Зімовыя дні напоўнены радаснай мітуснёй, сустрэчамі з блізкімі і сябрамі. Але ўсё ж можна знайсці час і месца для цішыні, для таго моманту, калі хочацца спыніцца, зрабіць глыбокі ўдых і… адкрыць кнігу. Бо гэта падарожжа, прыгода, магчымасць паглядзець на свет іншымі вачыма. А я з радасцю падзялюся з вамі навінкамі беларускіх выдавецтваў. Упэўнены, сярод іх абавязкова знойдзецца гісторыя, якая кране ваша сэрца і зробіць гэтыя зімовыя дні яшчэ больш утульнымі і светлымі.Кніга "
Радыёлетапіс краіны. Беларускае радыё - 100 гадоў у эфіры" пачынаецца з цёплых слоў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы адзначае, што на працягу дзесяцігоддзяў журналісты, рэдактары і дыктары карысталіся даверам і павагай мільёнаў слухачоў. Дзякуючы іх працы радыё заўсёды прапаноўвала якасны кантэнт: ад навін да музыкі і мастацтва. Прэзідэнт выказвае ўпэўненасць, што і надалей калектыў будзе захоўваць традыцыі і радаваць слухачоў цікавымі праектамі.
Гісторыя Беларускага радыё пачалася 15 лістапада 1925 года, калі ў Мінску запрацавала першая радыётэлефонная станцыя. Тады ўпершыню прагучалі знакавыя словы: "Увага! Гаворыць Мінск!"

Аўтарскі калектыў на чале з Антонам Васюкевічам правёў глыбокую даследчую працу, каб сабраць і прадставіць у кнізе ўсю гісторыю развіцця радыё ў Беларусі. Аўтары расказваюць пра тое, як яно ўплывала на грамадства, палітыку і культуру краіны. Цікавы факт: калі з’явілася прафесія дыктара, чалавека, які абвяшчаў навіны, называлі вадзіцелем. Бо ён "вёў" слухача па радыёгазеце, прычым тлумачыў усё падрабязна. У 1929 годзе ў рэспубліцы дзейнічала 11 трансляцыйных вузлоў з амаль дзвюма тысячамі радыёкропак.
Сёння беларускія радыёстанцыі даступныя не толькі ў эфіры, але і анлайн - праз сайты і мабільныя дадаткі. Існуе нават нацыянальны анлайн-плэер, які працуе на розных прыладах: ад камп’ютараў да смарт-тэлевізараў і аўтамабільных сістэм. Радыё застаецца адным з самых даступных сродкаў масавай інфармацыі. І гэта яго вялікая перавага.

Выдатны літаратуразнаўца, акадэмік
Уладзімір Гніламедаў, які адышоў у вечнасць у 2024 годзе, пакінуў нам у спадчыну не толькі глыбокія навуковыя працы, але і шэраг цікавых раманаў: "Валошка на мяжы", "Уліс з Прускі", "Расія", "Вяртанне", "Вайна". Яго апошняя кніга "
У войску", якая ўбачыла свет ужо пасля адыходу аўтара, пераносіць чытача ў атмасферу 1960-х гадоў. Уладзімір Гніламедаў з непаўторным майстэрствам раскрывае складаныя ўзаемаадносіны паміж салдатамі і афіцэрамі, адлюстроўвае паўсядзённае жыццё вайскоўцаў тэрміновай службы на фоне значных грамадскіх падзей таго часу, што разгортваліся на Берасцейшчыне. Асабліва цікава назіраць, як аўтарытэтны майстар слова асэнсоўвае мінулае, гледзячы на яго з вышыні сучаснасці, першай чвэрці XXI стагоддзя.
Народны пісьменнік Беларусі
Мікалай Чаргінец працягвае дыялог з чытачом праз мемуарную спавядальную прозу. Падзеі яго новага аўтабіяграфічнага рамана "
Трудные дороги жизни: всё в руках Божьих" бяруць свой пачатак з 2002 года. Аўтар у той час працаваў у Савеце Рэспублікі на высокай і адказнай пасадзе старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. За плячыма - служба ў міліцыі, вайсковыя камандзіроўкі ў Афганістан, вялікія творчыя здзяйсненні. Дэтэктывы Мікалая Чаргінца выдаваліся велізарнымі тыражамі і імгненна знікалі з кнігарань, а ў букіністаў карысталіся асаблівым попытам.

У новай кнізе пісьменнік расказвае пра свае падарожжы па свеце, знаёміць нас з беларускімі і замежнымі палітыкамі, вучонымі і дзеячамі культуры. На мой погляд, менавіта ў гэтых асабістых, а часам і суб’ектыўных апісаннях людзей і падзей і заключаецца асаблівая прывабнасць яго ўспамінаў.
Вядомая паэтка і празаік
Людміла Рублеўская напісала "
Пісьменніцкія вандроўкі".
Гэта зборнік падарожных радзімазнаўчых нарысаў, і ён запрашае чытача ў падарожжа па Беларусі. Аўтар паказвае не толькі знакамітыя замкі і палацы, але і "старыя сядзібы і храмы, ад якіх часам засталіся толькі дзве аб’едзеныя ветрам сцяны". Разам з пісьменніцай мы "прабіраемся праз кустоўе да падмуркаў, што калісьці належалі велічным будынкам. Разбіраем амаль нечытэльныя надпісы на магільных камянях…".

Празаік падкрэслівае, што важна звяртаць увагу нават на самыя маленькія сведчанні нашай гісторыі. Яна апісвае, як прыемна бачыць аднаўленне помнікаў архітэктуры, працу валанцёраў. І як дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы адраджаюцца старажытныя будынкі. Там, дзе раней былі руіны, цяпер зноў узвышаюцца вежы, звіняць званы, адчыняюцца музеі і праходзяць фестывалі.
Аўтар адзначае, што не ўсё можна аднавіць адразу, і часам людзі проста не ведаюць пра каштоўныя гістарычныя аб’екты, якія побач: рэшткі сядзіб, капліц, старыя бровары ці млыны. Усё гэта - наша спадчына, якую трэба шанаваць.
Чытач наведае Дубае на Піншчыне (не блытаць з эміратам!), пазнаёміцца са слядамі Першай сусветнай вайны і мясцінамі, якія былі паказаны ў фільме Корш-Сабліна "Першыя выпрабаванні". У Снове і Савейках мы даведаемся пра лёс Канстанціна Рдултоўскага, перакладчыка паэмы "Віцязь у тыгравай скуры". Такія мясціны, як Гняздзілава на Мядзельшчыне, Іванск у Чашніцкім раёне, Межава на Аршаншчыне, запрашаюць чытачоў разам з пісьменніцай зрабіць новыя адкрыцці і пабачыць Беларусь зблізку.
Гісторык і краязнавец
Аляксандр Вялько прэзентаваў сваю новую працу - кнігу пад назвай "
Владельцы Несвижа Радзивиллы", прысвечаную гісторыі аднаго з найбольш знакавых помнікаў Беларусі - Нясвіжскага замка. Аўтар падыходзіць да тэмы незвычайна, раскрываючы гісторыю замка праз лёсы 17 прадстаўнікоў славутага роду Радзівілаў.

Кожны з гэтых выдатных асоб зрабіў значны ўнёсак у развіццё і добраўпарадкаванне Нясвіжа. Сярод іх - тыя, што займалі высокія пасады ў дзяржаве: канцлеры, кіраўнікі ўрадаў, гетманы, галоўнакамандуючыя войскаў, а таксама духоўныя асобы - біскупы. Асаблівае месца ў кнізе займае гісторыя знакамітай Барбары Радзівіл, чыё жыццё і лёс цесна звязаны з Нясвіжам.
Калі вы плануеце наведаць Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", настойліва рэкамендую спачатку азнаёміцца з гэтай кнігай. Аўтар з такім запалам расказвае пра гісторыю роду і замка, дапаўняючы свой аповед цудоўнымі рэпрадукцыямі, што чытач адчуе сябе ў сапраўдным віртуальным падарожжы.
| Алесь Карлюкевіч для часопіса "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Пяць новых беларускіх кніг, якія можна падарыць ці з задавальненнем прачытаць самому
"Пан Тадэвуш", старадаўнія рэцэпты ці беларускі Манпарнас: агляд кніжных навінак
Ад "Трывожнага шчасця" Шамякіна да альбома "Напалеон Орда": што будзем чытаць восенню?