ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Пятница, 22 ноября 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность 0°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
26 марта 2024, 20:58

"З гэтага ўсё і пачалося". Міхась Пазнякоў пра рускія рамансы, бацькоў і беларускую мову

Адзін з самых паспяховых беларускіх пісьменнікаў - пра вытокі павагі да роднага слова, выхаванне ў сям’і, герояў нашага часу. І не толькі пра яго самога варта было б напісаць таўшчэзную кніжку, бо ёсць пра што расказаць. За плячыма вялікае насычанае жыццё, у творчым багажы больш як 100 разнажанравых выданняў, 36 (!) рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій. Выхаваў траіх дзяцей, мае 13 унукаў.

У пісьменніцкім асяроддзі яго называюць многастаночнікам, але наш госць на калег не крыўдзіцца. І я яго разумею: таленавіты і працалюбівы чалавек паспяховы ва ўсіх жанрах.

Накрэмзаў на дзве старонкі, а здаў усяго чатыры радкі

- Міхась Паўлавіч, вы ж пішаце на беларускай мове?

- Так, але іншым разам і на рускай, калі патрабуецца аператыўна нешта падрыхтаваць для расійскіх выданняў. А ўвогуле супрацоўнічаю амаль з паўсотняй перакладчыкаў на рускую і іншыя мовы свету.

- Але вось які цікавы факт я знайшоў у вашай творчай біяграфіі: пачыналі пісаць вы, аказваецца, па-руску.

- Я з Быхаўшчыны родам, вёска Заброддзе. Размаўляюць тут у асноўным на трасянцы, недалёка ж Расія. І першы, хто падштурхнуў мяне да творчасці, была настаўніца рускай мовы і літаратуры Роза Сямёнаўна Нікіфарава. Як яна выкладала свой прадмет! Настаўнік ад Бога. Добра памятаю выпадкі, калі мы не маглі прачытаць Чэхава ці Талстога, бо дзе тады ў вёсцы можна было знайсці тыя кнігі, а да райцэнтра кіламетраў дваццаць, і, унурыўшыся, сядзелі, яна, добра разумеючы сітуацыю, пачынала… спяваць рамансы.

- Настаўніца літаратуры? На ўроку? Рамансы?

- Так, цудоўныя рускія рамансы. Аднойчы прыйшла ў наш шосты клас і кажа: "Дзеці, будзем пісаць вершы". Мы загулі - не ўмеем, не ведаем, як і што. Роза Сямёнаўна суцешыла: маўляў, нездавальняючыя адзнакі ставіць не буду, толькі чацвёркі і пяцёркі. Я за цэлы ўрок накрэмзаў ажно на дзве старонкі. А здаў усяго чатыры радкі - пра вясну. Атрымаў чацвёрку.

З гэтага ўсё і пачалося. У школу трэба было хадзіць тры кіламетры. Па дарозе ўбачу рамонак - напішу, яшчэ нешта на вока трапіць - зноў верш. На сяброў сачыняў і пародыі, і гумар. (Усміхаецца.) Невыпадкова, думаю, апынуўся потым у "Вожыку".
Злева: 1985 год, бацькі пісьменніка Марыя Еўдакімаўна і Павел Кузьміч. Справа: 2005 год, ля бацькоўскай хаты

У школьныя гады напісаў каля 400 вершаў. Друкаваўся ў раёнцы "Маяк Прыдняпроўя". Дзясяты клас заканчваў у Браславе ў санаторнай школе: захварэў на запаленне лёгкіх і чатыры месяцы знаходзіўся там на лячэнні. Павел Пруднікаў быў супрацоўнікам браслаўскай раённай газеты і кіраваў літаратурным аб’яднаннем. Звярнуў увагу на мяне, школьніка. Запрашалі на пасяджэнні літаб’яднання, дасылаў у раёнку розныя допісы.

Неяк да нас у санаторную школу прыехалі Адам Русак і Сяргей Грахоўскі. І я задаў ім нейкае пытанне па-руску, бо і пісаў на рускай мове. Памятаю, Адам Русак сказаў тады: "Малайчына, што пішаш вершы, але паспрабуй па-беларуску. Я адчуваю, што ты беларус. Ну, вось прыйдзеш на спатканне да дзяўчыны і скажаш "клюковка ты моя", яна ж пакрыўдзіцца, а прамовіш "журавіначка ты мая"… Ласкава ж так гучыць".

- Выпадкова ці не, але неўзабаве моўны кампраміс быў знойдзены, хіба не так?

- Відаць, так, бо вучыўся на філфаку, заўважце, на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры. Але ва ўніверсітэцкія гады прыйшло цвёрдае ўсведамленне, што мова маёй творчасці - беларуская. Першы верш на роднай мове напісаў пад уражаннем наведвання літаратурнага музея Якуба Коласа, яго надрукавала шматтыражка "Беларускі ўніверсітэт".

Цяпер, праз гады, разумею, што і тая даўняя сустрэча з беларускімі пісьменнікамі ў санаторнай школе, і вучоба на філфаку БДУ, і настаўніцкая практыка як маякі вялі да вытокаў. Бо ўсё пачынаецца з сям’і, з малой радзімы.

Чытайце таксама:
Война и мир Евгения Тикоцкого. Что на самом деле известно о знаменитом композиторе?

Вячеслав Хоронеко рассказал о "белорусском жиме", операциях и интересе к гиревому спорту

Погиб перед самым дембелем. Каким человеком был Герой Советского Союза Николай Чепик?

Радкі для душы

У горадзе,
Між ніў жытнёвых,
У важным доме,
Сціплай хаце

Не забывайце
Роднай мовы
Для нас усіх яна,
Як маці.

"У нас быў культ працы і кнігі"

Мама мая была надзвычайнай, таленавітай расказчыцай, ведала мноства мясцовых паданняў і легенд. Седзячы на высокім ложку, нават ногі падкурчваў, каб не дай Бог знізу хто-небудзь не схапіў - так зачароўвала яна сваімі фантастычнымі аповедамі. Ужо дарослым пераконваў маму, што не магло такога быць, пра што яна расказвала. Кажа: "Сынок, было…" (Смяецца.)

Тата ведаў вельмі шмат вершаў і ўмеў іх па-майстэрску чытаць. Дэкламаваў нам Нікіціна, Пушкіна, Фета, Някрасава і Якуба Коласа. Нават пасля 80 гадоў расказваў іх на памяць. Хораша спяваў, а як танчыў на вясковых вяселлях! Тры-чатыры жанчыны мяняў, і гарманісты адзін аднаму перадавалі ўжо эстафету, а ён не стамляўся. Тады, дарэчы, столькі гарэлкі не пілі, як цяпер. На вяселлі галоўнымі забавамі былі танцы, песні.
2006 год. З Мікалаем Чаргінцом

- Цікава, кім працаваў ваш бацька?

- Тата быў брыгадзірам-паляводам, лесніком, апошнія гады наглядчыкам ракі з маляўнічай назвай Грэза. Мы абкошвалі берагі на сем кіламетраў, чысцілі дно. На тарфяніках метраў пяцьсот да ракі капалі вузкія калодзежы, і ён замяраў узровень вады ў іх кожны тыдзень. У дзесяць год навучыў мяне касіць, хадзіць за плугам, за бараной. І калі ў дзявятым класе я ездзіў з мужчынамі на дняпроўскі луг касіць, яны ставілі мяне наперадзе, каб выпадкова не падрэзаў якому даросламу касцу пяткі.

- У вас нават па тым часе была вельмі вялікая сям’я - 11 дзяцей.

- Першую татаву жонку звалі Глаша, у іх было трое дзяцей. Яна памерла ад тыфу ў 1944-м. Быхаўшчыну ўжо вызвалілі, і бацьку адпусцілі з фронту выхоўваць малых, уяўляеце? Я пра гэты неардынарны выпадак напісаў апавяданне "Вяртанне"… У мамы была свая сям’я: двое сыноў, муж загінуў на фронце. Аднойчы яна ішла з вёскі Ямнае, што пад Быхавам, у Глухі, дзе школа наша, у сельсавет - узяць даведку. А бацька ў градах корпаўся. Бачыць: добрая жанчынка прайшла міма. Стаў цікавіцца, і нехта з вёскі падказаў яму, што гэта Маша Зыкава з Ямнага. Запрог тады бацька каня і ў сваты, рашучы быў. Мама потым расказвала: каханне з першага погляду. Пагрузіў клункі і дзетак на павозку, бабуля ў плач: "Дачушка, ты куды, у яго ж трое дзяцей". Вось так стварылася новая сям’я - пяцёра ўжо дзяцей стала. А пасля яшчэ шасцярых нарадзілі, я чацвёрты.

- Проста неверагодная гісторыя!

- Вельмі дружна жылі. Бацька быў веруючы, наведваў царкву. Яго стаўленне да людзей, адносіны да працы, захопленасць паэзіяй, разнастайныя веды ўражвалі, і гэта адчуванне я пранёс праз усё жыццё. Безумоўна, найперш менавіта з сям’і пачалося маё захапленне літаратурай. У нас быў культ працы і кнігі. На любое свята мы, дзеці, па чарзе станавіліся на табурэт і чыталі вершы. Маці, бацька, старэйшыя з нас, хто ў гасцях быў, - усе слухалі. Бацька падахвочваў таксама наладжваць хатнія канцэрты. Што да мовы роднай, то, натуральна, парасткі павагі і любові да яе таксама прарастаюць у сям’і. Калі бацькі любяць і разумеюць дзяцей, жывуць іх клопатамі, яны здолеюць перадаць ім усё, што лічаць патрэбным.

У мяне быў перыяд у жыцці, калі амаль не займаўся ні творчасцю, ні навукай. Я прысвяціў гэты час сваім дзецям. Бо добра ведаю: што і як закладзеш у дзіцячы фундамент да пяці-сямі гадоў, тое і будзе. Сын, памятаю, не надта хацеў чытаць. Ён любіў гуляць, асабліва ў салдацікі. Што я прыдумаў? Знайшоў дзіцячыя кніжкі менавіта пра салдацікаў. Сын падрастаў - і ў яго з’яўляліся выданні пра партызан, франтавікоў. Цяпер ён дарослы, чытае больш за мяне і сваіх дзяцей актыўна далучае да літаратуры.

З малой радзімы і сям’і ўсё пачынаецца і гэтым працягваецца. Праўда, у Заброддзі ўсяго дзве хаты засталіся, дзе жывуць, і наша бацькоўская дача, за якой сёстры глядзяць. Вядома, я таксама пастаянна бываю на радзіме. Падарыў Глухскай школе больш як тысячу кніг, у тым ліку трыста з аўтографамі пісьменнікаў з усяго свету. Вельмі перажываю за тое, каб яна жыла яшчэ доўга і было каму браць у рукі тыя кніжкі.
- Напэўна, нехта чытае нас і настальгічна-іранічна разважае: калі было тое, пра што расказвае шаноўны Міхась Паўлавіч?! Яно, вядома, было ды з вадой сплыло.

- І ў нечым чытачы маюць рацыю. Сёння многіх бацькоў саміх трэба выхоўваць. Бо яны фарміраваліся як асобы ў той час, калі развалілася вялікая краіна і пайшла ў наступ псеўдакультура, пачалі бэсціць ідэалы, на якіх выраслі многія пакаленні. Згадваю, колькі карысных спраў без аніякага прымусу мы рабілі для вёскі, ветэранаў вайны, удоў і гэтак далей. Паступова мы вяртаемся да разумення, што такое сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці, як трэба выхоўваць дзяцей і будаваць жыццё на традыцыях, якія прайшлі выпрабаванне часам. Тут яшчэ вельмі шмат працы.

Час накладвае свой адбітак, безумоўна. У інтэрнэце ўсялякай хлусні і брыдоты хапае. Тым больш трэба працаваць з дзецьмі, паказваць ім найлепшыя ўзоры літаратуры, чытаць разам з імі, займацца. Ёсць кнігі для сямейнага чытання, я таксама пішу такія. Трэба жыць разам з дзецьмі. Разумею, што сучасныя бацькі іншы раз вымушаны шмат працаваць, каб зарабіць якую капейку і забяспечыць сям’ю. Але ўсё роўна трэба думаць пра душу дзіцяці, развіццё яго духоўнасці. І натуральна, пры гэтым не забываць пра родную мову.

Наша дасье: ПАЗНЯКОЎ Міхаіл Паўлавіч

Нарадзіўся ў 1951 годзе ў в. Заброддзе Быхаўскага раёна. Пасля філфака Белдзяржуніверсітэта працаваў настаўнікам, дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, галоўным рэдактарам выдавецтва "Юнацтва", часопісаў "Вожык", "Нёман", намеснікам дырэктара РВУ "Літаратура і мастацтва".

З лістапада 2005 года - старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар больш як 100 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, перакладаў, слоўнікаў, навукова-пазнавальных кніг для дзяцей і дарослых. Лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэ­мій. Пераклаў на беларускую мову 16 кніг замежнай класікі.

Узнагароджаны медалямі Францыска Скарыны і "За працоўныя заслугі". Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі рускай славеснасці. Ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна.

"Прыляцеў цэлы тузін кнігавак і сеў насупраць нас"

Нам усім пашанцавала выдатна валодаць "великим русским языком". И гэта цудоўна, бо праз рускую мову і культуру ўзбагачаецца ўвесь свет, сусветная культура. Як можна ўявіць яе без Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Чэхава, Ясеніна - сотні імён высокай класічнай літаратуры. І мы, беларусы, таксама ўзбагаціліся, і трэба надалей гэта рабіць, прытрымліваючыся найлепшых традыцый, шукаючы новыя кропкі судакранання. Дзве мовы, беларуская і руская, - гэта велізарнае багацце, якое ў нас ёсць, і па праву можам ім ганарыцца.

Рэалізуем шмат разнапланавых сумесных выданняў з расійскімі калегамі. Наладзілі плённае супрацоўніцтва з Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Ліпецкай, Калінінградскай, Валгаградскай, Цюменскай, Астраханскай, Калмыцкай, Дагестанскай пісьменніцкімі арганізацыямі.

Неяк сядзелі з расійскімі калегамі за сталом у цёплай, сяброўскай атмасферы, і я кажу: "Ведаеце, хлопцы, нам усё-такі ў моўным сэнсе пашанцавала больш, чым вам". "Чаму гэта?" - пытаюць. Працягваю: "Прыляцеў цэлы тузін кнігавак і сеў насупраць нас". Глядзяць з неўразуменнем. "А мы вас разумеем заўсёды", - смяюся.

Я распрацаваў слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы, упершыню яго выдалі ў 1988 годзе. Пазней ён выйшаў у двух тамах, а цяпер рыхтую ўжо трохтомнік. Як думаеце, колькі эпітэтаў мною зафіксавана да слова "вочы"?

- Сотні дзве?

- Паўтары тысячы! Для пісьменніка і журналіста гэты слоўнік - настольная кніга. Там 700 апорных слоў і да кожнага з іх неверагодная колькасць эпітэтаў. Багацце нашай роднай мовы ашаламляльнае. Трэба шанаваць яе, берагчы, валодаць ёю як сапраўдныя гаспадары. Бо што такое роднае? Гэта бацькі, сям’я, малая радзіма, наша гісторыя і культура, літаратура, нашы шчырыя працавітыя людзі. Стаць патрыётам, дастойным грамадзянінам сваёй краіны можна толькі палюбіўшы сваё, роднае. Часам дзецям гавару: можаце сабе ўявіць, што француз не ведае французскую мову, а кітаец кітайскую? Гэта ж трагедыя. Тое самае, калі беларус не разумее і не адчувае беларускага слова і роднай плыні духоўнай. Без гэтага немагчыма цалкам разгарнуцца як паўнацэнная асоба і чалавек. Радзіма пачынаеццца не з карцінкі ў буквары. Яна пачынаецца з мамы, матчынай мовы, першых сцяжынак, з родных людзей, якія вучаць нас дабру-розуму, з павагі да народа і яго выбару.

Самае галоўнае - тут не павінна быць ніякай палітыкі, кампанейшчыны. На жаль, беларускую мову спрабуюць выкарыстаць як нейкі дэструктыўны сімвал, і гэта наносіць ёй непапраўную шкоду. Патрыятызм, любоў да роднай зямлі і мовы ідзе праз чалавечнасць, дабрыню, праз увагу да чалавека і пашану да краіны, да яе гісторыі і будучыні.
З унукам Янам

- Цікава, ці знойдзецца ў нас яшчэ пісьменнік, які так часта сустракаецца са сваімі чытачамі, як вы, - да 300 выступленняў за год.

- Па ўсёй Беларусі езджу, бываю ў самых далёкіх вёсках. Далучаю іншых пісьменнікаў да гэтай справы. Праводзім урокі мужнасці і патрыятызму, удзельнічаем у праекце "Школа актыўнага грамадзяніна". Часта выступаем перад настаўнікамі, старшакласнікамі. У нас працуюць дзясяткі студый, клубаў, творчых аб’яднанняў, тэатр паэзіі.

Але больш за ўсё люблю сустракацца з дзецьмі. Што радуе і абнадзейвае? Малыя чытаюць беларускія кніжкі, задаюць пытанні па-беларуску і цікавяцца шмат чым. Ёсць у іх аснова, падмурачак - яны ганарацца сваёй Радзімай. І вельмі важна, каб захапленне беларускасцю ішло не штучным чынам, а праз любоў да нашай краіны, да нашага мужнага, талерантнага, працавітага і міралюбнага народа.

- Год якасці дае падставу грунтоўна асэнсаваць, што і як мы робім, куды рухацца далей. У дачыненні да пісьменніцкай справы на чым хацелі б акцэнтаваць увагу?

- Лічу, што голас творчых людзей, у тым ліку літаратараў, павінен гучаць больш яскрава і выразна. Нам не трэба саромецца заклікаць, каб паважалі і любілі чалавека працы, таго, хто шмат зрабіў для сваёй краіны і народа. Трэба знаходзіць герояў нашага часу, якія якасна выконваюць свае чалавечыя і прафесійныя абавязкі. Такія людзі ёсць і ў палітыцы, і на вытворчасці, і ў культуры, іншых сферах. Стварыць іх пераканаўчы вобраз у мастацкай літаратуры - на мой погляд, справа гонару беларускіх пісьменнікаў.

Да чаго хілю? Трэба чытача весці за сабой, наперад. Сапраўдны майстар слова - педагог па сваёй сутнасці, настаўнік, які праз уласныя творы дапамагае індывідууму адкрыць у сабе чалавечнае, заахвоціць да гэтага. Да мяне іншы раз звяртаюцца маскоўскія выдавецтвы: вось калі ў аповесці будзе згвалтаванне, два-тры забойствы, тады надрукуем вялікім тыражом.

Але задача пісьменніка не ў тым, каб яго кнігу куплялі, а каб яна працавала на выхаванне духоўнага і прыгожага, міласэрнасці і дабрыні. І сапраўдны пісьменнік той, хто служыць дабру, калі хочаце, боскасці і святасці, якія павінны быць у нашым жыцці.

- Дзякуй за цікавую размову!

| Гутарыў Ігар ГАНЧАРУК. Фота Максіма ГУЧАКА, з асабістага архіва Міхася ПАЗНЯКОВА.
Топ-новости
Свежие новости Беларуси