Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать
Калейдоскоп
10 апреля 2024, 17:38

 Якую кнігу возьмем з сабой у парк? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

На хвалях эмоцый мы часам хапаемся за хісткія галінкі, каб набыць душэўную раўнавагу: упарта скролім ленту сацсетак, глядзім бясконцыя серыялы… Між тым варта заўсёды помніць пра карысны і эфектыўны сродак збалансавацца і "падзарадзіць батарэйкі". Сапраўды, ці ж не кніга з’яўляецца невычэрпнай гаючай крыніцай моцнадзеючых лекаў для душы? Паглынаючы адну за другой старонкі, мы быццам вядзём размовы з героямі твора, унутрана спрачаемся ці падтрымліваем іх. І гэта часцяком дае тое, чаго, магчыма, нестае, каб упарадкаваць уласныя думкі і настроіцца на лепшае.
Люблю творы Янкі Брыля, але раней не ведала, што трымаў ён у полі зроку і перакладчыцкую справу, каб, кажучы словамі Афанасія Фета, "чужое вмиг почувствовать своим". Народны пісьменнік перакладаў на беларускую мову і творы Льва Талстога. Увогуле, як вынікае з выдання, што трапілася мне на вочы ў кнігарні, Янка Брыль - сапраўдны талстовец у маладосці, прадаўжальнік гуманістычнай традыцыі ў літаратуры. Упершыню ён наведаў Ясную Паляну напярэдадні 125-х угодкаў з дня нараджэння сусветна вядомага класіка. Той памятны жнівеньскі дзень выклікаў у Брыля самыя ўзнёслыя пачуцці… "На працягу ледзь не ўсяго свядомага жыцця ён, не зважаючы на адлегласці часу і прасторы, падтрымліваў з Л. Талстым жывое паўсядзённае сумоўе", - сцвярджаюць укладальнікі кнігі "Леў Талстой у перакладах Янкі Брыля". Што маем тут? Аповесць "Айцец Сергій", чатыры апавяданні, п’еса, камедыя, а яшчэ выпіскі з твораў у свабоднай апрацоўцы "Леў Талстой аб шкоднасці алкагалізму". Цікавая і перапіска Янкі Брыля з Валянцінам Булгакавым, апошнім сакратаром Талстога, аўтарам кніг пра жыццё і філасофскае вучэнне рускага класіка. Адметна, што частка перакладаў друкуецца ўпершыню.
Трылогія Якуба Коласа "На ростанях" - твор хрэстаматыйны, перавыдаецца рэгулярна. Тым не менш штораз бярэш у рукі новае выданне з надзеяй адкрыць для сябе штосьці невядомае дагэтуль. Ці нябачанае. Вось як і тут: на вокладцы - няспыннае кола, якое круціцца-бяжыць па зямлі, ахопленай агнём. Адкрываем кнігу - і нас сустракаюць мудрыя Коласавы словы: "Многа дарог, нікім не злічаных, снуецца па зямлі. Многа дарог у жыцці, па якіх блукаюць людзі, каб знайсці тое, што лічаць яны сваім шчасцем. Ды не для ўсіх расчынены гэтыя дарогі; іх трэба заваяваць - для сябе і для гарапашнага люду". Іх шукае галоўны герой выбітной трылогіі - вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч. І разам з ім крочым мы, чытачы, разважаючы над пытаннямі, якія не згубяць сваёй актуальнасці ніколі.

Чаму люблю Коласа, асабліва "На ростанях"? Відаць, найперш за глыбокае веданне аўтарам псіхалогіі чалавека і народнага жыцця, за непаўторны нацыянальны каларыт яго твораў. Ён як на далоні - лёс звычайных людзей і беларускай інтэлігенцыі на пачатку ХХ стагоддзя. Часы першай рускай рэвалюцыі, сталыпінскай аграрнай рэформы і новага ўздыму рэвалюцыйнага руху - жыццё сапраўды як на ростанях, і галоўнае, што хвалюе, які шлях абраць.

У нас жа пытанне не такое глабальнае. Ці павінна фантастыка цалкам адрывацца ад рэчаіснасці? Жанр спецыфічны, але і надзвычай цікавы, на мой погляд, у тым выпадку, калі метафарычная гісторыя не адыходзіць цалкам ад рэальнага жыцця, а наадварот, дапамагае глыбей яго асэнсаваць. Чарговы зборнік серыі "Сучасная беларуская літаратура" - "Планета ў падарунак" - акурат той самы выпадак.
Творы сучасных пісьменнікаў падводзяць да вядомай, але ж надта важнай, можна сказаць, вычарпальнай думкі: заўтрашні дзень залежыць ад таго, што мы пасеем сёння. Ды яшчэ ад нашых мар і памкненняў да набыткаў, якіх вельмі прагнем часам. Іншая справа, што занадта вялікую, нерэальную цану даводзіцца за гэта плаціць, і тады чалавек аказваецца перад няпростым выбарам, калі на адной шалі ўласнае шчасце і райскае жыццё, а на другой - пакуты і смерць праз гэта іншых, няхай сабе абарыгенаў з далёкай планеты. У апавяданні Алёны Беланожкі, якое дало назву зборніку, яе вырашыў падарыць гатовы на ўсё дзеля дачкі бацька. Але што робіць капрызнае дзяўчо, усвядоміўшы, якой цаной абыдзецца ёй адпачынак у чароўным месцы?

Цікава, ці не так? Але пакуль спынюся, каб захавалася інтрыга для патэнцыяльных чытачоў. Адзінае, што дадам, - такія творы схіляюць да разваг пра сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці і прыдатны для сямейнага чытання і абмеркавання. Зрэшты, такіх кніжак хапае, было б толькі жаданне, як кажуць. 
Адна з апошніх, што з’явілася ў нашых кнігарнях для маленькіх чытачоў - "Прыгоды Алеся" Алеся Сачанкі. Найперш уражвае афармленне: малюнкі, што ўпрыгожваюць выданне, неверагодныя, як жывыя. Да таго ж аўтар вельмі ярка, даходліва і пазнавальна апавядае пра жывёл і птушак. Прызнацца, тут і даросламу ёсць што пачарпнуць пра галку, бусла, сароку, вожыка, барсучка ды іншых насельнікаў жывёльнага царства. Напрыклад, ці бачылі вы калі-небудзь гняздо сарокі, якое яна аздабляе не толькі чымсьці бліскучым, а ўсім, што трапіць у дзюбу? Сарочына сквапнасць уражвае, яе гняздо - усім пабудовам пабудова, дзе ў наяўнасці, апроч усяго, дах і два ляткі-ўваходы, каб пры небяспецы і блакіроўцы нядобразычліўцам асноўнага скарыстацца запасным.

Цудоўна, што сучасныя дзеці маюць такія шыкоўныя, з бездакорным густам аформленыя кніжкі. Трэба толькі часам ім расказваць, што не заўсёды так было, і калісьці іх равеснікі пра гэта марылі.
Нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі кнігу ўспамінаў "Дети войны: их детство закончилось летом 1941" ветэрана Узброеных сіл СССР Іллі Макаравіча Караблікава. Выданне змяшчае больш як 60 дакументальных успамінаў, якія склалі змест шасці раздзелаў, што апавядаюць пра лёсы дзяцей у акупацыі, у працоўных і канцлагерах, гета, у партызанскіх атрадах, эвакуацыі і пра сыноў палка. "Для нас кніга Караблікава не чужая. Супрацоўнікі БЕЛТА дапамагалі рэдагаваць матэрыял, - расказала на прэзентацыі генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч. - Летась БЕЛТА таксама выдала дзве кнігі пра жахі, якія адбываліся ў час Вялікай Айчыннай вайны на франтах у Беларусі. Для нас гэта праца вельмі важная. Адну з кніг "Архівы. Нічога, акрамя праўды" мы пераклалі на нямецкую мову. Гэта было наша прынцыповае рашэнне, і ў 2024 годзе кніга ўбачыць свет пры садзейнічанні Міністэрства інфармацыі".

На кожнай старонцы і фотаздымку выдання, якое, упэўнена, зойме сваё месца ў жорсткай хроніцы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - не толькі трагедыя і боль, а і подзвіг, прага жыцця, нязломная вера ў перамогу, неверагодны зарад энергіі і жыццялюбства пакалення, чыё дзяцінства прыпала на ваеннае ліхалецце. Гэта кніга, якую варта не прапусціць!

| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка"

Чытайце таксама:

Навука, спорт і нават містыка. Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Што будзем чытаць узімку? Цікавыя навінкі беларускай літаратуры

Ад "Вянка" Багдановіча да сучаснага белліта. Пять новых цікавых выданняў

Вы можете найти эту страницу по следующему адресу:
http://belta.by/kaleidoscope/view/jakuju-knigu-vozmem-z-saboj-u-park-627117-2024/
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2024 гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера. - 2024