Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Общество
28 сентября 2018, 11:45

Знітаваны гісторыяй шлях

Камсамолу спаўняецца 100 гадоў. Але гэта не проста ўзрост, скажам шчыра, салідны для маладзёжнай арганізацыі. Гэта адметны адрэзак гісторыі, непаўторны час, што знітаваў лёсы мільёнаў людзей. Пры жаданні большасць нашых суайчыннікаў сталага і не вельмі веку можа вылучыць у асабістай біяграфіі камсамольскі перыяд. У кожнага ён быў свой і адначасова агульны з іншымі равеснікамі, прасякнуты маладым запалам і дачыненнем да спраў дзяржаўнай важнасці.

Юбілей камсамола – таксама нагода ўспомніць тых, хто стаялі ля вытокаў стварэння галоўнай савецкай маладзёжнай арганізацыі ў Беларусі, хто на працягу больш як 70 гадоў былі яе важакамі і лідарамі.

Гісторыя станаўлення беларускага камсамола цесна звязана з развіццём падзей, што адбываліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі. Прадвеснікамі ЛКСМБ былі маладзёжныя арганізацыі, створаныя на ўзор культурна-асветных гурткоў. Яны існавалі ў Віцебску, Мінску, Оршы, Магілёве і іншых буйных гарадах Беларусі. Пасля таго як на І Усерасійскім з'ездзе саюзаў рабочай і сялянскай моладзі было абвешчана аб стварэнні Расійскага камуністычнага саюза, дзень адкрыцця гэтага форуму – 29 кастрычніка 1918 года – стаў лічыцца днём нараджэння камсамола. Работа па прапагандзе бальшавіцкіх ідэй сярод моладзі распачалася і на тэрыторыі Беларусі, на той частцы, што не была акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. Так, ужо ў лістападзе 1918-га ўзніклі першыя камсамольскія ячэйкі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, Бабруйску, Мазыры, Старых Дарогах, Карме, Ігумене (сучасным Чэрвені) і іншых гарадах. Асновай для іх сталі пераважна ўжо існаваўшыя культурна-асветныя гурткі. Арганізацыйнае афармленне Камуністычнага саюза моладзі Беларусі адбылося на з'ездзе маладзёжных арганізацый Заходняй камуны, які праходзіў 25–27 снежня 1918 года ў Смаленску.

У Рэспубліканскім доме моладзі адкрыта партрэтная галерэя лідараў маладзёжнага руху Беларусі. Сакавік 2018 года
У Рэспубліканскім доме моладзі адкрыта партрэтная галерэя лідараў маладзёжнага руху Беларусі. Сакавік 2018 года

Першы кіраўнік камсамольцаў Беларусі – малады камуніст Майсей Ахманаў. Ён узначальваў ЦК Камуністычнага саюза моладзі Беларусі ў 1918–1919 гадах, затым працаваў на іншых дзяржаўных пасадах у Слуцку, Мінску, Іжэўску, Маскве і Баку. У 1920–1921 гадах першым сакратаром ЦК быў Барыс Цэйтлін, які пасля працаваў у камсамольскіх установах Смаленска, затым – сакратаром ЦК Расійскага камуністычнага саюза моладзі.

Майсей Ахманаў. Фота 1930-х гадоў
Майсей Ахманаў. Фота 1930-х гадоў

Родам са Смаленска быў і пераемнік Б. Цэйтліна на пасадзе першага сакратара ЦК КСМБ Барыс Кузняцоў. У лютым 1917 года ён з'яўляўся старшынёй Савета і выканаўчага камітэта арганізацыі навучэнцаў ніжэйшых навучальных устаноў Смаленска. У снежні таго ж года быў выбраны дэлегатам Першага з'езда навучэнцаў навучальных устаноў Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Арлоўскай губерняў. У 1918 годзе Б. Кузняцоў прымыкае да бальшавікоў і праводзіць актыўную работу па стварэнні ў Смаленскай губерні камсамольскай арганізацыі. Настойліваму юнаку ўдаецца ажыццявіць задуманае, і камсамольцы Смаленшчыны выбіраюць яго лідарам. У красавіку 1920 года ЦК РКСМ накіроўвае Б. Кузняцова сакратаром свайго Сібірскага бюро ў Омск, але там яму давялося прабыць нядоўга, у 1921 годзе ён прыязджае ў Мінск, дзе і ўзначальвае беларускую рэспубліканскую арганізацыю.

У тым жа годзе на пасадзе першага сакратара ЦК КСМБ замест Б. Кузняцова апынуўся Генрых Казлоў, пра якога амаль нічога не вядома. Яго ў наступным годзе змяніў Леў Соскін. Звестак аб ім захавалася небагата, але з кнігі "Автобиографические заметки" яго сына, вядомага савецкага і расійскага гісторыка Варлена Соскіна, можна даведацца, што ў другой палове 1930-х гадоў Л. Соскін працаваў у Новасібірску і быў арыштаваны органамі НКУС па надуманым палітычным абвінавачанні. Адбываць несправядлівае пакаранне яго накіравалі ў папраўча-працоўны лагер, дзе ён перакваліфікаваўся ў інжынера: "Мой отец стал инженером по необходимости. А вся его предшествующая (и последующая) жизнь была посвящена политике, общественной работе. Он отдался этому с юных лет. Как многие еврейские юноши, он с энтузиазмом бросился в огонь революции. Отцу было 17 лет, когда он стал одним из организаторов белорусского комсомола. Затем быстро прошел путь до поста первого секретаря ЦК (камсамола Беларусі. – С.Ж.). Стал молодежным "вождем" – так было написано в прощальном послании его товарищей при отъезде отца в Москву для работы в ЦК ВЛКСМ". Леў Соскін узначальваў Цэнтральны камітэт камсамола Беларусі ў 1922–1923 гадах.

Затым на працягу пяці гадоў па чарзе кіраўнікамі беларускага камсамола былі: Меер Кузінец (1923–1924), Мікалай Арэхва (1924), Аляксандр Самахвалаў (1924–1925), Аляксандр Бараннікаў (1926–1928). Пра гэтых людзей у аналах гісторыі таксама захавалася няшмат звестак. Выключэннем, бадай што, з'яўляецца асоба М. Арэхвы.

Мікалай Арэхва – ураджэнец Ашмяншчыны, прымаў актыўны ўдзел у грамадзянскай і польска-cавецкай войнах. У пачатку 1920-х гадоў быў сакратаром Наўгародскіх павятовага і губернскага камітэтаў Расійскага камуністычнага саюза моладзі, з верасня 1923 года працаваў у апараце ЦК РКСМ. У 1924 годзе яго абралі першым сакратаром ЦК Камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У студзені 1925 года М. Арэхва быў перапраўлены ў Заходнюю Беларусь на падпольную работу, арыштоўваўся палітычнай паліцыяй Польшчы – дэфензівай, 5 гадоў правёў у турмах. У час Другой сусветнай вайны змагаўся з фашыстамі ў Войску Польскім, з 1945 года працаваў у апараце Міністэрства грамадскай бяспекі Польскай Народнай Рэспублікі. У 1956 годзе былы кіраўнік беларускай моладзі вярнуўся ў Мінск, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Камсамольцы – кандыдаты ў члены ЦВК БССР: другі справа – Мікалай Арэхва. Фота 1924 года
Камсамольцы – кандыдаты ў члены ЦВК БССР: другі справа – Мікалай Арэхва. Фота 1924 года

Сваё 10-годдзе камсамольская ар­ганізацыя Беларусі адзначала з новым лідарам. Ім у 1928 годзе стаў Платон Галавач – на той час ужо добра вядомы беларускі пісьменнік, тэматыка шматлікіх аповесцей, апавяданняў і нарысаў якога была звязана з грамадзянскай вайной і жыццём вёскі. Першым сакратаром ЦК ЛКСМБ ён працаваў да лістапада 1929 года, калі быў прызначаны на пасаду намесніка народнага камісара асветы БССР. У 1937 годзе П. Галавач быў беспадстаўна абвінавачаны органамі НКУС у арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі, "правядзенні дзейнасці на карысць немцаў", за што і быў расстраляны.

Платон Галавач. Фота пачатку 1930-х гадоў
Платон Галавач. Фота пачатку 1930-х гадоў

На жаль, амаль нічога не вядома пра Міхаіла Палякова, які ўзначальваў Цэнтральны камітэт камсамола Беларусі ў 1929–1932 гадах. А вось пра яго пераемніка Льва Герцовіча захаваліся такія-сякія звесткі: паходзіў з Барысаўшчыны, у 1932–1934 гадах быў сакратаром ЦК ЛКСМБ. У 1938 годзе працаваў у Маскве, у Наркамаце асветы РСФСР, у снежні таго ж года быў арыштаваны за "ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі", а 25 лютага 1939 года яго расстралялі.

Такі ж трагічны лёс напаткаў і Аляксандра Аўгустайціса – лідара ЦК ЛКСМБ у 1934–1937 гадах. Яго арыштавалі 14 жніўня 1937 года нібыта за прыналежнасць да "антысавецкай арганізацыі правых у Беларусі, у якую быў завербаваны ў лютым 1936 года першым сакратаром ЦК КП(б)Б М.Ф. Гікалам" і "меў заданне шукаць новых членаў з ліку кіруючых работнікаў камсамола рэспублікі, ствараць з іх баявыя групы для арганізацыі тэрарыстычных актаў супраць кіраўнікоў партыі і савецкага ўрада". Праз два месяцы пазасудовым органам НКУС ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. З-за адсутнасці канкрэтных даных можна толькі здагадвацца, які лёс мог напаткаць у час разгулу сталінскіх рэпрэсій першага сакратара ЦК ЛКСМБ Серафіма Ялагіна: яму давялося займаць гэтую пасаду толькі з 1937 па 1938 год.

У тым жа 1938 годзе камсамольскую арганізацыю Беларусі ўзначаліў Васіль Галоўкін. У летапісе кіраўнікоў ЛКСМБ пра яго засталіся вельмі скупыя звесткі: пасля 1934 года знаходзіўся на камсамольскай рабоце, у 1938–1940 гадах – першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі, затым – на партыйнай рабоце. Яшчэ менш вядома пра яго пераемніка Паўла Каралёва, які быў лідарам рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі на працягу ўсяго толькі некалькіх месяцаў 1940 года.

Затое больш цікавая і адначасова багатая на факты і эпізоды камсамольская біяграфія Міхаіла Зімяніна, першага сакратара ЦК ЛКСМБ у 1940–1946 гадах. Як адзначае ў апублікаваных у "Звяздзе" ўспамінах пра бацьку Уладзімір Зімянін, будучага важака беларускіх камсамольцаў запрыкмеціў не хто іншы, а сам Панцеляймон Панамарэнка, лідар Кампартыі Беларусі. Практычна адразу ж пасля прызначэння ў 1938 годзе ў Беларусь Панцеляймон Кандратавіч узяўся за фарміраванне сваёй каманды ў кіраўніцтве БССР. Паступова, пасля расстаноўкі новых людзей на адказных пасадах рэспубліканскага ўзроўню, дайшла чарга і да камсамола. "У пошуках перспектыўных кадраў Панамарэнка шмат ездзіў па рэспубліцы, – расказвае У. Зімянін. – На адной з нарад у Магілёве яго ўвагу прыцягнуў бойкі чорнавалосы хлопец, які аказаўся важаком мясцовых камсамольцаў. Яны разгаварыліся, і Панамарэнку здзівіла начытанасць камсамольскага сакратара, да таго ж яшчэ і студэнта Магілёўскага педагагічнага інстытута. У 1940 годзе Панамарэнка прызначыў Міхаіла Зімяніна на пасаду першага сакратара рэспубліканскага камсамола".

Міхаіл Зімянін. 1944 год
Міхаіл Зімянін. 1944 год

У працытаваным сцвярджэнні сына М. Зімяніна ёсць невялікая недакладнасць: вядома ж, П. Панамарэнка, нягледзячы на тое, што меў вялікія паўнамоцтвы, не мог асабіста прызначыць першага сакратара камсамола. Яго выбралі дэмакратычным шляхам на ХIV з'ездзе ЛКСМБ, які праходзіў у кастрычніку 1940 года, няхай сабе і пасля негалоснага ўзгаднення кандыдатуры на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б.

Раскрыцца на новай пасадзе Міхаілу Васільевічу практычна не ўдалося – грымнула Вялікая Айчынная вайна. Але падчас ваеннага ліхалецця ён праявіў свае арганізатарскія і кіраўніцкія здольнасці спаўна. "Пачатак вайны застаў Зімяніна ў Беластоку, – чытаем далей успамiны сына. – З часцямі 3, 4 і 10-й армій Заходняга і Цэнтральнага франтоў, якія прыкрывалі Беларусь, ён прайшоў цяжкі шлях, з баямі адыходзячы да Баранавіч і Мінска. Ужо ў канцы чэрвеня 1941 года ён у ліку іншых беларускіх кіраўнікоў прыступіў да стварэння ў тыле немцаў падполля і фарміравання з мясцовага насельніцтва партызанскіх атрадаў, якія ўзмацняліся салдатамі і камандзірамі, што выходзілі з акружэння… У пачатку кастрычніка 1941 года Панамарэнка з Зімяніным былі камандзіраваны на Бранскі фронт. На працягу двух тыдняў яны спрабавалі забяспечыць арганізаваны адыход нашых войскаў, ледзь не знішчаных танкамі Гудэрыяна. Пасля Бранскага фронту член Ваеннага савета 3-й ударнай арміі Панамарэнка адправіў старшага батальённага камісара Міхаіла Зімяніна ў раён Ржэва і Вялікіх Лукаў, дзе ішлі доўгія кровапралітныя бітвы… Восенню 1942 года выдавецтва ЦК ВЛКСМ "Молодая гвардия" выпусціла 30-тысячным накладам брашуру "Моладзь Беларусі змагаецца", якую і сёння нельга чытаць без хвалявання: "Спалены многія гарады і вёскі Беларусі, закатаваны многія тысячы яе верных сыноў і дачок, зганьблены нашы маці, сёстры і дзеці, але беларускі народ не скарыўся ворагу і ніколі не будзе рабом". З болем і гневам апавядаецца пра жахлівыя злачынствы гітлераўскіх акупантаў, аўтар прыводзіць запамінальныя прыклады масавага гераізму юных народных мсціўцаў, "што пагарджалі смерцю ў імя перамогі, поўныя нястрымнай нянавісці да ворага". "Бей жа яго мацней, будзь да яго яшчэ бязлітасней, слаўная беларуская моладзь!" – заклікаў кіраўнік камсамола Беларусі. Толькі за першыя месяцы 1943 года 28-гадовы палкоўнік, найбліжэйшы паплечнік кіраўніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнкі Міхаіл Зімянін пабываў у атрадах Мінскай, Палескай, Гомельскай, Пінскай абласцей. За дзейнасць у партызанскай зоне Мінскай і Палескай абласцей ён быў удастоены вышэйшай узнагароды краіны – ордэна Леніна. "Чалавек рухомы, незвычайна энергічны, мэтанакіраваны, ён усіх заражаў сваім энтузіязмам, – успамінаў актыўны ўдзельнік партызанскага руху Эдуард Баляслававіч Нордман. – Яго прывабнасць, шырокі палітычны кругагляд, талент арганізатара, смеласць і вытрымка ў складаных абставінах дапамаглі яму заваяваць павагу сярод партызанаў".

Такі асабісты ваенны шлях першага сакратара ЦК ЛКСМБ Міхаіла Зімяніна. Подзвігі ж беларускіх камсамольцаў у час Вялікай Айчыннай вайны былі незлічонымі. І пераканаўчы доказ таго: "за мужнасць, самаахвярнасць і гераізм, праяўленыя моладдзю Беларусі ў радах Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі" камсамол Беларусі 22 верасня 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Заканамерна, што гэтую высокую ўзнагароду прымаў лідар камсамольскай арганізацыі рэспублікі М. Зімянін. Праўда, неўзабаве пасля гэтага ён пайшоў на павышэнне – у 1946 годзе Міхаіла Васільевіча Зімяніна прызначылі міністрам асветы БССР.

У чэрвені 1946 года камсамольскую арганізацыю Беларусі ўзначаліў Кірыла Мазураў. Ён быў паплечнікам М. Зімяніна. У 1940–1941 гадах працаваў сакратаром Гомельскага гаркама, а затым першым сакратаром Брэсцкага абкама камсамола, з ліпеня 1941 года знаходзіўся ў дзеючай арміі – палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. У верасні 1942 года К. Мазураў быў адкліканы з арміі і прызначаны сакратаром ЦК ЛКСМБ, пасля чаго яго і накіравалі ў якасці прадстаўніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Пачынаючы з 1943 года і да абрання на новую пасаду ён працаваў другім сакратаром ЦК ЛКСМБ.

Аднак кіраўніком камсамола Беларусі К. Мазураў прабыў нядоўга. Ужо ў наступным 1947 годзе яго перавялі на працу ў апарат ЦК КП(б)Б, і далей яго кар'ера развівалася па партыйнай лініі. Прынамсі, у 1956–1965 гадах ён з'яўляўся першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі.

Пераемнікам К. Мазурава ў кастрычніку 1947 года стаў Пётр Машэраў. Пра гэтага легендарнага чалавека напісана шмат. Але ў прысвечаных Пятру Міронавічу кнігах і артыкулах куды больш удзяляецца ўвагі яго працы ў якасці першага сакратара ЦК КПБ, камсамольскую ж біяграфію Машэрава мы ведаем менш. А між тым П. Машэраў, перш чым стаць вядомым партызанскім кіраўніком, яшчэ ў жніўні 1941 года стварыў і затым стаў на чале камсамольска-маладзёжнага падполля ў Расонах. У верасні 1943 года яму даверылі ўзначальваць Вілейскі падпольны абкам ЛКСМБ, а ў ліпені 1944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Герой Савецкага Саюза Пётр Міронавіч Машэраў стаў першым сакратаром Вілейскага, а з 20 верасня таго ж года – Маладзечанскага абласнога камітэта камсамола. У 1946 годзе пасля павышэння М. Зімяніна ён быў пераведзены на пасаду сакратара ЦК ЛКСМБ, а яшчэ праз год камсамольцы БССР абралі яго сваім лідарам.

Група лідараў ЛКСМБ: першы злева ў першым радзе – Міхаіл Зімянін, другі злева ў другім радзе – Пётр Машэраў. 1945 год
Група лідараў ЛКСМБ: першы злева ў першым радзе – Міхаіл Зімянін, другі злева ў другім радзе – Пётр Машэраў. 1945 год

На пасадзе першага сакратара ЦК камсамола Беларусі П. Машэраў знаходзіўся амаль 7 гадоў. Гэта быў няпросты перыяд у гісторыі нашай краіны: трэба было не толькі за кароткі тэрмін узнавіць гаспадарку, а і значна перавысіць даваенны ўзровень вытворчасці. У ажыццяўленні гэтых планаў актыўна ўдзельнічаў і беларускі камсамол. Моладзь дапамагала ўзводзіць мінскія аўтамабільны і трактарны, Крычаўскі цэментны заводы, Смалявіцкую ГЭС, у 1954 годзе маладыя людзі з усёй Беларусі па камсамольскіх пуцёўках добраахвотнікамі накіраваліся на асваенне цалінных зямель у Казахстане... Усе гэтыя і многія іншыя напрамкі маладзёжнага руху накіроўваў ЦК ЛКСМБ на чале з П. Машэравым, для якога праца ў камсамоле стала важнай вяхой у біяграфіі і зыходнай кропкай у кар'еры партыйнага і дзяржаўнага дзеяча.

Новым важаком беларускай рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі стаў у верасні 1954 года Аляксандр Аксёнаў. У жыцці гэтага чалавека таксама было нямала высокіх пасад – ён працаваў намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі і міністрам унутраных спраў БССР, узначальваў Віцебскі абкам Кампартыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ, старшынёй Савета Міністраў БССР, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Савецкага Саюза ў Польшчы, кіраваў Дзяржаўным камітэтам СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, але пуцёўку ў жыццё яму даў менавіта камсамол. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны А. Аксёнаў атрымаў сур'ёзнае раненне ў баях пад Сталінградам, быў камісаваны і накіраваны на камсамольскую работу ў Гаўрылаўскі раён Арэнбургскай вобласці. Пасля вайны вярнуўся ў Беларусь, дзе працягваў працаваць з моладдзю: у 1944–1954 гадах быў першым сакратаром Баранавіцкага гаркама і сакратаром Баранавіцкага абкама камсамола, узначальваў Гродзенскую абласную камсамольскую арганізацыю, з'яўляўся сакратаром і другім сакратаром ЦК ЛКСМБ.

Пасля абрання А. Аксёнава сакратаром Цэнтральнага камітэта ВЛКСМ у 1957 годзе камсамольскім лідарам у Беларусі стаў Глеб Крывулін. У "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" для артыкула, прысвечанага яго асобе, не знайшлося месца. А між тым гэты чалавек пакінуў прыкметны след у гісторыі нашай краіны: ён загадваў аддзелам партыйных органаў ЦК КПБ, узначальваў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў, быў першым сакратаром Магілёўскага абкама Кампартыі, з 1974 па 1982 год з'яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом СССР у Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы, а пасля – да самай сваёй смерці ў 1988 годзе – працаваў міністрам сацыяльнага забеспячэння БССР.

Пуцёўку ў жыццё Г. Крывуліну, як і многім яго папярэднікам – вядомым партыйным і дзяржаўным дзеячам, даў менавіта камсамол. Перад Вялікай Айчыннай вайной ён узначальваў Капаткевіцкі раённы камітэт ЛКСМБ, у 1941–1942 гадах служыў у Чырвонай арміі, затым быў адкліканы ў тыл, пасля чаго яго накіроўваюць за лінію фронту, у распараджэнне Баранавіцкага падпольнага абкама камсамола. У 1942–1944 гадах Глеб Крывулін – сакратар Дзятлаўскага падпольнага райкама ЛКСМБ, старшы інструктар Беларускага штаба партызанскага руху. У пасляваенны час ён узначальваў камсамольскую арганізацыю Лагішынскага, затым Зэльвенскага раёна, быў першым сакратаром Брэсцкага, Віцебскага гаркамаў, Магілёўскага абкама камсамола і ў 1954–1957 гадах – другім сакратаром ЦК ЛКСМБ.

Важаком камсамоліі Беларусі Г. Крывулін быў на працягу двух гадоў, з 1957 па 1959, пасля чаго яго змяніў Леў Максімаў. У Беларусь на пасаду першага сакратара ЦК ЛКСМБ ён вярнуўся з Масквы, дзе працаваў у ЦК ВЛКСМ намеснікам загадчыка аддзела камсамольскіх органаў па саюзных рэспубліках. Пачынаў жа сваю працоўную дзейнасць у 1952 годзе інструктарам Мінскага абкама, затым быў пераведзены ў Мінск, дзе прайшоў працоўны шлях ад сакратара да другога, а потым і першага сакратара гаркама камсамола. Першым сакратаром ЦК ЛКСМБ Леў Георгіевіч быў з 1959 па 1964 год. Пасля завяршэння камсамольскай кар'еры Л. Максімаў працаваў намеснікам пракурора, пракурорам Беларусі, начальнікам Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку, старшынёй Дзяржкамітэта Беларускай ССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі, кіраўніком спраў Савета Міністраў БССР, як кандыдат гістарычных навук займаўся вывучэннем беларускай мінуўшчыны ў Акадэміі навук…

Наступныя шэсць гадоў, з 1964 па 1970, першым сакратаром ЦК ЛКСМБ быў Генадзь Жабіцкі. Сваю камсамольскую дзейнасць ён пачынаў на бацькаўшчыне, у гарадскім пасёлку Багушэўск Віцебскай вобласці. У 1955–1964 гадах месцам яго працы быў Магілёўскі абкам ЛКСМБ, дзе ён займаў пасады сакратара і другога сакратара. 14 верасня 1964 года камсамольцы Беларусі абралі яго сваім лідарам. Пасля камсамольскага юнацтва Генадзь Мікалаевіч пэўны час працаваў у апараце ЦК КПБ, а затым у 1978–1984 гадах узначальваў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Уладзімір Падрэз у 1970 годзе змяніў на пасадзе першага сакратара ЦК ЛКСМБ Генадзя Жабіцкага. Да свайго абрання ён працаваў другім сакратаром рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі. Працоўны шлях У. Падрэза таксама пачынаўся на малой радзіме, у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, дзе ён спачатку выкладаў матэматыку ў адной са школ, а затым, у 1958 годзе, перайшоў на працу ў мясцовы райкам камсамола, быў абраны сакратаром, а пасля і першым сакратаром. У 1960–1966 гадах У. Падрэз – ужо сакратар, а з цягам часу і першы сакратар Віцебскага абкама камсамола. У 1966 годзе лідара віцебскай абласной камсамольскай арганізацыі перавялі ў Маскву і прызначылі намеснікам загадчыка аддзела камсамольскіх органаў ЦК ВЛКСМ. З гэтай пасады Уладзімір Іосіфавіч праз тры гады вярнуўся ў Беларусь, дзе зусім кароткі час працаваў другім сакратаром ЦК ЛКСМБ. У сакавіку 1974 года У. Падрэз здаў свае камсамольскія паўнамоцтвы і перайшоў на працу у ЦК КПБ, дзе займаў пасаду першага намесніка загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. Затым ён працаваў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайн пры Савеце Міністраў БССР, намеснікам начальніка Мінскай вышэйшай школы МУС СССР па палітыка-выхаваўчай рабоце. У 1999 годзе перайшоў на работу ў Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе загадваў аддзелам навуковага абагульнення і выпуску інфармацыйных матэрыялаў.

Першы сакратар ЦК ЛКСМБ Уладзімір Падрэз уручае камсамольскую пуцёўку камсамольцу Ф. Сідараву. 1973 год
Першы сакратар ЦК ЛКСМБ Уладзімір Падрэз уручае камсамольскую пуцёўку камсамольцу Ф. Сідараву. 1973 год

Даволі ўнушальнай з'яўляецца камсамольская старонка ў біяграфіі вядомага савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, беларускага дыпламата Уладзіміра Грыгор'ева, які, між тым, займаў пасаду першага сакратара ЦК ЛКСМБ зусім непрацяглы адрэзак часу – менш за год. У 1959 годзе яму, літаратурнаму супрацоўніку Касцюковіцкай раённай газеты "Сцяг камунізму", прапанавалі перайсці на працу ў мясцовы райкам камсамола. Грыгор'еў быў абраны сакратаром, а праз год стаў першым сакратаром. Затым трапіў на Магілёўшчыну, дзе прайшоў шлях ад інструктара, загадчыка аддзела да другога і першага сакратара абкама ЛКСМБ. У 1970 годзе Уладзімір Віктаравіч быў абраны сакратаром ЦК ЛКСМБ, а яшчэ праз два гады яго перавялі на работу ў Маскву. З пасады загадчыка аддзела сельскай моладзі ЦК ВЛКСМ у 1974 годзе ён вярнуўся ў Мінск, каб узначаліць рэспубліканскую камсамольскую арганізацыю. Але на чале ЦК ЛКСМБ затрымаўся нядоўга: у тым жа годзе быў абраны сакратаром ЦК ВЛКСМ і працаваў ім да 1980 года. Падчас наступнага вяртання ў Беларусь займаў кіруючыя пасады ў Брэсцкім абкаме партыі, потым у Брэсцкім аблвыканкаме. У 1985 годзе У. Грыгор'еў зноў працуе ў Маскве, інспектарам аддзела арганізацыйна-партыйнай работы ЦК КПСС. А праз год у яго біяграфіі адбылося трэцяе па ліку вяртанне на радзіму – у 1986–1991 гадах ён першы сакратар Віцебскага абкама КПБ, старшыня Віцебскага аблсавета народных дэпутатаў. З 1997 па 2006 год быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.

На змену У. Грыгор'еву ў 1974 годзе прыйшоў Вячаслаў Радомскі. Ён працаваў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ два наступныя гады. У 1976 годзе новым лідарам беларускага камсамола амаль на пяць гадоў стаў Канстанцін Платонаў, які да гэтага прайшоў шлях ад першага сакратара Чыгуначнага райкама горада Віцебска, Віцебскага гаркама і абкама камсамола спачатку да сакратара, потым – другога сакратара ЦК ЛКСМБ.

У алімпійскім 1980 годзе беларускія камсамольцы абралі новага важака. Ім стаў Уладзімір Шаплыка, які да гэтага працаваў сакратаром ЦК ЛКСМБ, першым сакратаром Гомельскага абкама і Калінкавіцкага райкама камсамола. У 1983 годзе Уладзімір Паўлавіч пакінуў пасаду, але канчаткова не развітаўся са сваёй камсамольскай маладосцю – праз два гады ён быў абраны сакратаром ЦК ВЛКСМ і працаваў да 1987 года.

Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў уручае Памятны сцяг ЦК Кампартыі Беларусі рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі ў гонар 60-годдзя ЛКСМБ. Верасень 1980 года
Першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў уручае Памятны сцяг ЦК Кампартыі Беларусі рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі ў гонар 60-годдзя ЛКСМБ. Верасень 1980 года

Пасля Уладзіміра Шаплыкі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ упершыню ў гісторыі беларускай рэспубліканскай камсамольскай арганізацыі стала жанчына – Ніна Мазай. У багатай на падзеі біяграфіі Ніны Мікалаеўны камсамол, якому яна прысвяціла адзінаццаць гадоў, з 1974 па 1985, – асаблівая старонка. Да сваёй першай высокай, рэспубліканскага ўзроўню, пасады Н. Мазай крочыла па прыступках ад Жабінкаўскага райкама камсамола, дзе працавала другім і першым сакратаром. Потым яна ўзначальвала Брэсцкі абкам ЛКСМБ. Камсамольская загартоўка дапамагала ёй у далейшай службовай кар'еры: і ў гады працы намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР, а затым і Рэспублікі Беларусь, і тады, калі была пастаянным прадстаўніком нашай краіны пры ЮНЕСКА, і падчас службы беларускім паслом у шэрагу краін – Францыі, Іспаніі, Канадзе, і на пасадзе намесніка міністра замежных спраў Беларусі...

На самым пачатку так званай перабудовы, у 1985 годзе, першым сакратаром ЦК ЛКСМБ стаў Васіль Гурын, якога ў 1989 годзе змяніў Уладзімір Кудлаш. На жаль, лёс паставіўся да іх не вельмі спагадліва: абодва пакінулі гэты свет у даволі маладым узросце. Тым не менш іх след у гісторыі беларускага камсамола застаецца дастаткова прыкметным.

У канцы кастрычніка 1990 года адбыўся ХХІХ з'езд ЛКСМБ. У многім агульнарэспубліканскі маладзёжны форум аказаўся лёсавызначальным для камсамольскай сям'і Беларусі. Удзельнікі з'езда большасцю галасоў прынялі новы статут ЛКСМБ, прагаласаваўшы пры гэтым за выключэнне нормы аб арыентацыі камсамола ў сваіх дзеяннях на Камуністычную партыю і згадак пра ленінска-камуністычную ідэалогію. Вырашалася на з'ездзе і арганізацыйнае пытанне: першы сакратар ЦК ЛКСМБ Уладзімір Кудлаш, выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, абвясціў, што пакідае сваю пасаду на карысць дэпутацкай дзейнасці. На вакантнае месца вызначыліся два патэнцыяльныя прэтэндэнты – сакратары ЦК камсамола Аляксей Крыўдзенка і Канстанцін Астрынскі. Выбары ці не ўпершыню за ўсю гісторыю беларускага камсамола праводзіліся на альтэрнатыўнай аснове, і ў выніку тайнага галасавання перавагу ў некалькі дзясяткаў галасоў атрымаў А. Крыўдзенка. Ён узначальваў ЦК ЛКСМБ на працягу трынаццаці месяцаў і па волі лёсу аказаўся апошнім лідарам камсамола Беларусі: у снежні 1991 года адбыўся ХХХ з'езд ЛКСМБ, на якім большасцю галасоў было прынята рашэнне аб змене назвы арганізацыі. Згодна з ім, пераемнікам Ленінскага камуністычна­га саюза моладзі Беларусі стаў Саюз моладзі Беларусі – цяперашні Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Варта зазначыць, што адразу ж пасля ХХХ з'езда камсамола Беларусі групай актывістаў, нязгодных з яго галоўным рашэннем, быў створаны Рэспубліканскі камітэт за адраджэнне ЛКСМБ. І хоць у лютым 1992 года ім удалося арганізаваць і правесці ХХХІ (устаноўчы) з'езд камсамола Беларусі, але ідэі, мэты і задачы "новага ЛКСМБ" не атрымалі шырокай падтрымкі ў маладзёжным асяроддзі нашай краіны.

ДАРЭЧЫ

Першай назвай беларускага камсамола афіцыйна лічыцца Камуністычны саюз моладзі Беларусі (КСМБ), але ў дакументах 1918 года сустракаецца і абрэвіятура РКСМБ – Расійскі камуністычны саюз моладзі Беларусі. У лютым 1919 года ў сувязі з аб'яднаннем Беларусі і Літвы ў Літоўска-Беларускую ССР іх камсамольскія арганізацыі былі аб'яднаны ў Камуністычны саюз моладзі Літвы і Беларусі (КСМЛіБ). Ён спыніў сваё існаванне ў другой палове 1920 года, калі Літоўска-Беларуская ССР перастала існаваць. У чэрвені 1924 года на з'ездзе камсамола КСМБ быў перайменаваны ў ЛКСМБ – Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі.

У 1920–1930-я гады днём стварэння камсамола Беларусі лічылася 15 снежня 1918 года – дата арганізацыйнага афармлення Мінскай гарадской камсамольскай арганізацыі. Аднак ЦК КП(б)Б не згадзіўся з тым, што КСМБ створаны раней за Кампартыю Беларусі (30 снежня 1918 года). Тады і была абвешчана новая дата 24 верасня 1920 года – дзень адкрыцця Першага Усебеларускага з'езда КСМБ. Але ў 1991 годзе Трэці пленум ЦК ЛКСМБ устанавіў іншую дату заснавання камсамола Беларусі – 25 снежня 1918 года – дзень адкрыцця ў Смаленску з'езда маладзёжных арганізацый Заходняй камуны.

Пасля далучэння ў 1921 годзе да Польшчы тэрыторыі Заходняй Беларусі існаваўшыя там камсамольскія арганізацыі вымушаны былі пайсці ў падполле. У студзені 1924 года на іх аснове быў створаны Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Цэнтральны камітэт арганізацыі тады ўзначаліў прадстаўнік камсамола Польшчы І. Унгер, але ў чэрвені 1924 года сакратаром ЦК КСМЗБ стала В. Харужая. Дзейнасць камсамола Заходняй Беларусі была спынена ў 1938 годзе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі акупіраванай Беларусі дзейнічала 10 абласных, 214 гарадскіх, раённых і міжраённых камітэтаў ЛКСМБ. У партызанскіх фарміраваннях камсамольцы і моладзь да 30 гадоў складалі 52 % асабовага саставу.

Пачынаючы з 1950-х гадоў ЛКСМБ вёў шэфства над усімі самымі важнымі новабудоўлямі Беларусі. Камсамольскімі будоўлямі было абвешчана ўзвядзенне Васілевіцкай, Бярозаўскай і Лукомскай электрастанцый, завода штучнага валакна ў Светлагорску, Наваполацкага і Мазырскага нафтаперапрацоўчых заводаў, хімкамбінатаў у Гомелі, Гродне і Наваполацку, Беларускага шыннага камбіната ў Бабруйску, Магілёўскага камбіната сінтэтычных валокнаў, Баранавіцкага баваўнянага і Салігорскага калійнага камбінатаў.

Сяргей ЖОЛУД,

"Беларуская думка"

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://belta.by/society/view/znitavany-gistoryjaj-shljah-319582-2018/
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2024 гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера. - 2024