ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Воскресенье, 22 декабря 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность 0°C
Все новости
Все новости
Общество
01 ноября 2018, 18:12

Утварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі і пазіцыя мясцовых палітычных сіл

На заседании Верховного Совета БССР (1973 г.)
На заседании Верховного Совета БССР (1973 г.)

Лістападаўская 1918 года рэвалюцыя ў Германіі і скасаванне Брэсцкага міру разбурылі той прасценак, які з сакавіка 1918 года існаваў паміж раёнамі германскай акупацыі і Савецкай Расіяй. Бальшавікі і мясцовыя антыбальшавіцкія палітычныя цэнтры апынуліся сам-насам. Абставіны ўнутрыпалітычнага парадку ў краі і распад акупацыйнай германскай арміі прадвызначылі адносна хуткае і практычна бяскроўнае ачышчэнне Беларусі ад германскіх акупантаў і мясцовых антыбальшавіцкіх сіл, паралізавалі спробы апошніх стварыць у краі мясцовы антыбальшавіцкі ўрад, прызнаны заходнімі дзяржавамі. Саветызацыі Беларусі ў канцы 1918 года не было альтэрнатывы. Але канкрэтныя формы савецкага дзяржаўнага будаўніцтва на беларускіх землях залежалі ад розных акалічнасцей.

Сяргей Траццяк, кандыдат гістарычных навук
Сяргей Траццяк, кандыдат гістарычных навук

Афіцыйная адмова Савецкай Расіі прызнаваць і паважаць усталяваныя Брэсцкім мірам дзяржаўныя граніцы на ўсходзе Еўропы, што вынікала з акта Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (УЦВК) ад 13 лістапада 1918 года, клала канец падзелу Беларусі на так званыя "германскую", "расійскую" і "ўкраінскую" часткі, стварала юрыдычную падставу для паяднання беларускіх зямель у складзе РСФСР і пад уладай яе Саўнаркама. Аднак урад Літвы, гетманскі і пятлюраўскі ўрады Украіны, што імкнуліся да захавання вызначаных Брэсцкім мірам літоўскіх і ўкраінскіх дзяржаўных граніц, а таксама кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі расцэньвалі такі паварот падзей як адкрытую праяву "чырвонага імперыялізму", як ігнараванне і падаўленне волі насельніцтва Беларусі. Кіраўніцтва адноўленай у выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Германіі Польскай дзяржавы выказвала намер анексіі літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель, спасылаючыся пры гэтым на нібыта выказаную волю іх насельніцтва. Усе гэтыя ўрады шукалі дапамогі ў Антанты, абяцаючы змагацца з бальшавізмам. Ізноў, як і ў перыяд мірных перагавораў у Брэст-Літоўску, паўстала пытанне нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі на савецкім грунце, але з улікам вопыту, назапашанага ў перыяд Брэсцкага міру.

Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі, Камп'енскага перамір'я і дэнансацыі Брэсцкага міру шмат каму (і не толькі ў Савецкай Расіі) здавалася, што полымя Кастрычніцкай рэвалюцыі вось-вось перакінецца ў Еўропу. У той жа час афармленне антысавецкай кааліцыі вядучых імперыялістычных дзяржаў і відавочная падрыхтоўка імі "крыжовага паходу супраць бальшавізму" паказвалі ўсю глыбіню небяспекі, што навісла над РСФСР.

Нацыянальная палітыка савецкага ўрада ў раёнах, якія вызваляліся з-пад улады германскіх акупантаў, патрабавала істотнай карэкціроўкі. Ануляваўшы 13 лістапада 1918 года Брэсцкі мір, Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт прызнаў за працоўнымі ўсіх народаў права на самавызначэнне і заклікаў працоўных Расіі, Ліфляндыі, Эстляндыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Фінляндыі, Крыма і Каўказа самім вырашаць свой лёс. 29 лістапада 1918 года ў дасланай тэлеграме Ленін патрабуе ад Галоўкама Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі І. Вацэціса выдаць спецыяльную дырэктыву камандаванню франтоў і армій Заходняга напрамку наконт аказання ўсебаковай падтрымкі абласным часовым савецкім урадам Украіны, Літвы, Латвіі і Эстляндыі. Такім чынам, у раёнах былой Расійскай імперыі, дзе існавалі прагерманскія ўрады, якія пасля паражэння Германіі перайшлі на бок Антанты і былі ў той ці іншай ступені прызнаны ёю, абралі курс на арганізацыю савецкіх рэспублік, звязаных з РСФСР адносінамі ідэалагічнага адзінства, палітычнага, эканамічнага і ваеннага саюза. Рэспублікі ж так званага "чырвонага буфера" аддзялялі РСФСР ад варожага капіталістычнага наваколля і з'яўляліся перадполлем рэвалюцыйнай вайны Савецкай Расіі супраць антысавецкай кааліцыі.

Карцiна Леанiда Дударэнкi, "Мiнск, 1919". 1977 год
Карцiна Леанiда Дударэнкi, "Мiнск, 1919". 1977 год

З пастановы УЦВК і ленінскай тэлеграмы Вацэцісу вынікае наступнае. Нягледзячы на тое, што ў кастрычніку – лістападзе 1918 года савецкі бок двойчы вёў з А. Луцкевічам перагаворы наконт магчымага ўдзелу беларускіх сацыял-дэмакратаў у савецкім урадзе Беларусі, яна не разглядалася Масквой як частка "чырвонага буфера". У двух згаданых дакументах наогул няма ўпаміну пра Беларусь, яе абласны савецкі ўрад і права яе працоўнага народа на самавызначэнне ў поўным аб'ёме. На карысць такога рашэння паўплываў ваенна-геаграфічны фактар: Беларусь і Літва – натуральныя вароты ў Польшчу і ва Усходнюю Прусію. Канчатковае афармленне беларускай савецкай дзяржаўнасці, асабліва вызначэнне граніц Беларусі на ўсходзе і захадзе, ставілася ў залежнасць ад развіцця рэвалюцыі ў Польшчы, Літве і Германіі. Апошняй з беларускага плацдарма павінна была аказаць узброеную дапамогу савецкая Заходняя армія [1, с. 453; 2, арк. 1, 3–5]. Старшыня Мінскага ваеннага савета С. Берсан лічыў, што задача яго ваеннага савета "канчаецца ў Баранавічах і Маладзечне". "На Віленскім напрамку павінен быў дзейнічаць Віленскі Савет з літоўцаў. На Брэсцкім з палякаў. Гэта вынікае з пункту гледжання ЦК партыі ў пытанні аб Літве і Польшчы, выкладзенай тут Бухарыным", – даводзіў ён 13 снежня 1918 года Рэўваенсавету Заходняй арміі [2, арк. 1].

Характарызуючы становішча ў Беларусі ў пачатку 1919 года, кіраўнікі Рады БНР зазначалі: "Край зусім неарганізаваны. Мясцовыя сілы, якія прыймалі дзейсны ўдзел у дзяржаўным будаўніцтве, вымушаны пакінуць родны край..." [3, с. 326]. Савецкія вайскова-цывільныя ўлады не знаходзілі на пакінутай нямецкімі акупантамі тэрыторыі Беларусі ні слядоў дзяржаўнага будаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі, ні мясцовых беларускіх адміністратараў, у той час як земска-гарадскія самакіраванні і органы рэвалюцыйна-дэмакратычнай улады ў краі заяўлялі аб сваёй лаяльнасці ў дачыненні да савецкага ўрада і не ўзнімалі пытанняў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі. У прыватнасці, Мінскі савет яшчэ 7 снежня 1918 года патрабаваў "найхутчэйшага ўваходу Беларусі ў Савецкую Федэрацыю на асновах цеснага саюзу і адзінства" [1, с. 199].

Аб'ектыўна гэта падмацоўвала памкненне смаленскіх "абласнікоў" заканадаўча праз УЦВК замацаваць самачынную аўтаномію Заходняй вобласці, яе новае імя (Заходняя Камуна) і граніцы (Смаленская, Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гродзенская, Віленская і Ковенская губерні), зафіксаваныя ў пастанове Народнага камісарыята ўнутраных спраў РСФСР ад 31 кастрычніка 1918 года. Старшыня Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Заходняй вобласці (Аблвыканкамзах) А. Мяснікоў і яго паплечнікі не сумняваліся ў сваёй перамозе, таму загадзя распрацавалі праект Канстытуцыі Заходняй Камуны і арганізацыі апарату ўлады [4, с. 221–222].

Пытанне пра лёс Заходняй і іншых абласцей разглядалася ў Адміністрацыйнай камісіі УЦВК у канцы лістапада – пачатку снежня 1918 года. Камісія пагадзілася з прапановай Я. Свярдлова захаваць Заходнюю вобласць у складзе губерняў Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і "той часткі Віленскай, што зараз належыць Расіі", з цэнтрам у Мінску, асобна зазначыўшы: Смаленск застанецца ў Заходняй вобласці "толькі ў выпадку яго жадання" [5, с. 72]. У цэлым праект пастановы аб абласных аб'яднаннях задаволіў Аблвыканкамзах і быў апублікаваны ў абласным друкаваным органе газеце "Звезда" [6]. Але ўнесці адпаведныя карэктывы ў праект абласной канстытуцыі ў Смаленску не паспелі. 23 снежня 1918 года на падставе даклада Я. Свярдлова і рэкамендацый Адміністрацыйнай камісіі сесія УЦВК прыняла пастанову "Аб абласных аб'яднаннях". Згодна з ёй, да Заходняй вобласці адышлі губерні Смаленская, Магілёўская, Віцебская, Мінская і Гродзенская [7, с. 90].

На першае месца ў дзейнасці Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР (Белнацкам) і беларускіх секцый РКП(б) у новых умовах выйшла задача згуртавання ўсіх працоўных – жыхароў і ўраджэнцаў краю без адрознення нацыянальнасці, для сумеснай барацьбы за вызваленне Беларусі і за яе ўз'яднанне з РСФСР [8]. 13 лістапада 1918 года калегія Наркамнаца пастанавіла накіраваць у акупіраваныя раёны кіруючых работнікаў нацыянальных камісарыятаў, паколькі, "у сувязі з абвастрэннем рэвалюцыйнага крызісу ў акупіраваных абласцях, цэнтр цяжару савецкай работы павінен быць перасунуты з Масквы ў гэтыя вобласці" [9, с. 213].

У Беларусі выканаць гэтае рашэнне было надзвычай цяжка. Аблвыканкамзах і Паўночна-Заходні абкам РКП(б) працягвалі сваю "вайну з беларушчынай", прычым у пачатку снежня 1918 года яна дасягнула апагею. Тады абласная нарада прадстаўнікоў павятовых і губернскіх выканкамаў і парткамаў прыняла беспрэцэдэнтны зварот да цэнтральных органаў РСФСР наконт безумоўнага скасавання ўсялякага роду беларускіх арганізацый [10, с. 50]. Тым не менш Белнацкам і белсекцыі РКП(б) (найперш Маскоўская) наладжвалі кантакты з краем. У вызваленым Мінску пры партыйным клубе "ІІІ Інтэрнацыянал" таксама ўзнікла белсекцыя РКП(б). Мінскі губернскі ВРК станоўча ўспрыняў гэтую падзею і 18 снежня 1918 года даручыў беларускім камуністам выставіць адказнага таварыша для сувязі з Віленскім саветам [11, арк. 10 адв.]. 21 снежня 1918 года ў Вільню з мандатам Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) для арганізацыі савецкай улады выехаў член Мінскай белсекцыі РКП(б) У. Раздзялоўскі [2, арк. 7, 14]. Але Белнацкам і белсекцыі ў Расіі, не атрымліваючы падрабязнай і дакладнай інфармацыі з Беларусі, рабілі няправільныя высновы аб грамадска-палітычнай абстаноўцы ў краі. Так, Петраградская белсекцыя РКП(б) лічыла: "Адсутнасць на Беларусі палітычных сіл (г. зн. белсекцый РКП(б). – С.Т.) ставіць там савецкую ўладу ў даволі няпэўнае становішча. Назіраецца поўная адсутнасць рэвалюцыйнай бадзёрасці і імпэту для вялікага подзвігу барацьбы з заклятым ворагам пралетарыяту – прыгнятальнікам і катам, эксплуататарам-капіталістам" [12, с. 383].

Высновы, падобныя да гэтай, рабіліся галоўным чынам на той падставе, што працоўныя і камуністы краю не выступалі ў падтрымку ідэі ўтварэння беларускай савецкай дзяржавы – ідэі, якую белсекцыі і Белнацкам узялі на ўзбраенне ў першыя ж дні Заходняга паходу Чырвонай арміі. Зм. Жылуновіч у артыкуле "Як жа з Беларуссю?", змешчаным у "Дзянніцы", прама абвінаваціў Наркамнац РСФСР і асабіста наркама І. Сталіна ў абыякавым стаўленні да Беларусі і патрабаваў неадкладна распачаць распрацоўку плана яе нацыянальна-дзяржаўнай будовы [13]. 27 лістапада 1918 года камітэт Маскоўскай белсекцыі РКП(б), улічваючы настроі беларусаў-бежанцаў у РСФСР, выказаўся за абвяшчэнне беларускай савецкай дзяржавы. Наркам па справах нацыянальнасцей І. Сталін, які прыняў дэлегацыю секцыі, падтрымаў ідэю склікаць з'езд беларускіх секцый, але не сказаў нічога канкрэтнага наконт планаў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі.

Наркам РСФСР па справах нацыянальнасцей І. Сталін і старшыня Савета народных камісараў РСФСР У. Ленін. 1919 год
Наркам РСФСР па справах нацыянальнасцей І. Сталін і старшыня Савета народных камісараў РСФСР У. Ленін. 1919 год

Канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б) прайшла 21–23 снежня 1918 года ў Маскве. Падчас яе работы высветліліся такія абставіны. Па-першае, секцыянеры, як прызнаваў Зм. Жылуновіч, "нягледзячы на інфармацыю прыехаўшых з Менску таварышоў, слаба ведалі сапраўднае становішча на Беларусі" [14, с. 344]. Па-другое, шмат удзельнікаў канферэнцыі, былых грамадаўцаў, як і раней, першачарговым лічылі нацыянальнае пытанне, а адсутнасць масавай падтрымкі ідэі Беларускай Савецкай Рэспублікі ў краі расцэньвалі як прыкмету непапулярнасці сацыялістычных ідэй наогул і слабасці пазіцый бальшавікоў.

Выстаўляючы лозунг "Праз нацыяналізм да сацыялізму", яны даказвалі неабходнасць вядзення спачатку нацыянальнай, а потым ужо сацыяльнай барацьбы і аб'яднання ўсіх нацыянальных сіл краю пад кіраўніцтвам беларускіх камуністаў. Гэта пазіцыя, што вынікала з нязжытай нацыянал-народніцкай ідэалогіі і дрэннага ведання становішча ў Беларусі, была раскрытыкавана іншымі дэлегатамі. Яны адмаўлялі любыя кааліцыі з "нацыянальнымі кулакамі і нацыянальнай буржуазіяй" і выступалі за аб'яднанне ўсіх камуністычных сіл Беларусі [15, с. 176]. Але абедзве групы дэлегатаў канферэнцыі белсекцый прыйшлі да высновы, што абставіны ўнутрыпалітычнага і знешнепалітычнага парадку "ўладна вымагаюць стварэння, у шчыльнейшым кантакце з вялікаю Расійскаю Сацыялістычнаю Федэратыўнаю Рэспублікаю, моцнага Беларускага рабоча-сялянскага ўрада, выяўніка волі беларускае беднаты" [14, с. 346]. Канферэнцыя абрала Цэнтральнае бюро белсекцый РКП(б) пад старшынствам Зм. Жылуновіча і даручыла яму склікаць пасля абласной партканферэнцыі Усебеларускі з'езд камуністычных арганізацый у Мінску.

Зусім нечакана як для абласных структур, так і для цэнтральнай улады думка пра неабходнасць хутчэйшага нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі прагучала і ў Мінску. Орган Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) газета "Звезда" горача вітала, як гаварылася ў нумары, "заходнеабласны працоўны народ" з вызваленнем Мінска: "Наша вобласць зноў становіцца на цвёрдыя ногі, у нас зноў пачнецца цяга да Мінска, як самага культурнага, вялікага і багатага сваімі традыцыямі цэнтра" [16]. Мінскі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт узяў вышэйшую ўладу ў Мінскай губерні, абвясціў урад БНР звергнутым і распушчаным. Усе члены Беларускай Рады падлягалі арышту і перадачы ў рукі Мінгубрэўкама [17, с. 429]. Разам з тым, спрабуючы прыцягнуць да супрацоўніцтва беларускую інтэлігенцыю, Мінгубрэўкам не падвяргаў рэпрэсіям тых былых радаўцаў, якія засталіся ў Мінску.

З вызваленнем Мінска пачалася новая фаза Заходняга паходу. Раёны на захад ад горада, на якія прэтэндавалі Літоўская дзяржава і Польская Рэспубліка, не зведалі, паводле выразу В. Кнорына, "ста дзён Саветаў" у лістападзе 1917 – лютым 1918 года. Старшыня Мінскага ваеннага савета С. Берсан, у прыватнасці, лічыў, што паколькі Навагрудскі і Ашмянскі паветы савецкай улады ніколі не ведалі, то размова можа ісці не аб аднаўленні, а аб яе ўсталяванні, і карысна было б даручыць гэта Віленскаму ваеннаму савету, "у склад якога ўвесці літоўскіх і беларускіх камуністаў", прычым "пытанне аб Віленскім Савеце не датычыцца асоб, а датычыцца палітыкі" [2, арк. 3–4]. Член Рэўваенсавета Заходняй арміі А. Пыжоў 20 снежня 1918 года тэлеграфаваў С. Берсану: "...Ні аб якім падпарадкаванні Віленскага ваенсавета нашым ваенсаветам не можа быць размовы ў палітычных адносінах, паколькі прызнаем права на самавызначэнне" [2, арк. 5]. Усё гэта прымушала Мінгубрэўкам ставіць пытанне аб статусе Мінскай губерні і, шырэй, Беларусі і Літвы ў складзе Савецкай Расіі. 12 снежня 1918 года нарада сялянскіх дэпутатаў Мінскай губерні выказалася за хутчэйшае скліканне ў Мінску з'езда Саветаў Беларусі і Літвы, які вырашыць усе пытанні дзяржаўнай будовы Савецкай Беларусі і Літвы [17, с. 439]. Грунтуючыся на пастанове губернскай сялянскай нарады, 20 снежня 1918 года Мінгубрэўкам, мінаючы Аблвыканкамзах, звярнуўся непасрэдна да старшыні УЦВК Я. Свярдлова з прапановаю стварыць Беларускую і Літоўскую Працоўную Камуну ў федэратыўнай сувязі з РСФСР. На думку старшыні Мінгубрэўкама І. Рэйнгольда, такі крок патрабаваўся найперш "у інтарэсах недапушчэння абдурвання рабочых Антанты», паколькі лідары БНР, якія з'ехалі за мяжу, "будуць выдаваць сябе прадстаўнікамі дэмакратычных мас Беларусі, быццам бы задушаных сілай савецкіх войскаў" [14, с. 60–61].

Камандаванне 1-га Беларускага камуністычнага атрада і супрацоўнікі Петраградскага аддзела Белнацкама ля Публічнай бібліятэкі ў Петраградзе.
1919 год
Камандаванне 1-га Беларускага камуністычнага атрада і супрацоўнікі Петраградскага аддзела Белнацкама ля Публічнай бібліятэкі ў Петраградзе. 1919 год

Такім чынам, абставіны наступальнай рэвалюцыйнай вайны на Захадзе змянення статусу Беларусі не патрабавалі. А фактары ўнутранага парадку – слабасць, нетрываласць і нізкая папулярнасць у народзе Беларускай Рады і Часовага Савета органаў земскага і гарадскога самакіравання Беларускага краю, упартае нежаданне дзяржаў антысавецкай кааліцыі прызнаць хоць адзін з гэтых палітычных цэнтраў за легітымны ўрад Беларусі, існуючы пераважна прарасійскі і прасавецкі настрой у краі, слабасць руху за беларускую савецкую дзяржаўнасць дазвалялі адкласці нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі на няпэўны тэрмін. Але ў трэцяй дэкадзе снежня 1918 года кіраўніцтва Савецкай Расіі прыйшло да высновы, што ў хуткім часе трэба чакаць антысавецкай агрэсіі з боку Польскай дзяржавы. "Беларускі калідор" на вачах ператвараўся ў вароты з Захаду на Усход, і неабходнасць спяшацца з яго закрыццём для сіл "чорнага інтэрнацыяналум, паводле выразу А. Мяснікова, прадвызначыла маланкавую хуткасць, з якою разгарнуўся працэс нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі.

Канчатковае рашэнне ЦК РКП(б) аб стварэнні незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, прынятае ўвечар 23 снежня 1918 года ці на наступны дзень, асобным дакументам не афармлялася. 25 снежня 1918 года Сталін тэлеграфаваў старшыні Аблвыканкамзаха А. Мяснікову пра рашэнне ЦК "па шмат якіх меркаваннях, пра якія зараз гаварыць не даводзіцца, пагадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага савецкага ўрада". "Пытанне гэтае вырашана і абмяркоўваць ужо не прыходзіцца, неабходна правесці толькі некаторыя змены ў канструкцыі Аблвыканкамзаха", – падкрэсліў наркам [12, с. 414–415]. Адначасова з дасылкаю дырэктывы Мяснікову 25 снежня 1918 года Сталін паведаміў адказным работнікам Белнацкама, што "з-за сучасных міжнародных адносін у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі ў сусветным маштабе ў сучасны момант цалкам наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі, як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай" [14, с. 62].

Сустрэча І. Сталіна з А. Мясніковым і М. Калмановічам, на якой размова ішла аб дзяржаўных граніцах і юрыдычных формах абвяшчэння рэспублікі, аб прынцыпах фарміравання і межах кампетэнцыі рэспубліканскага ўрада і партыйнага цэнтра і г. д., адбылася ў другой палове дня 27 снежня 1918 года. Пункт 6 выпрацаваных на сустрэчы ўмоў, які пакідаў правы Цэнтральнага бюро Кампартыі Беларусі і аддзелаў урада рэспублікі такімі ж, як і ў былога абкама партыі і аддзелаў Аблвыканкамзаха, рэзка абмяжоўваў суверэнітэт будучай рэспублікі і павінен быў забяспечыць пераемнасць курсу і застрахаваць РСФСР ад нечаканасцей з боку Савецкай Беларусі незалежна ад асабовага складу яе будучага кіраўніцтва.

У ноч з 27 на 28 снежня 1918 года Сталін праінфармаваў аб выніках перагавораў прадстаўніка СНК РСФСР на Заходнім напрамку – старшыню савецкага ўрада Літвы В. Міцкявічуса-Капсукаса. У прыватнасці, наркам па справах нацыянальнасцей тэлеграфаваў, што Аблвыканкамзаха і Заходняй вобласці "больш не будзе", а пытанні аб Беларусі і размежаванні з Літвою вырашыць абласная партканферэнцыя. Не выключалася, што "абласнікі" ў кіраўніцтве новаабвешчанай рэспублікі будуць у меншасці: "Некаторыя работнікі Аблвыканкамзаха ўвойдуць у склад Беларускага савецкага ўрада, які днямі будзе абвешчаны" [12, с. 418–419].

30 снежня 1918 года дэлегацыя белсекцый (Зм. Жылуновіч, А. Чарвякоў, І. Лагун, П. Клыш, В. Ханін) накіравалася з Масквы на 6-ю абласную партканферэнцыю ў Смаленск, везучы з сабой праект Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і зацверджаны наркамам па справах нацыянальнасцей персанальны спіс членаў гэтага ўрада. Ад імя ЦК РКП(б) і асабіста У. Леніна Сталін прасіў Мяснікова прыняць секцыянераў "як малодшых братоў, можа быць яшчэ нявопытных, але гатовых аддаць сваё жыццё партыйнай, савецкай рабоце", і пракламаваць урад рэспублікі ў Мінску [18, с. 87].

30 снежня 1918 года, калі набраўся кворум – 181 дэлегат, 6-я Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) пачала работу. З дакладам па бягучым моманце выступіў старшыня Аблвыканкамзаха А. Мяснікоў. Ён прапанаваў абвясціць Заходнюю Камуну Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і даў зразумець, што ў падмурку гэтага акта ляжаць найперш знешнепалітычныя прычыны і толькі потым – патрабаванні белсекцый РКП(б) і Мінгубрэўкама [19, с. 60]. Дэлегаты абласной партканферэнцыі ўхвалілі даклад Мяснікова і пастанавілі лічыць гэту канферэнцыю 1-м з'ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. 1-ы з'езд КП(б)Б абвясціў незалежную Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі ў складзе Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў на чале з рабоча-сялянскім урадам у Мінску і вызначыў прыкладныя дзяржаўныя граніцы рэспублікі і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльную будову – 7 раёнаў і 54 падраёны [20, с. 114–115].

Шмат хто з дэлегатаў з'езда палічылі сябе падманутымі і абражанымі. Бо яны аддана змагаліся з германскімі акупантамі і іх памагатымі пад сцягам аднаўлення савецкай улады і ўз'яднання Беларусі з РСФСР. Але прапановы свайго лідара з'езд прыняў без пратэстаў. Вострыя спрэчкі пачаліся 31 снежня 1918 года пасля прыезду ў Смаленск дэлегацыі белсекцый РКП(б). Негатыўная спадчына шматмесячнай вайны "абласнікоў" і нацыянал-камуністаў высунула на першы план рознагалоссі прынцыповага характару. Нягледзячы на агульныя падыходы да ваеннага будаўніцтва, аграрных пераўтварэнняў і іншых, супрацоўніцтва беларускай групы з былым смаленскім цэнтрам не атрымалася.

Цэнтральнае бюро КП(б)Б адмовілася проста зацвердзіць атрыманы з Масквы спіс урада. Такім чынам яно імкнулася і ў новаабвешчанай рэспубліцы звесці да мінімуму ўплыў апанентаў – былых белнацкамаўцаў і секцыянераў. У склад Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі ўвайшлі 10 абласнікоў і 7 секцыянераў; дзве пазней створаныя калегіі на правах камісарыятаў таксама ўзначалілі "абласнікі". Старшынёй урада стаў Зм. Жылуновіч, але на справе першай асобай рэспублікі быў яе ваенны камісар А. Мяснікоў – праз яго, як старшыню ЦБ КП(б)Б і прадстаўніка ЦК РКП(б) у Беларусі, перадаваліся партыйныя дырэктывы ўраду. Менавіта такую форму набылі абяцаныя Сталіным "некаторыя змены ў канструкцыі Аблвыканкамзаха".

З-за зацяжных рознагалоссяў пры фарміраванні ўрада Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб абвяшчэнні ССРБ і арганізацыі яе Часовага ўрада быў апублікаваны толькі ў ноч на 2 студзеня 1919 года. Першы канстытуцыйны акт рэспублікі ўрачыста пракламаваў вызваленне працоўнага народа Беларусі ад векавой кабалы і ўтварэнне поўнасцю суверэннай Рэспублікі Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі [12, с. 431–435].

Савецкая Беларусь пачынала жыць як дзяржава з усімі дзяржаўнымі атрыбутамі – тэрыторыяй, насельніцтвам, сістэмай органаў публічнай улады, заканадаўствам, фінансавай сістэмай і інш. Патрабаваўся час, каб "тутэйшыя" – камуністы і некамуністы, усвядомілі сябе народам самастойнай Беларусі. Але не паспела яшчэ насельніцтва Беларусі адчуць, што жыве ў незалежнай савецкай дзяржаве, як 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) вярнуўся да праекта месячнай даўніны: Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні вярнуць у склад РСФСР, пакінуўшы ў складзе ССРБ Мінскую і Гродзенскую губерні; ССРБ, разам з савецкімі рэспублікамі Прыбалтыкі, павінна неадкладна пачаць перагаворы аб федэратыўным аб'яднанні з РСФСР.

На прыняцце такога рашэння ЦК, відавочна, паўплывалі паражэнне спартакаўцаў у Германіі, прыход да ўлады ў Варшаве варожага ў дачыненні да Расіі ўрада І. Падарэўскага, няўдачы савецкіх войскаў на Заходнім напрамку, разгортванне вялікай інтэрвенцыі Антанты ў Прыбалтыцы і Заходняй Беларусі. У канцы студзеня бальшавіцкі ЦК ізноў скарэкціраваў сваё рашэнне: пазбаўленая ўсходніх тэрыторый ССРБ павінна была аб'яднацца з Савецкай Рэспублікай Літвы ў новую дзяржаву – ССР Літвы і Беларусі (ССР Літбел). Аднак у пытанні аб граніцах Беларусі Масква нечакана сустрэла ўпартае супраціўленне абедзвюх груп у кіраўніцтве ССР. І гэта яскрава сведчыла аб тым, што ў Савецкай Беларусі – рэспубліцы "чырвонага буфера", з'явілася, нарэшце, уласная нацыянальная дзяржаўная эліта.

Унутраныя перадумовы для абвяшчэння незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі ў канцы 1918 года ў краі адсутнічалі. Не спрыялі іх складванню і абставіны існавання савецкай улады, і само жыццё беларускага народа ва ўмовах Брэст-Літоўскай сістэмы. Папулярная ў асяроддзі беларусаў-бежанцаў у Расіі і беларускай народнай інтэлігенцыі ідэя аўтаномнай Савецкай Беларусі ў складзе РСФСР, што прапагандавалася Белнацкамам, па шэрагу прычын была чужой асноўнай масе насельніцтва краю. Абласное партыйнае і савецкае кіраўніцтва стаяла, па сутнасці, на пазіцыях заходнерусізму ў рэвалюцыйнай афарбоўцы. Максімум, на што гатовы былі пайсці мясцовыя бальшавікі, – гэта выступіць з прапановай стварэння Беларускай і Літоўскай Працоўнай Камуны ў складзе РСФСР. Але прычыны знешнепалітычнага парадку, а менавіта развіццё падзей у Польшчы ў непажаданым для РСФСР напрамку і адкрытая варожасць падтрыманага Антантай буржуазнага ўрада Польшчы ў дачыненні да РСФСР, прадвызначылі як імклівае стварэнне незалежнай буфернай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (шляхам рэарганізацыі Заходняй вобласці – Заходняй Камуны РСФСР), так і імкненне Масквы трымаць апошнюю пад шчыльным ідэолага-палітычным кантролем.

Далейшы рост напружанасці на польскім напрамку і прагматызм кiраўніцтва РСФСР, для якога існаванне Беларускай Рэспублікі мела сэнс толькі з-за таго, што яна аддзяляе расійскія тэрыторыі ад Польшчы, у далейшым прадвызначылі спачатку скарачэнне тэрыторыі ССРБ удвая за кошт усходніх губерняў, а потым яе зліццё з Савецкай Рэспублікай Літвы ў новую буферную дзяржаву – ССР Літвы і Беларусі. Пры ажыццяўленні гэтага рашэння Масква сустрэла ўпартае супраціўленне маладой беларускай савецкай дзяржаўнай эліты. Рэспубліка "чырвонага буфера" пачынала жыць уласным нацыянальна-дзяржаўным жыццём.

Сяргей Траццяк,

кандыдат гістарычных навук

Пра аўтара

Траццяк Сяргей Аляксандравіч.

Нарадзіўся ў 1974 годзе ў г. Мінску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1996), аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі (1999).

У 1996–1999 гадах – у рэдакцыі часопіса Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь "Армія" (карэспандэнт, мастак). З 1999 года – малодшы навуковы, з 2007 – навуковы, з 2010 года – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У 2011–2013 гадах – загадчык аддзела навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь, з 2014 года – загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Кандыдат гістарычных навук (2005).

Аўтар больш як 80 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку дзвюх манаграфій.

Сфера навуковых інтарэсаў: палітычная, сацыяльная, эканамічная, ваенная і дыпламатычная гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя, сусветная гісторыя, філасофія гісторыі.

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. Кастрычнік на Беларусі: зборнік артыкулаў і дакументаў: матэрыялы да гісторыі Кастрычнікавай рэвалюцыі на Беларусі / Камісія ЦВК па адзначэнні 10-годдзя Кастрычнікавай рэвалюцыі і Гістпарту ЦК КП(б)Б; [складальнік] С. Агурскі. – Вып. І. – Мінск, 1927. – 485 с.

2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). – Ф. 5. Воп. 1. Спр. 9.

3. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад. С. Шупа]. – Т.1: у 2 кн. – Кн.1. – Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага: БІНіМ – ТБП, 1998. – 850 с.

4. Маргунский, С.П. Интернациональное и национальное в государственном строительстве Белоруссии, 1917–1922 гг. / С.П. Маргунский, Л.И. Кукреш; АН БССР, Ин-т философии и права. – Минск: Наука и техника, 1978. – 224 с.

5. Канчер, Е. Белорусский вопрос: сб. статей / Е. Канчер. – Петроград, 1919. – 132 с.

6. Звезда. – 1918. – 15 декабря.

7. Свердлов, Я.М. Избранные произведения: в 3 т. / Я.М. Свердлов. – Т. 3. – М.: Госполитиздат, 1960. – 274 с.

8. Скалабан, В.В. Белорусский национальный комиссариат (январь 1918 – март 1919 гг.): дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / В.В. Скалабан; АН БССР, Ин-т истории. – Минск, 1987. – 200 с.

9. Бугаев, Е. Возникновение большевистских организаций и образование Компартии Белоруссии / Е. Бугаев. – М.: Госполитиздат, 1959. – 270 с.

10. Круталевич, В.А. История Беларуси: становление национальной державности (1917–1922 гг.) / В.А. Круталевич; НАН Беларуси. – Минск: Право и экономика, 1999. – 385 с.

11. НАРБ. – Ф. 5. Воп. 1. Спр. 3.

12. Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918–1920 гг.: сб. документов и материалов: в 2 т. / Ин-т истории партии при ЦК КПБ – филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС

[и др.]. – Т. 1: Февраль 1918 г. – февраль 1919 г. – Минск: Беларусь, 1968. – 602 с.

13. Дзянніца. – 1918. – 19 лістапада.

14. Страницы истории Компартии Белоруссии: суждения, аргументы, факты / Под ред. Р.П. Платонова; Ин-т истории партии при ЦК КПБ – филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. – Минск: Университетское, 1990. – 446 с.

15. Игнатенко, И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии / И.М. Игнатенко; АН Белоруссии, Ин-т истории. – Минск: Наука и техника, 1992. – 254 с.

16. Звезда. – 1918. – 11 декабря.

17. Документы и материалы по истории Белоруссии / Ин-т истории АН БССР, Архивное управление БССР. – Т. 4: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР (1917–1919) / Ред. коллегия: А.И. Азаров [и др.]. – Минск: Изд-во АН БССР, 1954. – 515 с.

18. По воле народа: Из истории образования БССР и создания КП Белоруссии: документы и материалы / Ин-т истории партии при ЦК КПБ – филиал Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС; [Сост. М.Ф. Шумейко и др.]. – Минск: Беларусь, 1988. – 254.

19. Мясников (Мясникян), А.Ф. Избранные произведения / А.Ф. Мясников (Мясникян); Институт марксизма-ленинизма при ЦК КПСС, Ин-ты истории партии при ЦК КП Азербайджана, Армении, Белоруссии и Грузии. – М.: Политиздат, 1985. – 263 с.

20. Образование СССР: сборник документов: 1917–1924 гг. / Под ред. [и с предисл.] Э.Б. Генкиной; АН СССР, Ин-т истории. – М.: Изд-во АН СССР, 1949. – 472 с.

"Беларуская думка"

Топ-новости
Свежие новости Беларуси