ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Понедельник, 23 декабря 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность -1°C
Все новости
Все новости
Общество
27 августа 2024, 18:15

Пры чым тут фартух? Пяць гісторый, як Івацэвічы рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства

У Івацэвічах, на радзіме Піліпа Пестрака, сустракаюць ХХХІ Дзень беларускага пісьменства. Як на тое ліха, апошні ліпеньскі панядзелак нібы з глузду з’ехаў. Толькі выбраліся з раздражнёнага непагаддзю Мінска на брэсцкую трасу, як цэлыя патокі вады абрынуліся на рэдакцыйны аўтамабіль. Нізкія чорныя хмары імкліва ляцелі насустрач. Шалёны вецер кіраваў як хацеў фантастычнай вадзяной феерыяй, то даючы мізэрную надзею, што прыродная вакханалія вось-вось скончыцца, то чарговай халоднай сцяной дажджу імгненна разбураў марныя спадзяванні. Адно грэла душу: ведаў я цікавую падарожную прыкмету і вельмі спадзяваўся, што яна спраўдзіцца і гэтым разам.

Хто часта ездзіць з Мінска ў Брэст па магістралі М1, даўно заўважыў: да Івацэвічаў адно надвор’е, а далей зусім іншае. Райцэнтр быццам стаіць на нейкай загадкавай метэаралагічнай мяжы - выязджаеш з пахмурнай сталіцы, а тут сонечна. І наадварот - ад Брэста да Івацэвічаў няспынна лье ці мяце, а варта перасячы ўмоўную мяжу, як надвор’е пачынае наладжвацца з кожным кіламетрам.

І сапраўды - пасля Баранавічаў дождж суцішыўся, вецер-агрэсар змяніў гнеў на міласць, а ўжо ў Івацэвічы мы прыкацілі як ні ў чым не бывала. Цуд дый толькі! Хіба адно што вецер ніяк не мог супакоіцца.

Тамограф з чырвонай стужкай

У намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Рэгеса ўпэўненая, імклівая хада - ледзь паспяваем за ім. Раз-пораз Андрэй Пятровіч кідае позірк на гадзіннік. Часу на доўгія размовы няма, бо спраў багата. У дзень, калі мы былі ў Івацэвічах, горад нагадваў вялізную будаўнічую пляцоўку: па дарозе да райвыканкама збіліся з ліку, спрабуючы падлічыць усе "кропкі", на якіх працавалі людзі. Толькі жылых дамоў, дзе рамантуюць фасады, 22.

- Найбольшая ўвага аб’ектам сацыяльнай сферы. Гэта Дом культуры, раённая бібліятэка, дзве школы, спортпляцоўкі, - павітаўшыся з рабочымі ля фантана на цэнтральнай плошчы, расказвае Андрэй Рэгес. - Яшчэ бальніца. Будынак стары - атынкавалі, пафарбавалі. Унутры зрабілі належны рамонт. Словам, наводзім прыгажосць. І галоўнае - у Івацэвіцкай райбальніцы цяпер будзе суперсучасны камп’ютарны тамограф: першага верасня перарэжам чырвоную стужку.

Намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Завадская, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Сяўко

Намеснік старшыні райвыканкама абыходзіць фантан, прыдзірліва аглядае, як ідзе яго аднаўленне. Івацэвіцкай выдатнасці сама меней пяць дзясяткаў гадоў, і да Дня беларускага пісьменства фантан паўстане ў новым абліччы.

- Больш за ўсё радуе, што вулічна-дарожную сетку падцягваем, - гаворыць Андрэй Рэгес. - Ідзе рэканструкцыя дзвюх вуліц, якія з’яўляюцца працягам рэспубліканскіх трас, - Леніна і Клютко, па якой у Івацэвічы трапяць галоўным чынам госці з Брэста і Мінска, з Пінска і… увогуле ўсе палешукі.

"Больш за ўсё радуе, што вулічна-дарожную сетку падцягваем".

Асноўны аб’ём работ, як гаворыць Андрэй Пятровіч, цягнуць мясцовыя будаўнікі і камунальнікі - штодня на аб’ектах працуе пад дзве сотні рабочых. Рэканструкцыяй вуліц займаюцца брэсцкія дарожнікі.

- Адродзіцца горад, - упэўнена заяўляе намеснік старшыні райвыканкама. - Некаторыя праблемы даўным-даўно наспелі, і Дзень беларускага пісьменства даў добры штуршок, каб іх найхутчэй вырашыць. Добраўпарадкуем яшчэ пад’езд да дзіцячага садка "Вясёлка" і тады спакойна зоймемся прыдамавымі тэрыторыямі. Тут больш за ўсё праблем: шмат жылля ў нашым горадзе будавалі яшчэ пры Савецкім Саюзе.

- Жыхары Івацэвічаў падзяляюць ваш аптымізм? - пытаюся.
Намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Андрэй Рэгес

- Упэўнены, што так, - усміхаецца Андрэй Пятровіч. - Усе прадпрыемствы і арганізацыі раёна, асобныя грамадзяне ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні. Нават употай, гледзячы адзін на аднаго, спаборнічаюць, бо кожнаму хочацца як мага лепш зрабіць, прыгожа.

Тут зноў зазваніў нястомны мабільнік.

- Зараз-зараз, еду, - абнадзеіў Рэгес нябачнага суразмоўцу. Паціснуў нам рукі - толькі яго і бачылі.

Вацоўскі і вацоўка

Яшчэ ў дарозе займала думка: цікава, як называюць жыхароў Івацэвічаў?

- Івацэвічане, відаць? - запытальна глядзіць на мяне Аляксандр Фёдаравіч Велікаселец. Я згодна ківаю галавой. - Па-мясцоваму, паміж сабой кажам вацоўскі, гэта мужчына. А жыхарка Івацэвічаў - вацоўка.

Во як цікава, не чуў такога! Але і не верыць Велікасельцу падстаў няма. Ён вядомы краязнаўца, адзіны ў раёне атэставаны экскурсавод. Да таго ж узначальвае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Івацэвіцкага райвыканкама. Словам, ва ўсіх адносінах чалавек аўтарытэтны і дасведчаны.

- У кожнай мясцовасці, горада альбо вёсачкі багатае мінулае, пра якое можна шмат чаго расказаць, - разважае Аляксандр Фёдаравіч. - І ў нас дзе ні капні - усюды гісторыя.

Тут захаваліся нават стаянкі старажытных людзей. Падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі раёна два з лішнім гады стаяў фронт. Уздоўж Агінскага канала яшчэ можна пабачыць тагачасныя вайсковыя ўмацаванні. Частку канала, які з’яўляўся важным звяном воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, рэстаўрыравалі, і турысты могуць увачавідкі палюбавацца воднай артэрыяй. Налета, дарэчы, споўніцца 260 гадоў, як на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага пачалося яе будаўніцтва.
У цэнтры Івацэвічаў

На Агінскім канале размешчаны Целяханы. Некалі тут працавалі фаянсавая мануфактура і шклозавод. Шкло выраблялі з мясцовай сыравіны, яно ў Расійскай імперыі карысталася велізарным попытам. Але ў Першую сусветную вайну ўсё было панішчана і разбіта артылерыяй. Сёння ў гарадскім пасёлку адраджаюць айчынны лыжны брэнд.

- Мемарыяльны комплекс партызанскай славы "Хаваншчына", які з’яўляецца філіялам нашага гісторыка-краязнаўчага музея, вяртае да падзей Вялікай Айчыннай, - працягвае Аляксандр Велікаселец. - Тут, на лясным востраве, акружаным гразкімі балотамі, у гады вайны дыслацыраваліся партызаны, знаходзіліся штаб партызанскага злучэння, абкамы партыі і камсамола, а таксама шпіталь, лясная школа, дзе вучыліся дзеці, рэдакцыя падпольнай газеты "Заря". У апошнюю нядзелю мая ў "Хаваншчыне" ладзіцца гістарычная рэканструкцыя, збіраецца вельмі шмат людзей.

"І ў нас дзе ні капні - усюды гісторыя".

Аляксандр Фёдаравіч згадвае знакаміты палац графаў Пуслоўскіх, унікальны помнік неагатычнай архітэктуры ХІХ стагоддзя, больш вядомы як Косаўскі замак. Паводле яго слоў, летась тут пабывала больш як 100 тысяч турыстаў. Побач з палацавым комплексам знаходзіцца музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі.

- Пра ўсё хочацца расказаць. Ну як толькі пра нешта адно? - усміхаецца Велікаселец. - Шкада, што мы часам мала ведаем сваю гісторыю. Вось ладзілі "Выганашчанскую фартэцыю" - рэканструкцыю падзей Першай сусветнай вайны, каб людзі мелі ўяўленне пра той час. Ну як не ведаць, што твае прадзеды ці ваявалі, ці на пяць-шэсць гадоў выязджалі адсюль - два з лішнім мільёнаў беларускіх бежанцаў у 1915 годзе вымушана пакінулі родны край. Гэта была народная трагедыя: многія загінулі ці не вярнуліся на Радзіму.
Аляксандр Велікаселец - адзіны ў раёне атэставаны экскурсавод

Тое, што на івацэвіцкую зямлю прыйшоў Дзень беларускага пісьменства, Велікаселец лічыць за падарунак.

- Сцены пафарбаваць - не галоўнае, хоць і важна. Але ж найперш штуршок духоўны трэба людзям даць, - гаворыць ён.

У 2019-м Івацэвічам споўнілася 500 год. З гэтай нагоды ў райцэнтры адбылося вялікае і шумнае свята, а на цэнтральнай плошчы з’явілася скульптура - сава з трыма птушанятамі. Нічога проста так, як вядома, не бывае: гэта птушка - сімвал раёна.

У Беларусі сустракаюцца розныя віды соў, івацэвіцкая ж прыгажуня - барадатая няясыць. Яе называюць так за цёмную пляму пад дзюбай, якая нагадвае бараду. Сама меней 30 працэнтаў папуляцыі барадатай няясыці сканцэнтравана ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Выганашчанскае". Ён месціцца на тэрыторыі трох раёнаў, у тым ліку Івацэвіцкага, мае статус арніталагічнай тэрыторыі міжнароднага значэння. Тут сапраўдны рай для арнітолагаў - адных толькі соў восем відаў. Барадатая няясыць вылучаецца: гэта птушка рэдкая і разумная. Харчуецца ў асноўным мышамі. Калі адчувае, што кармавая база для яе сёлета слабая, то не стане адкладваць яйкі. У часовыя гнёзды птушкі селяцца парамі - самка і самец - і жывуць разам усё жыццё, часам да 40 гадоў.

- Барадатая няясыць - вельмі клапатлівая маці: увесь час пільнуе яйкі і птушанят, абараняе ад драпежнікаў. Нават самцу, які прыносіць корм, не давярае. Бярэ ў яго здабычу, разрывае дзюбай і дзеліць паміж "дзецьмі", - расказвае Аляксандр Фёдаравіч. - Вельмі сімвалічна, што побач са скульптурай ЗАГС. Маладыя распісваюцца і падыходзяць сюды. Тут ім жадаюць дзяцей, шмат і здаровых.

Траіх як мінімум, падумаў я, гледзячы на незвычайную архітэктурную форму.
Народны фальклорны калектыў "Каланянка" Амяльнянскага СДК - сапраўдная жамчужына народнай творчасці

"Калі без фартуха, то забірайце..."

Кожная сустрэча ў Івацэвічах - як адкрыццё.

І здзівілі, і парадавалі, і насмяшылі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву "Каланянка". Яго стварылі ў далёкім 1975-м галасістыя жанчыны з вёскі Коланск Надзея Заяленчыц і Ганна Сагановіч. Пакуль у вёсцы працаваў клуб, то ансамбль быў там, а з 2008 года яго прытуліў Амяльнянскі СДК - ад Коланска да Амяльной кіламетры тры. І ўжо амаль паўстагоддзя "Каланянка" адраджае і дорыць гледачам непаўторны свет самабытнай народнай песні, спрадвечных беларускіх традыцый і абрадаў.

- Спяваем песні, каторыя нашы мамы, бабулі зналі, - з характэрнымі асаблівасцямі паляшуцкай гамонкі гаворыць адна з удзельніц калектыву Таццяна Паўлаўна Янковіч. - Хадзілі да старажылаў у вёсцы, яны вучылі нас гэтым песням. Соф’я Якаўлеўна Янковіч ведала шмат іх, старынных мясцовых, што спявалі яшчэ яе маці і бабуля. Вось такой яна навучыла нас…

Таццяна Паўлаўна зацягвае песню, жанкі падхопліваюць і праз нейкае імгненне літаральна патанаеш у дзіўнай гармоніі аўтэнтычнага скарбу.

- Паляшуцкія песні, яны такія - са своеасаблівым говарам, - скончыўшы спяваць, гарэзліва заўважае Таццяна Паўлаўна, прыкмеціўшы мае спробы злавіць не толькі мелодыку, а і сэнс.

- Тут у кожнай вёсцы свая гаворка. Але заўсёды цудоўна разумеем адно аднаго, - усміхаецца Аляксей Паўлавіч Собка.

У калектыве - сапраўдныя энтузіясты народнай песні. Найстарэйшаму ўдзельніку - Івану Іванавічу Прыгодзічу - 78 гадоў. Пра ўзрост жанчын далікатна прамаўчым, амаль усе яны на пенсіі, хоць некаторыя працягваюць працаваць. Настаўнік, вадзіцель, выхавацель дзіцячага садка, медсястра, прадавец, былыя і сённяшнія, - іх аб’яднала і злучыла бясконцая любоў да Радзімы і яе песеннага багацця.

- Хоць і кажуць, што сябе хваліць не варта, але наш калектыў народ любіць, - расказвае кіраўнік і хормайстар "Каланянкі" Надзея Антонаўна Гацуковіч. - Паважаюць, прыходзяць на нашы канцэрты. Камусьці падабаюцца старынныя песні, хтосьці любіць сучасныя - мы на ўсё здатныя! Калі канцэрты ў вёсках даём, то стараемся рознае спяваць, вясёлае таксама. Запас у нас харошы - пакуль сілы ёсць, можам пець.
Самадзейныя артысты найчасцей выступаюць у сваім і суседнім Пінскім раёнах, але часам бываюць і ў іншых мясцінах. Надта ж любяць, калі калектыў запрашаюць на Піншчыну.

- Асабліва падабаецца ў знакамітай вёсцы Клятной. Гэта недалёка ад нас, праз лес дзесяць кіламетраў, - удакладняе нехта з мужчын. - Народ там вясёлы, прыязны, гасцінны.

Згадваюць, як адрадзілі мясцовы вясельны абрад. Справа клопатная, але вартая таго! Спяклі каравай, запрасілі маладых. Тут выкруціліся проста - "у каго сын, у каго дачка".

- На два кані - і паехалі, - усміхаецца Людміла Сцяпанаўна Шаўчук. - З гармонікам, з песнямі. І спявалі "Ехаў бацько па лучыну, а сын ехаў па дывчыну".

- На Дзень беларускага пісьменства таксама на возе будзеце дабірацца?

- Не, далёка надта, 45 кіламетраў, - жанкі аж заходзяцца ад смеху.

- Але прыедзем абавязкова, будзем удзельнічаць у культурнай праграме, - гаворыць Уладзімір Іванавіч Сліж. - Часцей бы такія святы ладзілі. Край і людзі расцвітаюць.

"Часцей бы такія святы ладзілі. Край і людзі расцвітаюць".

Якія ж яны мілыя, гэтыя жанчыны і мужчыны з "Каланянкі"! Марыя Мікалаеўна Агрэніч, напрыклад, "пад настрой" прыпеўкі сачыняе.

- Паспяваць? - пытаецца. І не чакаючы адказу, працягвае: - Што прыйдзе ў галаву, тое і заспяваю: "Жыта ўсё дажалі, і снапочкі павязалі, караваі напяклі, на дажынкі прыняслі".

- Ты пра карэспандэнта яшчэ… - падбухторваюць мужчыны.

Марыя Мікалаеўна не губляецца, і аўтарская прыпеўка з тонкім намёкам ведама на каго куляю вылятае ў свет божы:

Журналісты - людзі чысты,
Адзекалонам моюцца,
Разрашыце, дарагія,
З вамі пазнаёміцца.

- Во што выдумала! - смяецца жанчына ды на ўсякі выпадак паглядвае на мяне, ці не пакрыўдзіўся раптам.
Апроч унікальнага, аўтэнтычнага рэпертуару, які зацікавіць не толькі звычайных слухачоў, а і спецыялістаў па народнай творчасці, у "Каланянкі" вельмі прыгожыя строі.

- Гэта нашы, мясцовыя, - гаворыць Надзея Гацуковіч. - Старыя ткалі і шылі нам касцюмы.

- Раней у нас так жанчыны хадзілі, як мы кажам, на палеткі: на чапец завязвалі на вузлік хустку, каб вецер не сарваў у полі, - дадае Марыя Мікалаеўна Агрэніч.

- Нам вельмі спадабаліся такія галаўныя ўборы, - падхоплівае Алена Аляксандраўна Роік. - Вырашылі, гэта тое, што трэба.

Яшчэ адзін з прыкметных атрыбутаў жаночага ўбрання - фартух. Ён выглядае гарманічна, не кідаецца ў вочы, але прыцягвае да сябе ўвагу.

- Калі жанчына пайшла замуж, яна адразу прыпінае сабе фартуха, - расказвае Марыя Мікалаеўна. - Канешне, не абавязкова з тканага матэрыялу. Як да свята - вышывалі крыжыкам. На будзённы дзень, да печы са звычайнага матэрыялу шылі.

- Калі маладзіца ў дзеўках, то без фартуха значыць? - цікаўлюся.

- Так. Фартух на ёй - занята. А калі не, то, калі ласка, забірайце, - смяецца аўтарка прыпевак. Але, адчуваю, нешта не дагаворвае. Так і ёсць. - Але калі я захачу выйсці замуж, то фартух схаваю.

- Відаць, гэта галоўны жаночы сакрэт вашай вёскі? - зараджаюся я агульнай весялосцю.

- Ага, бывае ж смешнае - падскокамі, - гарэзліва і загадкава адказвае Марыя Мікалаеўна.

Весела будзе на свяце, аднак!

Кнігі, што ляцяць

Не паверыце, але і такія ёсць у Івацэвічах. Дакладней, з’явіліся зусім нядаўна - акурат насупраць галоўнай бібліятэкі раёна, якая носіць імя Піліпа Пестрака, вядомага пісьменніка і ўдзельніка нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, ураджэнца івацэвіцкай зямлі. Самы вядомы яго твор - раман "Сустрэнемся на барыкадах", у ім глыбока адлюстраваны складанасці жыцця і змагання пад польскай уладай у 1921-1939 гадах.

Незвычайны арт-аб’ект як вечны рухавік: кніжныя старонкі з цытатамі выбітных асветнікаў і пісьменнікаў быццам цягнуцца да чалавека, сцвярджаючы несмяротную і непераўзыдзеную каштоўнасць кнігі.

Прыемна было даведацца, што чытаць у Івацэвіцкім раёне любяць. Паводле слоў дырэктара раённай бібліятэчнай сеткі Галіны Міхнюк, часам нават даводзіцца крыху пачакаць, каб атрымаць патрэбную кнігу. Амаль палова фонду (а ў раёне 28 бібліятэк) - беларускамоўная, асабліва шмат на роднай мове дзіцячай літаратуры. У дарослых заўсёды запатрабавана класіка: Колас, Караткевіч, Быкаў, Шамякін, Мележ у пяцёрцы самых папулярных аўтараў.

"Хто чытаў змалку - чытаюць і будуць чытаць".

- Хацелася б, каб да нас прыязджалі пісьменнікі, - гаворыць Галіна Зумадзінаўна. - Спадзяёмся, што Дзень беларускага пісьменства паспрыяе таму, што творцы будуць часцей бываць на івацэвіцкай зямлі.

- Адкрыйце сакрэт: як заахвоціць дзіця да чытання? - пытаюся.

- Калі ў сям’і чытаюць, то і яно таксама будзе. І пачынаць трэба з самага маленькага ўзросту, - раіць Галіна Міхнюк. - Я, напрыклад, не ўяўляю таго, каб у мяне не было пад рукою дзвюх-трох кніг. Хто чытаў змалку - чытаюць і будуць чытаць.
Дырэктар раённай бібліятэчнай сеткі Галіна Міхнюк і паэт-байкапісец Віктар Рэчыц

А хто пісаў… Мясцоваму паэту Віктару Рэчыцу 77 гадоў, у яго дзевяць кніг (яны, вядома ж, займаюць належнае месца ў раённай бібліятэцы) і парываць з творчасцю ён нават не думае. На працягу больш як паўстагоддзя Віктар Трафімавіч займаецца сатырай і гумарам: піша на роднай мове не толькі байкі, а і вершаваныя фельетоны, міні-апавяданні, нявыдуманыя гісторыі, гумарэскі і жарты. Працаваць у такім кірунку літаратурнай творчасці няпроста, але, на думку Віктара Трафімавіча, сатыра і гумар - тое, што найлепш адпавядае яго ўнутранаму складу.

- Марыў, што некалі гэта свята прыйдзе і ў Івацэвічы. Цудоўна, што так адбылося, - радасна ўсміхаецца Віктар Рэчыц. - У нас цудоўны край, людзі і нават паветра асаблівае - усё гэта складаецца ў адно цэласнае, што перадаць словамі цяжкавата. І мова родная жыве. Мы яе любім і дзякуем Богу, што яна ёсць і будзе жыць.

Віктар Трафімавіч расказвае, што плануе сустрэцца на Дні беларускага пісьменства з сябрамі-літаратарамі, якія прыедуць з усёй краіны. І робіць агаворку:

- Гэта не толькі пісьменніцкае свята, а ўсяго люду. Творцы ж пішуць не для сябе, а для чытачоў, - слушна заўважае Рэчыц. - На вачах мяняецца і добраўпарадкаванне. Робіцца ўсё як найлепш. Народ гэта бачыць і цэніць.

На развітанне івацэвіцкі байкапісец і гумарыст паабяцаў прыйсці на прэзентацыйную пляцоўку БЕЛТА, дзе будзе прадстаўлена і "Беларуская думка", каб парадаваць усіх сваёй вострай і дасціпнай творчасцю. Чакаем з нецярплівасцю сустрэчы!
Дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач: удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства пачастуем партызанскімі стравамі

Жытнія аладкі з крапівой і звон царкоўны

- Як у партызан было? То густа, то пуста. Найчасцей нішчымніца, - расказвае дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач. Нагадаем, мемарыяльны комплекс партызанскай славы "Хаваншчына" з’яўляецца яго філіялам. - Тады пяклі аладкі з крапівой: мука жытняя і трава пароўну, вада. Солі не было, таму ўжывалі іх гарачымі, адсюль і назва - праснакі. На лапаце без алею на стэарынавых свечках нават смажылі.

Каштуем партызанскую страву. Так сабе, сёння без дай прычыны наўрад ці прыйдзе ў галаву яе гатаваць. Але і не дзеля таго жытнія аладкі з крапівой, каб імі насалоджвацца. Для сучаснікаў гэта магчымасць увачавідкі хоць крышачку зразумець, як цяжка даводзілася людзям у ваеннае ліхалецце і ў якіх умовах білі ворага партызаны.

- Гэта даўні рэцэпт, такія аладкі пяклі ў нас яшчэ да вайны, - працягвае Раіса Іванаўна. - Але дадавалі не толькі крапіву, а і розныя іншыя травы. Напрыклад, шчаўе, заечую капусту, пятрушку, кроп, а таксама цыбулю. Словам, усё, што было пад рукою. Для чаго? Каб палепшыць харчовую і энергетычную каштоўнасць стравы.

Але менавіта крапіву партызаны лічылі травой нумар адзін, бо яна кладоўка вітамінаў, мікраэлементаў, мінералаў. І з’яўляецца самая першая. Гатавалі з ёй таксама поліўку. Крапіву сушылі і дадавалі ўсюды. Ішло ў справу не толькі лісце, а і сцяблінкі. Восенню-зімой, увесну абавязкова выкарыстоўвалі пры гатаванні вітаміннай гарбаты - напарыша на шасці травах.
- Стравы з крапівой ўкараніла ў партызанскі побыт Марыя Коршунава, - гаворыць Раіса Горбач. - Яна была старшым поварам у Брэсцкім партызанскім злучэнні.

Раіса Іванаўна налівае ў кубак настоены на парэчкавых галінках з маладымі пупышкамі бярозавы квас. Такі самы пілі партызаны ў Хаваншчыне, аднаўляючы сілы пасля баявых вылазак.

- Чаму чорныя парэчкі? - перапытвае дырэктар музея. - Гэта моцны прыродны антыбіётык. Такі квас валодаў лекавымі ўласцівасцямі. І мог захоўвацца год, да наступнага бярозавіка.

Партызанскі напой прыйшоўся да смаку: асвяжальны, церпкі, ні да чаго не падобны. Аладкамі з крапівой і парэчкавым бярозавікам пачастуюць удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства.

- Гэта ўнікальная падзея для нашага раёна, які, без перабольшвання, як дыямент у каралях Брэстчыны, - свеціцца ад радасці Раіса Іванаўна. - Гэта наша нацыянальнае свята, калі мы можам акунуцца ў сваю гісторыю. Яно яднае сучаснасць і мінулае, без якога немагчыма жыць паўнавартасна. Як пагосты продкаў, так і культура наша, яе адметнасць аб’ядноўвае нас, вызначае ўнікальнасць. Мы, беларусы, такія - талакой будуем краіну, робім добрыя справы і талакою святкуем.
Благачынны Івацэвіцкай царкоўнай акругі, настаяцель царквы абраза Божай Маці "Дзяржаўны" протаіерэй Рыгор Піліпчук

Дзень беларускага пісьменства - свята па сваёй сутнасці духоўна-асветніцкае, і абмінуць івацэвіцкую царкву абраза Божай Маці "Дзяржаўны" было б недаравальна. Жыхары горада самі збіралі грошы на ўзвядзенне храма, і на пачатку 2000-х яго будаўніцтва завяршылі. Тут, паводле нашых звестак, знаходзіцца выліты ў 2006 годзе найвялікшы звон у Беларусі - вагою дзве тоны.

- Э, не… Ужо і большыя ёсць. У Пінску напрыклад, - расчараваў нас благачынны Івацэвіцкай царкоўнай акругі, настаяцель храма протаіерэй Рыгор Піліпчук.

"Раней наша моладзь неяк на Захад глядзела, а цяпер не".

Вось як: чулі звон, ды… Але ўсё ж пабачылі экс-рэкардсмена. Са званіцы як на далоні амаль паўгорада. Яшчэ зверху добра відаць, што на царкоўным падворку, як паўсюль у Івацэвічах, дбайна рыхтуюцца да свята.

- Для мяне Дзень беларускага пісьменства - вялікая падзея, - гаворыць айцец Рыгор. - Гэта найперш духоўная асвета, патрыятычнае выхаванне, арыентацыя людзей ад матэрыяльнага да духоўнага. Івацэвічы прыгажэюць на вачах, і людзі адчуваюць гонар за свой горад. А калі ёсць чым ганарыцца, то будзе і цікавасць, і любоў да Радзімы. Раней наша моладзь неяк на Захад глядзела, а цяпер не.
Івацэвіцкі звон важыць дзве тоны

Айцец Рыгор разважае, што маладым людзям уласціва часам павярхоўна ўлоўліваць нейкія глыбінныя сэнсы, але калі патрэбнае семя, зернятка закласці, то яно рана ці позна свае плады дасць.

- Трэба, каб царква і дзяржава як мага больш супольна садзейнічалі ўмацаванню сям’і - нашай нязменнай, традыцыйнай каштоўнасці, - гаворыць ён. - А такое магчыма толькі на трывалай духоўна-маральнай аснове. І ў гэтым сэнсе Дзень беларускага пісьменства - вельмі добры прыклад супрацоўніцтва.

Блаславёныя айцом Рыгорам выпраўляемся ў зваротны шлях. Не з пустымі рукамі. А з тым, што і вам раім набыць, развітваючыся з гасціннымі Івацэвічамі.

Абавязкова захапіце з сабою "цаглінку"-другую мясцовага жытняга хлеба. Відаць, яго пякуць тут вельмі добрыя людзі, сапраўдныя майстры сваёй справы: духмяны бохан як з карцінкі, зграбны і ладны, з хрумсткай прапечанай скарынкай, далікатным наздравата-пругкім мякішам. Прызнаюся, даўно я не еў такога смачнага хлеба - самыя вытанчаныя прысмакі не раўня яму.

Да новай сустрэчы, Івацэвічы!

Кампетэнтна

Уладзімір БЯЛОЎ, старшыня Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта:

- Даволі неблагі рэсурс выдзеліла дзяржава пад правядзенне ХХХІ Дня беларускага пісьменства. Асвойваем яго на значных для раёна сацыяльных аб’ектах, рамонце дарожнай сеткі, добраўпарадкаванні горада. Вельмі дапамагаюць абласныя ўлады, дзякуй ім за гэта. А таксама ўсім, хто зразумеў, што да свята, на якім будзе шмат гасцей, трэба рыхтавацца належным чынам. Адгукнуўся прыватны бізнес, жыхары ля сваіх дамоў наводзяць парадак. Можна сказаць, падрыхтоўку вядзём усім раёнам, раўнадушных няма.

- Мяркуючы па тым, што бачылі, Івацэвічы ў працэсе татальнага абнаўлення.

- Не ўвесь райцэнтр пакуль задзейнічаны. За ўсё адразу схапіцца складана, але працэнтаў трыццаць дакладна абноўлена. За год гэта нямала (У. Бялоў узначаліў Івацэвіцкі райвыканкам у верасні 2023-га. - Аўт.). Але тое не значыць, што добраўпарадкаванне горада цяпер спыніцца і мы нічога больш рабіць не будзем. У нас распрацаваны план, налета таксама будзе шмат працы. На дваравых тэрыторыях, у прыватнасці, чакае немалы аб’ём работ - тых самых, да якіх не даходзілі рукі яшчэ з савецкіх часоў.

Горад знаходзіцца на скрыжаванні найважнейшых магістралей і дарог. І несумненна, заслугоўвае таго, каб выглядаць лепш. Брэсцкая траса дзеліць раён практычна на дзве часткі - косаўскую, я так яе для сябе называю, і цяляханскую (усміхаецца). На адным баку жывуць паляне, на другім - палешукі. Край надзвычай цікавы, аўтэнтычны, легендарны. Да нас прыязджае шмат турыстаў. Але, мяркую, турыстычны патэнцыял яшчэ не рэалізаваны поўнасцю. Як чалавек, якога вырасціла Брэстчына, хачу, каб мы развіваліся ў тым ліку ў гэтым напрамку.

Спадзяюся, што неўзабаве Івацэвіцкі раён набудзе новае дыханне. Сёння мы як спартсмены на старце: зараджаныя на працу і хочам вырвацца з сераднячкоў наперад. Але ўсё залежыць ад людзей.

- Як успрымаеце свята, якое хутка прыйдзе на івацэвіцкую зямлю?

- Вядома, гэта найперш даніна павагі нашым продкам, якія з пакалення ў пакаленне памнажалі той духоўна-асветніцкі скарб, які дапамагае нам, сучаснікам, будаваць сваю суверэнную і незалежную краіну. Хочацца, каб гэта адчувала і разумела найперш моладзь, ганарылася каштоўнай спадчынай свайго народа, яго традыцыямі.

Шчыра запрашаю ў Івацэвічы 31 жніўня - 1 верасня. Не трэба доўга думаць - прыязджайце! Мы прыкладзём усе намаганні, каб госці атрымалі задавальненне ад гэтага свята. Кожны знойдзе занятак па душы, будзе мноства цікавых лакацый. Дый у раёне ёсць шмат чаго, чым можна падзівіцца і захапіцца.

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.

Чытайце таксама:
Топ-новости
Свежие новости Беларуси