Алег Рудакоў самы вядомы дзеяч беларускай дыяспары ў Расіі. Нарадзіўшыся ў Беларусі, ён паступіў вучыцца ў Цюмень і больш за 30 гадоў пражыў у Прыбайкаллі. Там ездзіў па вёсках, дзе жывуць беларусы, абуджаў іх нацыянальную самасвядомасць і гуртаваў у суполкі. Нядаўна былы ваенны, этнограф вярнуўся ў родныя мясціны ў Полацкі раён і цяпер абжываецца ў бацькоўскай хаце. Карэспандэнты БЕЛТА сустрэліся з Алегам і яго жонкай Воляй, каб даведацца пра матывацыю вяртання дадому і планы на жыццё.
"Я нарадзіўся ў гэтай хаце. Адна яе частка вельмі старая, яна была набыта дзедам, прывезена сюды і пастаўлена ў 1938 ці 1939 годзе. Другую палову дома дзед дабудоўваў сам, а потым яшчэ бацька ўзвёў веранду. Сямнаццаць гадоў тут пражыў, хадзіў у школу", - узгадвае Алег Рудакоў.Ён падзяліўся сямейнай гісторыяй таго, як продкі прыехалі ў Бяздзедавічы. Першапачаткова дзед і бабуля Алега жылі на хутары, валодалі гаспадаркай. Як пачалася калектывізацыя, прыйшлі камуністы: кажуць, давайце ў калгас. Яны адмовіліся. Тады яны яшчэ раз прыйшлі - тое ж самае. Потым "актывісты" прасачылі, як дзед пайшоў у лес, сабралі немясцовых людзей і тыя разабралі дах хаты і звезлі. Потым прыгразілі, што сашлюць у Сібір. Пасля такога давялося пераехаць у вёску і ўступіць у калгас.
Пасля атрымання сярэдняй адукацыі перад маладым беларусам адкрываліся розныя накірункі. Настаўнік гісторыі раіў Алегу ісці на гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. "Мне і самому гісторыя падабалася, натхняўся Полацкім княствам. У той жа час я займаўся валейболам, фізрук прапаноўваў паступаць у Брэст, там была добрая каманда, можна было прабіцца ў вялікі спорт. Летам я працаваў на калгасным збожжатаку, памочнікам камбайнера і аграном казаў, каб заставаўся працаваць у сельскай гаспадарцы. Карацей, шляхоў адкрывалася шмат. Але быў у школе ваенрук, які агітаваў паступаць у вайсковае вучылішча ў Цюмені. Падумаў: што мне ехаць у Віцебск ці Брэст - хацелася паглядзець Урал!", - расказвае Алег Рудакоў.
Так ён паступіў у Цюменскае вышэйшае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча. Пасля яго заканчэння маладога афіцэра накіравалі ў Чыту, а потым у Іркуцк. Пяць гадоў служыў афіцэрам, а ў 1994 годзе звольнілі па стане здароўя. "Праз год я знайшоў сабе занятак і пачаў гуртаваць беларусаў Іркуцкай вобласці. У 1996 годзе стварылі Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, потым узнік Іркуцкі Беларускі клуб "Крывічы". У 2013 годзе перадаў кіраванне іншым. Заўсёды імкнуўся, каб я быў не адзіным лідарам і на мне ўсё не замыкалася. І вось цяпер там існуе пяць самастойных, афіцыйна зарэгістраваных беларускіх суполак. Акрамя іх, ёсць яшчэ сем аб'яднанняў беларусаў, 29 творчых калектываў", - з гонарам кажа культурны дзеяч дыяспары.
Алег шмат ездзіў у розныя раёны Іркуцкай вобласці і шукаў вёскі беларусаў-перасяленцаў. За гады сабраў шмат матэрыялу, выдаў альманах. "Усяго было 11 плыней перасялення беларусаў спачатку ў Іркуцкую губерню, а потым вобласць. Асноўная плыня - амаль 300 тыс. чалавек - пераехалі падчас сталыпінскай аграрнай рэформы з 1906 па 1912 год. Яны засноўвалі вёскі, якія дагэтуль існуюць, некоторыя вельмі моцныя і там пражывае каля 1,5 тыс. чалавек і больш. Вялікія беларускія анклавы вылучаюцца сваім размяшчэннем хат. Перад кожнай ёсць палісаднік і ў большасці сёлаў расце чырвоная рабіна. Паводле павер'я, як тлумачылі старыя беларусы, рабіна была дрэвам-абярэгам, якое забірала дрэнную энергію і вылучала добрую. Іншыя казалі, что менавіта беларусы ў Сібір прывезлі рабіну: пры перасяленні везлі з сабой насенне і саджанцы розных раслін. Штосьці прыжывалася, а іншыя культуры не. Напрыклад, жыта", - дзеліцца Алег Рудакоў.
У Прыбайкаллі беларусы сеялі лён, вучылі іншых, як абыходзіцца з культурай, прывезлі з сабой і кросны. З цікавых адрозненняў - бульбу нашы землякі і дагэтуль саджаюць барознамі, хоць мясцовыя ў Сібіры так не робяць - яны саджаюць пад лапату. "Падчас вандровак даведаўся шмат пра якія песні і танцы, якія ў Беларусі не захаваліся. Гэта, напрыклад, "Чацвёра", "Падгорнае", "Шасцёра". Разам з таварышамі выдалі тры дыскі беларускіх песень. Цяпер у Іркуцкай вобласці, паводле перапісу, пражывае каля 50 тыс. беларусаў. Але тых, хто мае беларускія карані, значна больш. Многія пра гэта і не ведаюць", - адзначае этнограф.
У родныя Бяздзедавічы, што ў Полацкім раёне, Алег Рудакоў вярнуўся не адзін. На кухні шчыруе жонка Воля Галанава - некалькі месяцаў таму ў Іркуцку яны пабраліся шлюбам.
"Як з'ехаў з Беларусі, ведаў, што вярнуся назад. Прыкідваў, што пакуль малады, павандрую, пагляджу свет. У Сібіры пражыў 35 гадоў, але лічыў сябе госцем, разумеў, што я там часова. У Беларусь стараўся прыязджаць раз на год - тыдні на два. Тут сябе адчуваў дома, на радзіме", - падкрэслівае вяртанец.
Усе гады жыцця ў Расіі Алег даследаваў жыццё землякоў, а заадно шукаў маладых і ініцыятыўных, каб зацікавіць іх беларушчынай. Праз пэўны час пасеянае зерне ўзышло. "Тады я зразумеў, што гады ідуць і трэба вяртацца. Справы перадаў і паехаў на Бацькаўшчыну. На радзіму з Сібіры прывёз старую ляльку з саломы, ёй больш за сто гадоў. Туды яна трапіла з сям'ёй беларусаў-перасяленцаў, якія з'ехалі асвойваць землі ў сталыпінскую аграрную рэформу. Лялька была для іх як абярэг", - кажа ён.
Дарэчы, раней за ўсіх на радзіму бацькі прыехаў Аляксей Рудакоў - сын ад першага шлюбу. Паводле слоў бацькі, гэта была ідэя нашчадка пераехаць у Полацк. Тут сын паступіў у мясцовы ўніверсітэт, скончыў яго. Цяпер працуе праграмістам. Таму ўчынак Аляксея стаў чарговым стымулам да вяртання.
Цяпер сям'я з расійскімі пашпартамі вырашае бюракратычныя пытанні - атрымлівае розныя даведкі, патрэбныя дакументы, каб атрымаць дазвол на пражыванне і пасведчанне на права жыхарства. "Хачу зрабіць аграсядзібу - каб хата была і як жыллё, так і музей-майстэрня. Калі пачалі наводзіць парадак, то дома знайшоў дзедавы збаны, чыгунную ступу, куфар. Хочам яшчэ набыць кросны, бо жонка добра тчэ рушнікі, шые кашулі", - дзеліцца планамі Алег. Таксама ён збіраецца апрацаваць сабраны этнаграфічны матэрыял і выдаць альманах пра беларускае жыццё Прыбайкалля.
Вёска Бяздзедавічы складалася з дзвюх частак: гістарычнай вакол маёнтка паноў Корсакаў (цяпер Бяздзедавічы-2), і заснаванай з пачаткам калектывізацыі. Сёння гэта Бяздзедавічы-1. Паводле мясцовай легенды, побач з уладаннямі Корсакаў былі пабудовы для парабкаў, якія трымалі ў парадку сядзібу, гаспадарку. Пану было выгадна, каб усе працаўнікі былі маладыя і здаровыя. Як толькі хтосьці старэў, з ім развітваліся. Адсюль і пайшло: жылі толькі маладыя - дзядоў не было, таму і Бяздзедавічы.
"Мясцовых у вёсцы сёння няшмат, жывуць таксама дачнікі. Раней тут віравала жыццё, вёска гудзела, было чатыры статкі кароў па 30-40 галоў. Цяпер адна карова на ўсе Бяздзедавічы. Паступова збіраюся дайсці да кожнага жыхара, пазнаёміцца. У гэтым дапамагае і аўталаўка: калі яна прыязджае, то ўсе выходзяць, размаўляем, узгадваем былое", - адзначае Алег Рудакоў.
Цяпер сям'я абжываецца ў доме, шмат трэба разабраць каробак з рэчамі. Ды і дом, які апошнім часам быў без гаспадара, трэба даводзіць да ладу.
Дапамагае ў гэтым жонка Воля, гісторыя жыцця якой не менш цікавая. Яна і яе бацькі нарадзіліся ў Сібіры, а вось лінія прабабулі і прадзеда бяруць пачатак на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Продкі пераехалі ў Краснаярскі край больш за стагоддзе таму.
Воля - аднадумец і паплечнік Алега ў справе беларушчыны, праз яго культурную дзейнасць у Іркуцкай вобласці яна пачала вывучаць мову продкаў, даведалася больш пра іх лёс і зразумела, што яна беларуска. "Калі прыехала вучыцца ў Іркуцк, то трапіла ў беларускую суполку. Мяне гэта зацікавіла, пачула, што людзі тут размаўляюць так, як мая прабабуля Варвара. Таму стала чытаць кнігі па-беларуску (больш за ўсё захаплялася Янам Баршчэўскім, у творах ён апісваў мясціны, дзе мы цяпер жывём), люблю Караткевіча. Праз месяца паўтара пачала спрабаваць гаварыць", - успамінае Воля. Сёння яна ўпэўнена размаўляе на добрай беларускай мове, спявае народныя песні.
Першы раз ураджэнка Расіі прыехала ў Беларусь у 2011 годзе. Воля і Алег разам з іркуцкім калектывам выступалі на адным з мерапрыемстваў "Славянскага базару". Тады і ўзнікла мара пераехаць на радзіму продкаў. Прабабуля Варвара Дарашкевіч расказвала праўнучцы свае дзіцячыя гісторыі, успаміны пра сады з яблынямі, школу. Яна помніла не шмат, бо звезлі малой дзяўчынкай, якая тады пайшла ў трэці клас. У 2018 годзе Воля наведала родную вёску прабабкі - гэта сяло Луг Бешанковіцкага раёна. Хоць хаты не існуе, але сад захаваўся. Потым яна пазнаёмілася са сваімі сваякамі, якія жывуць у Віцебску. Столькі пакаленняў прайшло, але мы падобныя, дадае Воля.
"Сёння я на сваёй радзіме, мне тут вельмі камфортна. Прыехаўшы ў Полацк, прайшлася па невялікіх вуліцах прыватнага сектара. Адчула, што я дома, тут лёгка дыхаецца. З усіх гарадоў мне найбліжэйшы Полацк. Дарэчы, заўважаю, што мне больш па душы выконваць народныя песні з полацкага, віцебскага і магілёўскага рэгіёнаў. З родных мясцін продкаў", - адзначае яна.
Воля рада, што ажыццявіла мару. Нялёгка думка пра пераезд дачкі далася яе бацькам. "Яны людзі кансерватыўныя, іх цяжка з месца крануць, бацькі рэдка куды выязджаюць. Таму ў іх быў страх, цяжка было ўсведамляць, што сустракацца на выхадных не атрымаецца. Але маці і бацька разумелі, што я дарослы чалавек і сама вырашаю, дзе мне жыць", - запэўнівае дачка.
Беларусы-вяртанцы напоўнены аптымізмам і ідэямі. Адна з задум - аднавіць сад і агарод. Вядома ж, не ў тых маштабах, якія былі ў іх продкаў, але хаця б каб быў мінімальны набор з агародніны і садавіны.
Асабліва Алег і Воля будуць клапаціцца пра ўласны яблыневы сад. Менавіта гэтае дрэва і яго плады былі для іх сімвалам Бацькаўшчыны ў далёкім замежжы.
Андрэй ШЧАРБІЦКІ,
Фота Аляксандра ХІТРОВА,
БЕЛТА.-0-