Якой бы цёплай ні здавалася восень, але ўжо не лета. І лістапад дакладна дае нам гэта зразумець... Эх, як жа імгненна ляцяць доўгія летнія дзянькі, шчодрыя на сонца і ўраджаі. Лёгкі сум па гэтай чароўнай часіне адбіваецца нават на выбары кніжных навінак для нашай рубрыкі.
Імёны пісьменнікаў, аўтараў аповесцей ды апавяданняў, што склалі новую кнігу
"Горкі ліпавы мёд" з серыі "Бібліятэка выбраных твораў", добра вядомыя: Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Уладзімір Караткевіч, Мікола Лупсякоў, Павел Місько, Кузьма Чорны. Ёсць тут і кароценькае апавяданне Міхася Зарэмбы "Арэхавы Спас". Яго я некалі чытала ўжо і дагэтуль памятаю, як моцна зачапіў твор простым і зразумелым, кранальным падыходам да раскрыцця невычарпальнай ваеннай тэмы.
"Дагараў жнівеньскі дзень. Плыло да небасхілу пятае пасляваеннае лета, якое ледзьве не стала апошнім у жыцці двух хлапчукоў", - у гэтых фінальных радках схаваны і прадчуванне чагосьці непазбежнага, і радасць ад таго, што не здарылася трагедыя. Акурат на Арэхавы Спас галоўныя героі апавядання Пецька з Янкам выбраліся за вёску, у густы арэшнік. Трэслі тонкія ляшчыны, і самыя спелыя арэхі ляцелі на зямлю. Хлапчукі радаваліся кожнай сваёй удачы. І раптам намацалі… ржавую гранату. Што толькі ні рабілі, спрабуючы ўзарваць яе, і штораз літаральна знаходзіліся на валасок ад смерці. Нарэшце дадумаліся распаліць вогнішча… Прызнацца, паперажывала я за іх, бязбацькавічаў. Спачатку вайна адняла ў гэтых вясковых гарэз татаў і вось зноў злавесна нагадала пра сябе.
У папулярнай серыі "Сучасная беларуская літаратура", якая выдаецца пад патранажам Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’явіўся зборнік апавяданняў
"Игла в квадрате". Тут змешчаны празаічныя творы маладых творцаў, чый нетрывіяльны погляд на так званыя вечныя тэмы, несумненна, заслугоўвае ўвагі. У кожнага аўтара свой позірк на жыццё. Прываблівае, што пісьменнікі-сучаснікі не хапаюцца за нейкія глабальныя праблемы. Іх героі - гэта розных характараў людзі, праз чый складаны ўнутраны свет ідзе спасціжэнне рэчаіснасці, прыходзіць разуменне, што сапраўднае, праўдзівае, а што наноснае, нікчэмнае.
Асэнсаванне хуткацечнага часу і прызначэння чалавека на зямлі - улюбёная тэма паэтаў усіх пакаленняў.
Мой год, нам трэба даражыць хвілінамі.
Для нас гадзіна - тэрмін не малы.
Ужо не абрусамі, а ўспамінамі
Сталы засланы. Доўгія сталы.
Гэта радкі з верша "Мой Новы год" класіка беларускай літаратуры Аркадзя Куляшова, які наогул шмат разважаў пра "дзень кароткі", пра тое, як "за годам год ляцяць дзесяцігоддзі". Аркадзь Куляшоў, безумоўна, знакавая фігура ў нашай паэзіі, ён пакінуў багатую творчую спадчыну. У 1976 годзе пабачыла свет апошняя кніга паэта "Хуткасць". Вядома таксама, што на працягу ўсёй сваёй творчасці Аркадзь Куляшоў таленавіта і многа перакладаў, у суаўтарстве напісаў сцэнарыі да фільмаў "Чырвонае лісце" (1958), "Першыя выпрабаванні" (1960-1961), "Запомнім гэты дзень" (1967).
Зборнік
"Паміж наступным і былым", які папоўніў "Новую бібліятэку беларускай паэзіі", аднаўляе ў памяці таленавітае паэтычнае слова Майстра, чыя творчасць валодае неверагоднай здольнасцю праз шчырасць і даверлівасць з чытачом вяртаць нас да саміх сябе, да ўсведамлення таго, што чалавек увесь час знаходзіцца паміж мінулым і будучыняй, паміж былым і наступным: "жыццё маё - цяжкі з гадамі бой".
Пра незабыўнае і шчымлівае "сваё" праз галоўных герояў і захапляльныя сюжэты расказваюць аўтары твораў, якія па праву занялі сваё месца ў залатым фондзе беларускай прозы.
Як прыемную неспадзяванку для чытача можна ўспрымаць выхад у свет зборніка, дзе пад адной вокладкай змешчаны "Сірочы хлеб" Янкі Брыля, "Дзяцінства" Івана Навуменкі, "Адзін лапаць, адзін чунь" Міхася Стральцова. Гэтыя тры выбітныя аповесці ў многім аўтабіяграфічныя. Так, Янка Брыль прызнаваўся, што "Данік з „Сірочага хлеба“, вядома, не я, а тып або заяўка на яго, мілы сябар майго маленства, якога я зляпіў з многіх знаёмых хлопчыкаў, дадаўшы трохі і свайго. Свайго найбольш - у Данікавай закаханасці ў настаўніцу, якая была, якую я любіў, можа, нават мацней, чым напісаў пра гэта". У сваю чаргу Іван Навуменка адзначаў: "У сваёй творчасці я апіраюся толькі на свой вопыт, на тое, што чуў, што бачыў, у чым непасрэдна прымаў удзел". А вось што сцвярджаў Міхась Стральцоў у адным са сваіх эсэ: "Не скора, не адразу абазваўся ў нашай творчасці той ваенны і пасляваенны вопыт. Усведамленне важнасці яго расло разам з намі… Так было з усімі пісьменнікамі майго пакалення. Ужо дарослымі мы пасапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. І тады напісалася апавяданне „На чацвёртым годзе вайны“, аповесць „Адзін лапаць, адзін чунь“. Там - уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт".
Мне здаецца, варта перачытаць выдатныя творы нашых класікаў. Хаця б для таго, каб адчуць асалоду ад прыгажосці і моцы сапраўднага мастацкага слова, багацця і мілагучнасці роднай мовы.
Класіка, як вядома, бессмяротная. Але над чым шчыруюць сёння маладыя літаратары? Якія вобразы ствараюць? У якіх жанрах працуюць?
Маркетолаг па прафесіі Вольга Іванцова даўно захапляцца творчасцю Агаты Крысці. Любоў да твораў знакамітай англічанкі натхніла беларускую аўтарку стварыць уласны дэтэктыўны раман
"Дело Матильды Егоровой".
У ім, як і належыць па класіцы, дзея разгортваецца з "раніцы, калі быў знойдзены труп" папулярнай блогершы, якая валодала, здаецца, тысячай прафесій. Яна ў рамане і мадэль, і спявачка, і прадзюсар, і тэлевядучая. Словам, жыла, паводле аўтара, тры жыцці за раз. У цяжкім злачынстве падазраюць брата "зоркі", але той, падаецца, не ў сваім розуме - іначай яго паводзіны не растлумачыць. Асвятляць падрабязнасці справы павінен журналіст Максім Іваноўскі, і вось тут пачынаецца самае цікавае…
Раман чытаецца на адным дыханні, хаця даводзіцца разгадваць складаныя рэбусы сучаснага жыцця. Тут і праблемы самаўспрымання, стасункаў з блізкімі, сябрамі, каханымі: дзе мы сапраўдныя, а калі пад рознымі маскамі хаваемся ад рэчаіснасці ў віртуальным свеце? Урэшце, аднойчы кожны можа пераканацца, што ўсё можа быць "яшчэ горш, чым мы думалі" і што "ўсё мае адваротны бок". Што тут скажаш, такім і павінен быць захапляльны дэтэктыў.
Больш прачытаем - больш даведаемся, адчуем і зразумеем.
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:"Тры таварыша" Рэмарка па-беларуску і не толькі. Цікавыя свежыя выданні на розны густ
Як жартавалі Купала і Колас? Пяць цікавых кніжных навінак на розны густ
"Абавязкова прыходзіць новы дзень". 5 кніг на беларускай мове, якія прымушаюць задумацца