ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Четверг, 19 июня 2025
Минск-Уручье +13°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
24 мая 2025, 17:35

Вы ведалі, што гэты раман некалі забараніла цэнзура? Агляд цікавых кніжных навінак

Трапна заўважана: кожнага пісьменніка нараджае свая эпоха, а фарміруе атмасфера ўспрымання праўды жыцця і гісторыі. Прасачыць гэтыя ўзаемасувязі дазваляе і творчасць майстра, чые знакамітыя творы хаваюцца пад вокладкай…

…чарговага, 28-га, тома "Сасна пры дарозе" серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры". Раман "Сасна пры дарозе", аповесць "Развітанне ў Кавальцах" і яшчэ шэраг апавяданняў, што склалі гэту кнігу, належаць пяру народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. "Хранитель духовного наследия" - пад такой красамоўнай назвай нядаўна прайшла тэматычная выстава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага творцы.

З дзяцінства ён палюбіў літаратуру, пісаў артыкулы, вершы, але раптам усё было адкінута ўбок: вайна - і сямнаццацігадовы хлопец стаў сувязным камсамольскага падполля, партызаніў. Ваяваў на фронце.
Раман "Сасна пры дарозе" якраз і расказвае пра маладых падпольшчыкаў, якія здолелі выстаяць у змаганні з ворагам, трымаючыся, як тая сасна пры дарозе, пры моцным ветры. Гэты твор адзін з першых у беларускай літаратуры, у якім праўдзіва адлюстраваны адчай сорак першага года, пачатак партызанскага руху, жыццё вяскоўцаў пад акупацыяй. Што да аповесці "Развітанне ў Кавальцах", то вядомы расійскі літаратуразнаўца Дзмітрый Ліхачоў так вызначыў яе сутнасць: "Які высокі сум!" Філасофскай глыбінёй прасякнуты многія творы Івана Навуменкі, якім ён даў жыццё ў 1970-80-х. Як казаў сам Майстра, "часы заўсёды аднолькавыя", і сучасны чытач, несумненна, з цікавасцю адкрые для сябе сюжэтныя перыпетыі і няпростыя лёсы герояў.

Вядома, што з першых дзён вайны многія з беларускіх літаратараў змагаліся з ворагам. Шмат хто не дажыў да светлага дня Перамогі. Гісторыя захоўвае вялікую колькасць трагічных лёсаў. Змітрок Астапенка, Янка Бобрык, Леанід Гаўрылаў, Аркадзь Гейнэ, Алесь Дубровіч, Рыгор Жалязняк, Алесь Жаўрук, Аляксей Коршак, Сяргей Крывец - гэты шэраг імён можна папоўніць яшчэ не адным. Хтосьці з іх паспеў на ўсю моц заявіць пра сябе, нечы талент толькі-толькі даваў першыя парасткі на ніве беларускай літаратуры. Тое, які магутны творчы патэнцыял страцілі ў гады Вялікай Айчыннай, можна зразумець і адчуць, прачытаўшы зборнік "Прысяга ў акопах". Гэта чарговае выданне з серыі "Новая бібліятэка беларускай паэзіі".
Ціхі Сож. Валавяныя воды.
Бурштынее вада ў берагах.
Дзесь глухія гудкі параходаў
Аблятаюць разліўны размах.

Як у люстры, густою сцяною
Кучаравіцца лес у вадзе,
Абярнуўшыся ўніз галавою,
К водам пільнае вуха кладзе.

Леанід Гаўрылаў, якому належаць гэтыя радкі, служыў пад Слонімам у танкавым палку механікамвадзіцелем баявой машыны. Загінуў у 1941-м. Яму было 23 гады…

Сёння цяжка нават уявіць, што сонечным днём неба можа быць змрочным, чорным. Якое шчасце, што ўжо многія пакаленні беларусаў жывуць і працуюць на мірнай зямлі, любяць падарожнічаць па родным краі, адкрываючы для сябе яго непаўторную прыгажосць і таленавітых, працавітых людзей.

А ў дапамогу ванд роўнікам (найперш юным) будзе адно з апошніх выданняў у папулярнай серыі "Мир путешествий" - кніга Дзмітрыя Кашавара "Беларусь". Варта згадаць, што пабачылі ўжо свет выданні пра Еўропу, Азію, Аўстралію і іншыя цікавыя мясціны на карце свету. Усе кнігі выглядаюць сучасна: з дапамогай мабільніка ці іншай прылады кантэнт "ажывае". А яшчэ ў канцы кожнага раздзела ёсць віктарыны, яны дапамогуць запомніць цікавыя факты ці проста праверыць свае веды.
Змястоўнай і карыснай інфармацыі ў кнізе "Беларусь" хапае: пра асаблівасці рэгіёнаў, помнікі архітэктуры, культурныя і прыродныя выдатнасці. Ці ведаеце вы, напрыклад, што Цэнтральны батанічны сад у Мінску - адзін з найбуйнейшых у Еўропе? Па плошчы ён на трэцім месцы пасля садоў Лондана і Мадрыда. А самы стары гадзіннік не толькі ў Беларусі, а і ў Еўропе? Гэта куранты, механізм якіх выраблены больш як 500 гадоў таму. Дзе знаходзіцца гэткі цуд? Адказ дакладна знойдзеце ў кнізе "Беларусь".

Яшчэ больш цікавых фактаў пра нашу Радзіму ў грунтоўным, з густам аформленым выданні, якое проста абавязана было з’явіцца на пачатку пяцігодкі якасці. Назва гаворыць сама за сябе: "Сделано в Беларуси. Знак качества". Укладальнікі - Андрэй Мернікаў і Канстанцін Пекар.
Аўтары запрашаюць у падарожжа па айчынных прадпрыемствах - флагманах сучаснай беларускай прамысловасці: ад вытворцаў прадуктаў харчавання да атамнай энергетыкі. Знойдзем тут і пра фарфор, і пра аўтобусы, і пра розную смакату, і пра пральныя машыны. Гэта прадукцыя першай адзначана Дзяржаўным знакам якасці, які быў заснаваны летась.

Памятаеце, як ён выглядае? Гэта пяцівугольнік чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчана стылізаваная выява перавернутай літары "К" і надпіс "Беларусь". Пяць вуглоў знака сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі, якая дасягаецца спалучэннем пяці паказчыкаў вытворчасці: бяспекі, экалагічнасці, інавацыйнасці, тэхналагічнасці і эстэтычнасці. Самы надзейны арыенцір для нас, спажыўцоў!

Напрыканцы рэкамендую звярнуць увагу на перавыдадзены нядаўна сатырычны раман Андрэя Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя", які ўпершыню ўбачыў свет у 1930 годзе. Сапраўднае імя вядомага празаіка - Андрэй Антонавіч Шашалевіч. Адкуль такі псеўданім? Справа ў тым, што ў літаратурных колах тады быў ужо вядомы яго брат - драматург Васіль Шашалевіч. Каб пазбегнуць блытаніны, давялося ўзяць псеўданім. Мрый, паводле адной з даследчыцкіх версій, - нехта, каго цяжка разгле дзець у змроку.
Раман жа ў пэўнай ступені ўнікальны не толькі для беларускай, але і для сусветнай літаратуры. Аўтару ўдалося прадэманстраваць такі ўзровень сатыры, што яго імя апынулася ў адным шэрагу з імёнамі Арыстафана, Рабле, Свіфта, Гогаля. Бязлітасна высмейваецца ў "Запісках…" (праз вобраз прайдзісвета і авантурыста Самсона) савецкі бюракратызм 1920-х. Трапіўшы па волі аўтара ў Шапялёўку, мы з вялікім задавальненнем сочым за Сомам, Лінам, Курапатам ды яшчэ шэрагам яскравых персанажаў. Яны прымушаюць чытаць з усмешкай на твары з першага да апошняга радка.

Лёс твора, як, зрэшты, і самога Андрэя Мрыя, склаўся трагічна. Аўтару давялося апраўдвацца: "У сваім рамане я зусім не хацеў агітаваць супроць новага жыцця, супроць прынцыпаў Савецкай улады. Я хацеў паказаць тыповага выскачку Самасуя, што прабіраецца з мяшчанскіх нізоў да вяршынь Савецкай улады". Раман не перавыдаваўся ажно да 1980-х.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:
Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослым
Тэма выбітных людзей: якія цікавыя кнігі вышлі на пачатку года ў Беларусі?
Навошта чытаць? Дзесяць фактаў, якія могуць заахвоціць завітаць у кнігарню
Топ-новости
Свежие новости Беларуси