Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Онлайн-конференция
26 сентября 2013, 15:00

Театральное меню должно быть разнообразным

Николай Пинигин является художественным руководителем Купаловского театра с 2009 года. Под его руководством только за последние два года Купаловский получил семь статуэток Национальной театральной премии. Ежегодно театр выпускает три премьеры на большой сцене. Труппа с успехом гастролирует в Европе: Лондон, Барселона, Мадрид, Варшава, Париж. В 2012 году спектакль "Офис" завоевал первое место на молодежном театральном форуме стран СНГ. А в сентябре этого года постановка "Пинская шляхта" по пьесе В.Дунина-Марцинкевича отмечена Государственной премией в области литературы, искусства и архитектуры.

В творческой биографии знаменитого белорусского режиссера - работа на белорусском телевидении, в Купаловском театре, в Московском Малом театре и в парижском Courant D’Est , в Большом драматическом театре имени Г.А.Товстоногова, десятки спектаклей на самых разных сценах.

Николай Пинигин - лауреат Государственной премии Республики Беларусь (1992), Человек года Беларуси в номинации "Сцена" (1994), лауреат премии БСТД имени Е.Мировича в номинации "За лучшую режиссуру" (спектакль "Идиллия" В.Дунина-Марцинкевича), дипломант международных фестивалей в Кракове (Польша), Москве (Россия), Харькове (Украина), Братиславе (Словакия), Таллинне (Эстония), Вильнюсе (Литва).

О театре и репертуаре, авторах и критиках, о сцене и зрителях, о материальном и духовном, о жизни и о себе Николай Николаевич Пинигин расскажет во время онлайн-конференции.

Ответы будут публиковаться 25 сентября после 16.00 по мере готовности.

Вопросы конференции

Кар. БЕЛТА
Да канца 2013 года плануецца перанесці ўсе спектаклі на асноўную сцэну. Колькі пастановак ужо адаптавана пад галоўную пляцоўку? Напэўна, многае даводзіцца змяняць.
Так у нас атрымалася, што адбываецца ўсё адразу: атрымалі тэатр, зараз асвойваем сцэнічнае абсталяванне - гук, святло, механіку сцэны... І адначасова іграем спектаклі - трэба у год зыграць іх пэўную колькасць, ніхто з нас гэтых абавязкаў не здымаў. Адначасова ўводзім новыя спектаклі. Кожны месяц толькі два спектаклі можам увесці новыя. Зараз тры-чатыры новыя спектаклі ўведзеныя, яшчэ застанецца прыблізна чатыры, і будзе сфарміраваны ўвесь рэпертуар.
Дзіяна Бачанкова, Мінск
Пасля рэканструкцыі тэатр планавалася ўладкаваць самым сучасным абсталяваннем. Калі завершыцца пастаўка абсталявання, і ці задаволены Вы прапанаванымі тэатру гукавымі і асвятляльнымі сістэмамі? І як купалаўцы абжываюць абноўлены будынак тэатра?
Мы задаволеныя тым, што было ўнесена ў праграму нашага абсталявання, задаволены якасцю. Іншая справа, што ў нас не ўсё яшчэ ёсць са святла і з гуку. Нашы супрацоўнікі толькі пачынаюць асвойваць новае абсталяванне, і фірмы-вытворцы яшчэ не навучылі нас, як на ім працаваць. Гэта не найлепшы для мяне сцэнарый, але іншага выхаду няма.
Марголина Ксения
Николай Николаевич, как в театре распределяются роли в постановках и как долго длится над ними работа?
Гэта цяжкі працэс. Мы павінны зразумець, хто лепш падыходзіць для ролі з тых, хто ёсць у трупе. Увогуле, гэта рэжысёр выбірае, з кім ен хоча працаваць, аднак разам з тым ен павінен улічваць, каб адна праца на другую не накладвалася. Ну, а гэта ўжо тэхнічная праца.
Артур, Мінск
Творчасць якіх сучасных беларускіх драматургаў вы маглі б вылучыць? І ці плануеце папоўніць рэпертуар тэатра спектаклямі паводле іх п’ес?

Я ўжо казаў, што гэта Зміцер Багаслаўскі. Яшчэ мы супрацоўнічаем с Юліяй Чарняўскай. У гэтым сезоне і ў наступным. Рабочая назва п’есы - "Сірожа". Гэта сучасная беларуская п’еса, я дамовіўся з драматургам пра гэту ідэю, але не буду расказваць падрабязнасцей.

Не выключаю, что іншыя з’явяцца маладыя аўтары, тэатр адкрыты для іх. Аднак гэта не азначае, что ўсе яны будуць ставіцца ў Купалаўскім тэатры, таму што перш за ўсё я як мастацкі кіраўнік думаю пра тое, что патрэбна тэатру менавіта сёння, а ні ўчора ці пазаўчора. Калі гэта супадае з маім уяўленнем аб сучаснай беларускай драматургіі - канешне, будзем ставіць. Падкрэсліваю: мы адкрыты для ўсіх маладых, прыходзьце, прыносьце свае працы - будзем іх разглядаць.

Эдуард Акуліч, Слуцк
Ці дазваляеце вы акцёрам здымацца ў кіно? І ці хацелі б паспрабаваць самі зняць фільм? Дзякуй.
Была такая ідэя зняць "Каласы пад сярпом тваім". Гэта сур’ёзны фінансавы праект. Ён мог бы быць нацыянальным праектам, але мне трэба было яшчэ і на год сысці з тэатра. Гэта складаная рэч. Я ўсіх артыстаў адпускаю здымацца, таму што на сённяшні дзень мы - драматычны гурток пры кінастудыі ці пры рэкламных агенцтвах. На тыя заробкі, якія атрымліваюць нашы артысты, жыць немагчыма, таму яны бясконца працуюць дзесьці яшчэ. Я гэта падтрымліваю, адмяняю рэпетыцыі. Гэта выключна фінансавая праблема.
Моластава Таццяна, Мінск
Добры дзень! Якія прэм’еры рыхтуе Купалаўскі тэатр у новым сезоне? Чула, што адна з пастановак - сучаснага беларускага аўтара.
Першая прэм'ера гэтага сезона (адбудзецца прыблізна ў студзені) рыхтуецца па матывах твора Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Таксама да нас запрошаны рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Анатоль Праўдзін, ён будзе рабіць "Дон Жуана" Мальера. Мы даўно не звярталіся да сусветнай класікі, але гэта неабходна тэатру. І напрыканцы сезона мы выпусцім спектакль па п'есе сучаснага беларускага драматурга Зміцера Багаслаўскага. Пакуль няма беларускай версіі назвы, але ў рускім варыянце п'еса называецца "Тихий шорох уходящих шагов". Гэта цудоўная сур'езная п'еса. На жаль, зараз у нас малая сцэна таксама ідзе пад рэканструкцыю, ужо ёсць праект малой сцэны - там дзе яна і была на Энгельса, але год, а можа яшчэ і больш, рэканструкцыя будзе доўжыцца. Таму мы спектаклі малой сцэны спрабуем іграць на іншых пляцоўках, але новыя спектаклі ствараць на малой сцэне ўжо не можам. Такім чынам, тры новыя пастаноўкі пакажам у гэтым сезоне.
Ала Кудзелкіна
Больш за дзесяць гадоў Вы былі рэжысёрам у пецярбургскім Вялікім драматычным тэатры імя Г.А.Таўстаногава, стажыраваліся ў Маскве і Парыжы. Ці ёсць кардынальныя адрозненні ў рабоце з беларускімі акцёрамі і акцёрамі з іншых краін? Дзе працаваць цікавей і лягчэй?
 Лягчэй у Мінску ўсё ж такі. Я пачынаў у Купалаўскім тэатры, працаваў у ім з 85-га года. Ведаю трупу, мяне тут ведаюць. Дома і сцены дапамагаюць. Але ўсё ж такі артысты паўсюль аднолькавыя. Калі ты іх зацікавіш, то і праца будзе добрая.

Мне давялося працаваць з Алісай Фрэйндліх, Алегам Басілашвілі, Кірылам Лаўровым, Васілём Ланавым. Калі Уладзіміру Зельдзіну было 80 год, я ставіў для яго юбілейны фестываль. Зараз яму 97 прыблізна і, думаю, ён рыхтуецца 100-годдзе адзначаць, яшчэ кагосьці будзе запрашаць.

Так, давялося з сур’ёзнымі артыстамі працаваць, але я лічу, што ў Купалаўскім вельмі сур’ёзная трупа, цікавая, жывая.
В.Г. Пятроў, Гомель
Раскажыце, калі ласка, пра школу акцёрскага, рэжысёрскага і аператарскага майстэрства, якая адкрываецца на малой сцэне.
Мы зараз толькі спрабуем гэтым займацца. Справа ў тым, што пры тэатры мы спрабуем стварыць такую школу - акцёрскую, рэжысёрскую і аператарскую. Там ёсць накірункі: тэлебачанне, кіно і тэатр. Мы хацелі б, каб нашы артысты выкладалі пэўныя дысцыпліны. Гэта быў бы заробак для артыстаў, хаця б сціплы. Пад крылом тэатра пачне працаваць такая ўстанова. Я не ведаю, чым гэта скончыцца, але ва ўсялякім выпадку мы паспрабуем зрабіць такі першы крок. Можа, хтосьці з гэтых навучэнцаў зацікавіцца і потым пойдзе вучыцца ў Акадэмію мастацтваў. Такі намер ёсць, што з гэтага атрымаецца, пакуль што не ведаю.
Транчук Кацярына
У 2014 годзе ў Мінску пройдзе міжнародны тэатральны фестываль "Панарама". Ужо вядома, калектывы з якіх краін прыедуць на форум і на якіх пляцоўках пройдуць спектаклі?
Так, фестываль пройдзе ў красавіку 2014 года. Зараз узгадняецца яго праграма. Пляцоўка будзе наша, адноўленая, аднак я не выключаю, што будуць яшчэ задзейнічаны іншыя арэндныя пляцоўкі. Плануецца шмат новых спектакляў з Румыніі, Францыі, Германіі, Расіі, Літвы. Зараз не магу канчаткова назваць праграму. Мы толькі пачынаем яе ствараць, і ўжо ёсць папярэднія дамоўленасці. Лічу, што праграму можна агучваць, калі падпісаны кантракты з усімі ўдзельнікамі. У нас практыка такая, што мы пачынаем ствараць фестываль, а потым падцягваецца фінансаванне, усё залежыць ад гэтага. Добры форум зрабіць не цяжка, усё залежыць ад таго, колькі ў цябе ёсць грошай, таму што трэба плаціць прыезджым калектывам.
Генадзь, Мінск
Мікалай Мікалаевіч, не так даўно міністр культуры Беларусі паведаміў, што з 2014 года ў Купалаўскім тэатры будуць прымацца меры па павелічэнню ўласных даходаў, каб знізіць бюджэтнае фінансаванне. Ці азначае гэта, што білеты ў любімы многімі пакаленнямі мінчан тэатр падаражэюць?
Ідэю дзяржавы я разумею, але, каб перайсці на гэту сістэму самафінансавання, білеты павінны каштаваць мільён прыблізна, а можа, у іншых выпадках і 1,5 мільёна беларускіх рублёў. Гэта азначае, што зала будзе пустая. Увогуле, я хачу сказаць, што ў цэлым свеце драматычныя тэатры фінансуюцца або дзяржавай, або недзяржаўнымі сродкамі. Але для апошняга неабходна ствараць умовы. Напрыклад, зніжаць падатковую нагрузку на бізнес. Трэба ствараць вельмі сур’ёзную сістэму недзяржаўнай падтрымкі тэатра.

Тэатр – гэта не шоу. Толькі мюзіклы ў Лондане, Берліне, Парыжы могуць акупляцца, таму што гэта бізнес. Людзі 20 гадоў запар іграюць адзін і той жа мюзікл, дзе білеты каштуюць, напрыклад у Лондане, 100-200 фунтаў. Гэта бізнес, а ўсе сур’ёзныя драматычныя тэатры маюць ці значную дзяржаўную падтрымку, ці недзяржаўную, але для гэтага, паўтаруся, павінна быць створана сур’ёзная сістэма.
Андрэй Аляксандравіч, Гродна
На беларускай зямлі праходзіць даволі шмат тэатральных форумаў і фестываляў самага рознага маштабу, у тым ліку міжнародных. Як вы ацэньваеце іх узровень? Што яны даюць беларускаму тэатру? Ці варта нам раўняцца на заходнія фестывалі?
Па ўсім свеце вельмі шмат тэатральных фестываляў, што з’яўляецца цудоўнай практыкай. У нас фестываляў не дастаткова. А такія форумы важны для грамадства ўвогуле, не толькі для людзей, якія любяць тэатр.

У нас ёсць фестывалі "Белая вежа", М@rt.кантакт, "Панарама", "ТЭАРТ", на якія з'язджаюцца лепшыя калектывы. Тэатр - гэта частка свядомасці грамадства, нават мастацкая форма пэўнай свядомасці. Няўжо не цікава людзям паглядзець, чым, напрыклад, жыве Еўропа ці блізкае і далёкае замежжа? Гэта ж экслюзіўная рэч, жывы непасрэдны кантакт чалавека і артыста, калі гледачы ў зале адчуваюць подых артыста, абмен ідэямі, стылямі і формамі. Гэта не тэлебачанне і не кіно.

Думаю, что такія фестывалі, як, напрыклад, "Панарама", падштурхоўваюць нас быць больш сучаснымі, больш канкурэнтаздольнымі. І гэта цудоўна.
Анатолий, Молодечно
Сейчас очень модно делать ремейки фильмов и театральных постановок. На ваш взгляд, уместно ли это? Ведь зачастую новые версии хуже предыдущих, и зрителю хочется посмотреть пьесу или фильм в первоначальном варианте. В этой связи как вы лично оцениваете обновленную "Павлинку", премьера которой состоялась весной в стенах открытого после реконструкции театра? Оправдано ли было решение заменить практически всех актеров? Как реагирует публика на постановку?
Адноўленая “Паўлінка”... Я сам рабіў гэта аднаўленне, і яно заключаецца ў тым, што былі новыя касцюмы пашыты, адноўлены дэкарацыі, заменены склад артыстаў амаль што цалкам. Разумееце, людзям уласціва не маладзець. Калі маці Паўлінкі іграе актрыса, якой за 70 гадоў, напрыклад, а Паўлінцы пад 40 прыблізна - гэта не зусім правільна. Канешне, замянілі Паўлінку. Гэта натуральная з’ява. Я не ўмешваўся ў рэжысуру Льва Ліцвінава, я не лічу гэта магчымым, таму што гэта спектакль-музей. Уся яго прыгажосць у тым, что гэта спектакль свайго часу - у такіх дэкарацыях і касцюмах, прыбліжаных да беларускага быту пачатку 20 стагоддзя. Таму тое, што з’явілася - не новая версія “Паўлінкі”, а проста аднаўленне дэкарацый і акцёрскага складу. Спектакль ідзе з 44-га года. Я думаю, мы амаль адзіны тэатр, які трымае так доўга адзін і той жа спектакль.

Наконт рымейкаў… Я ніколі такога не рабіў. У 50-я гады была цудоўная румынская п’еса “Безымянная зорка”, паводле якой з’явіўся фільм з Вярцінскай і Касталеўскім. Але спачатку была п’еса. У свой час я ставіў гэту п’есу са студэнтамі ў Тэатральнай акадэміі. Ці лічыць гэта рымейкам у адносінах да фільма, ці гэта ўсё ж такі аўтэнтычная п’еса, якую ніхто не забараняе іграць? Я рымейкаў не раблю, тым больш па знакамітых фільмах.
Андрэй, Мінск
Ці ўдаецца тэатру прыцягваць прыватныя інвестыцыі? Ці ёсць у Беларусі мецэнаты, гатовыя ўкладаць грошы ў мастацтва?
Мецэнат, які захоча ўкладаць грошы ў мастацтва, павінен ведаць, па-першае, што ніхто не будзе перашкаджаць гэта рабіць. Па-другое, павінны пэўныя законы існаваць. Людзі павінны быць упэўнены, што дзяржава зацікаўлена ў гэтай падтрымцы. Сігнал павінен быць вельмі сур’ёзны. Мы спрабуем зараз стварыць апякунскую раду ў тэатры. Гэта першы крок, але ў нас пакуль што няма фундаменту ў заканадаўчай сферы, каб гэтым займацца.
Артур Добрушаў
Мікалай Мікалаевіч, ці згодны вы з меркаваннем многіх вашых калег аб тым, што ў Беларусі адбываецца дэградацыя акцёрскай школы, што выпускнікі нашай акадэміі мастацтваў неканкурэнтаздольныя? Як вы асабіста падбіраеце акцёраў? Дзякуй.
Я сам выкладаю вось ужо трэці год, у мяне рэжысёрскі курс. З усімі дыпломнымі курсамі я знаёмлюся падчас вучобы, і мы імкнёмся браць да сябе лепшых артыстаў, наколькі гэта магчыма. Наконт дэградацыі - разумееце, справа ў тым, што ёсць таленавітыя людзі, на якіх не ўплывае ні час, ні сітуацыя, ні маленькія заробкі, таму яны заўсёды будуць таленавітыя. У такога чалавека так працуе мозг, што ён не можа быць, напрыклад, матэматыкам, фізікам ці вайскоўцам, ён будзе артыстам ці рэжысёрам. Але справа ў тым, што спачатку ідзе эканоміка, а потым мастацтва, спачатку фундамент, а потым усё іншае. Малады чалавек павінен зразумець, якая ў яго ёсць перспектыва. Зараз няма набору сур'ёзнага ні на акцёрскі, ні на рэжысёрскі факультэты, ніхто не хоча туды ісці. Вось у чым я бачу сур'езную праблему. Калі вы разумееце, што зробіце кар'еру і будзеце нармальна жыць, гэта можа стаць прафесіяй. Зараз гэта прафесіяй не з'яўляецца, хутчэй за ўсё гэта выключэнне. А таленавітыя людзі, безумоўна, ёсць.
Дзядзюля Ірына
28 верасня пачынаецца форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ", у эксперыментальнай праграме якога заяўлены беларуска-расійскі спектакль "Ціхі шоргат адыходзячых крокаў" паводле п'есы беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы рэжысёра з Кыргызстана. Гэту ж п'есу ставіце на сваёй сцэне і вы. Ці збіраецца Купалаўскі тэатр ў будучым удзельнічаць у гэтым форуме?
Не ведаю. Па-першае, каб удзельнічаць у чым-небудзь, спачатку трэба нас запрасіць. Па-другое, я бачыў гэты спектакль. Артысты цудоўна працуюць. Разумееце, канкурэнтаў у тэатры не бывае. У тым сэнсе, што кожны рэжысёр і артыст па-свойму чытаюць тую ці іншую п'есу. Тое, што два тэатры ўзялі п'есу, сведчыць пра яе цудоўнасць.
Сцяпан Разумоўскі
Паважаны Мікалай Мікалаевіч! З’яўляюся вашым паклоннікам і бясконца паважаю вас. На жаль, асабістае жыцццё куміраў, як правіла, застаецца за кадрам. Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
Я не эстрадная зорка, каб расказваць пра сваю сям'ю. Жанаты, у мяне цудоўная жонка, мой сябр. Адна мая дачка - мастак па касцюмах у Маскве, скончыла Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі. Зараз я ўжо дзядуля, у Маскве ў мяне ёсць ужо ўнук. Малодшая дачка вучыцца на першым курсе былога палітэха. Сын працуе аператарам у розных тэлевізійных кампаніях.
Ирина Александровна, поклонница
Здравствуйте, Николай Николаевич! Вы поставили более полусотни спектаклей. Какие из них самые любимые, ценные для вас лично? У каждого режиссера есть своя заветная мечта. Вы свою уже осуществили?
Лепшы спектакль той, што наперадзе. Спектакль супадае з тым часам, у якім ты жывеш. Іншым разам ты глядзіш на свае мінулыя працы і думаеш, што зараз бы такое ніколі не паставіў. Што датычыцца самых любімых - былі больш удалыя, былі менш удалыя. Гэта не мае для мяне асаблівага значэння.
Іна Мікалаеўна, Мінск
Зусім нядаўна, летам, на беларускім тэлебачанні адбылася прэм’ера дакументальнага фільма "Мікалай Пінігін. Мяне няма". Раскажыце, калі ласка, што для вас значыць гэта работа. І яшчэ адно пытанне. Чаму, на ваш погляд, у Беларусі вельмі мала ствараюць праграм, фільмаў пра нашых выдатных сучаснікаў? У адрозненне ад Расіі, дзе практычна кожны дзень як мінімум на адным з тэлеканалаў або дакументальны фільм, або ток-шоу, або перадача прысвечаны таму ці іншаму таленавітаму чалавеку. І яны выклікаюць вялікую цікавасць у гледачоў. Беларускаму гледачу, упэўнена, было б вельмі цікава больш даведацца пра нашых, беларускіх талентаў.
Зараз пачаў працаваць канал "Беларусь 3". Дзякуй богу, што гэта ўвогуле адбылося, і дзякуй усім тым, хто да гэтага меў дачыненне. Асабліва трэба адзначыць Генадзя Давыдзьку - нашага былога дырэктара. На гэтым канале шмат матэрыялаў па культуры, шмат фільмаў, таксама там дэманстравалі і нашы спектаклі. Але каналу патрэбна фінансаванне, пакуль з гэтым ёсць праблемы. Што датычыцца фільма, гэта, на маю думку, дзіўнаватае кіно. Калі ж весці гаворку пра беларускія таленты, у нас, канечне, ёсць шмат цікавых людзей у кожнай галіне мастацтва, шмат людзей, якімі можна ганарыцца. Але сёння, я думаю, мы больш ведаем замежных артыстаў, чым сваіх. А сваіх талентаў трэба ведаць, трэба ганарыцца людзьмі, якія ствараюць нацыянальную культуру, навуку і іншае. Калі нацыя ўшаноўвае сваіх творцаў, гэта становіцца паступовымі крокамі стварэння нацыянальнай дзяржавы.
Анжаліка, Брэст
Як Вы лічыце, у чым галоўная задача нацыянальнага тэатра? Дзякуй.
Задача нацыянальнага тэатра для мяне гучыць так. Беларусь у тым варыянце, як зараз існуе дзяржава, - вельмі маладая краіна. Вельмі важная задача тэатра ў тым, каб займацца свядомасцю беларусаў, каб нацыя стала нацыяй. А для гэтага патрэбна ведаць сваю гісторыю, нацыянальных геніяў, ставіць якасную літаратуру ў тэатры. Людзі будуць хадзіць не толькі выключна на "Паўлінку", таму што гэта ў школе праходзяць, а яшчэ і на іншыя нашы спектаклі і разумець, што ў гэтым тэатры будзе весціся сур'ёзная размова пра нашу гісторыю, менталітэт, пра тое, хто мы, адкуль мы і куды мы крочым. Вось гэта вельмі важна. Калі людзі будуць адчуваць неабходнасць у такой размове, думаю, што наша задача будзе выканана.

Трэба ведаць, што калісьці была шляхта, сеймы. Дзяржаўныя канструкцыі могуць мяняцца. Аўстра-Венгрыі і Рымскай імперыі няма, але этнасы існуюць на гэтых землях, яны засвойваюць у сябе ўсё, што адбывалася да гэтага. Ствараецца такі дзіўны мікст пад назвай дзяржава. Гэта цудоўна, што мы будзем ведаць і польскую, і рускую, і беларускую мову, гэта толькі ўзбагачае этнас, культуру, народ.

Трэба не адштурхоўвацца, а браць лепшае, што было, і не паўтараць памылак. На нацыянальны тэатр ускладаецца сур'ёзная місія. Не ведаю, ці адпавядаем мы ёй. Калі мы трапляем у гэту нішу, я вельмі рады, калі не - шкада.
Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://belta.by/onlineconference/view/teatralnoe-menju-dolzhno-byt-raznoobraznym-650/
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2024 гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера. - 2024