Новости Беларуси
Белорусское телеграфное агентство
Рубрики
Пресс-центр
Аналитика
Главная Новости Калейдоскоп

90 гадоў Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Што ўяўляе пісьменніцкая арганізацыя сёння?

04.07.2024 | 16:45
Што ўяўляе пісьменніцкая арганізацыя краіны сёння? Якімі клопатамі жыве і чым кіруецца саюз празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, драматургаў і дзіцячых пісьменнікаў, якому споўнілася 90 гадоў?

Развіццё грамадскага жыцця, фарміраванне нацыянальнай культуры самым цесным чынам звязаны з працэсам станаўлення мастацкай літаратуры. Розныя адрэзкі дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі пераканаўча сведчаць пра гэта. Савецкі час у лёсе нашай Радзімы выбудаваў сістэму арганізацыйнага формаўтварэння грамадскага яднання літаратурных сіл. Следам за літаратурнымі аб’яднаннямі, арганізацыямі 1920-х гадоў (з 1923 па 1928 год існавала Усебеларускае аб’яднанне "Маладняк", якое па праву лічыцца першым літаратурным аб’яднаннем беларускіх савецкіх пісьменнікаў; у 1926-1931 гадах - "Узвышша"; у 1927-1932 гадах - "Полымя"; у 1928 годзе створана Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, якая спыніла дзейнасць у 1931-м) пісьменніцкія сілы ў БССР аб’яднаў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Створаны быў згодна з пастановай ЦК УКП(б) ад 23 красавіка 1932 года "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый" і пастановай ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 года "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР". Як творчае аб’яднанне арганізацыйна Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР аформіў Усебеларускі з’езд пісьменнікаў, які прайшоў у Мінску з 8 па 14 чэрвеня 1934 года. Першы старшыня саюза - паэт Міхась Клімковіч.

Статыстыка для гісторыі

У грамадскае аб’яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі" (ГА "СПБ"), якое з 2005 па 2022 год узначальваў вядомы грамадскі і палітычны дзеяч, народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, уваходзяць сотні творцаў. Вышэйшым органам саюза з’яўляецца з’езд. Апошні прайшоў 22 сакавіка 2022 года. У перыяд паміж з’ездамі кіруючым органам з’яўляецца праўленне, якое сёння працуе ў складзе 63 чалавек. Выканаўчы орган - Прэзідыум, у складзе якога 38 літаратараў. Яны абраны з ліку членаў праўлення.

У краіне працуюць шэсць абласных і адно Мінскае гарадское аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усяго ў грамадскім аб’яднанні 660 членаў, 47 літаратараў - прадстаўнікі Расіі, Сербіі, Арменіі, Азербайджана, Ірана, Аўстрыі, Ізраіля, Літвы, Іспаніі, Таджыкістана, Балгарыі, Узбекістана, Германіі, Латвіі, Малдовы, Казахстана і іншых краін. Нашы суайчыннікі з розных куткоў свету імкнуцца сваім мастацкім словам спрыяць развіццю беларускай дзяржавы, з павагай ставяцца да прыярытэтаў у будаўніцтве суверэннай краіны. І яшчэ шмат хто з руплівых паўнамоцных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ў свеце. Як, напрыклад, народны пісьменнік Таджыкістана Ато Хамдам, які ў апошнія гады не аднойчы наведваўся ў Беларусь, удзельнічаў у круглых сталах беларускіх і замежных пісьменнікаў "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго". ЦІ народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова, якая, дарэчы, нарадзілася ў Беларусі, на Гомельшчыне.

Аўтарытэту, вагі Саюзу пісьменнікаў дадае і тое, што ў склад аб’яднання ўваходзяць тры акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сярод якіх добра вядомы ў краіне і за яе межамі літаратуразнаўца і празаік заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў. Сярод членаў СПБ чатыры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, адзін з іх - кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Працуюць творчыя секцыі прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі, прыгодніцкай літаратуры і фантастыкі, крытыкі і літаратуразнаўства, дзіцячай літаратуры, мастацкага перакладу, краязнаўства. На чале гэтых кірункаў аўтарытэтныя літаратары - дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Алесь Бадак, галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Віктар Шніп, паэт, дзіцячы пісьменнік і драматург Таццяна Сівец, публіцыст Андрэй Мукавозчык, празаік Анатоль Матвіенка, літаратуразнаўца доктар філалагічных навук Валерый Максімовіч, дзіцячая пісьменніца, публіцыстка, празаік Алена Стэльмах, перакладчык доктар філалагічных навук Іван Чарота, Алесь Карлюкевіч. Секцыі - надзвычай важны складнік жыццядзейнасці творчай арганізацыі. Менавіта на пасяджэннях іх бюро прынцыпова аналізуем, што зрабілі ў літаратуры кандыдаты ў члены Саюза пісьменнікаў. Зацвярджаецца змест тэматычных літаратурна-мастацкіх альманахаў ці калектыўных зборнікаў. Як прыклад - альманах "Далягляды", што змяшчае мастацкія пераклады твораў з іншых літаратур. А яшчэ і альманах, якім апякуецца секцыя крытыкі і літаратуразнаўства, ён называецца "Вобраз".
Многія члены аб’яднання ў апошнія гады адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнамі Францыска Скарыны, Пашаны, медалямі Францыска Скарыны, "За працоўныя заслугі". Званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь атрымалі 14 пісьменнікаў. Сярод лаўрэатаў прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры і мастацтва - члены саюза Іван Юркін і Уладзімір Ліхадзедаў.

Жывая размова

Сцяна, якую паміж мастацкім словам і друкаванай кнігай выбудавалі лічбавізацыя, сацыяльныя сеткі і іншыя тэхналагічныя адкрыцці, накладваюць на пісьменнікаў асаблівыя патрабаванні. Сёння мала надрукаваць апавяданне і нават раман ці паэму ў адным з літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў: у часопісах "Маладосць", "Полымя", "Нёман", газеце "Літаратура і мастацтва" (дарэчы, Саюз пісьменнікаў выступае іх сузаснавальнікам). Тыражы ў перыёдыкі, у саміх кніг не дужа вялікія, і дзяржава падтрымлівае беларускіх творцаў. Надзвычай важна, каб літаратурныя здабыткі не затрымліваліся на паліцах бібліятэк, не ляжалі мёртвым грузам у кнігарнях "Белкнігі". Пісьменнікі гэта разумеюць, таму невыпадкова значнае месца ў штодзённых клопатах грамадскага аб’яднання займае арганізацыя жывых сустрэч з чытачамі ў бібліятэках, школах, ва ўніверсітэтах, ва ўстановах і на прадпрыемствах.

У складзе Саюза пісьменнікаў ёсць Цэнтр папулярызацыі літаратуры, які ўзначальвае празаік Анатоль Матвіенка. Першая і самая галоўная справа - арганізацыя ў Доме літаратара ў мемарыяльнай зале праграмы "Урокі мужнасці". Вучні з розных школ, гімназій, ліцэяў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў прыходзяць на размову з аўтарытэтнымі празаікамі і публіцыстамі, з тымі, у каго за плячыма немалы жыццёвы і творчы вопыт. Вельмі часта тэмамі пісьменніцкага дыялогу са школьнікамі і моладдзю становіцца Вялікая Айчынная вайна, генацыд беларускага народа. На сценах мемарыяльнай залы вісяць планшэты з партрэтамі пісьменнікаў старэйшых пакаленняў, якія ваявалі. Шмат хто не вярнуўся ў родную старонку, склаўшы сваю галаву ў франтавых баях і падчас партызанскіх аперацый. На здымках - народныя паэты Беларусі Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк і народныя пісьменнікі Іван Шамякін, Іван Мележ, Іван Навуменка, якія прыйшлі з вайны і з баявымі ўзнагародамі, і з творамі, што навечна ўвайшлі ў скарбніцу гераічнага мастацкага летапісу змагання беларусаў з фашысцкімі нелюдзямі. Тут і партрэты пісьменнікаў, якія загінулі ў віхуры Вялікай Айчыннай, закатаваны ў фашысцкай няволі.

Трэба адзначыць, што нашы літаратары працуюць і ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкіх груп раённых і абласных выканаўчых камітэтаў, Адміністрацыі Прэзідэнта. Часта выступаюць у розных медыйных рэсурсах. Група пісьменнікаў была сярод запрошаных на VII Усебеларускі народны сход. А дэлегатамі УНС сталі члены СПБ Валянцін Семяняка, Ігар Марзалюк, Вадзім Гігін, Уладзімір Гаўрыловіч, Андрэй Кароль, Аляксандр Радзькоў.

Асаблівую ўвагу Прэзідыум саюза і Цэнтр папулярызацыі літаратуры надаюць працы з юнымі чытачамі. У 2022 годзе правялі пашыраны пленум праўлення СПБ. Галоўнай тэмай абмеркавання на ім стала дзіцячая літаратура. Пісьменнікі, крытыкі, бібліятэкары, метадысты з Акадэміі адукацыі акрэслілі неабходнасць шырокіх стасункаў з дзецьмі і педагогамі, а таксама бацькамі. Як вынік, Саюз пісьменнікаў заснаваў цэлую праграму фестываляў дзіцячай літаратуры. Традыцыяй сталі такія яркія кніжныя форумы, як "Міхасёвы прыгоды" на пляцоўцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, "У гасцях у Францыска Скарыны" ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, фестывалі ў Гомелі, Брэсце, Карэлічах, Беразіно, Барысаве і іншых гарадах краіны. Надзейнымі партнёрамі Саюза пісьменнікаў на гэтых святах кнігі выступаюць бібліятэкары і музейшчыкі, працаўнікі іншых культурна-асветніцкіх устаноў і галоўнае - дзяржаўныя кніжныя выдавецтвы. Добрыя творчыя кантакты з Міністэрствам інфармацыі Беларусі: супольныя ініцыятывы дапамагаюць вырашаць многія надзённыя задачы.

Галоўныя здзяйсненні

Але, зразумела, творчае гарэнне і рэалізацыя мастацкіх задум найперш павінны праяўляцца ў саміх творах. Што можна параіць прачытаць? Якія аўтары найболей папулярныя, калі меркаваць па бібліятэчных фармулярах на кожнай кнізе? Саюз пісьменнікаў пры падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі пастаянна праводзіць такі маніторынг: якія выданні сучасных пісьменнікаў самыя запатрабаваныя чытачамі. Статыстыка ўважліва аналізуецца, яна становіцца асновай для выдавецкіх рашэнняў і літаратурна-крытычных аглядаў.

Мастацкая літаратура можа паўнавартасна развівацца, калі свайго чытача знаходзяць раманы і аповесці, вершы і паэмы, а таксама нарысы і літаратурна-крытычныя артыкулы; калі адбываюцца творчыя падзеі, нараджаюцца з’явы ў розных відах і кірунках прыгожага пісьменства.
У авангардзе, несумненна, мастацкая проза. Часопісы "Полымя" і "Нёман" (адзін выходзіць па-беларуску, другі - на рускай мове) з’яўляюцца шукальнікамі і першымі публікатарамі арыгінальных, цікавых твораў. Здаецца, зусім нядаўна за раман "Парыж, Эйфелева вежа і…" (нягледзячы на інтрыгуючую назву, у ім адлюстравана сённяшняе вясковае жыццё, людзі, якія сваёй працай збіраюць багаты ўсебеларускі каравай) Віктар Праўдзін адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Беларусі. І вось ужо "Полымя" друкуе яго новы твор. У цэнтры рамана "Непераможны злом" пакутлівы, драматычны лёс праваслаўнага святара на пачатку XX стагоддзя.

Апошнія гады радуе чытачоў Уладзімір Гніламёдаў. Пісьменнік на фоне жыцця папярэдніх пакаленняў піша пра сацыяльныя, грамадска-палітычныя з’явы, што перажылі беларусы ў нядаўнім мінулым. Ці Уладзімір Гаўрыловіч (найбольшую ўвагу прыцягнулі старонкі яго рамана-версіі "Любі бліжняга твайго…") альбо Віктар Шніп (ён адважна разглядае час у цыкле раманаў-дзённікаў "Заўтра была адліга"). Адкрыццём мінулага года назваў бы раман Алесі Кузняцовай "Когда трещит лед". Кніга толькі выйшла, а ўжо няма адбою ад чытачоў, якія, прачытаўшы твор, жадаюць сустрэцца з аўтарам. Алеся Кузняцова правяла дзясяткі прэзентацый у Мінску і Маскве, у Клімавічах, Барысаве, Навагрудку і іншых гарадах.

Здабыткам сучаснай прозы па праву можна лічыць раман Мікалая Чаргінца "Операция «Кровь»", які вытрымаў ужо некалькі выданняў. У цэнтры аповеду - драматычны лёс дзяцей падчас Вялікай Айчыннай вайны, з якіх фашысцкія нелюдзі здзекваліся, праводзячы бесчалавечныя медыцынскія эксперыменты, забіраючы ў малых кроў. Раіў бы прачытаць кнігу ўсім падлеткам, іх бацькам.

Актыўна працуюць у прозе Людміла Кебіч, Зінаіда Дудзюк, Леанід Крыванос, у паэзіі - Анатоль Аўруцін, Іван Юркін, Тамара Краснова-Гусачэнка, Алесь Казека, Міхась Башлакоў, Таццяна Лейка, Лізавета Палеес, Рагнед Малахоўскі, Казімір Камейша, Міхась Пазнякоў.

Рэтраспектыву сучаснай беларускай прозы апошніх дзесяцігоддзяў адлюстроўвае выдавецкі праект "Сучасная беларуская літаратура". Пабачылі ўжо свет зборнікі "Дараванне", "Душа твая светлая", "Размова з люстэркам", "Цені дзікага палявання", "Чароўная скарбніца", "Игла в квадрате". Сярод аўтараў серыі кніг Алесь Бадак, Зіновій Прыгодзіч, Уладзімір Мажылоўскі, Алесь Бычкоўскі, Ніна Рыбік, Таццяна Дземідовіч, Алена Стэльмах, Алег Ждан, Анатоль Бензярук, Расціслаў Бензярук, Алена Папова, Алена Беланожка, Сяргей Белаяр. Рыхтуецца да выдання зборнік апавяданняў маладых аўтараў, тут чытач знойдзе творы Настассі Нарэйкі, Валерыі Саротнік, Ягора Жукоўскага, Ясеніі Аляксеевай.

Кніга маладых аўтараў, як і конкурс "Першацвет", які некалькі гадоў запар ладзяць Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў, выдавецтва "Мастацкая літаратура" і выдавецкі дом "Звязда", сведчаць пра тое, што ў айчыннай літаратуры ёсць будучыня, што за аўтарамі сталага ўзросту крочыць і моладзь. І што іх творчыя здзяйсненні і руплівая праца не толькі ў сеціве.

Асобная гаворка пра дзіцячую літаратуру. У многім яе развіццю паспрыялі самі юныя чытачы і іх бацькі, настаўнікі. Следам падцягнуліся ўжо выдавецтвы. Кнігі для дзяцей запатрабаваны, яны найболей тыражныя. Для малодшых школьнікаў вельмі актыўна працуе празаік Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Уражанне, што яе кнігі, дзе галоўным героем выступае фэнтэзійны Вухуцік, ведаюць усе малодшыя школьнікі краіны. Шмат працуе як аўтар кніг для самых юных чытачоў Генадзь Аўласенка. Адкрыццём апошняга часу можна назваць творчасць Валянціны Драбышэўскай. Яна ўмее весці дыялог з тымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, якія толькі вывучылі літары, бяруць у рукі свае першыя кнігі. Зрэшты, яна сама педагог з немалым працоўным стажам. Валянціна Драбышэўская часты госць у школах. Яна не толькі знаёміць юных чытачоў з уласнай творчасцю, а і расказвае пра герояў казак і апавяданняў Міколы Чарняўскага, Ніны Галіноўскай, Міхася Пазнякова, Уладзіміра Мазго.

Больш складана ідзе творчы працэс з’яўлення добрых кніг, разлічаных на падлеткавую аўдыторыю. Але рухаемся ў гэтым напрамку. У выдавецкім доме "Звязда" трывала прапісалася кніжная серыя "Пераходны ўзрост". Хацелася б звярнуць увагу на раман Ганны Чыж-Літаш "Дары Бога", дзе ёсць і канфлікты падлеткаў з дарослымі, і няпростая тэма інклюзіі.
Сённяшні час, як ніколі, патрабуе ад літаратараў імгненнага водгуку на падзеі ў краіне, на развіццё тых ці іншых сацыяльных з’яў. І не дзіва, што ў Саюзе пісьменнікаў з’яўляецца заўважнай прысутнасць публіцыстаў. Іх атрад прыйшоў у творчую арганізацыю з калектываў айчынных медыя. Лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі сталі журналісты грамадска-палітычных газет краіны "СБ. Беларусь сегодня" і "Звязда" Андрэй Мукавозчык і Валерыя Сцяцко (да чытача прыходзіць ужо другое выданне яе шчымлівай кнігі пра Аляксея Талая). Асобным выданнем выйшлі ваенныя рэпартажы спецыяльнага карэспандэнта "СБ. Беларусь сегодня" Людмілы Гладкай. Шмат хто з іх паплечнікаў-публіцыстаў таксама варты ўвагі, з’яўляецца прыкладам таго, як трэба працаваць са словам.

У бліжэйшых планах нашага грамадскага аб’яднання - арганізацыя практычных семінараў літаратурнай моладзі. Такая творчая вучоба ладзілася некалі ў дамах творчасці "Каралішчавічы" і "Іслач", яна вельмі спрыяла росту пісьменнікаў-пачаткоўцаў.

Каб ведалі ў свеце

Ці знаёмы з сучаснай беларускай літаратурай у іншых краінах? Згадаем Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час" (праводзіцца з 2015 года) і круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства (упершыню прайшоў у 2007-м). Якраз гэтыя творчыя праекты, галоўнымі арганізатарамі якіх выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі і Саюз пісьменнікаў, спрыяюць таму, што ў нашу краіну прыязджаюць літаратары з розных дзяржаў. Амаль для кожнага з іх візіт у Беларусь з’яўляецца пачаткам добрай дружбы з беларускай літаратурай. У выніку нараджаюцца перакладчыцкія праекты, выходзяць сумесныя анталогіі. Як, напрыклад, альманах "Казахстан - Беларусь" альбо анталогія сучаснай беларускай літаратуры на башкірскай мове, якая толькі што выйшла ва Уфе.

Аснову міжнародных літаратурных сувязей складаюць стасункі з калегамі з Расійскай Федэрацыі. Па-першае, ужо ці не паўтара дзясятка гадоў працуе Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Яго сустаршынямі з’яўляюцца старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў і ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. У Расіі стала добрай традыцыяй рыхтаваць спецыяльныя беларускія выпускі на старонках часопісаў "Наш современник", "Москва", "Урал", "Бельские просторы", "Сибирские огни". Не аднойчы свае старонкі аддавалі творам беларускіх празаікаў "Роман-газета" і "Детская роман-газета". Дзякуючы гэтаму праз рускую мову пра новае ў беларускім літаратурным працэсе даведваюцца ў многіх краінах.

Апошнім часам сяброўскія сувязі склаліся ў нас з калегамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Нядаўна з Пекіна перадалі вялікі том прозы і паэзіі Алеся Бадака ў пераўвасабленні на кітайскую мову.

Перакладчык - доктар філалагічных навук Хань Сяое, які працуе ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў. А прафесар Нанькайскага ўніверсітэта Гу Юй, які нядаўна ўзяў удзел у Міжнароднай канферэнцыі "Купалаўскія чытанні" ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, пераклаў на кітайскую мову творы класікаў Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Максіма Танка, а яшчэ вершы нашых сучаснікаў - Навума Гальпяровіча, Віктара Шніпа.

Наперадзе новае дзесяцігоддзе, шлях да векавога юбілею Саюза пісьменнікаў Беларусі. І прайсці яго варта годна, з павагай і добрай памяццю пра здзейсненае і перажытае нашымі папярэднікамі, з увагай да гераічнай памяці пра нашых дзядоў і прадзедаў.

КАРЛЮКЕВІЧ Алесь Мікалаевіч

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскага ВВПВ служыў ва Узброеных сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. З 1995 па 2006 год - у рэдакцыях газет "Звязда", "СБ. Беларусь сегодня". У 2006-2011 гадах - дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Літаратура і Мастацтва".

З 2011 па 2016 год - галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом «Звязда»". У 2016-2020 гадах - намеснік міністра, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. З 2020 года - дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом «Звязда»".

У сакавіку 2022 года абраны старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар шэрагу краязнаўчых і публіцыстычных кніг, гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых даследаванняў, а таксама твораў для дзяцей.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".

| Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Фота з архіва БЕЛТА, газеты "Звязда".

Чытайце таксама:
 

Не каждый "увидит" на картине Сталина. Необычная выставка в Национальном художественном


Какой будет новая "Золушка" в Большом? Узнали у балетмейстера Константина Кузнецова


"Дарогамі дзядзькі Язэпа". Вось што можна пабачыць на малой радзіме Драздовіча

Теги
Беларусь