўпершыню. Гэта Роберт Генін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч… 
Дастаткова сказаць, што палотны таго ж Восіпа Любіча (нарадзіўся ў Гродне ў 1896 годзе, маляваў і займаўся музыкай з 12 гадоў) захоўваюцца ў музеях Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ізраіля. Гравюры знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Парыжы. Творы майстра ёсць і ў прыватных беларускіх калекцыянераў, а ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі з яго творчасцю знаёмяць жывапісныя творы "Маленькі букет кветак" (1932), "Нацюрморт са збанам" ды малюнак "Іспанка з гітарай" (1946).

Яшчэ адно незвычайнае, вартае асаблівай увагі навукова-папулярнае выданне - "Смотри и помни: Великая Отечественная война в белорусском кино" ўкладальніцы Антаніны Карпілавай. Тут не толькі пра айчынныя кінастужкі, але і пра знакамітых нашых рэжысёраў, аператараў, акцёраў, майстроў анімацыйнага жанру, фатографаў, якія ўвасобілі на экране і з дапамогай мастацкага фота балючую тэму. У беларускім кіно яна загучала яшчэ ў канцы 1940-х, і гэта была, як кажуць, манументальна-гераічная танальнасць, а з сярэдзіны 1960-х з’явілася лірычная інтанацыя дзяцей вайны - Алеся Адамовіча, Віктара Казько, Віктара Турава. Праз іх творы мы бачым народную трагедыю вачамі падлетка. Сам Алесь Адамовіч пайшоў у партызаны ў 15 гадоў. Перажыты ім драматычны вопыт і лёг у аснову дылогіі "Партызаны": першая частка называецца "Вайна пад дахамі", другая - "Сыны сыходзяць у бой". Над іх экранізацыяй пісьменнік працаваў разам з рэжысёрам Віктарам Туравым, якога вайна таксама пазбавіла дзяцінства… Працэс стварэння вялікіх кінастужак даваўся цяжка: зыходны сцэнарый неаднаразова перапрацоўваўся, зняты матэрыял пераманціраваўся, некаторыя эпізоды раманаў апускаліся, іншыя дадаваліся.
У кнізе багата фактаў, імён, фотаздымкаў розных часоў. Ёсць і пра анімацыйны альманах 2024 года "Мемарыяльныя комплексы Беларусі". Пры жаданні можна перагледзець усе знятыя рознымі рэжысёрамі пяць фільмаў, цікавых спалучэннем анімацыі, элементаў дакументалістыкі і натурных здымак. Выкарыстаны там тры тэхнікі: маляванае кіно, перакладка і эклер (эклер - гэта калі здымаюць сапраўдных акцёраў, а пасля іх воблік пераводзяць на паперу або ў камп’ютары).

Цяжка будзе адарвацца і ад кнігі "Беларуская кухня" Аляксандра Вашчанкі. Нават калі вы не гурман. Якія тут ілюстрацыі, колькі рэцэптаў ежы, напояў (ды на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай)! Вось як, аказваецца, выпякаць сапраўдны беларускі хлеб у хатніх умовах (гэта цалкам магчыма ў сучасных умовах!), як рабіць саладуху, крупеню, клёцкі, камы, крамбамбулю з медавухай… А дранікі? Ёсць і пра іх, але не спяшайцеся лічыць іх галоўнай нашай ежай. Страва гэта… так бы мовіць, нямецка-яўрэйскага ўплыву! Ведалі?
Назвы раздзелаў - у выглядзе цікавых прымавак: "Як клёцкі ў малаку, то па дзве валаку, а як у водзе, то раз, два - і годзе", "Мінуліся тыя часы, калі ляталі каўбасы", "Няма лепшага сняданка, як бліны ды мачанка", "Калі ёсць сала, то і грыб патрава", "Ад гарэлкі будзе розум мелкі", "Быў бы сад, а салаўі прылятуць" ды інш. Напрыканцы - кароткі слоўнік састарэлых слоў, выразаў і кулінарных тэрмінаў. Аказваецца, "аўфляўф" - адзін з варыянтаў запяканкі, а "кручок" - мера гарэлкі, роўная 250 мл. У аснову кнігі пакладзена велізарная работа, праведзеная знакамітым этнографам і фалькларыстам Мікалаем Нікіфароўскім.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:
Ад "Трывожнага шчасця" Шамякіна да альбома "Напалеон Орда": што будзем чытаць восенню?
Вершы ці карціны Драздовіча? Беларускія выданні, якія прыемна пачытаць восенню

Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг