Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

Ад мемуараў да даследавання… камянёў. 5 цікавых беларускіх выданняў на кожны густ

21.08.2023 | 16:05

Адчуць вольнае дыханне па-сапраўднаму мастацкай думкі, дакрануцца да духоўнай народнай спадчыны, даведацца пра станаўленне дыпламатычнай службы Беларусі ў 1920-30-я гады і выявіць для сябе асаблівасці нацыянальнага дакументальнага кіно - усё гэта магчыма з кніжнымі навінкамі, якія прапаную ўвазе нашых шаноўных чытачоў у традыцыйнай рубрыцы "Беларускай думкі".

Міхася Стральцова літаратуразнаўцы называюць знакавай постаццю ў айчынным прыгожым пісьменстве. І не без падстаў. "Дакладнасць, "перажытасць" усяго - моцная адзнака лепшых твораў Міхася Стральцова. Але іх асаблівасць яшчэ і ў шырокім, вольным дыханні думкі, па-сапраўднаму мастацкай", - адзначаў у свой час Алесь Адамовіч.

Мяне асабіста вабіць лаканічны стыль аўтара, адметны тонкім лірызмам і дасціпным, інтэлігентным гумарам: чытаеш яго творы і міжволі задумліва ўсміхаешся, а на душы неяк радасна і ўтульна, быццам сэрцам дакранаешся да жывога роднага слова і праўды жыцця. Як і сам пісьменнік, шчыра спачуваеш героям, суперажываеш усё тое, што адбываецца з імі. Такія вядомыя апавяданні, як "Смаленне вепрука", "Сена на асфальце", "Свет Іванавіч, былы донжуан" ён пісаў яшчэ ў 1960-70-я гады, а яны па-ранейшаму прыцягваюць увагу сучаснага чытача. Таму зборнік Міхася Стральцова "Аповесці. Апавяданні. Вершы", які з'явіўся ў серыі "Народная бібліятэка", гэта падарунак для аматараў добрай літаратуры. Апроч згаданых хрэстаматыйных твораў, тут і аповесць "Адзін лапаць, адзін чунь", літаратурнае эсэ "Загадка Багдановіча".

Яшчэ адна кніга, якая зацікавіла і з якой настойліва раю пазнаёміцца, - "Моя кинематографическая жизнь без прикрас" вядомага беларускага кінарэжысёра-дакументаліста і кінааператара, народнага артыста Беларусі Анатоля Алая. Аўтар - чалавек незвычайнага, няпростага і ўсё ж шчаслівага творчага лёсу. Алай, як увішны рэпарцёр, паспеў усюды са сваёй кінакамерай, дзеля праўдзівага кадра адпраўляўся ці не на край свету, спрабуючы дакапацца да ісціны і дакрануцца да самой Гісторыі. "Все мои фильмы сняты на грани возможного: "Иду на грозу" - это состояние души", - прызнаецца ён у сваёй кнізе.

На адзінаццаты дзень пасля Чарнобыльскай катастрофы разам са здымачнай групай кінарэжысёр адправіўся ў самае пекла разбуранай АЭС. Нястрымнае жаданне творцы пабачыць усё на ўласныя вочы дапамагло пераадолець страх. Вынікам той камандзіроўкі стаў фільм "Чужой беды не бывает". Праўда, савецкія чыноўнікі перакрылі яму шлях да гледача - пабаяліся непрыкрытай праўды. Зрэшты, няпросты быў лёс і ў іншых стужак кінарэжысёра, знятых у савецкі час. Згадаем хаця б фільм-адкрыццё "Не плачьте обо мне…" (1988) пра мастака з Рэчыцы Аляксандра Ісачова. Нягледзечы на рознага кшталту перашкоды, ён трапіў на экраны і дагэтуль застаецца ў шэрагу выбітных з'яў беларускай кінадакументалістыкі. На слыху і алаеўскія "Его зарыли в шар земной", "Трофей сержанта Богомолова", "Моринеско", "Отверженный" і іншыя. У творчым багажы рэжысёра звыш 200 дакументальных стужак, да большасці якіх ён сам пісаў сцэнарыі. Зрэшты, тое, як праходзілі здымкі, таксама магло стаць асновай для сюжэтных хадоў якога-небудзь дэтэктыва.

А пакуль - надзвычай захапляльная кніга, дзе аўтар, як і абяцаў у назве, без прыкрас, даверліва і шчыра расказвае пра творчыя паездкі і сустрэчы з мноствам людзей. Ён лічыў сваім грамадзянскім абавязкам здымаць тое, пра што не мог маўчаць.

Героі наступнай навінкі, якая з'явілася на кніжнай паліцы "Беларускай думкі", - асаблівыя, гэта не жывыя людзі, а… камяні, маўклівыя сведкі гісторыі. Але яны здольныя расказаць шмат незвычайнага тым, хто цікавіцца беларускай мінуўшчынай. У гэтым можна пераканацца дзякуючы даследчыкам Аляксею і Ягору Ненадаўцам.

У сваёй кнізе "Закамянелая памяць" з серыі "Традыцыйны лад жыцця" яны сабралі шмат цікавых звестак пра камяні і пра тое, як яны сталі часткай духоўнай памяці нашых продкаў. Аўтары разглядаюць іх з розных бакоў: звяртаюцца да каменных традыцый у міфалогіі беларусаў і іншых народаў, да папулярных легенд і паданняў, распавядаюць пра каменныя крыжы і каменных баб, пра валуны і народную медыцыну, не забываюць таксама пра нябесных пасланцаў - метэарыты.

Асобны раздзел - пра камяні і валуны, што ўзгадваюць у літаратурных творах нашы пісьменнікі. Аўтары прыходзяць да высновы, што шмат хто з беларускіх майстроў слова звяртаўся ў сваёй творчасці да сімвалічных маўклівых сведак даўніны.

Станаўленне і развіццё дыпламатыі на Беларусі даследуе Зоя Калантай. Яе "Очерки истории дипломатической службы в Беларуси. Судьбы и события 1919-1930-е гг." грунтуюцца на архіўных крыніцах і рэдкіх дакументальных матэрыялах. Некаторыя з іх друкуюцца ўпершыню.

Увогуле гэта першая даследчыцкая праца пра беларускую дыпламатыю, у якой найбольш важныя яе падзеі і этапы можна прасачыць праз лёсы канкрэтных людзей. Імёны тых, хто ствараў падмурак сучаснай дыпламатычнай службы нашай краіны, у большасці сваёй забытыя, але, безумоўна, вартыя таго, каб вярнуцца ў нашу памяць.

Выданне будзе карысна найперш навуковым супрацоўнікам, дыпламатам, выкладчыкам і студэнтам. Але і аматары гісторыі знойдуць тут для сябе шмат цікавага і пазнавальнага. На мой погляд, гэта захапляльная вандроўка ў вельмі няпросты, шмат у чым вызначальны для нашай краіны перыяд.

Ці то ліпеньская спякота стала прычынай, ці то мая ўласная схільнасць да мемуарыстыкі, але не магла прамінуць кнігу Міколы Чарняўскага "На перекрестках памяти". Яе выдалі адмыслова да 80-годдзя пісьменніка, які з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій. Напісаў кнігу аўтар, як сам прызнае, "ужо ва ўзросце, калі, на маю думку, заўсёды ёсць што расказаць, ёсць чым падзяліцца і шмат каго з падзякай успомніць. І разам з тым, апавядаючы пра жыццё і лёсы сваіх герояў, праўдзіва і паважліва, не з чужых вуснаў, а зыходзячы з уласных назіранняў, распавесці пра час і пра сябе ў тым ужо вельмі далёкім ад сучасных чытачоў, па-свойму складаным, але цікавым, багатым на падзеі часе".

Чым адметны зборнік? Тут змешчаны эсэ - літаратурныя партрэты вядомых беларускіх майстроў мастацкага слова - Артура Вольскага, Янкі Маўра, Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц і іншых, з кім аўтар сустракаўся на сваім жыццёвым і творчым шляху. З некаторымі героямі кнігі лёс абышоўся не надта ласкава, як, напрыклад, з самабытным і таленавітым паэтам Анатолем Сербановічам, што пражыў усяго 29 гадоў, але паспеў пакінуць яскравы след у маладой беларускай паэзіі, выпусціўшы два зборнікі вершаў. Мікола Чарняўскі піша пра яго ў дакументальнай аповесці "И весною взойду…". Увогуле ў кнізе шмат цікавостак, нечаканасцей. Раю на палічку!

А мы тым часам пашукаем для вас яшчэ што-небудзь цікавенькае.

| Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Удивительные и очень личные истории. Почему книга "Мой след в журналистике" - особая?

Ад старажытнага Полацка да выцінанкі. Пяць кніжак для ўтульнага чытання летнім вечарам

"Зінгер" для мільянера ці старажытныя дэсерты на святы? Рэкамендуем 5 незвычайных кніг