Калейдоскоп
28 октября 2024, 18:15
"Тры таварыша" Рэмарка па-беларуску і не толькі. Цікавыя свежыя выданні на розны густ
Мінула лета, але, спадзяюся, жаданне гартаць друкаваныя старонкі, зачытвацца новымі творамі, адкрываючы для сябе невядомы і загадкавы свет, застаецца такім жа нястрымным і гарачым. Што ж, не будзем губляць каштоўныя вольныя хвіліны - трымайце арыенціроўкі на кніжныя навінкі, якія без праблем знойдзеце ў кнігарні ці бібліятэцы.
У выдавецтве БЕЛТА пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі выйшла кніга
"Суперпозиция. Параллельные миры". Прэзентацыя яе адбылася ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.
Выданне створана паводле матываў вядомай белтаўскай выставы "Параллельные миры". На плакатах экспазіцыі адлюстраваны два светы: свет дзяржавы - стварэння і развіцця, і свет апазіцыі - разбурэння і дэградацыі. Аўтар тэкстаў - кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕсооМ, член навукова-экспертнай групы пры Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Беларусі Сяргей Мусіенка. Яго разважанні і высновы заснаваны на фактах і статыстыцы розных гадоў і, што асабліва прыцягальна, прапушчаны праз уласны перажыты вопыт.
У кнізе прадстаўлены матэрыялы з прэсы сярэдзіны 1990-х гадоў, як дзяржаўнай, так і апазіцыйнай, якіх няма ў шырокім доступе. Газетныя загалоўкі красамоўна сведчаць, чым жыла краіна на пачатку станаўлення сваёй незалежнасці, з якімі праблемамі і выклікамі сутыкаліся беларусы, як вырашала іх маладая дзяржава. "Калі мы гаворым пра суперпазіцыю, мы гаворым пра суперпазіцыю нашага Прэзідэнта. Яна ўсім вельмі добра вядомая: стварыць незалежную краіну перш за ўсё ў інтарэсах свайго народа", - адзначыла падчас прэзентацыі генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч.
Выданне можна набыць у "Акадэмкнізе" і кнігарнях "Белкнігі", тыраж абмежаваны.
У больш далёкую гісторыю, у Вялікую Айчынную вайну і ў падзеі, што звязаны з выгнаннем у 1944-м ворага з беларускай зямлі, вяртае сумесны творчы праект выдавецтва "Мастацкая літаратура" і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - выданне
"За цябе, Беларусь! Хроніка барацьбы і вызвалення (1941-1944)". Тут у храналагічным парадку адлюстраваны асноўныя гістарычныя моманты таго часу: ад вераломнага нападу гітлераўскай Германіі на СССР да поўнага вызвалення Беларусі ад захопнікаў.
У кнізе-альбоме багата ілюстрацыйнага матэрыялу - рэдкіх фотаздымкаў, выяў дакументаў, карт, плакатаў, лістовак, газетных старонак і рэпрадукцый карцін. Можна ўбачыць, напрыклад, мастацкія палотны Міхаіла Савіцкага "Віцебскія вароты", Валянціна Волкава "Мінск 3 ліпеня 1944 года". Багаты фота- і графічны кантэнт гарманічна дапаўняюць тэматычныя вершы Пімена Панчанкі, Змітрака Астапенкі, Максіма Танка, Алеся Бачылы і іншых беларускіх паэтаў, вытрымкі з лістоў вядомых дзеячаў айчыннай літаратуры. Вось што пісаў у лютым 1942-га Кузьма Чорны: "Маладзейшае пакаленне беларусаў ваюе з ворагам у радах Чырвонай Арміі, а ў той жа самы час бацькі іх ваююць з ворагам у тыле, на роднай Беларускай зямлі, з самага пачатку вайны пайшоўшы ў партызаны… Армія і народ - адно цэлае і непадзельнае. Такога адзінства яшчэ не ведае гісторыя, і ў гэтым наша перамога". Цудоўная думка, ці не так? І праз гады яна не губляе сваёй актуальнасці: наша сіла - у адзінстве!
І зноў пра вайну… Гэту страшную з’яву не як процістаянне, а як сцвярджэнне жыцця раскрываў у сваёй творчасці адзін з самых вядомых нямецкіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, прадстаўнік "страчанага пакалення" Эрых Марыя Рэмарк. Ён аўтар праўдзівых і сумленных кніг пра вайну, пісаў пра тых, хто перажыў Першую сусветную. Фашысты, калі прыйшлі да ўлады, палілі яго кнігі на плошчах, лічылі здраднікам.
Напэўна, няма чалавека, якога б не ўразілі, пакінулі раўнадушным творы Рэмарка. Увасоблены ў іх досвед страчанага пакалення дапамагае знайсці сябе і не паўтараць памылак мінулага. Чаго варты толькі цытаты з яго
"Трох таварышаў": "самае горшае, калі трэба чакаць і не можаш нічога зрабіць. Ад гэтага можна з’ехаць з глузду" і "людзі жывуць пачуццямі, а для пачуццяў абыякава, хто мае рацыю". Вядомы раман Рэмарка гэтым разам выдадзены на беларускай мове. Прынамсі, у такім перакладзе яго я не чытала і, заўважыўшы ў кнігарні, з задавальненнем пачала гартаць старонкі, выхопліваючы знаёмыя кавалкі тэксту. Кожным радком Рэмарк сцвярджае нянавісць да вайны, да жорсткасці і разбурэння. Мяркую, неверагодны поспех яго твораў у чытача па ўсім свеце абумоўлены вялікім гуманізмам, праслаўленнем такіх чалавечых каштоўнасцей, як каханне і сяброўства. Пісьменніка па-ранейшаму перакладаюць, друкуюць, экранізуюць, ставяць паводле яго твораў спектаклі.
Адразу на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай - выданне
"Традыцыйны светалад беларусаў" расказвае пра Чалавека, яго фізічны і духоўны свет, жыццёвы шлях, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, пра дзяцінства і смерць, лёс і думкі.
Выдавецтва "Беларуская навука" зрабіла ўсё, каб чарговая, трэцяя, кніга пяцітомнага выдання не расчаравала і ключавыя вобразы і канцэпты беларускай культуры сталі зразумелыя і блізкія чытачу. Увогуле кнігі тэматычнай серыі прыгожыя, іх хочацца ўзяць у рукі, яны могуць стаць добрым падарункам. Пры гэтым "Светалад…" - вельмі змястоўны, пазнавальны. Напрыклад, давайце глянем, што пішуць аўтары пра імёны: "Сучасныя беларускія імёны - гэта змененыя, трансфармаваныя паводле законаў беларускай фанетыкі і марфалогіі ў асноўным грэчаскія і лацінскія імёны. Запазычанае імя можа набываць нават некалькі варыянтаў - так, грэчаскае Пётр можа адаптоўвацца як Пятрусь, Пётра, Пятро, Пятрок, Пятрук і нават жаночы адпаведнік Пятруня. Падобная рознаварыянтнасць аднаго запазычанага імені - беларуская спецыфіка".
Жуль Верн, Фенімор Купер, Майн Рыд… Так і хочацца дадаць у гэты шэраг Янку Маўра, славутага дзіцячага пісьменніка, пачынальніка прыгодніцкага жанру ў айчыннай літаратуры. Яго пяру належыць і першы беларускі навукова-фантастычны твор "Вандраванне па зорках". Згадаем яшчэ назвы. "У краіне райскай птушкі", "Сын вады", "Палескія рабінзоны", "Слёзы Тубі", "ТВТ" - гэтымі творамі зачытвалася не адно пакаленне дзяцей ды падлеткаў. Добра, што яны ўвайшлі ў новы зборнік Янкі Маўра
"Аповесці і апавяданні". Кніжка з’явілася ў серыі "Чытай і слухай", а значыць, размешчаныя ў ёй QR-коды дапамогуць перайсці на аўдыязапісы.
Янка Маўр напісаў свае знакамітыя творы ў 1920-30-х гадах, але і сёння імі захапляюцца не толькі дзеці. У гэтым, напэўна, і заключаецца феномен яго творчасці. Ён умеў настолькі ярка і пераканаўча пісаць, што чытачу нават у галаву не прыходзіла, што ўсё гэта аўтарская прыдумка.
"Без фантазіі самы светлы розум быў бы сляпы. Чалавек бачыў бы толькі тое, што ў яго перад вачыма, да чаго ён можа дакрануцца рукою, а фантазія асвятляе шлях наперад на такую адлегласць, на якую не дасягне ніякі пражэктар. Яна дае магчымасць бачыць тое, чаго яшчэ няма…" - так разважаў пісьменнік. І не паспрачаешся.
Чытайце, фантазіруйце і… зноў чытайце!
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС.
Чытайце таксама:
Як жартавалі Купала і Колас? Пяць цікавых кніжных навінак на розны густ
"Каб цябе камары стапталі": асаблівасці беларускай лаянкі
"Абавязкова прыходзіць новы дзень". 5 кніг на беларускай мове, якія прымушаюць задумацца