ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 17 июля 2024
Минск +28°C
Все новости
Все новости
Общество
28 июня 2024, 22:04

"Ці не цуд гэта?" Лепшы педыятр Беларусі Ігар Лазарчык пра працу і не толькі

Сапраўдны прафесіянал і патрыёт - паняцці роднасныя і ўзаемазвязаныя, лічыць найлепшы ўрач-педыятр Беларусі. Заўсёды імпануюць натуры моцныя і духоўна цэласныя, захопленыя, шчырыя і адкрытыя. Сустрэць такога чалавека на сваім журналісцкім шляху - асаблівая прафесійная ўдача. Гэтым разам яна напаткала мяне ў аграгарадку Лясны пад Мінскам, дзе месціцца Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца.

- Ох, зараз я разумею, які цяжкі хлеб у артыстаў і мадэлей, - жартуе намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ігар Лазарчык. Але цярпліва, з разуменнем рэагуе на просьбы нашага фотакарэспандэнта. У кожнага свая праца, і людзі, якія стараюцца зрабіць яе як мага найлепш, відавочна, Ігару Віктаравічу вельмі даспадобы.

Ён і сам такі. Не лічыць, што, як кажуць, бога за бараду ўхапіў і можна спачыць на лаўрах. Хоць і выдатнік аховы здароўя Беларусі, і медалём "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны, і кандыдат медыцынскіх навук, а па выніках 2023 года стаў пераможцам рэспубліканскага прафесійнага конкурсу ў намінацыі "Урач-педыятр". Характар і прафесія вымагаюць не таптацца на месцы, а развівацца і ўдасканальвацца.

Цікава паслухаць Ігара Віктаравіча, як ён расказвае пра сябе і справу, якой прысвяціў усё жыццё. Гаворым мы па яго ж прапанове па-беларуску, і мова ў Лазарчыка на зайздрасць прыгожая, чысцюткая, смачная. Мо бацькі настаўнікі былі? Высветлілася, што не. Нарадзіўся ён у Любярэцкім раёне Маскоўскай вобласці. Там за савецкім часам у маленькай вёсачцы Краскова працаваў Інстытут бульбаводства СССР.
З галоўным урачом Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрыем Зайцавым (злева) на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Рэспублікі 12 чэрвеня 2024 года

- І мама мая Данута Пятроўна - разумніца, вучоны-аграрый - пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута ў Гродне вырашыла: паеду я, простая дзяўчына са звычайнай вёскі ў Дзятлаўскім раёне, аж у Маскву, - расказвае сямейную гісторыю Ігар Лазарчык. - А за ёй і мой бацька Віктар Аляксеевіч, яны пазнаёміліся падчас практыкі ў Шчучынскім раёне. На той час ён ужо адслужыў у арміі і скончыў Ваўкавыскі ветэрынарны тэхнікум. Паступіў вучыцца ў Маскоўскі інстытут мясной і малочнай прамысловасці СССР.

Удалечыні ад Радзімы Лазарчыкі пражылі каля сямі гадоў. У 1972-м бацьку запрасілі на працу ў Міністэрства мясной і малочнай прамысловасці БССР, і сям’я вярнулася ў родную Беларусь.

Выпадкова ці не абраў медыцыну? Рашэнне паступаць пасля школы, якую Ігар Лазарчык скончыў толькі з адной чацвёркай - па рускай мове, у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут было самастойным і цвёрдым. Што канкрэтна падштурхнула да гэтага кроку, тады ён не надта задумваўся. Бацькі былі задаволены, меўся вучыцца ў прэстыжным інстытуце - што яшчэ трэба юнаку з 1980-х?

Гэта пазней прыйдзе цалкам асэнсаванае разуменне, што выбар медыцыны быў невыпадковы. Як кажа сам Лазарчык, недзе ў патаемных куточках душы паўплываў на яго дзед Аляксей Іосіфавіч - звычайны селянін з Карэліцкага раёна. Ёсць там на мяжы з Навагрудскім раёнам знакамітая вёсачка Варонча. Тая самая, пра якую некалі пісаў Уладзімір Караткевіч у нарысе "Зямля пад белымі крыламі": Варонча - музей пад адкрытым небам. Але дзядуля жыў не ў самой вёсцы, а недалёка на хутары. Ён вярнуўся з фронту пакалечаны, без правай нагі.
1984 год. У студэнцкай агітбрыгадзе

- Уяўляю, як балюча і крыўдна было маладому хлопцу, што атрымаў цяжкае раненне за дзесяць дзён да канца вайны. Пад Кёнігсбергам гэта было, - уздыхае Ігар Віктаравіч. - Я шмат з ім, з іншымі франтавікамі размаўляў. Ніхто з іх не любіў гаварыць пра вайну. Але неяк прычапіўся да дзеда: "Ну раскажы, як ты, цяжка паранены, здолеў выжыць у тым пекле?" І ён распавёў гэту гісторыю. Што здолеў сабраць у кулак усю сваю волю і моц, спачатку сам сабе аказаў медыцынскую дапамогу, потым дзяўчына-санітарачка падаспела, дапамагла выбрацца з-пад агню. Далей франтавая шпітальная палатка, дзе за справу ўзяўся хірург. Без наркозу - напаілі, звязалі і аднялі нагу. Памятаю, дзедаў расказ тады вельмі ўзрушыў мяне. Зразумеў, што існуюць на свеце людзі, лекары, якія насамрэч ратуюць людзей. І ў медыцынскі хутчэй за ўсё пайшоў дзеля памяці дзеда, якім я вельмі ганарыўся.

Але чаму выбраў педыятрычны факультэт? Марыў стаць менавіта дзіцячым доктарам? Якраз не, рашэнне было даволі спантанным. Ведаў адно: дзеці растуць і развіваюцца, штораз гэта розныя эмоцыі і павінна быць цікава.

- У жыцці нярэдка прымаеш, як падаецца, адвольныя рашэнні, але праз нейкі час так ужо не думаеш, - разважае Ігар Віктаравіч. - І я на чацвёртым-пятым курсах, дзе вывучаюць практычныя дысцыпліны, упэўніўся: правільна зрабіў, што выбраў педыятрычны факультэт. Была цяга і цікавасць, вучыўся з вялікай ахвотаю.

Яшчэ ва ўніверсітэце пайшоў працаваць на хуткую. Вельмі ганарыцца тым, што першы запіс у яго працоўнай кніжцы - фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.
1985 год. Першы маленькі пацыент

Як аднаму з найлепшых студэнтаў яму свяціла добрае размеркаванне. А Лазарчык заявіў здзіўленай камісіі, што паедзе працаваць толькі "на раён", і папрасіў яго туды накіраваць. Накіравалі - ажно ў Міёры. Нават дзе знаходзіцца райцэнтр, новаспечаны ўрач-інтэрн не ведаў.

Выручыла Беларуская Савецкая Энцыклапедыя з хатняй бібліятэкі: прачытаў палову старонкі пра Міёры і рашуча сабраўся ў дарогу.

- Зноў "чаму"? Жылі мы ў Мінску, але заўсёды цягнула ў вёску, - усміхаецца суразмоўца. - Гэта, мабыць, ад дзеда па бацькоўскай і ад бабулі па матчынай лініі Антаніны Міхайлаўны Здановіч з Дзятлаўскага раёна, у якіх я часта гасцяваў, перадалося.

"Як балюча і крыўдна было маладому хлопцу, што атрымаў цяжкае раненне за дзесяць дзён да канца вайны".

Маладому ўчастковаму педыятру падабалася ў невялікім гарадку. У раённай бальніцы не было высокатэхналагічнага абсталявання і прыбораў, якія медыцынскія ўстановы маюць сёння. Але працавалі там сапраўдныя прафесіяналы, у якіх пашчасціла навучыцца многаму. Гэта была неацэнная прафесійная школа, лічыць Ігар Лазарчык.

У радзільным аддзяленні не хапала спецыялістаў, і галоўны ўрач папрасіў падставіць плячо. Спатрэбіліся кнігі, што захапіў з сабой: двух тыдняў неанаталогіі ў інстытуце яўна бракавала.

Неяк жнівеньскай ноччу выклікалі ў аддзяленне. Сітуацыя была складаная, немаўляці спатрэбілася сардэчна-лёгачная рэанімацыя. На шчасце, усё прайшло паспяхова.

- Я дагэтуль помню да драбніц тую ноч, - гаворыць Ігар Віктаравіч. - Дзіця нарадзілася пад раніцу, калі на міёрскай зямлі пачынаўся чароўны і прыгожы світанак. Першыя сонечныя промні ўспыхнулі над шатамі дрэў, праслізнулі па возеры, зайгралі ў адвечных вітражах і вежах касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта было як цуд, як ода жыццю…

Ідуць справы на лад у трохгадовага Мірона Наваграна з аграгарадка Ждановічы Мінскага раёна

Малады ўрач, уражаны і шчаслівы, усе свае пачуцці даверыў тады паперы - напісаў свой першы нарыс "Міёрскі світанак". Летась у лютым яго надрукавала мясцовая раёнка. Чаму пісаў у стол, Ігар Віктаравіч сам не ведае. Можа, пасаромеўся, што не з рукі хоць і маладому, але паважанаму доктару займацца "глупствам". А найхутчэй - усё ж такі не творчасць была тады ў яго думках, а праца, прафесійнае станаўленне.

Чытайце таксама:



"Нюанс в чем?" Ученый Владимир Азаренко о том, что происходит в белорусской агронауке

Для каждого она открывается по-своему. Что изучают в Антарктиде белорусские ученые?

Тры гады ў Міёрах праляцелі як адзін, і ён вярнуўся дадому. Хацеў пайсці ў Мінскую абласную дзіцячую бальніцу, бо яшчэ ў студэнцтве думаў пра гэту медыцынскую ўстанову як пра жаданае месца працы. Тады яна месцілася на Падлеснай, якая пазней стала вуліцай Петруся Броўкі. Аднак не атрымалася: адсутнічала вакансія. Уладкаваўся ў 4-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу, у аддзяленне дзіцячай кардыярэўматалогіі. Дыягностыка і лячэнне захворванняў сэрца і суставаў - асабліва складаны напрамак у педыятрыі, бо рэўматалагічныя хваробы ў дзяцей вельмі часта маскіруюцца пад іншыя. Маладога доктара гэта акалічнасць якраз і прывабіла: з прафесійнага пункту гледжання было цікава, нягледзячы на ўсе цяжкасці, шукаць ісціну і вяртаць здароўе маленькім пацыентам.

- Настолькі захапіўся, што мой выкладчык і, як лічу, настаўнік прафесар Ігар Веніямінавіч Васілеўскі прапанаваў сістэматызаваць назапашаны матэрыял у навуковую працу, - расказвае Ігар Віктаравіч. - Так з’явілася кандыдацкая дысертацыя, якую я без адрыву ад працы, як саіскальнік, абараніў у 1997 годзе.
Ігар Лазарчык задаволены: пасля складанага перыяду сямігадовая случанка Саша Мазусава ідзе на папраўку

Дагэтуль навуковая праца Ігара Лазарчыка мае практычнае прымяненне ў сістэме аховы здароўя Беларусі.

"Жылі мы ў Мінску, але заўсёды цягнула ў вёску".

Той паспяховы перыяд жыцця стаў адметным дзякуючы яшчэ адной падзеі. На практыку ў аддзяленне прыйшла шасцікурсніца медыцынскага інстытута. Неўзабаве маладыя людзі зразумелі, што не могуць адно без аднаго. Сям’я, дзеці - з навукай давялося развітацца.

- Мая доктарская дысертацыя ўвасобілася ў сыне і дачцэ, - смяецца Ігар Віктаравіч.

Жонка Людміла Аляксандраўна - урач-педыятр, працуе ў 25-й гарадской дзіцячай паліклініцы. Як і муж, яна намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. Дачка Крысціна - эканаміст. Сын Міхаіл навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, ён спартсмен-плывец, будучы трэнер.

- Адна надзея на ўнукаў, што працягнуць нашу дынастыю медыкаў, - жартуе Лазарчык.
Галоўнае - паставіць правільны дыягназ. З загадчыкам пульманалагічнага аддзялення Ірынай Бязручка

Лічбы і факты

  • Беларусь адносіцца да краін з нізкім узроўнем перынатальнай і дзіцячай смяротнасці, у тым ліку сярод немаўлят.
  • Працуюць 808 амбулаторна-паліклінічных арганізацый, сярод якіх паліклінічныя аддзяленні бальніц і радзільных дамоў, і 165 бальнічных арганізацый.
  • У 2023 годзе больш як 20 тысяч дзяцей да трох гадоў атрымалі дапамогу спецыялістаў цэнтраў ранняга ўмяшальніцтва, іх у краіне 41.
  • У Беларусі дзейнічаюць 58 цэнтраў, дзе ананімна і бясплатна дапамагаюць падлеткам.
  • Прафілактыкай дзіцячага траўматызму займаюцца 47 мадэльных цэнтраў/кабінетаў, дзе бацькоў навучаюць асновам бяспечнай жыццядзейнасці.

"Ці не цуд гэта?"

Пытаю, што найбольш складанае ў яго цяперашняй працы. Усё ж Ігар Віктаравіч не шараговы доктар, а намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, як кажуць, яго правая рука. І, трэба меркаваць, штодзённых клопатаў у яго вышэй галавы. Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца - галоўны спецыялізаваны педыятрычны цэнтр Міншчыны. Тут ажно 23 лячэбна-дыягнастычныя аддзяленні на 615 ложкаў. Другой такой дзіцячай бальніцы ў Беларусі няма: лячэбны працэс ідзе па ўсіх напрамках. Працуе 150 урачоў, 340 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. За год больш як 20 тысяч юных пацыентаў з ускладненымі дыягназамі праходзяць лячэнне, а кансультатыўная паліклініка бальніцы выдае 100 тысяч заключэнняў.

- У нашай вобласці мы на перадавой, - з гонарам заяўляе намеснік галоўнага ўрача. - Даступнасць медыцынскай дапамогі - гэта вялікае дасягненне сучаснай Беларусі. У прыёмным аддзяленні працуюць усе неабходныя спецыялісты. Кругласутачна функцыянуюць лабараторыя, рэнтгенаўскае аддзяленне і кабінеты ўльтрагукавой дыягностыкі. Трэба - прыедзем з дому, такія выпадкі не рэдкасць. А як жа іначай?!
Навукова-практычныя канферэнцыі даюць багаты матэрыял для працы

Рэпутацыя медыцынскай установы добрая не толькі сярод насельніцтва Міншчыны. Сюды імкнуцца дзеля дыягностыкі і лячэння з іншых абласцей, прыязджаюць з-за мяжы.

- Галоўнае - паставіць правільны дыягназ маленькаму пацыенту, - гаворыць Ігар Віктаравіч. - Гэта часам складана, бо малы не заўсёды можа расказаць, што яго непакоіць. Даводзіцца «прабірацца» праз тонкія струны дзіцячай душы, з бацькамі наладжваць кантакт. Тут вельмі важна быць адданым сваёй прафесіі і любіць дзяцей.

Ігар Лазарчык перакананы: яго прафесія асаблівая - творчая. Трэба пастарацца ў дзіцяці выклікаць прыхільнасць да сябе і давер, стаць для яго сябрам.

- Калі знаёмлюся з пацыентам, працягваю яму сваю далонь, магу пагладзіць па галоўцы ці па плечуках. Ці нават цацку ўзяць у рукі і пазабаўляцца з малым, - кажа Ігар Віктаравіч. - Дзеці ўсё бачаць, адчуваюць і разумеюць.

"Гэта было як цуд, як ода жыццю…"

Кожны працоўны дзень традыцыйна пачынаецца з пяціхвілінкі ў галоўнага ўрача. Тут абмяркоўваюць актуальную сітуацыю ў бальніцы, як прайшла ноч і што неабходна зрабіць. Важна ўмець слухаць калег, кажа мой суразмоўца, і ўлавіць тую самую нотку, на якую трэба яму як намесніку па медыцынскай частцы звярнуць увагу.
Са сваім настаўнікам прафесарам Ігарам Васілеўскім

Потым абход. Разам з калегам, намеснікам галоўнага ўрача па хірургіі Сяргеем Мустайкіным, які не проста выдатны спецыяліст, а, можна сказаць, залатыя рукі, Ігар Лазарчык найперш ідзе ў аддзяленне рэанімацыі.

- Цяжкія выпадкі здараюцца, трагічныя часам, - сцішана ўздыхае доктар. - Але ў ніводнага дарослага не бачыў я такой зараджанасці на здароўе, на жыццё, як у дзяцей. Там, у рэанімацыі, і з бацькамі кантактуем. Мы пускаем іх. Бо нават проста ўбачыць сваё дзіця - гэта шчасце. Заўсёды кажу калегам: бацькі нам давяраюць самае дарагое, што ў іх ёсць.

Шчаслівы момант для Лазарчыка - гэта калі дзіця, што знаходзілася ў цяжкім ці нават крытычным стане, выздараўлівае.

- Была складаная сітуацыя, а потым сустракаеш бацькоў з тым самым пацыентам - і дзіця на сваіх ножках бяжыць да цябе, працягвае табе сваю цёпленькую ручку… Ці не цуд гэта? - твар доктара прасвятлеў і на ім з’явілася лагодная ўсмешка.

- Прапускаць усе складаныя сітуацыі праз сваё сэрца неяк нерацыянальна, праўда? Так і да прафесійнага выгарання недалёка.
Студзень 2024 года. З калегамі на навуковай сесіі БДМУ

- Ёсць і такое, безумоўна, - гаворыць Ігар Віктаравіч. - Але без эмпатыі нельга працаваць у медыцыне, дзіцячай тым больш. Суперажыванне - гэта я назіраю амаль ва ўсіх медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у нашай бальніцы. Няма абыякавых дакладна. Часам гэта няпроста даецца. Мужчыны, яны трымаюцца, а жанчыны могуць і слязу пусціць.

"Адна надзея на ўнукаў, што працягнуць нашу дынастыю медыкаў".

Самае складанае - размаўляць з бацькамі, чые дзеці ў цяжкім стане. Якія знайсці словы, каб супакоіць і абнадзеіць? А з бацькамі прыходзяць яшчэ і бабуля, і дзядуля, і сваякі. Урачы абласной дзіцячай бальніцы ставяцца да гэтага з разуменнем.

- Штораз па-новаму, бо мы ўсе розныя і сітуацыі таксама, - Ігар Лазарчык кідае позірк на стол, на якім ляжыць некалькі папяровых папак. - Быццам усё ведаеш пра дзіця, але каторы раз перабіраеш старонкі гісторыі хваробы, аналізуеш вынікі даследаванняў і лячэння. І размовы ідуць найчасцей не ў кабінеце, а ля ложка хворага дзіцяці. Але пакрысе наладжваем так патрэбную нам і дзіцяці сувязь з бацькамі, усталёўваем давер паміж намі.

Безліч штодзённых спраў, якімі займаецца намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, цяжка ўціснуць у рамкі працоўнага дня. Не заўсёды іх можна спланаваць. Часта сітуацыі ўзнікаюць непрадказальна і патрабуць неадкладнага рэагавання. Зрэшты, працаваць ад званка да званка - гэта не пра Лазарчыка. Для яго чалавечай і прафесійнай сутнасці такое проста непрымальна.

- Увесь час задаю сабе пытанне: ці ўсё, што трэба, я і мы разам зрабілі для дзіцяці? - гаворыць Ігар Віктаравіч. - А можа, у нашай краіне яшчэ ёсць якая методыка ці магчымасць дапамагчы яму.
Сын ганарыцца бацькам: у 2022 годзе Віктар Аляксеевіч узнагароджаны нагрудным знакам "За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС"

"Я ж ніколі не бачыў такой Беларусі…"

Не адразу, у сталым ужо ўзросце, ён прыйшоў да веры. Стаў усё больш адчуваць нейкую дапамогу, сілу. Прызнаецца, што і ўрачы кажуць: "Госпадзі, падтрымай нас у дапамозе гэтаму дзіцяці".

- Часам мяне пытаюць, адкуль чэрпаю сілы і натхненне, - усміхаецца Ігар Лазарчык. - Вера і наша Беларусь - вось мае крыніцы. Мы жывём у дзівосным і благаславёным краі, дзе за кожным паваротам можна знайсці тое, пра што захочацца напісаць. Ужо ўсё быццам ведаеш, а нечакана адкрываеш для сябе штосьці новае. І хочацца дакрануцца да гэтай травы ці збажыны, якая зіхаціць і лунае як сцяг, калі едзеш. 
Ці Нёман разліўся - дык спыніцеся на хвілінку і палюбуйцеся цудадзейнай прыгажосцю.
Неяк з сынам выправіліся па навагрудскім ўзвышшы - Варонча, Карэлічы і далей на Навагрудак. Едуць, і Лазарчык-малодшы захапляецца: "Я ж ніколі не бачыў такой Беларусі - з серпанцінамі дарог, уверх-уніз…"

Прызнацца, вельмі ўражвае: вядомы дзіцячы доктар піша краязнаўчыя і публіцыстычныя артыкулы, даследуе гісторыю свайго роду, адкрывае для сябе і нас невядомую Беларусь. А яшчэ вершы - скрозь патрыятычныя, нават каханай жонцы ніводнага пакуль не прысвяціў. Проза - па-беларуску, вершаваныя творы - на рускай мове. Неверагодным цяплом і шчырасцю вызначаюцца яго аповеды пра бабулю, чые ўзорыстыя саматканыя радзюжкі Лазарчыкі як рэліквію захоўваюць дома; пра бацьку, якога як спецыяліста па радыяцыйнай бяспецы ў сельскай гаспадарцы шэсць разоў адкамандзіроўвалі ў 30-кіламетровую чарнобыльскую зону, і толькі нядаўна сын угаварыў яго падзяліцца перажытым.

"Адкуль чэрпаю сілы і натхненне? Вера і Беларусь - вось мае крыніцы".

У хатняй бібліятэцы - кнігі Купалы, Коласа, Крапівы, іншых класікаў. Яны перайшлі ў спадчыну ад цешчы Рэгіны Іосіфаўны Барташэвіч, настаўніцы беларускай мовы. У кніжках паўсюль нешта падкрэслена, на палях шматлікія пазнакі. Лазарчыка гэта захапляе. Ён упэўнены, што кнігі трэба абавязкова чытаць - там цікавей, чым у чорнай дзюры інтэрнэту.
У вандроўках па роднай Беларусі

- Вельмі люблю свята 9 Мая. У гэты дзень абавязкова едзем на могілкі да майго дзеда-франтавіка, - гаворыць Ігар Віктаравіч. - Прыбіраем там. Абавязкова павязваю георгіеўскую стужку і наш сімвал - кветку яблыні з чырвона-зялёнай стужачкай. Заўсёды думаю, што нельга маўчаць пра вайну і герояў. Больш за тое, мне гэта неабходна для працы - гэтым жыву, падпітваюся. І ўвогуле лічу, што чалавек, які любіць сваю краіну, і працуе лепш, у яго добрая самаматывацыя да прафесійнага росту.

Штогод калектыў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, які стаў ужо камандай аднадумцаў і паплечнікаў, папаўняюць маладыя спецыялісты. Ігар Лазарчык гаворыць, што для кіраўніцтва вельмі важна стварыць спрыяльныя ўмовы не толькі для іх прафесійнага, але і для грамадзянскага сталення.

- Да чаго, напрыклад, заклікаем нашых супрацоўнікаў? Едзеце па Беларусі, бачыце невялічкі помнік - спыніцеся. Паглядзіце, што там напісана. А можа, трэба крыху прыбраць, кветачку пакласці, - разважае Ігар Віктаравіч. - Патрыятызм жа не валіцца з неба, а нараджаецца з ведаў нашай гісторыі і асэнсавання таго, што сёння маем, з нашых мар урэшце, якія ў Беларусі абавязкова ажыццяўляюцца. Марылі, каб чалавек у космас паляцеў, - здзейснілася. Мяркуем адкрыць у нашай бальніцы новае аддзяленне рэанімацыі - і гэта адбудзецца, не сумняваюся.

На развітанне дамовіліся, што Ігар Віктаравіч дашле ў "Беларускую думку" свой нарыс пра Нарач знаёмую і незнаёмую, пра падзеі, што адбываліся на нарачанскай зямлі падчас Першай сусветнай вайны. Сёння ён захоплена збірае матэрыял.

Не хочацца развітвацца з чалавекам, чый унутраны свет і прафесіяналізм захапляюць.

Дзмітрый ЗАЙЦАЎ, галоўны ўрач Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы:

- Ігар Віктаравіч працуе ў нас з ліпеня 2005 года. Шчыра кажучы, пераманілі яго з папярэдняга месца працы, таму што ён сапраўды вельмі граматны спецыяліст і адказны чалавек. Гэта мае надзвычай важнае значэнне, асабліва на пасадзе намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ў дзіцячай лячэбнай установе. Праца з маленькімі пацыентамі асаблівая: стан у дзяцей мяняецца вельмі хутка, і рашэнне даводзіцца прымаць неадкладна, тут і цяпер. І так штодня, і не адзін раз на дзень. Уменне засяродзіцца, адказныя адносіны да сваёй працы і тыя любоў і беражлівасць Ігара Лазарчыка да маленькіх пацыентаў выклікаюць захапленне нават у прафесіяналаў. Такія людзі ўвогуле вялікая рэдкасць.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка". Фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ, БЕЛТА, з асабістага архіва Ігара Лазарчыка Мінск - аграгарадок Лясны - Мінск.
Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси