Незалежна ні ад узросту ці яшчэ якіх абставін працягвайце чытаць усё болей. Бо кніга - гэта крыніца ведаў, а хіба ёсць межы для пашырэння ўласных гарызонтаў і самаўдасканалення?
Лічу, зробім сабе сапраўдны падарунак, калі вылучым час на пераасэнсаванне (ці толькі знаёмства) рамана-пенталогіі "Трывожнае шчасце" Івана Шамякіна. У першы том перавыдадзенага твора ўвайшлі тры аповесці: "Непаўторная вясна", "Начныя зарніцы", "Агонь і снег" (ужо ёсць у продажы). Яшчэ дзве - "Пошукі сустрэчы" і "Мост" - складуць другі том. Менавіта гэты раман выбітнога беларускага пісьменніка, драматурга, сцэнарыста, грамадскага дзеяча, народнага пісьменніка Беларусі атрымаў найбольшае прызнанне.

Творчы вопыт, набыты пісьменнікам у працы над "Трывожным шчасцем", узняў яго мастацкае майстэрства на новую вышыню. Лічыцца, што ў гэтым творы найбольш разнастайна выявілася творчая натура Шамякіна як празаіка. Пісьменнік выпрабоўвае тут розныя стылі і мастацкія падыходы: у "Непаўторнай вясне" гэта лірычная стрыманасць, "Начных зарніцах" і "Пошуках сустрэчы" - вострае сюжэтнае дзеянне дзеля агалення маральных праблем, дзённікавая форма падачы жыццёвага матэрыялу - у "Агні і снезе", нарэшце, сацыяльна-псіхалагічны аналіз - у "Мосце". У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваюцца чатыры літаратурныя зборнікі згаданага твора. Наяўнасць у іх аўтографа Івана Шамякіна робіць экзэмпляры асабліва каштоўнымі.

Хрэстаматыйнымі, па якіх "вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне школьнікаў", сталі, паводле слоў пісьменніка і літаратуразнаўца Івана Навуменкі, сатырычныя творы яшчэ аднаго класіка. Пад вокладкай свежай кнігі "Па дарозе на Парнас" у серыі "Бібліятэка паэзіі" раскрываюцца ва ўсёй красе вершы з байкамі, якія не заўважыш як праглынеш! Бо гэта ж сам Кандрат Крапіва будзе весці з намі дыялог! Упэўнена, і ў вас у галаве пры згадванні гэтага "пякучага" імені закруцілася да болю знаёмае: "Ў адным сяле (не важна - дзе) / Хадзіў Баран у чарадзе. / Разумных бараноў наогул жа нямнога, / А гэты дык дурней дурнога". І вось адразу ж цікава: што там далей будзе? Ой, нялёгка адарвацца ад трапных слоў, вострых, сатырычных радкоў і вобразаў, створаных сапраўдным мастаком - доктарам філалагічных навук, акадэмікам НАН Беларусі, народным пісьменнікам Беларусі.
Адкуль узяўся такі талент, такі востры розум і глыбіня разумення жыцця, памятаем яшчэ са школы. Крапівой Кандрат Атраховіч назваўся ўжо ў свядомым узросце, і быў гэта чалавек незвычайнага лёсу. Пачаў выкладаць у 18 гадоў, удзельнічаў у чатырох войнах, а яшчэ распрацоўваў слоўнікі. Колькі людзей рассмяшыў Крапіва сваімі зрыфмаванымі сюжэтамі, але ж сам па жыцці быў досыць жорсткі, патрабавальны! Блізкія тлумачылі гэта так: сышла ўся лёгкасць ды весялосць у творчасць: "Хто сустрэўся быў са мною, / Дакрануўся раз ці два, / Дык той ведае ўжо, хто я: / Я - пякучка-крапіва".

Жарты жартамі, але варта паразважаць і над сур’ёзнымі пытаннямі. У поўным аб’ёме дае нам такую нагоду новая кніга Івана Капыловіча "Адзінота". Зборнік пачынаецца з аднайменнай аповесці, за ёю крочаць яшчэ некалькі апавяданняў, прысвечаных праблеме ўзаемадзеяння старых і маладых, адрозненням паміж пакаленнямі. Пра тое, прынамсі, і твор "Непрыгожых кветак не бывае". Назва дзіўнаватая, а сюжэт просты: жыў-быў у вёсцы звычайны каваль Дроб. Выгадаваў ён з жонкай Домнай чацвярых дзяцей. Чым больш сталелі яны, тым відавочней станавілася для бацькоў, што жыць новаму пакаленню хочацца сваім розумам. Усе нібыта самі з вусамі. Толькі атрымліваецца, што свайго розуму маладняку не заўсёды хапае, яшчэ якіх дроў наламаюць… Адзін з трох сыноў Дроба тым і вылучыўся, так што род хоць працягваецца, але падросшы родны ўнук выпальвае пра свайго бацьку: "Я яго не люблю"… Дзед разумее, за што ён так, але хіба ад таго лягчэй? "Ландышы нельга не любіць. Бачыш, якія яны прыгожыя", - сказаў Дроб аднойчы сваёй любімай Домне. Тая ў адказ: "Непрыгожых кветак не бывае". Сапраўды, кветкі ўсе прыгожыя. У адрозненне ад некаторых учынкаў людзей.

Лёгкі сум ад такога чытання пяройдзе ў вельмі глыбокі роздум, калі возьмемся следам за зборнік "Мы не павінны забываць вайну": 80-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца". Жыццё і смерць, вайна і мір. Вечныя тэмы. Творы малога жанру Васіля Быкава, Анатоля Вярцінскага, Вячаслава Адамчыка, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Пазнякова, Уладзіміра Саламахі, Міхася Стральцова, Івана Чыгрынава перавернуць душу, выціснуць нямала пякучых слёз, але ж менавіта такое чытанне выхоўвае, робіць чалавекам, здольным перажываць не толькі за сябе, спачуваць не толькі сабе.
Так, у апавяданні "Круты бераг ракі" Васіль Быкаў нагадвае чытачу, што забіць чалавека можна і… словам. Праўдзівым, але недарэчным, нялітасцівым. Навошта было такое слова бацьку, які дваццаць пяць гадоў чакаў сваіх сыноў з вайны, штодня раскладваў агонь, каб тыя знайшлі дарогу дамоў? Тым і жыў… Пакуль адзін разумнік не вырашыў падвесці рысу пад чаканнем сталага чалавека: "Рабят не дажджэшся. Амба абодвум. Ужо дзе-небудзь і костачкі згнілі. Ось так!". У наступную ноч пасля тых слоў касцёр не загарэўся. Раўнадушнымі не пакінуць і іншыя творы са зборніка.

Розных пакут ды выпрабаванняў поўнае жыццё любога чалавека. Але ж некаторым шчасціць: іх талент высока цэняць пры жыцці, а пасля смерці нават прыходзіць сапраўдная слава. Вось так залатымі літарамі запісана ў нашу гісторыю імя чалавека, якому ўкладальнікі прысвяцілі грунтоўны, прыгожы, выраблены ў падарункавым фармаце альбом "Напалеон Орда" з уступам на беларускай і рускай мовах. Орда - фігура незвычайная. Без усякага перабольшання пра яго кажуць як пра найбольш адоранага беларускага творцу ХІХ стагоддзя. Знакамітага яшчэ пры жыцці мастака, кампазітара, піяніста, педагога і асветніка высока цанілі Ферэнц Ліст, Фрыдэрык Шапэн, Адам Міцкевіч ды іншыя сучаснікі. Нягледзячы на выдатныя здольнасці і поспехі ў музычнай творчасці, грамадскай і асветніцкай працы, найбольшую славу Напалеону прынесла выяўленчае мастацтва. Ён пакінуў шмат жывапісных і графічных работ, якія нарадзіліся ў выніку незлічонай колькасці падарожжаў па розных краінах і, вядома, па радзіме. Вобразы роднага краю засталіся самай каштоўнай візуальнай крыніцай па айчыннай гісторыі. Знаёмства з імі будзе захапляльным для ўсіх, хто цікавіцца сваёй мінуўшчынай.
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Вершы ці карціны Драздовіча? Беларускія выданні, якія прыемна пачытаць восенню
Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг
Пра таямніцы жахлівых падзей і легенду фотажурналістыкі: 5 кніг для цікавага адпачынку