Калейдоскоп
22 мая 2024, 18:51
Сола для цымбалаў. Як музычны інструмент стаў сімвалам беларускай культуры?
Хто з беларусаў не чуе сэрцам голас цымбалаў? "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць"… Бадай, немагчыма ўявіць знакамітую песню Ігара Лучанка на верш Алеся Ставера іначай, чым у тэмбры цымбалаў, хаця стваралася яна адмыслова для "Песняроў". Пераменлівыя як вецер і старадаўнія як камяні, цымбалы гучаць і ў школах, і на канцэртных пляцоўках, а калісьці былі неад’емным атрыбутам беларускіх вяселляў.
Дарэчы, Ігар Лучанок тонка адчуваў цымбалы, бо паходзіў з патомных вясковых музыкаў і ў спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі вучыўся на іх іграць, юнаком удзельнічаў у Дзяржаўным народным аркестры БССР пад кіраўніцтвам Іосіфа Жыновіча.
- У мяне заўжды пытанне пра тое, наколькі акадэмічныя і вясковыя цымбалы - адзін і той жа інструмент. Мне здаецца, гэта неба і зямля, - разважае салістка Белдзяржфілармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, загадчык кафедры струнных народных інструментаў Беларускай акадэміі музыкі кандыдат мастацтвазнаўства Вераніка Прадзед.
Гэта зграбная маладая жанчына з гарэзлівымі іскрынкамі ў чорных вачах - лідар сённяшняй беларускай цымбальнай школы. Чалавек, які шмат клапоціцца пра лёс музычнага інструмента, верыць у яго шчаслівую будучыню.
Яшчэ адна суразмоўца - Ульяна Гаўрылава, музычны кіраўнік ансамбля "Харошкі". Яна іграе і на акадэмічных, і на вясковых цымбалах, вельмі добра адчувае іх адметныя магчымасці.
- Вясковыя цымбалы ў нас ужо больш як сорак гадоў, - гаворыць яна. - Выкарыстоўваем іх у фальклорным рэпертуары, а пераважна ў канцэртнай праграме "Полацкі сшытак", заснаванай на побытавай музыцы XVII стагоддзя ў апрацоўцы С. Хвашчынскага. Вясковыя цымбалы больш багатыя паводле гучання, чым акадэмічныя. На жаль, гэты цудоўны інструмент абмежаваны ў сваіх магчымасцях.
1963 год. Іосіф Жыновіч падчас заняткаў са студэнтамі Белдзяржкансерваторыі
Гісторыя цымбалаў
Як і чаму? Уявіце фартэпіяна, у якога замест пяці чорных клавішаў у найлепшым выпадку адна, а дыяпазон як у звычайнага, "неопернага" чалавечага голасу. Што можна на такім інструменце зайграць? Хіба толькі "Саўку і Грышку" ды "Перапёлачку".
Акадэмічным цымбалам падуладна ўсё, на што здатная скрыпка, а можа, нават болей. Гэта выдатна дэманструюць маладыя музыканты, выконваючы, напрыклад, "Цыганку" Равеля ці "Інтрадукцыю і ронда капрычыёза" Сэн-Санса.
- У вясковых і акадэмічных цымбалаў зусім розны гукаідэал, - падкрэслівае Вераніка Прадзед. - Сялянскім музыкам важна было, каб гук ляцеў да суседняй вёскі і ўся ваколіца зайздросціла. Канцэртныя выканаўцы цэняць разнастайнасць гучання. Паўтары гадзіны глядач сядзіць, не танцуе, не ўдзельнічае ў дзеі, а толькі сочыць за ўсімі паваротамі музычнай драматургіі. Таму звышзадача - зрабіць так, каб ён не сумаваў.
Сучасныя цымбалы могуць здзівіць і зачараваць. Фантастычны дынамічны размах - ад piano-pianissimo (ледзь чуваць) да forte-fortissimo (100 дэцыбелаў і болей). Перайсці ад цішыні да грымот (crescendo і diminuendo) і наадварот за долі секунды, прычым на адной працяглай ноце.
"Вясковыя цымбалы больш багатыя паводле гучання, чым акадэмічныя"
Але адкуль бярэцца працягласць, калі па струне ўдараюць малаточкам? Тут і палягае галоўны фокус - дрыгаценне на доўгіх нотах, славутае цымбальнае tremolo, калі гук льецца, як шырокая паўнаводная рака. Народныя цымбалы такога не ўмеюць. Нават акультураныя ў "Харошках".
1968 год. Маэстра на адкрыцці помніка загінулым партызанам у вёсцы Пасынкі Пастаўскага раёна
Іосіф Жыновіч запазычыў гэта фірменнае цымбальнае дрыгаценне ў ксілафона. У 1930-я гады ў кансерваторыі ён папрасіўся ў студэнты да папулярнага ў той час ксілафаніста Маркоўскага. Назіраючы за яго манерай ігры, Іосіф Іосіфавіч уцяміў, што больш зручна зняць цымбалы з шыі і пакласці на падстаўку, замест якой пазней зрабілі "ногі". Такім чынам вызваляліся абедзве рукі для ўсіх тых шыкоўных выканаўчых прыёмаў, якімі Маркоўскі, а ўслед за ім і Жыновіч літаральна ашаламлялі самую патрабавальную публіку.
Зрэшты, для беларусаў ксілафон, нягледзячы на яго іншаземнае імя, - інструмент свой, родны, хоць і выпаў крыху з айчыннай традыцыі. Брусочкі - так называўся ён у вясковых яўрэйскіх музыкантаў, якія 150-200 гадоў таму вадзілі рэй на сялянскіх вяселлях. Шклоўскі клезмер Міхаіл Гузікаў на пачатку 1830-х удасканаліў інструмент, назваўшы ксілафонам, і гастраляваў з ім па еўрапейскіх сталіцах. Вядомы венскі музыказнаўца Шлёзінгер захапіўся яго талентам настолькі, што напісаў кнігу "Міхаіл Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы". На жаль, Гузікаву не пайшоў на карысць еўрапейскі клімат і ён сканаў ад сухотаў ва ўзросце 31 года. А інструмент застаўся, і сёння смела можна сказаць, што акадэмічныя цымбалы - вельмі ўдалы гібрыд вясковых цымбалаў і ксілафона.
"Якую струну ўчапіць, кароткую ці доўгую, каб, крый божа, не бразнула"
Але як гэты інструмент змог стаць сімвалам беларускай культуры? Тым болей што цымбалы існуюць тры тысячы гадоў і распаўсюджаны па ўсім свеце: ад Кітая да Егіпта, ад Грэцыі да Англіі. Прычым кітайскі музычны інструмент не надта адрозніваецца ад нашага, іначай кітайскія студэнты наўрад ці масава прыязджалі б вывучаць свае цымбалы ў Беларускую акадэмію музыкі. А вось з венгерскімі, распаўсюджанымі ў Румыніі, Малдове, Харватыі, ва Украіне, падабенства значна менш. Тыя на чатырох нагах, з металічнай рамай і педалямі. Трэба чатыры грузчыкі, каб зрушыць іх з месца. Нашы старадаўнія, як торба на скураным рамяні: накінуў на плячо, кухталі (палачкі для ігры. - Аўт.) у кішэню паклаў і пайшоў.
1958 год. На вясельных здымках музыкі заўсёды былі ў першым шэрагу, в. Замасць былога Войстамскага сельсавета Смаргонскага раёна У венгерскіх цымбалах гук глушыць цэлая сістэма дэмпфераў. У беларускіх вясковых яго прынцыпова не гасяць, а ў акадэмічных ролю дэмпфераў выконваюць далікатныя дзявочыя рукі - пераважная большасць выканаўцаў сёння жанчыны. Уся прыгажосць у непаўторным гудзенні струн, у якім чуваць шум ветру над полем, плёскат азёрнай вады, стуканне яблыневых галін у акно бацькоўскай хаты.
- Якую струну ўчапіць, кароткую ці доўгую, каб, крый божа, не бразнула, каб хораша прагучала тэма. Бо калі падчас вібрацыі чапляеш струну, бразгае абавязкова, - тлумачыць Вераніка Прадзед. - Трэба браць іншую. Гэтыя тонкасці я вылічваю да долі міліметра і скрупулёзна пазначаю "кароткая, доўгая…" і потым вучу як ноты.
Цымбалы - яўрэйскі інструмент, казала нам, студэнтам, вядомая фалькларыстка доктар мастацтвазнаўства Ларыса Касцюкавец. Старадаўняе беларускае вяселле ўвогуле абыходзілася без скокаў. Гэта была суцэльная песенная сюіта. Калі пачалі танцаваць, тут як тут з’явіліся яўрэйскія музыкі са скрыпкамі, цымбаламі і бубнамі. Тое, што яны ігралі, называлася траістай музыкай.
Цымбалы так і засталіся б сродкам заробку і забавай, але раптам…
Народжаныя рэвалюцыяй
Халодным снежаньскім днём 1922 года ў будынак Гарадскога тэатра, куды не так даўно засялілася трупа БДТ, увайшоў кучаравы хлопец з цымбаламі. Адагрэў інструмент ля печкі, настроіў і пачаў іграць. Гэта быў пятнаццацігадовы Іосіф Жыновіч - патомны вясковы музыкант з вёскі Арэшкавічы Ігуменскага павета, цяпер Блужскага сельсавета Пухавіцкага раёна.
Праслухоўванне адбывалася з пратэкцыі нейкага "аднавяскоўца". Магчыма, Уладзіміра Тэраўскага, які кіраваў музычнай часткай тэатра і надта ж цікавіўся беларускім фальклорам.
Пачатак 1920-х гадоў. Дзмітрый Захар - стваральнік сучасных цымбалаў Сярод слухачоў быў чалавек з прозвішчам Захар. Выдатны акцёр-комік, віртуоз-балалаечнік, першаадкрывальнік таленту Ларысы Александроўскай. Ён марыў стварыць беларускі калектыў накшталт Велікарускага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Васіля Андрэева. Магчыма, Захар нейкі час іграў у ім і ведаў, што патрэбна для ажыццяўлення мары.
Вядома, найперш інструменты. Андрэеў перарабіў народную балалайку, стварыўшы на яе аснове цэлае аркестравае сямейства: дыскант, прыма, альт, бас, кантрабас. Не хапіла балалайкі - прыдумаў домру, а разам з тым прыгожую байку пра тое, што нібыта гэта старажытны інструмент скамарохаў, які ён знайшоў і ўдасканаліў.
У 1913-м аркестр Андрэева зачараваў Мікалая II, а праз дзесяцігоддзе - Іосіфа Сталіна, і распачалася ў СССР мода на нацыянальныя аркестры.
У 1922-м гэты рух яшчэ толькі нараджаўся. І акурат у той самы момант перад вачыма Захара з’яўляюцца цымбалы, якія трэба было толькі крыху мадыфікаваць, каб яны ігралі ўсе патрэбныя ноты.
Як развіваліся падзеі, дакладна невядома, але ў 1923-м Жыновіча выклікалі ў Маскву на пасяджэнне Беларускай песеннай камісіі. Працавала яна пры Дзяржаўным інстытуце музычных навук СССР, членамі яе былі кампазітары Мікалай Аладаў і Аляксандр Аленін, этнограф Якаў Прохараў, хармайстар Мітрафан Пятніцкі і Сяргей Львовіч Талстой, сын пісьменніка. Старшынстваваў вядомы рускі кампазітар Міхаіл Іпалітаў-Іваноў. Ніхто з камісіі ў Беларусі не жыў і праблематыку нацыянальнай культуры не ведаў, таму зацікавілі іх не цымбалы, а асабіста Жыновіч: "Арыгінальна, цікава, музыкальна. Востра адчувае нацыянальны каларыт. Беларускі самацвет. Запішам яго ігру на кружэлку".
За дырыжорскім пультам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко - Пераўтварэнне цымбалаў у брэнд - збег акалічнасцей, - сцвярджае Вераніка Прадзед. Аднак выпадковасць, як вядома, - гэта глыбока схаваная заканамернасць. "Выпадкова" ў 1927 годзе ў Мінску гастраліравала 1-я Украінская капэла кабзароў, і гэта падштурхнула Народны камісарыят асветы БССР дзейнічаць. Калі ва ўкраінцаў кабза, дык у нас цымбалы!
"Пераўтварэнне цымбалаў у брэнд - збег акалічнасцей"
- Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Яканюк адна з першых закранула пытанне, як сацыяльны заказ паўплываў на станаўленне цымбалаў, - кажа саіскальнік кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Акадэміі музыкі, кіраўнік узорнага ансамбля цымбалістаў "Калейдаскоп" мінскай СШ № 159 Таццяна Бельмач. - Наталля Паўлаўна фактычна даказала, што адбылося гэта дзякуючы арганізацыі аркестра.
З падтрымкай ці мо нават па даручэнні ЦК КП(б)Б Захар бярэцца за працу. Мяняе канструкцыю цымбалаў і пашырае гукарад, каб на іх можна было выконваць кампазітарскую музыку. Стварае цэлае сямейства: цымбалы пікала, прыма, альт, тэнар, бас. Чарцяжы робіць сам, майстраваць даручае цымбалісту Канстанціну Сушкевічу.
Напачатку аркестр складаўся, як жартавалі, з "дванаццаці апосталаў": браты Яфім і Бенцыян Фрыдманы, Ізраіль Герман, Міхал Шчарбо, Мікалай Плашчынскі, Іосіф Ліпніцкі, Васіль Самсонаў, Ханон Шмелькін, Станіслаў Навіцкі, Канстанцін Сушкевіч, Іосіф Жыновіч. Кіраваў калектывам Дзмітрый Захар, ён быў таксама дудачнікам і кампазітарам. Напачатку рэпертуар складаўся з яго апрацовак "Лявоніхі", "Крыжачка", "Бульбы" і "Перапёлкі". Сціплы ансамбль з часам пераўтварыўся ў Дзяржаўны народны аркестр БССР пад кіраўніцтвам Жыновіча, а пазней - у Нацыянальны акадэмічны народны аркестр яго імя.
Музычны кіраўнік і дырыжор "Харошак" Ульяна Гаўрылава Зрэшты, у нас няма задачы расказваць гісторыю гэтага слаўнага калектыву ці нават мінулае цымбалаў. Варта хіба зазначыць, што ў 1949 годзе ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі адкрылі кафедру струнных інструментаў, якую ўзначаліў Іосіф Жыновіч. З яго цымбальнага класа выйшлі Веніямін Бурковіч, Мікалай Шмелькін, Міхась Лявончык.
- Сваіх таленавітых вучняў Жыновіч адпраўляў працаваць у аркестр, бо той здаваўся яму найвышэйшай формай цымбальнага выканання. Хаця, на маю думку, у калектыўнай ігры згладжваецца тэмбравая адметнасць цымбалаў, губляецца яскравасць дынамічных кантрастаў, - лічыць Вераніка Прадзед.
"Не ўяўляю свайго жыцця без цымбалаў, без іх мілагучнасці і сардэчнасці"
Аднак у пасляваенны час менавіта аркестр Жыновіча стаў трэндам. Ён шмат гастраляваў. З лёгкай рукі тагачаснага дырэктара філармоніі Анатоля Каландзёнка беларускія цымбалы ў складзе Дзяржаўнага народнага аркестра загучалі на "Экспа-67" у Манрэалі. Гэта было першае выступленне калектыву з БССР у капіталістычнай краіне. Гучанне цымбальнага аркестра запаўняла сабой радыйны эфір.
- На пачатку 1950-х гадоў Міністэрства культуры БССР выдала загад, паводле якога ў кожнай вобласці, а іх было тады 12, арганізоўваўся цымбальны аркестр, - расказвае Таццяна Бельмач. - Класы цымбалаў адкрываліся ў кожнай музычнай школе і вучылішчы. Дзяцей, якія не паспелі ці не паступілі на фартэпіяна, скрыпку, баян, адпраўлялі вучыцца на цымбалах.
Многія з колішніх вучняў сёння ўдзячныя лёсу. Некаторыя, напрыклад Лучанок, можа не сталі б выдатнымі кампазітарамі, дырыжорамі і выканаўцамі, калі б у дзяцінстве лагодны гук цымбалаў не адкрыў ім дарогу ў свет музыкі.
- Я шчаслівая, што так атрымалася, - прызнаецца Ульяна Гаўрылава. - Не ўяўляю свайго жыцця без цымбалаў, без іх мілагучнасці і сардэчнасці, а "Харошкі" ўвогуле былі маёй марай.
Назад у будучыню
Як пачуваюць цымбалы сёння? Ці спраўдзілася прароцтва Жыновіча, што з прыходам у вёску нотнага пісьменства народныя цымбалісты закінуць у кут дзедаўскія музычныя прылады і будуць іграць на новых, фабрычных, мадыфікаваных?
1990 год. Вясковыя музыкі ў Кушлянах на Ашмяншчыне У пэўным сэнсе так і адбылося, але вінавата не сальфеджыа, а гарадскія ВІА, якія выціснулі цымбалы з беларускіх вясковых вяселляў. Яны ж гучней іграюць, і рытм у іх выразней, а значыцца, поўнае супадзенне са старадаўнім гукаідэалам. Памятаеце? Каб у суседняй вёсцы чулі.
Электрагітары і мікрафоны ўзялі вёску ў палон у 1970-80-х. Да гэтага цымбалы трымаліся. Нядаўна ў сацыяльных сетках убачыла фота з вяселля ў 1959 годзе ў вёсцы Замасць на Смаргоншчыне. У першым шэрагу не жаніх з нявестай, а цымбаліст Браніслаў Верабей (ён жа Бронька Кульгавы) і гарманіст Браніслаў Мілашэўскі. Цымбалы вясковыя, малыя, вісяць на шыі. Падчас ігры Бронька сядзіць на зямлі ці не ў позе лотаса, інструмент трымае на каленях.
Аўтар допісу згадала і пра Браніслава Дэбіся з Рудалёў, які не расставаўся з цымбаламі аж да канца 1990-х. А вучыўся на Ашмяншчыне, дзе ў ваколіцах Гальшанаў нам, удзельнікам фальклорнай экспедыцыі Белдзяржкансерваторыі, пашчасціла сустрэць народнага цымбаліста ў 1986 ці ў 1987 годзе.
Цяпер хіба толькі ў Паставах жыве традыцыя ігры на старадаўніх вясковых цымбалах. Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці выступіў з прапановай надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Галоўны носьбіт - Уладзімір Мычко 1933 года нараджэння - жыве ў аграгарадку Дунілавічы. Але ён зусім глухі, іграе толькі для сябе. Добра, што эстафету бацькоў перанялі настаўніцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Ванда Мацкевіч, Алена Алтух, Галіна Барысюк, Вікторыя Кірплюк і Аляксандра Курціна. Школьны дзіцячы ансамбль "Пастаўскія цымбалісты" і заслужаны аматарскі калектыў выкладчыкаў "Паазер’е" - жывая частка традыцыі і крок у будучыню.
Ванда Мацкевіч - прадстаўніца славутай дынастыі народных цымбалістаў Экспертнае заключэнне, складзенае народным артыстам Беларусі прафесарам Яўгенам Гладковым і Таццянай Бельмач, змяшчае процьму цікавых падрабязнасцей. Напрыклад, пра тое, што "музыка даўнішняя" са скрыпкай і "музыка настаяшчая" з баянам у Груздаве Юнькаўскага сельсавета адрозніваюцца не толькі складам выканаўцаў, але і строем цымбалаў: "больш душэўны" фа мажор для лірычных найгрышаў і сентыментальных скрыпічных вальсаў і жорсткі, "высокі" соль мажор, калі струны аж звіняць ад напругі, для гарэзлівых беларускіх полек.
У Варапаеве, што за 25 кіламетраў на паўночны ўсход ад Груздава, практыкавалася настройка па цэлатоннай гаме, і гэта прычына, чаму вясковыя цымбалы не варта называць дыятанічнымі. Але гэта згадка для тых, хто скончыў музычную школу і крыху ведае тэорыю музыкі.
"Як пачуюць, што ў Пажарках вечарыны і Бронька з Каліноўскім іграюць, тады адусюль, адусюль едуць, едуць, ідуць, столькі маладзёжы находзіць!" - успамінала фальклорная спявачка Марыя Ігнатаўна Мацкевіч (1922-1995), жонка вядомага спадчыннага цымбаліста Івана Іосіфавіча Мацкевіча. "Другім ня так танцаваць, як паслухаць інцярэсна. Як пераберыць, бог ты мой. Старым бабам і то маладосць у галаву ўдарыць", - гэтымі ўспамінамі пра народнага музыку Браніслава Качаргу мы абавязаны кансерваторскім фалькларыстам.
- Двойчы мой навуковы кіраўнік кандыдат мастацтвазнаўства Лілія Баранкевіч прыязджала інтэрв’юіраваць пастаўскіх музыкаў, - расказвае Таццяна Бельмач. - Захаваўся відэазапіс яе размовы з Уладзімірам Мычко, які ўжо тады меў цяжкасці са слыхам.
Квартэт цымбалістак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Відавочна, што вясковая традыцыя пераўтвараецца ў музей, і захоўваць яе трэба належным чынам - як старажытныя цымбалы ў Нацыянальным гістарычным музеі.
"Старым бабам і то маладосць у галаву ўдарыць"
- Яны як мінімум пачатку XX стагоддзя, - тлумачыць генеральны дырэктар гэтай установы Аляксандр Храмой, падводзячы мяне да шкляной вітрыны на пастаяннай выставе "Беларусы". Тут захоўваюцца дуда, ліра, жалейкі, акарыны і іншыя дзівосы музычнага свету Беларусі.
- Дакладную даціроўку гэтаму шэдэўру даць цяжка, - працягвае Аляксандр Васільевіч. - Ён трапіў у збор Беларускага дзяржаўнага музея з калекцыі Івана Луцкевіча ў Вільні. У нас ёсць і больш старыя цымбалы, але яны патрабуюць рэстаўрацыі. А гэты інструмент добра захаваўся: і лакавае пакрыццё, і струны ў парадку.
Такое мінулае цымбалаў, а ёсць і будучыня. Дзяўчынкі з мінскага ансамбля "Калейдаскоп" захоплена іграюць на звычайных акадэмічных цымбалах пад акампанемент фартэпіяна. Пытаюся, ці не шкада ім часу на такую музыку.
- Не-е-е, - смяецца Сафія. - З дзяцінства марыла іграць на гітары. А да нас у школу прыйшлі і прапанавалі цымбалы. Паспрабавала, спадабалася. Гэта такая прыгожая музыка!
2017 год. Кансерваторскі ансамбль цымбалістаў "Лілея" на чале з народным артыстам Беларусі Яўгенам Гладковым Юная суразмоўца ўпэўнена, што цымбалы вельмі добра перадаюць пачуцці. Сяброўка Эмілія таксама лічыць, што заняткі на цымбалах не адбіраюць дужа часу, а радасці прыносяць шмат:
- Жыццё не было б такім вясёлым і насычаным. Цымбалы дапамагаюць нам разняволіцца, адчуць сябе артыстамі і сапраўднымі патрыётамі Беларусі.
Заўважаю, што кіраўнік ансамбля Таццяна Бельмач задаволена ўсміхаецца, слухаючы сваіх вучаніц.
- Сама пастава цымбаліста ўжо спрыяе адкрытасці і натхнёнасці, - гаворыць яна. - Мы сядзім тварам да гледача, ён бачыць прыгожыя рухі нашых рук і заглядае нам у вочы. А яшчэ мне вельмі падабаецца слова "мілагучнасць": яно акурат пра цымбалы.
Дзяўчынкі з "Калейдаскопа" не думаюць пакуль пра музычную кар’еру. А што прафесіяналы, знакаміты цымбальны аркестр? Той, што носіць імя Жыновіча.
- У 2004 годзе склалася так, што калектыву спатрэбілася паскарэнне, - расказвае дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Барыс Ліўшыц. - Канцэртаў было мала, і каб выправіць сітуацыю, цалкам змянілі рэпертуар.
Сяргей Грыцук майструе цымбальную струну Калектыў цяпер з вялікім поспехам выконвае праграмы на музыку "Песняроў", звяртаецца да знакавых постацяў Мусліма Магамаева і Ганны Герман. На цымбалах чароўна гучыць Вівальдзі і легендарны рок. Дывідэнды з гэтых творчых намаганняў вялікія: слухач вярнуўся ў залу, на канцэртах аншлаг.
Што цікава, цымбалы, якія распрацаваў Дзмітрый Захар, з часам не змяніліся.
- Была ідэя пашырыць дыяпазон інструмента, - кажа артыст аркестра Сяргей Грыцук. - Але хлопцы паспрабавалі і сказалі: "Не! Мы з дзяцінства прывучаныя да тых цымбалаў і можам выводзіць мелодыі з заплюшчанымі вачыма".
Сяргей іграе на цымбалах альт, яны ж тэнар - адрозніваюцца толькі па месцы ў партытуры. Да ўсяго ён майстар: рамантуе і наладжвае не толькі цымбалы, але і канцэртныя раялі, многія іншыя філарманічныя інструменты. Расказвае пра цяжкасці, якія ўзніклі, калі краіна пазбавілася фабрычнай вытворчасці. Сёння гэту нішу занялі прыватнікі, якія майструюць цымбалы, гітары і г. д. Прыстасаваліся нават вырабляць цымбальныя струны са жлобінскага дроту.
"Дзеля чаго іграць на цымбалах “Цыганскія напевы” Сарасатэ?"
Як канцэртны інструмент цымбалы ўжо не тыя, што раней, яны значна ўзбагаціліся. Узровень майстэрства цымбалістаў радыкальна вырас. Славуты Канцэрт № 2 для цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Смольскага ў 1974 годзе здаваўся непад’ёмным, а сёння яго выконваюць нават школьнікі. У гісторыі айчыннага музычнага мастацтва быў трагікамічны выпадак, калі вядомы і аўтарытэтны цымбаліст адмовіўся іграць прэм’еру гэтага твора праз яго складанасць. Сядзеў і плакаў на галёрцы, пазіраючы на маладога Яўгена Гладкова, які бліскуча сыграў канцэрт і сарваў паўгадзінную авацыю.
На занятках у Беларускай акадэміі музыкі: Вераніка Прадзед і студэнтка 2-га курса Ангеліна Парфёнава Канцэрт Смольскага, напэўна, самы папулярны твор акадэмічнай беларускай музыкі. Яго ведаюць на ўсіх кантынентах. Сачыненняў такога ўзроўню і маштабу цымбалістам сёння не хапае. Магчыма, таму яны занадта захапляюцца віртуознымі творамі для іншых інструментаў. Ідэю падкінуў яшчэ Іпалітаў-Іваноў, які нібыта сказаў пра Жыновіча: "Ён і рапсодыю Ліста здолее зайграць". Захапленне скрыпічнай віртуознасцю апынулася для выканаўцаў-цымбалістаў каласальнай прафесійнай школай і адначасова доказам амаль бязмежных магчымасцей інструмента.
Але ў мастацкім сэнсе гэта тупік, лічыць Вераніка Прадзед:
- Дзеля чаго іграць на цымбалах "Цыганскія напевы" Сарасатэ, якія той напісаў адмыслова для скрыпкі? Я не магу гэтага зразумець.
Некаторыя цымбалісты спрабуюць рухацца ў бок эстрады, і гэта часам у іх нядрэнна атрымліваецца.
- Напрыклад, Сержанкова Воля, артыстка аркестра імя Жыновіча, набірае ў сетках сотні тысяч праглядаў, - з энтузіязмам расказвае генеральны дырэктар Беларускай філармоніі Аляксандр Нікіта. - Яе ахвотна запрашаюць на канцэрты і карпаратыўныя мерапрыемствы.
З Веранікай Прадзед эстрадны шлях для цымбалістаў мы нават не абмяркоўвалі. Для яе сёння пішуць таленавітыя кампазітары, беларускія і расійскія. Выступае Прадзед не толькі з цымбальным аркестрам, нават часцей з камерным ці сімфанічным. Летась іграла перад чатырма тысячамі гледачоў у калінінградскім "Бурштын-Холе". Некалькі гадоў таму выступіла на прэстыжнай "Маскоўскай восені" з прэм’ерай "Беларускага канцэрта" расійскага кампазітара Міхаіла Бронера. Даехала з цымбаламі ажно да Краснаярска.
Генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Нікіта: "Ганаруся нашымі цымбаламі і музыкамі, якіх ведаюць ва ўсім свеце"
Аднак галоўнае для Веранікі Прадзед - развіццё айчыннай цымбальнай школы, назапашванне акадэмічнага беларускага рэпертуару:
- Ужо колькі гадоў б’юся як рыба аб лёд. Кажу, што калі для нас не будуць пісаць высакаякасную арыгінальную музыку, наступіць выпустошванне, - гаворыць яна.
Кампазітары, вядома, стараюцца, але растуць мастацкія патрабаванні. Гэта жывы і дынамічны працэс, які абавязкова павінен прынесці плён.
- Цымбалы жывуць у нашай краіне, - кажа Аляксандр Нікіта. - Цымбалы патрэбны. Яны знаходзяць водгук у любой душы, не толькі беларускай.
Але менавіта беларусам іх голас здаецца самым мілагучным і светлым. Гэта кранальная мелодыя Радзімы, якая абуджае любоў да роднага краю і жаданне служыць яму ўсёй душой.
| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, з архіва Беларускай акадэміі музыкі і адкрытых крыніц.
Чытайце таксама: