Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Магія аўтографа. Як падпісвалі свае кнігі беларускія пісьменнікі?

06.10.2025 | 19:35
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца больш як 18 тысяч асобнікаў. З іх 8120 - з аўтографамі аўтараў. Такая адметнасць надае выданням асаблівую, непаўторную каштоўнасць. Гэта ўжо не шматтыражная кніга, а артэфакт, які нясе ў сабе значна больш, чым проста тэкст. Кнігу краналі рукі пісьменніка, а на яе старонках засталіся часцінка яго душы, іскрынкі роздуму. Спецыяльна для "Беларускай думкі" супрацоўнікі музея дасталі з запасніка найцікавейшыя асобнікі калекцыі "Кнігі з аўтографамі".

"Укладзена часцінка душы аўтара"

- Аўтограф, ці, як кажуць навукоўцы, інскрыпт, - гэта любое аўтарскае напісанне, прысвечанае пэўнай асобе. Напрыклад, родзічам, сябрам, калегам і гэтак далей, - тлумачыць Ірына Скок, загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захавання фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. - Ёсць простыя аўтографы, без зваротаў або прысвячэнняў, накшталт подпісу "На памяць". А ў іншыя ўкладзена часцінка душы аўтара. Менавіта яны перадаюць стаўленне адной асобы да другой, раскрываюць жыццёвыя перыпетыі і нават малавядомыя гісторыі.
Ірына Скок, загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захавання фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Паводле слоў Ірыны Скок, крыніцы папаўнення ўнікальнай калекцыі розныя. Штосьці набывалі за дзяржаўныя сродкі: спецыяльна для музея шукалі рэдкія выданні. Але найчасцей самі творцы ці іх сваякі ў дар перадаюць установе пісьменніцкую спадчыну.

"Стараемся як мага радзей гартаць гэтыя рарытэты".

Напрыклад, ёсць тут бібліятэчка народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Кандрата Крапівы. Збор цікавы тым, што ўтрымлівае шмат рарытэтных выданняў і слоўнікаў, бо пісьменнік займаўся і навуковай дзейнасцю. Сапраўдную гістарычную каштоўнасць уяўляюць аўтографы Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, Генадзя Бураўкіна, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Васіля Віткі і іншых выдатных пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, перакладчыкаў.

Калекцыя папаўняецца штогод амаль на сто адзінак. Адно з апошніх паступленняў - аўтограф народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца.
У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца 8120 асобнікаў з аўтографамі аўтараў

Для захавання рэдкіх выданняў створаны спецыяльныя ўмовы. Падтрымліваецца пэўная тэмпература, вільготнасць. Іх берагуць ад сонечнага святла, якое можа выпаліць фарбу.

- Стараемся як мага радзей гартаць гэтыя рарытэты, - зазначае Ірына Скок.

Ці варта казаць, што мы былі ўдзячныя за магчымасць паглядзець на іх і адчуць подых часу…

Супрацоўніца музея бярэ кнігі надзвычай асцярожна. Рукі ў белых пальчатках - так і належыць абыходзіцца з каштоўным скарбам. Разглядаем чарнільныя подпісы, уважліва ўчытваемся ў кожны радок. Звычайна аўтографы пішуць на тытульнай старонцы або франтыспісе, таму гартаць выданне патрэбы няма.
Першае выданне з музейнай калекцыі, якое падпісана адмыслова для музея

Цікава было даведацца, што першай кнігай з аўтографам, якая трапіла ў музейны фонд, быў раман у вершах Андрэя Александровіча "Нараджэньне чалавека". Надпіс на ёй вельмі лаканічны: Рэдакцыі журнала "Червоний шлях". Андр Александровіч. 25.11.31. г. Менск. Гэты грамадска-палітычны і літаратурна-навуковы штомесячнік быў заснаваны ў 1923 годзе ў Харкаве. Андрэй Александровіч - адзін з арганізатараў літаратурна-мастацкага аб’яднання "Маладняк", член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР - відавочна, з ім супрацоўнічаў.

- У савецкія часы існавала практыка абмену кнігамі паміж рэспублікамі СССР. Яшчэ да адкрыцця музея гісторыі беларускай літаратуры (ён заснаваны ў 1987 годзе, адкрылі пазней) нашы супрацоўнікі рабілі запыты ў розныя бібліятэкі краіны і такім чынам фарміравалі фонд. Гэта выданне зарэгістравана пад нумарам 136, - расказвае Ірына Скок. - А першая кніга, якую падарылі непасрэдна музею, была ад народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, яго гістарычны раман "Петраград - Брэст". І надпіс такі: Музею гісторыі беларускай літаратуры. Іван Шамякін. 16.XI.1987. Яе нумар - 393.
Экзэмпляр паэтычнага зборніка, які трапіў у музей з архіва Максіма Танка

Ірына Мікалаеўна з цеплынёй і заўважным гонарам адзначае, што Іван Шамякін да апошніх сваіх дзён наведваў музей, перадаў для экспазіцыі некаторыя асабістыя рэчы, а таксама кнігі. Гэтая ж, на думку суразмоўцы, асаблівая, бо народны пісьменнік падпісаў яе менавіта для іхняй установы. І выданняў з падобнымі прысвячэннямі ў музейнай калекцыі шмат.

"Каб часам узяў і прыпомніў"

Асаблівай каштоўнасцю з’яўляюцца кнігі, якія з’явіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па сённяшнім часе гэта не проста рарытэтныя экзэмпляры, а яскравыя і маўклівыя сведкі мужнасці, моцнага сяброўства і няскоранага духу беларускіх пісьменнікаў, якія прайшлі франтавымі дарогамі. Тварылі іх у розных мясцінах - ад Масквы да беларускіх партызанскіх лясоў.
Асаблівая каштоўнасць калекцыі - кнігі, якія з’явіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Ірына Скок бярэ ў рукі дзве танюсенькія кніжкі. Яны ўбачылі свет у 1943 годзе, у той час, калі яшчэ ішлі кровапралітныя баі за вызваленне нашай зямлі. На зборніку вершаў "Голас зямлі" чытаем шчыры надпіс: Майму міламу другу, найлепшаму пісьменніку - чалавеку на памяць ад Якуба Коласа. Масква. 20.XI.1943. Каму ж наш класік адрасаваў такія пранікнёныя радкі?

Гэты экзэмпляр паэтычнага зборніка народнага песняра трапіў у музей з архіва Максіма Танка. У 1943 годзе ў эвакуацыі Якуб Колас працягваў займацца творчасцю. Максім Танк тады працаваў у франтавым друку, быў для Коласа не толькі калегам па літаратурным цэху, але і верным сябрам, якога той параўноўваў з магутным дубам.

Аркадзь Куляшоў подпіс на ваенным выданні паэмы "Сцяг брыгады" прысвяціў Васілю Вітку: Дарагому, шчыраму Цімоху Крысько. З новым годам, з новымі поспехамі. 31.XII-43. Ар Куляшоў.
Навум Гальпяровіч падчас прэзентацыі зборніка "Чырвоны мост"

Пісьменніцкая біяграфія Цімафея Крысько (Васіль Вітка - яго літаратурны псеўданім) пачалася ў гады Вялікай Айчыннай. Ён працаваў у рэдакцыях розных газет, у тым ліку ў "Савецкай Беларусі". На пачатку 1944-га ў Маскве выйшаў першы паэтычны зборнік Васіля Віткі "Гартаванне". Мажліва, Аркадзь Куляшоў, нешта ўжо ведаў, калі жадаў сябру новых поспехаў.

А вось пасляваеннае выданне - зборнік вершаў Анатоля Астрэйкі "Крамлёўскія зоры". Ён убачыў свет у 1945 годзе. Аўтар падпісаў яго чалавеку, з якім яны перажылі страшныя часы ваеннага ліхалецця: Паважанаму Сцяпану Казіміравічу Майхровічу, беларускаму выдаўцу, шчыраму чалавеку, з якім я дзяліў першыя цяжкія дні Айчыннай вайны.
Рэдкія выданні захоўваюцца ў спецыяльных умовах

Гэта прысвячэнне - нішто іншае, як прамая спасылка на агульнае баявое мінулае. Сцяпан Майхровіч ваяваў у партызанах, быў членам падпольнага райкама КП(б)Б, рэдактарам газеты "Беластоцкая праўда". Анатоль Астрэйка працаваў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", партызаніў. Яго двойчы накіроўвалі на занятую фашыстамі тэрыторыю Беларусі. Знаходзіўся на Случчыне ў партызанскай брыгадзе імя Чкалава. У той час напісаны зборнік вершаў пра баявыя справы народных мсціўцаў - "Слуцкі пояс". Кніжку надрукавалі на паперы, здабытай у баі, замест друкарскай фарбы выкарысталі ваксу.

Увогуле выданні з інскрыптамі сваім жа калегам-літаратарам займаюць асаблівае месца ў калекцыі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Кніга з аўтарскім надпісам - гэта не толькі паказчык добрага тону, сведчанне павагі і ўдзячнасці таму чалавеку, каму яна адрасавана, але і своеасаблівая крыніца разнастайных біяграфічных звестак, таго, як складваюцца ўзаемаадносіны.
 Аўтографы часта звязваюць агульныя для аўтара і атрымальніка гістарычныя падзеі

Аўтографы часта, паводле слоў Ірыны Скок, звязваюць агульныя для аўтара і атрымальніка гістарычныя падзеі, што паслужылі асновай для сяброўства. Вось надпіс Пімена Панчанкі Васілю Вітку: Дарагому Цімоху, добраму і мудраму Васілю, з якім мы прайшлі нялёгкі шлях ад Беластока да Ташкенцкага землятрасення, з кім кожная сустрэча і размова для мяне - радасць, што і сведчу: Пімен Панчанка. 10/V.-66.

Пятрусь Броўка адзін з тамоў свайго збору твораў падпісаў Кандрату Крапіве: Што мне дадаць да таго, што я сказаў да цябе ў гэтым невялічкім зборы. Хіба тое, што разам з Купалам і Коласам палюбіў і цябе і тваё мудрае слова. І люблю. І буду любіць. Пятрусь Броўка. 1967.
Выданні з інскрыптамі сваім жа калегам-літаратарам займаюць асаблівае месца ў калекцыі музея

Як бачыце, Пятрусь Броўка не толькі выказвае Кандрату Крапіве глыбокую пашану, але і ставіць яго ў адзін шэраг з Купалам і Коласам. Вядома, што пісьменнікі даўно і моцна сябравалі. Цесным адносінам спрыяла і тое, што лецішчы слынных майстроў беларускага слова знаходзіліся пад Мінскам у Ждановічах - месцы, якое атрымала назву "Пісьменніцкія дачы". Кандрат Крапіва, Пятро Глебка і Пятрусь Броўка прыдумалі яшчэ адну, якая аб’ядноўвала менавіта іх лецішчы, - КанПетры, што значыла Кандрат і два Пятры. Пажартаваць класікі любілі!

Чытайце таксама:
Почему талантливый и известный писатель решил отравиться? Роковой треугольник Цвейга
Жены великих писателей: кого боготворили Толстой, Достоевский и Булгаков
Время жить Эриха Марии Ремарка

Аўтограф Максіма Танка, які ён у сваёй кнізе "Глыток вады" пакінуў для Кандрата Крапівы, - цудоўны прыклад літаратурнага гумару. Чытаем і захапляемся: Дарагі Кандрат Кандратавіч, выбачай, што замест бутэлькі добрага віна пасылаю Табе гэты "Глыток вады". Спадзяюсь толькі, што пры першай нашай сяброўскай сустрэчы мне ўдасца выправіць сваю памылку.
Аўтограф Максіма Танка для Кандрата Крапівы - цудоўны прыклад гумару

Вядома, што Уладзімір Караткевіч быў душой кампаніі і вялікім рамантыкам. Сваім галоўным багаццем лічыў сяброў, а іх у яго было нямала. Сярод самых блізкіх - Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. У фондах музея захоўваецца шмат кніг Уладзіміра Караткевіча, якія ён падпісаў найлепшым сябрам. Бяром, напрыклад, "Выбраныя творы ў двух тамах", якія ў 1980 годзе выпусціла выдавецтва "Мастацкая літаратура". Чытаем і вучымся, як трэба пісаць: Дарагому майму другу Васілю Быкаву, якога я люблю не таму, што зараз яго "ўсе" любяць, а таму, што я яго любіў і быў за яго, калі лаяць яго лічылася добрым тонам, і так буду рабіць і надалей… І жонцы ягонай Ірыне, "свайму хлопцу", каб ім яшчэ доўга, добра, светла, шчасліва і карысна для людзей жылося. Уладзімір Караткевіч. 19 студзеня 81 г. Дзень Вадохрышча.

- Па гэтым аўтографе можна прасачыць даўняе і шчырае сяброўства, якое не змянялася перад пэўнымі гістарычнымі абставінамі. Фраза "свайму хлопцу" кажа пра тое, што яны сябравалі сем’ямі, а Ірына Міхайлаўна была блізкім чалавекам і для Караткевіча, - каменціруе Ірына Скок.
 Уладзімір Караткевіч сваім галоўным багаццем лічыў сяброў, а іх у яго было нямала

Тры аўтографы Уладзіміра Караткевіча, прысвечаныя Рыгору Барадуліну, нібыта запісы ў дзённіку іх даўняга і шчырага сяброўства. Быццам выдатныя міні-творы.

Мяркуйце самі.

На зборніку вершаў "Матчына душа", які з’явіўся ў 1958 годзе, Караткевіч пазначае: Другу майму дарагому, Грышу Барадуліну, сонцу і месіку паэзіі нашай, найлепшаму на свеце сябру, залатому хлопцу ад У. Караткевіча, які ганарыцца быць ягоным сучаснікам. Валодзя. 10.VI.65. Менск.

На кнізе прозы "Вока тайфуна" бачым: "Мой первый друг, мой друг бесценный…" Любаму майму Рыгору Барадуліну на памяць аб усіх тых дастаслоўных і забаўных прыгодах, у якія ставілі нас гады, пражытыя разам, рука да рукі і плячо да пляча. Ул. Караткевіч. 17 лістапада 74 г.
Аўтографы Уладзіміра Караткевіча Рыгору Барадуліну - нібыта запісы ў дзённіку іх даўняга і шчырага сяброўства

Праз чатыры гады выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей "З вякоў мінулых". Уладзімір Караткевіч падпісаў яго Рыгору Барадуліну так: Грышачка ты мой. Самы-самы… У дзень свайго пяцідзесяцігоддзя даю табе ў рукі гэты свой слабы дар. За Ушачы, за святую для нас памяць неацэннай тваёй Мамы, за Верасовачку і Завечалле і Задаброцце. За тое, што ёсць на Беларусі ты, друг мой шчыры. І падумаць толькі, што мы маглі б не сустрэцца. Валасы дыбарам! Твой да канца Ул. Караткевіч. 26.ХІ.80 г.

"І падумаць толькі, што мы маглі б не сустрэцца. Валасы дыбарам!"

Знакаміты раман Караткевіча "Чорны замак Альшанскі"… На кнізе такі надпіс: Дарагому, найлепшаму майму сябру, бясцэннаму Рыгору Барадуліну, чалавеку і паэту, якіх вельмі люблю - каб часам узяў і прыпомніў. Ул. Караткевіч. 10 лютага 84 г.
Аўтографы Уладзіміра Караткевіча - выдатныя міні-творы

Як цікава сачыць за эвалюцыяй адносін паміж выдатнымі майстрамі беларускай літаратуры - ад забаўных прыгод маладосці да глыбокага ўсведамлення жыццёвых каштоўнасцей, значнасці стасункаў з блізкімі людзьмі, любові да малой радзімы. Рыгор Барадулін, як вядома, нарадзіўся на хутары Верасоўка на Ушаччыне. І яму, дарэчы, Уладзімір Караткевіч прысвяціў адну са сваіх найлепшых аповесцей - "Ладдзя Роспачы".

- Калі чытаеш такія аўтографы, то вобраз пісьменніка адыходзіць на другі план, - разважае загадчык аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захавання фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Ірына Скок. - Найперш бачыш Чалавека, асабліва калі згадваюцца нейкія жыццёвыя сітуацыі ці абставіны. Таго самага, які кропельку сябе перадае на памяць іншай асобе.
У фондах музея захоўваецца нямала кніг Уладзіміра Караткевіча, якія ён падпісаў найлепшым сябрам

"Кланяюся, што нарадзіла, узгадавала"


Асабліва кранальнымі радкамі вылучаюцца надпісы на кнігах, якія майстры слова дарылі родным і блізкім. Аўтографы літаральна напоўнены любоўю і ўдзячнасцю.

На адным з апошніх паступленняў у музей гісторыі беларускай літаратуры чытаем: Дарагой маёй матулі шчыра дзякую і долу кланяюся, што нарадзіла, узгадавала, на правільны шлях паставіла. Твой сын. 30.VIII.59 г.

- Гэта першы зборнік вершаў Рыгора Барадуліна "Маладзік над стэпам", - расказвае Ірына Скок. - Паэт вельмі любіў маці, лічыў яе галоўным чалавекам у жыцці. І менавіта матулі прысвяціў сваю першую кніжку. Акуліна Андрэеўна гадавала адзінага сына сама, муж загінуў на вайне.
Кнігу "Наш лес", якую Пётр Глебка напісаў для дзяцей, перадала музею яго дачка Ларыса

Кнігу "Наш лес", якую Пётр Глебка напісаў для дзяцей, перадала музею яго дачка Ларыса. Тут ёсць радкі, якія паэт напісаў для сваёй жонкі: Мілай і дарагой маёй сяброўцы Ніне ў дзень Міжнароднага свята жанчын і ў павучанне яе ўнукам, каб ведалі, што толькі дзякуючы вывучэнням маіх твораў яна вырасла ад піянеркі і камсамолкі да сапраўднай нашай бабусенькі. 5/III-66 г. Мінск. Як відаць, у гэтых кранальных радках і гумар, і клопат пра ўнукаў, і бязмежнае каханне да спадарожніцы жыцця. Іх гісторыя пачалася з літаратурнай вечарыны ў Белпедтэхнікуме, дзе будучы пісьменнік вучыўся на другім курсе, а яна - на першым… Ніна Іларыёнаўна ўсё сваё жыццё прысвяціла мужу, а пасля яго смерці дбайна клапацілася пра захаванне пісьменніцкай спадчыны. Праз яе шэраг дакументаў, кніг папоўніў музейны фонд.

"З кожным годам вартасць рукапіснага пісьменніцкага слова будзе ўзрастаць".


Ажно на 590 кніг з аўтографамі, каштоўных матэрыялаў у свой час пабагацеў музей дзякуючы Марыі Канстанцінаўне Хайноўскай. Імя гэтай легендарнай жанчыны наўрад ці знаёма шырокаму колу чытачоў. Да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў. Пасля Перамогі загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў. Можна сказаць, на яе вачах адбывалася станаўленне і росквіт беларускай літаратуры. Для многіх творцаў Хайноўская была не проста бібліятэкарам, але і надзейным сябрам, даверанай асобай, аўтарытэтам. У музейных фондах захоўваецца яе перапіска з літаратарамі, дзе яны звяртаюцца да яе з просьбамі, напрыклад, дастаць лекі ці нават пазычыць грошы. Дарагой Марыі Канстанцінаўне ў знак шчырай удзячнасці за вялікую чалавечую душу, - падпісаў Хайноўскай у 1954 годзе свой паэтычны зборнік "Мая эстафета" Раман Сабаленка.
Асабліва кранальнымі радкамі вылучаюцца надпісы на кнігах, якія майстры слова дарылі родным і блізкім

- У калекцыю аўтографаў таксама ўваходзяць і экслібрысы, спецыяльныя знакі, што змяшчаюцца на ўнутраным баку вокладкі і паказваюць прыналежнасць кнігі яе ўладальніку, - удакладняе Ірына Скок. - Калекцыя з экслібрысамі Уладзіміра Караткевіча, напрыклад, цікавая тым, што пісьменнік перадаў нашаму музею старажытныя выданні. Скажам, выданне XIX стагоддзя само па сабе рэдкае, а калі яно з бібліятэкі Караткевіча і пазначана яго экслібрысам, то каштоўнасць рарытэта павялічваецца. Кніга ўжо расказвае дзве гісторыі: сваю і знакамітага ўладальніка.

На экслібрысе Уладзіміра Караткевіча пяро-штык, гэткі візуальны сімбіёз двух яго амплуа - ваяра і творцы. Як вядома, пісьменнік добра маляваў і большасць экслібрысаў стварыў сам. Але часам звяртаўся і да вядомых мастакоў.
Ажно на 590 кніг з аўтографамі, каштоўных матэрыялаў у свой час пабагацеў музей дзякуючы Марыі Хайноўскай

Каб слова пісьменніка жыло вечна

Самае галоўнае, кнігі з аўтографамі не ляжаць мёртвым грузам на паліцах музейнага сховішча.

- Ніводная выстава ў нас не праводзіцца без гэтых рарытэтаў, - запэўнівае Ірына Скок.

Кнігі з аўтографамі - неад’емны і адзін з самых папулярных экспанатаў. Асабліва гэта датычыць юбілейных выстаў. Музей таксама ахвотна дзеліцца сваімі скарбамі з іншымі ўстановамі культуры, напрыклад Нацыянальнай бібліятэкай. Выдавецтва "Мастацкая літаратура" рыхтуе ў друк збор твораў Уладзіміра Караткевіча, у якім асобны том раскажа пра аўтографы пісьменніка.
На экслібрысе Уладзіміра Караткевіча пяро-штык

- Чарнілы і папера пад уздзеяннем святла і атмасферы псуюцца. Таму паказваем аўтографы на вельмі кароткі тэрмін, часам робім копіі, - дадае суразмоўца.

Паводле слоў Ірыны Скок, музей плануе стварыць каталог аўтографаў. Гэта будзе фундаментальная праца, якая зробіць калекцыю даступнай для даследчыкаў і аматараў ва ўсім свеце.

- Мы таксама праводзім у музеі прэзентацыі новых выданняў з аўтограф-сесіямі, - гаворыць яна. - Нашы класікі збіралі вялікія залы, нават стадыёны, і за аўтографамі да іх выстройваліся доўгія чэргі. Цяпер, вядома, маштабы не тыя, але, мяркую, з кожным годам вартасць рукапіснага пісьменніцкага слова будзе ўзрастаць.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая ў музеі падчас сустрэчы з чытачамі

На развітанне супрацоўніца Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры дае параду: калі раптам дома як сямейная рэліквія захоўваецца кніга з аўтографам вядомага беларускага пісьменніка, то найлепш перадаць яе ў музейны фонд. Гэта гарантыя таго, што рарытэт прафесійна зберагуць, пры патрэбе адрэстаўрыруюць. Ён стане вядомы шырокай публіцы і даследчыкам. Як, зрэшты, і імя таго, хто кнігу перадаў. На думку Ірыны Скок, гэта наша агульная місія - захаваць слова пісьменніка, каб яно жыло вечна.

| Святлана КІРСАНАВА, часопіс "Беларуская думка". Фота Максіма ГУЧАКА, з архіва БЕЛТА, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і адкрытых крыніц.