Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Чаму трэба абавязкова прыехаць у Гарадок у пачатку верасня? Расказваем і паказваем

28.08.2023 | 17:27

Ёсць такі горад на карце Беларусі - Гарадок. Ён зручна ўладкаваўся пасярод маляўнічых краявідаў непадалёк ад Віцебска. Яго не абмінеш, калі ехаць у Пскоўскую вобласць Расіі, з якой мяжуе Гарадоцкі раён. Але і проста завітаць сюды варта. Сціплы і лагодны Гарадок незаўважна падбярэ ключык да душы самага пераборлівага турыста. Як яму гэта ўдаецца? Хто ведае. У кожнага, мабыць, свая гісторыя. Жадаеце спраўдзіць уласную? Лепшую нагоду, як пабываць тут на вялікім свяце, цяжка ўявіць.

Сам па сабе ладны

У Гарадку толькі і размоў, што пра Дзень беларускага пісьменства. Такіх маштабных свят тут яшчэ не было. Параўнаць і хоць неяк супаставіць можна хіба з абласнымі "Дажынкамі" ў 2014 годзе, але і гэта не тое: 2-3 верасня на Гарадок будзе глядзець уся краіна, чакаецца нечуваны наплыў гасцей. Можна толькі ўявіць, што адчуваюць гаспадары свята!

"Дажынкі", дарэчы, пакінулі годны стваральны след у гісторыі райцэнтра. Ён як занава нарадзіўся, стаў утульны і добраўпарадкаваны. Да гонару мясцовых улад і жыхароў, яны здолелі захаваць гэту прыгажосць амаль у першапачатковым выглядзе, таму запланаваныя да Дня беларускага пісьменства будаўнічыя і рамонтныя работы ідуць не суцэльным фронтам, а кропкава - там, дзе сапраўды неабходныя. Зрэшты, такіх "кропак" хапае: заўважаем рабочых то на даху дома, то на афарбоўцы фасада, то на рамонце дарогі.

Гарадок сам па сабе ладны, дагледжаны. Нічога тут не выпірае, не замінае воку, усё на месцы, як кажуць. Будынак райвыканкама не выглядае дамінантай, як звычайна ў невялікіх раённых цэнтрах. Ад цэнтральнай плошчы яго аддзяляе стары цяністы сквер, дзе вельмі камфортна бавіць час у летнюю спякоту. У Дзень беларускага пісьменства ён набудзе назву. Тут хочуць стварыць своеасаблівае духоўна-літаратурнае асяроддзе і для пачатку прапанавалі жыхарам выбраць найменне месцу. Прагаласаваць можна на сайце райвыканкама, скарыстаўшыся назвай сквера з прапанаваных ці прыдумаць сваю. "Ля Парнаса", "Парк ХХХ Дня беларускага пісьменства", "Вераніцынскі сквер" ці што яшчэ, неўзабаве даведаемся.

Чаму раптам Вераніцынскі? Гарадоччына - радзіма Канстанціна Вераніцына, які тут у 1855 годзе напісаў знакамітую паэму, можна сказаць, адзін з узораў беларускай сатыры і гумару - "Тарас на Парнасе". Аўтар настолькі па-майстэрску расказаў пра неверагодныя прыгоды звычайнага палясоўшчыка, што і дагэтуль яго твор цікавіць сучаснікаў, гучыць актуальна.

З боку вуліцы Савецкай у пакуль безназоўным скверы стаіць скульптурная кампазіцыя "Тарас на Парнасе". Яна з'явілася тут падчас абласных "Дажынак" і адразу стала мясцовай славутасцю. А хтосьці кажа, што і брэндам. Літаратурны герой быццам толькі выйшаў з цёмнага лесу, выглядае памяркоўна, але тоіць хітраватую ўсмешку на твары. На плячы - торба, у руцэ - кій. Вядома ж, са стрэльбай, з якой ён ніколі не расставаўся. І сёння мядзведзяў на Віцебшчыне хапае, дык што казаць пра тыя далёкія часы? Ляснічы Тарас, паводле паэмы, быў добры паляўнічы, выдатна ведаў лес і яго насельнікаў.

У гонар знакамітага земляка і яго бессмяротнага твора ў Гарадку з 2008 года ладзяць "Гарадоцкі Парнас". Збіраюцца вядомыя творчыя дзеячы, майстры традыцыйных рамёстваў, аматарскія мастацкія калектывы, прыхільнікі нацыянальнай кухні - усе, каго цікавіць народная творчасць, беларуская паэзія і фальклор. Вельмі яркі момант у багатай фестывальнай палітры, калі ўдзельнікі і госці выконваюць старадаўнія танцы - падэспань, кракавяк, нарачаньку, матлёт. Абавязкова таньчаць "Мяцеліцу", якая згадваецца ў вераніцынскай паэме.

Пастаяўшы хвілінку ля металічнага Тараса, мы са старшынёй Гарадоцкага райвыканкама Ірынай Міхайлаўнай Паляковай ідзём далей па Савецкай. Гэта галоўная вуліца свята, тут разгорнуць свае пляцоўкі СМІ, выдавецтвы, творчыя грамадскія аб'яднанні. Раз-пораз да нас падыходзяць людзі: распытваюць пра святочныя мерапрыемствы, дзякуюць кіраўніку раёна і нават мне за клопат пра горад. Я, зразумела, тут ні пры чым, але чамусьці таксама вельмі прыемна. Відаць, што Ірына Міхайлаўна ў Гарадку - свой чалавек, хоць на пасадзе крышку больш як паўгода. Адгадка знаходзіцца хутка: Палякову добра ведаюць па дэпутацкай працы, яна ў Палаце прадстаўнікоў ад Гарадоцкай акругі № 21.

Па дарозе Ірына Міхайлаўна цікавіцца справамі ў дарожных рабочых, робіць дробныя заўвагі работнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вось і галоўная плошча. Тут адбудуцца знакавыя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства. Ужо не хочацца шукаць нейкую сімвалічнасць, а яна ўсё ж навідавоку: цэнтральная плошча ў Гарадку - гэта сэрца культурна-духоўнага жыцця. Тут дзіцячая школа мастацтваў, краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. Грэх не зазірнуць!

Гарадоцкая кераміка

Загадчыца дома Марына Гушча - асоба вядомая далёка за межамі роднага раёна. Калі можна сказаць "майстра-аркестр", то гэта якраз пра яе. Захоплена аднаўляе і развівае розныя традыцыйныя рамёствы, вучыць моладзь, імкнучыся перадаць сваю неймаверную любоў да нашай спадчыны. Мара яе - ажывіць ганчарную справу. У свой час гарадоцкія майстры грымелі на ўсю Беларусь.

- Часта бывае, што тэхнікай валодаюць, але няма пачуцця формы. У Ігара яно ёсць, - гаворыць Марына Леанідаўна.

"Вёска загуляе, пакуль дачакаецца гаршка".

Ігар Рабцаў, выпускнік Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, яе гонар і надзея. Ён вядзе гурток па ганчарству, у якім 18 чалавек. Гаворыць, што з двух хлопцаў толк абавязкова будзе. І ўвогуле, на думку Ігара, ганчарства справа ўсё ж мужчынская, бо нялёгкая ў прамым сэнсе - круціць вялікія гаршкі той яшчэ квэст. Чым вабіць асабіста яго?

- Прыемна душы, думкі староннія пакідаюць. Гэта цяжка перадаць словамі. Тыдзень які пакруціце, тады пабачыце, - хітравата ўсміхаецца хлопец.

- Ёсць такое паняцце "гарадоцкая кераміка". Чым яна адметная?

- Найперш, пэўна, сваімі памерамі. У нас найчасцей сустракаліся вялікія формы - спарышы, гарлачы, глякі, вазоны з характэрным закругленым горлачкам, тое, што было запатрабавана пакупнікамі, - расказвае Ігар. - Хто ваду ў іх насіў, ежу. Захоўвалі сыпучыя прадукты, муку, збожжа. Мо хто і грошы.

- Кажуць, што гліна гарадоцкая нейкая асаблівая.

- Так, яна вельмі эластычная, падатлівая. І больш светлая, чым, скажам, гродзенская. Пры гэтым нашу гліну цяжэй здабываць і перапрацоўваць, бо ўтрымлівае шмат вапняку. Але неяк жа майстры спраўляліся. Хаця тэхналагічны працэс вельмі працяглы. Можна сказаць, вёска загуляе, пакуль дачакаецца гаршка.

Рабцаў шкадуе, што не давялося пазнаёміцца са знакамітымі майстрамі Гарадоччыны, але выкарыстоўвае любы зручны момант, каб павучыцца ў іншых беларускіх ганчароў. Яго калекцыя з 15 берасцянікаў выклікала фурор на нядаўнім "Славянскім базары", а малады майстра ўвайшоў у сямёрку найлепшых у Беларусі, хто стварае гэту прыгажосць. Берасцянікі раней былі вельмі распаўсюджаныя. Беларусы як народ кемлівы і ашчадны не спяшаліся выкідваць пабіты ці трэснуты посуд, а давалі яму другое жыццё - спачатку абмотвалі тканінай, а потым "сціскалі" бяростай. Квас ці якую іншую вадкасць ў такі гарлач наліваць рызыкоўна, але для іншых патрэб ён падыходзіў. Дый вока пацешыць берасцянікамі можна - такое хараство!

На будучыню ганчарнай справы Ігар Рабцаў глядзіць прагматычна: будзе попыт на керамічны посуд, то і рамяство расцвіце. На думку хлопца, кола гісторыі паціху рухаецца ў патрэбным кірунку. Беларусы ўсё больш надаюць кераміцы ўтылітарнае значэнне, выкарыстоўваючы ганчарныя вырабы не толькі для аздаблення, а і ў гаспадарцы.

"Калі дранік на стале, то і скруха не бярэ".

- Добра ў спарыш пакласці нашы гарадоцкія дранікі, - вельмі "своечасова" робіць рэмарку дырэктар Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Іна Ляўковіч.

Госці ў хату - што на стол?

Час абедзенны, пасля згадкі пра смакату аж слінкі пацяклі. Чулі-чулі пра мясцовыя дранікі нават у Мінску.

- Можа, дзесьці ёсць такія ды, відаць, мы там не былі, - смяюцца ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву "Спадарыня" Бычыхінскага сельскага Дома культуры. Жанчыны расказваюць, што гатуюць паводле даўніх рэцэптаў, якія яны збіралі ў гаспадынь па навакольных вёсках. І можна ўпэўнена казаць, што гарадоцкая кухня асаблівая. "Гарадоцкая з бычыхінскім акцэнтам", - хуценька ўдакладняе загадчык СДК у аграгарадку Бычыха Святлана Шэнец. Заінтрыгавалі, аднак!

- Госці ў хату - што на стол?

- Вядома, пірог! - гаворыць кіраўнік калектыву Людміла Балабошка.

- Пірог? Нечакана.

- Так-так. Ён цар стала. Можа быць з чым заўгодна, улетку з працёртымі свежымі трускаўкамі ці парэчкамі. Словам, з тым, што пад рукой альбо трохі далей - у садзе ці гародзе. На Каляды абавязкова свойскую каўбаску. Яшчэ сыр па-кузьмінаўску ў любы час. Яго рэцэпт мы знайшлі ў аддаленай вёсцы Кузьміно. І, зразумела, дранікі - нашы класічныя і з рознымі начынкамі.

Якая ж сустрэча дарагіх гасцей і пачастунак без музыкаў! У аграгарадку Бычыха, як высветлілася, ёсць добрыя гарманісты - Сяргей Леанідавіч Гамзелеў, ён першы на вёсцы віртуёз, малады і таленавіты Руслан Стэльмах. А прыпеўкі Людмілы Барсуковай - сапраўдны россып народнага гумару!

- Вельмі рады, што ў нашым Гарадку ўпершыню такое вялікае свята. Пакажам, што гарадоцкая культура на самым высокім узроўні, - запэўнівае Святлана Шэнец.

- І самая смачная, - падхоплівае Людміла Ба­лабошка. - Ад усяе душы сустрэнем!

- Як згатуюцца сачні´, на агеньчык зазірні, - запявае Людміла Барсукова. - Калі дранік на стале, то і скруха не бярэ.

Ох жа галасістыя жанчыны з Бычыхі! І гаспадыні спраўныя.

Чытайце таксама:

Что вы хотите увидеть в Полоцке? Пять вариантов туристического маршрут на любой вкус

Больница во дворце и кости мамонтов в музее. Чем Поставы удивляют туристов?

Такого вы еще не видели. Какие сувениры можно купить только в Беларуси?

Дранікі бычыхінскія

Усё вельмі проста і надзвычайна смачна!

Абабраную бульбу надраць на мелкай тарцы. Дадаць муку, дзве-тры лыжкі - шмат не трэба. Сюды ж цыбулю, якую таксама дзяром на тарцы, і два яйкі. І ўвага - самае галоўнае: некалькі лыжак смятаны, найлепей тлустай. Натуральна, солім на смак і смажым на алеі. Папярэджанне: можна не стрымацца і з'есці шмат!

Вачам не верым - Тарас, няйначай

Узрушаныя іх талентамі і гасціннасцю, выбіраемся на вуліцу. І вачам не верым - Тарас, няйначай. Каржакаваты мужчына ў вышыванай кашулі, хвацкіх ботах і ў саламяным капелюшы, з адкрытым усмешлівым тварам кіруе насустрач. Знаёмімся: Алег Пуляроў, работнік Цэнтра культуры, музыкант і самадзейны кампазітар. А яшчэ кіруе вакальна-інструментальным калектывам, у якім "два хлапчукі гадоў пад 70" і ён. Цікаўлюся, як сталася, што пачаў пераўвасабляцца ў літаратурнага героя з вядомай паэмы, які патрапіў да багоў на Алімп.

- Я вядучы і спявак - асоба вядомая, - "сціпла" заўважае Алег. - Узяць якога маладога хлапчыну, не той каларыт, а тут мужчына ў самым росквіце сіл. Якраз такі тыпаж спатрэбіўся.

Спатрэбіўся тэлевізіёншчыкам са сталіцы, якія здымалі сюжэт пра Гарадок. Вось так - адразу на вялікі экран!

- Чыталі "Тарас на Парнасе"?

- Вядома, мне дакладна было б сорамна не прачытаць, ад вокладкі да вокладкі праштудзіраваў. Увогуле, прыкольна, але гэта глыбокі твор. У кожным жарце схаваны вялікі жыццёвы сэнс. Вельмі пераклікаецца з біблейскай запаведдзю. Палясоўшчык Тарас трапіў на Алімп і разам з яго насельнікамі еў, піў, гуляў і рабіў усё тое, чым займаліся яны. Трэба быць простым чалавекам, як бы высока ні ўзляцеў, - вось да такой высновы падводзіць аўтар.

"Дзень беларускага пісьменства вяртае нас да вытокаў, дзе зараджалася душа народа, наша родная мова".

- Сёння ў Гарадку, з кім ні загавары, размова абавязкова звядзецца да Дня беларускага пісьменства…

- Бо надта чакаем гэта свята. Вельмі актыўна рыхтуемся. Дзень беларускага пісьменства вяртае нас да вытокаў, дзе зараджалася душа народа, наша родная мова. Можа, няварта згадваць пра нядаўні выпадак, што адбыўся са мной у краме, але скажу. Мужчына заявіў, што не падабаецца яму беларуская мова. Парырую: "Так, як вы гаворыце па-беларуску, то нікому не спадабаецца. Паслухайце тых, хто ёй добра валодае". Мы супрацоўнічаем з паэтам Уладзімірам Скарынкіным. Часам ён скідвае тэксты. Чытаеш і ўжо хочацца пісаць музыку. Якая багатая і меладычная наша родная мова!

Развіталіся з Алегам, паабяцаўшы адзін аднаму абавязкова сустрэцца на свяце. Калі атрымаецца, вядома, бо, падазраю, наш "палясоўшчык" будзе нарасхват.

Цікавыя факты пра Гарадоцкі раён

● Самы паўночны і снежны куток Беларусі, зона рызыкоўнага земляробства.

● Гарадок - другія Раўбічы: тут прафесійная лыжаролерная траса, а снег "кансервуюць".

● У Гарадку тры возеры, якія перацякаюць адно ў адно, а ўсяго іх у раёне 162. Стаіць на рацэ Гаражанцы.

● Лясы займаюць каля 60 % тэрыторыі раёна.

● Мясцовае "золата" тут - камяні, якіх вельмі багата на палях. "Вінаваты" ляднік.

● 29 турыстычных маршрутаў і водныя сплавы вабяць мноства ахвотных.

Ірына ПАЛЯКОВА, старшыня Гарадоцкага райвыканкама:

- Гэта вельмі ганаровая і адказная місія - у Год міру і стварэння прымаць юбілейны ХХХ Дзень беларускага пісьменства. Чакаем шмат гасцей з усіх куточкаў нашай Беларусі. Праграма свята надзвычай насычаная і цікавая. Апроч таго, распрацавалі турыстычныя веламаршруты, адзін з якіх вядзе ў вёску Астраўляны, дзе нарадзіўся аўтар знакамітай сатырычна-гумарыстычнай паэмы "Тарас на Парнасе" Канстанцін Вераніцын. Мне здаецца, ніхто не будзе сумаваць на гасціннай гарадоцкай зямлі.

Добры настрой стварае і тое, што Гарадок прыгажэе на вачах, становіцца больш добраўпарадкаваным і камфортным. Недзе на сотні аб'ектаў завершаны альбо працягваюцца будаўнічыя і рамонтныя работы. Больш засяродзіліся на сацыяльнай сферы. Можна сказаць, да непазнавальнасці мяняюцца школа № 1, усе тры дзіцячыя сады, абноўленае аблічча набудуць установы культуры.

Словам, рыхтуемся ўсім раёнам. Адгукнуўся прыватны бізнес. Асноўная нагрузка, вядома, на арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але нельга прымяншаць ролю грамадскіх арганізацый і ўстаноў адукацыі, мясцовых прадпрыемстваў. Усе-усе, райвыканкам у поўным складзе ў тым ліку, удзельнічаюць у падрыхтоўцы горада да свята на суботніках.

- Ірына Міхайлаўна, для вас асабіста Дзень беларускага пісьменства што значыць?

- Паводле першай адукацыі я настаўнік гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. З кожным днём усё больш адчуваю, як важна ведаць і шанаваць нашу гісторыю, традыцыі і перадаваць гэту велізарную спадчыну дзецям. Ёсць чым ганарыцца і захапляцца. Нават у такім, здавалася б, маленькім Гарадку столькі ўсяго самабытнага і адметнага, таго, што непарыўна звязвае наша мінулае і будучыню. Таму лічу, такія святы, як Дзень бе­ларускага пісьменства, павінны быць скіраваны ў першую чаргу на дзяцей і моладзь і пакідаць у іх душах глыбокі след. І, спадзяюся, для ўсіх нас, незалежна ад узросту, местачкоўцаў і гасцей, гэтыя вераснёўскія дні стануць запамінальнымі.

Чакаем у Гарадку!

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка", фота Аляксандра ХІТРОВА.