Едучы ў Ліду, вы здорава рызыкуеце. Бо ёсць у гэтага горада нейкая магутная магічная сіла. Яна незаўважна, спакваля і неназойліва вабіць і прыцягвае, далучае да той дзіўнай гармоніі старажытнасці і сучаснасці, якой валодае Ліда. І вось ужо адсюль не хочацца з’язджаць, а ў зваротную дарогу выпраўляешся з настойлівымі думкамі пра новае спатканне з гэтым цудоўным кутком Гродзеншчыны.
Побач з найстарэйшым храмам - касцёлам Узвышэння Святога Крыжа - усталяваны камень у гонар заснавання горада. Аўтар помніка - мясцовы прадпрымальнік і скульптар Рычард Груша (з ім мы яшчэ пазнаёмімся, бо і да свята беларускага пісьменства ён мае непасрэднае дачыненне). На камяні - лічба 1323 (год, калі князь Вялікага Княства Літоўскага Гедымін загадаў пабудаваць замак, вакол якога пачаў утварацца горад, які ў 1590 годзе атрымаў Магдэбургскае права), выява герба Ліды і тэкст на стараславянскай мове. У ім гаворыцца, што заснавальнік знакамітай дынастыі правіцеляў ВКЛ завяшчае горад свайму сыну.
"Ад прадзедаў спакон вякоў..."Гэты гістарычны факт цікавы не толькі сам па сабе. Ён ускосна нівеліруе рамантычную легенду, якая звязана з назвай горада. Паданне гаворыць, нібыта дачка князя Гедыміна, звалі яе Ліда, пакахала бедняка. Але бацька не дазволіў ім пабрацца шлюбам. Тады няўцешная прыгажуня, доўга не думаючы, кінулася ў раку і ўтапілася. Змучаны горам Гедымін назваў у яе гонар заснаванае ім паселішча. Тым не менш гэта прыдумка, хоць і прыгожая: ніякай дачкі ў князя не было.
Існуе версія, што назва горада атаясамліваецца з месцам, дзе ў ХІV стагоддзі быў закладзены замак, - гэта сутокі рэчак Лідзейкі і Каменкі. Велічная чатырохвугольная крэпасць з дзвюма вежамі ў кутах вырасла на ўзгорку ля іх багністых берагоў. Аднак аргументацыя так сабе. Ніхто не возьмецца пэўна сказаць: ці рака дала назву паселішчу, ці здарылася наадварот. Імаверна, гэта прыкладна тое ж самае, як высвятляць, што было першым: курыца альбо яйка.
Даследчыкі і краязнаўцы ў большасці сваёй пагаджаюцца, што назва горада паходзіць ад даўняга lyda або lydimas. Гэта блізка да славянскага тэрміна "ляда", што тлумачыцца як расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць. Засеяць ляда і сабраць добры ўраджай з яго было вялікім шчасцем для нашых далёкіх продкаў. Зрэшты, дазамкавая гісторыя пакуль яшчэ слаба вывучаная. Навукоўцы выказваюць здагадкі, што старадаўнія паселішчы на гэтым кавалку зямлі ўзніклі задоўга да з’яўлення магутнага фарпоста.
Алена Шчэліна ўзначальвае аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і народнай творчасціЛідчане жартуюць: раней піва было брэндам горада, а цяпер замак. У гэтым няма ані кроплі іроніі: мясцовыя жыхары вельмі ганарацца галоўнай славутасцю Ліды. Бастыён хоць і выглядае аскетычна, бо быў пабудаваны выключна для абароны ад ворагаў, насамрэч унікальны. Гэта першы мураваны замак ВКЛ на тэрыторыі Беларусі. Ён нават стаў правобразам іншага вядомага замка - Мірскага. Праўда, той такім аскетам не здаецца.
Побач з замкам у Лідзе ўзведзены велічны помнік родапачынальніку легендарнай дынастыі - вялікаму князю Гедыміну. Ён правіў ВКЛ 25 гадоў. Вельмі шаноўная асоба, а жыў сціпла: еў-піў тое ж, што і воіны.
Але не будзем пазбаўляць радасці дапытлівых і цікаўных чытачоў "Беларускай думкі" самім прычыніцца да слаўнай гісторыі Ліды. Свята беларускага пісьменства, якое адбудзецца тут у першыя вераснёўскія выхадныя, - цудоўная магчымасць адчуць і спазнаць непаўторную сугучнасць мінулага і сучаснасці.
Ірына СтрумскісРучнік без "зубоў"
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ціха. Але цішыня тут падманлівая - кожны заняты справай, а творчасць не любіць гучных гукаў і тлуму. Усе старанна рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства - "загадам і дубцом нікога не прымушаюць", як нам жартам паведамілі.- Адчуваем вялікі гонар за тое, што ёсць магчымасць кожны год на дзяржаўным узроўні праводзіць свята роднай мовы, гісторыі, літаратуры і культуры, - не хавае эмоцый загадчык аддзела Алена Шчэліна. - Гэта вялікае дасягненне нашай суверэннай Беларусі. Шчаслівыя, што Дзень беларускага пісьменства прыйшоў і ў наш горад.
Чытайце таксама:
По следам Чапских: маршрут путешествия по Минской области
Старинные храмы и потрясающая природа: маршрут на выходные по Минской области
От Кревского замка до усадьбы Богушевичей: интересный маршрут по Сморгонскому району
Хай будзе багата гасцей, гучаць песні і вершы, радуюцца людзі. Я шмат падарожнічала ў сваім жыцці. Зараз падумала: дзе я такое сустракала? І не ўспомніла.
Народны майстар Беларусі Валянціна Сільвановіч - галоўны носьбіт элемента "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння", які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей БеларусіАддзел - гэта афіцыйна, насамрэч тут цэлая культурна-этнаграфічная прастора, створаная з веданнем справы, густам і любоўю. Экспазіцыя як жывая: нібыта трапляеш у жыццё продкаў, зачароўваешся ўбачаным і радуешся таму, што традыцыі існуюць і развіваюцца.
- Ткацтва і выцінанка - асаблівыя для Лідчыны кірункі, - расказвае Алена Шчэліна. - Гэтыя старадаўнія рамёствы развіваюць улюбёныя ў сваю справу і захопленыя майстры. Больш як 10 год працуе ў тэхніцы выцінанкі Дар’я Шапак. Народны майстар Беларусі Валянціна Сільвановіч - галоўны носьбіт элемента "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння", які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Марыя Шылкоўская вяжа прыгожыя "зубы", карункі да ручнікоў, якія ткуцца. Ручнік без "зубоў" не такі ўпрыгожаны…
- Бяззубы! - падказваю.
- Так, - са смехам пагаджаецца Алена Валянцінаўна. - Гэта таксама старажытнае рамяство, наша спадчына. Ці габелены з травы - цікавая старадаўняя тэхніка пляцення.
Дзіўная мелодыка керамікіРасказала загадчык аддзела і пра калекцыю аўтэнтычных лялек, і пра народны лялечны тэатр "Батлейка", кіраўнік якога Ірына Вашкевіч стварае спектаклі, што грымяць на ўсю краіну. Госці Дня беларускага пісьменства пабачаць чарговую прэм’еру. Рыхтуецца да свята народны фальклорны гурт "Талер", які, акрамя песень, адраджае абрады. А майстры розных кірункаў адкрыюць выставу вырабаў паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Цікава было б глянуць!
"Зараз падумала: дзе я такое сустракала? І не ўспомніла".
- Усё гэта ў комплексе робіць вельмі смачным духоўны прадукт, каб яго "з’есці", паслухаць, прытуліцца, - усміхаецца Алена Шчэліна. - Як раней? Займаецца чалавек нейкім рамяством, ёсць бытавыя традыцыі - разам з песняй. Дзе песня, там і танцы. А дзе танцы, то і паесці трэба.- Дарэчы, пра паесці… - амаль адначасова мы глянулі на гадзіннік. Да абеду часу яшчэ хапае, таму пакуль не паядзім, а паслухаем!
Усе персанажы, якія стварае майстар-ганчар Алена Свідэрская, паводле яе слоў, з характарам- Што да асаблівасцей рэгіянальнай кухні, то ў першую чаргу згадала б стравы з таркаванай бульбы, - далучаецца да нас метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Струмскіс. - У 2022 годзе яны атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта не толькі дранікі, у Беларусі налічваецца амаль 250 рэцэптаў такіх страў. Гродзеншчына займае асаблівае месца. Што да нашага краю, то тут адмысловыя стравы: дранікі з перцам у вёсцы Мінойты, дранікі тварожныя ў Ганчарах, дзеруны "Вясельныя" ў Ваверцы, дранікі-запарнікі ў Беліцы. А яшчэ бабкі, бонды… У Мажэйкаве пякуць пляцкі пана Брахоцкага. Гэта ўжо не з таркаванай бульбы, а тоўчанай. Надзвычай смачныя піражкі! На кожным свяце прэзентуем нашу традыцыйную кухню.
- Паелі - трэба ж нечым запіць, - схамянуўся, заслухаўшыся смачным аповедам.
- У Ваверцы пачастуюць духмянай гарбатай. Робяць напой, спалучаючы разнастайныя складнікі, - усміхаецца Ірына Эдмундаўна. - Не абыходзіцца ў нас без налівак з рознымі ягадамі - тут вішня, і парэчкі, трускаўкі, суніцы, чарніцы… Што ёсць у гародзе і лесе - усяму знойдзе сваё месца дбайная гаспадыня.
Вядома ж, увішнай і гаспадарлівай кабеце спатрэбіцца шмат рознага посуду. Ці дзіва, што на тэрыторыі Лідскага раёна з даўніх часоў развіваўся ганчарны промысел. Формы простыя, фарбы натуральныя - хіба так можна вызначыць асаблівасці лідскай керамікі.
Алена Быстрыцкая- Наш горад заўсёды быў гандлёвым. Сюды прыязджалі прадаць-купіць, - расказвае майстар па кераміцы Алена Свідэрская. - Таму ўвесь гліняны посуд - гаршкі, збанкі, слоікі, глякі, гладышы, гарлачы, макітры - выраблялі на патрэбу. Найчасцей розных адценняў чырвонага колеру (гэта залежала ад гліны) з зялёнай альбо зялёна-жоўтай палівай. Нават калі збанок трэснуў, яго не выкідалі, не білі. Бяростай абмотвалі, тым самым давалі посуду новае жыццё. У ім захоўвалі сыпучыя прадукты, муку, крупы.
Алена Міхайлаўна ў мінулым настаўніца выяўленчага мастацтва, чарчэння і працы. Адпрацавала ў школе 20 гадоў, а потым з лёгкай рукі былой вучаніцы захапілася ганчарнай справай. І ўжо 10 гадоў працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Вучыць іншых і сама, нягледзячы на салідны вопыт і практыку, па-ранейшаму спасцігае сакрэты старадаўняга занятку.
- Чым больш займаешся керамікай, тым яскравей разумееш, што нічога не ведаеш, - з усмешкай кажа Алена Свідэрская. - Тут заўсёды сюрпрыз. Гліна розная. Не любіць лішніх рухаў, яна з душой і са сваёй памяццю - трэба падладзіцца пад яе настрой. Печ сама рашае, будзе выраб ці не. І так на кожным этапе. Сушка - трэснула, няма. Абпальваю - трэснула, справа дрэнь. Палівай пакрыла - пузырыцца, і зноў няма нічога. Але я вельмі цярплівы чалавек. Гэта ў мяне ад бацькоў.
"Беларуская думка" - адзін з самых запатрабаваных часопісаўІмкненне Свідэрскай да дасканаласці ва ўсім часам здзіўляе. Але, на думку майстра, у творчасці інакш немагчыма - "усё трэба прапускаць праз сябе".
- Мая вучаніца, якая пасадзіла мяне за ганчарны круг, робіць посуд, а мне бліжэй цацкі і забаўкі, - усміхаецца Алена Міхайлаўна. - Відаць, адбіваецца дзіцячая мара быць мультыплікатарам. І 20 гадоў працы з дзеткамі не прайшлі дарэмна. Усе мае персанажы з характарам. Падчас працэсу ўжо і размаўляю з імі. Для мяне яны як жывыя істоты.
- Што натхняе ствараць такую прыгажосць? - пытаюся.
- Часта літаратурныя творы, - адказвае Алена Міхайлаўна. - У нас тут добрая бібліятэчка, дзе сабраны энцыклапедычныя выданні па беларускім фальклоры. У казках, былінах, песнях, прымаўках і прыказках - ва ўсёй той спадчыне, што пакінулі продкі, - шукаем зярняткі мудрасці і натхнення.
Развітваемся з прыязнымі і гасціннымі гаспадарамі да сустрэчы на Дні беларускага пісьменства. Здаецца, нават керамічная лупатая рыба, якую Алена Свідэрская павязе на фестываль ганчароў у Крэве, нам падміргнула.
Кніга з надпісам Уладзіславы Луцэвіч - ці не найстарэйшае выданне, якое захоўваецца ў фондзе Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі КупалыПадарунак жонкі Купалы
Разам з дырэктарам Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Аленай Быстрыцкай "малюем" партрэт сярэднестатыстычнага чытача. Усё не так проста, як можа здацца на першы погляд.- Цяжка сказаць, - задумваецца Алена Адамаўна. - Ад малога да старога. Цяпер маладыя пайшлі ў бібліятэку як ніколі, напэўна. Відаць, у школах сталі патрабаваць, каб дзеці бралі інфармацыю не з інтэрнэту, а з кніг. Па сваім дзіцяці ведаю: задаюць напісаць хоць невялікі тэкст, але на падставе матэрыялу з часопіса ці газеты, і каб сваёй рукой.
На ўсякі выпадак дырэктар удакладняе: да іх не ходзяць малыя, бо ў горадзе ёсць спецыялізаваная дзіцячая бібліятэка. "Купалаўка" абслугоўвае больш сталую чытацкую аўдыторыю. Ёсць яшчэ 15 філіялаў, а таксама бібліятэка ў Бярозаўцы, дзе працуе знакаміты шклозавод "Нёман". З доступам да кніжнага фонду, які налічвае пад 60 тысяч экзэмпляраў, паводле слоў Алены Быстрыцкай, у ніводнага жыхара Лідчыны праблем няма. Пры неабходнасці патрэбная кніга і сама прыедзе… на бібліёбусе. Нядаўна раённай бібліятэцы ўручылі новенькі - добры падарунак напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Курсіруе перасоўная бібліятэка паўсюль, дзе ёсць аматары чытання. Нават на хутар Збляны ля аграгарадка Беліца, дзе жыве адзін чалавек, прыязджае.
"Цяпер вяскоўцы, можа, нават лепш разбіраюцца ў літаратуры, чым гарадскія".
- Найбольш запатрабаваныя творы Шамякіна, Быкава, Караткевіча, Мележа, - Алена Адамаўна пералічвае беларускіх пісьменнікаў, якім аддаюць перавагу лідчане. - Ахвотна чытаюць Купалу і Коласа.
Пацёр нос лідскаму "Парыльшчыку" - чакай удачу!- Ці адрозніваюцца густы вясковых і гарадскіх чытачоў? - цікаўлюся.
- Напэўна, ужо не, - усміхаецца суразмоўца. - Цяпер вяскоўцы, можа, нават лепш разбіраюцца ў літаратуры, чым гарадскія.
Нам з гонарам дэманструюць рарытэтнае выданне "Беларускі народны арнамент". У 1956 годзе гэту кнігу падпісала і падарыла бібліятэцы жонка Купалы - Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Ёсць тут і мемарыяльны пакой народнага паэта Беларусі, які стварылі самі супрацоўнікі.
- Да свята горад абнаўляецца, і мы, як бачыце, таксама, - гаворыць Алена Адамаўна, маючы на ўвазе касметычны рамонт фасада бібліятэкі. - Галоўнае - на Дні беларускага пісьменства будзе звернута вялікая ўвага да нашай нязменнай, традыцыйнай каштоўнасці - кнігі. І я ўпэўнена, што чытачоў у нас стане яшчэ болей.
Побач з раённай бібліятэкай - гарадская лазня. Ля яе - скульптура "Парыльшчык". Рэдка які прахожы міне гэты арт-аб’ект, каб не паціснуць металічную руку і не пацерці нос аматару пары - на ўдачу. Такое суседства дзвюх розных устаноў камусьці здасца дзіўнаватым, а што да мяне, то бачу ў гэтым пэўны сімвалізм: у лазні клапоцяцца пра чысціню цела, а кнігі нясуць святло душы і розуму.
Алесь Хітрун"Верабейкі" ля замка
Яго цяжка не заўважыць. Маляўнічы, акуратны і зграбны, у нечым вытанчаны дом ля замкавых сцен адразу кідаецца ў вочы. Гісторыя будынка цесна звязана з вядомым беларускім паэтам Валянцінам Таўлаем, які жыў там у 1939-1941 гадах. Пра гэта сведчыць мемарыяльная дошка на доме. Цяпер тут музейная экспазіцыя. Але сувязь Таўлая з Лідай насамрэч куды больш моцная, хоць і нарадзіўся ён у Баранавічах у сям’і чыгуначніка.- У 1921 годзе бацька перавёз Валянціна ў Ліду дзеля навукі ва Усеагульнай школе № 1 імя Тадэвуша Касцюшкі, - расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея, "гаспадар" Дома Таўлая Алесь Хітрун. - За замкам яна размяшчалася, падчас вайны будынак знішчылі. У той школе хлопчык і напісаў першы верш - "Верабейкі".
- Сем гадоў яму было, як сцвярджаюць літаратуразнаўчыя крыніцы? - удакладняю. Адказ гучыць як сенсацыя!
- У гэтым узросце ён толькі прыехаў у Ліду, а верш напісаў, скончыўшы два класы, - дзевяцігадовым. Чаму такая блытаніна? - суразмоўца быццам прачытаў маё нямое пытанне. - Справа ў тым, што гэты твор не згадваецца нават у кнізе выбраных твораў Таўлая, якая пабачыла свет ужо пасля яго смерці ў 1947 годзе. Толькі ў мемуарах і ўспамінах, дзе пазначаны 1922-гі. Я знайшоў арыгінал у Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва, дзе 242 адзінкі фонду Таўлая захоўваюцца. Усё ж такі 1923 год!
Гісторыя маляўнічага дома, што месціцца побач з замкам, цесна звязана з лёсам вядомага беларускага паэта-франтавіка Валянціна Таўлая- Чаму такая ўвага да спробы пяра па сутнасці? - пытаюся.
- Здаецца, верш як верш. Але якія светлыя думкі ў юнага паэта! - гаворыць Алесь Хітрун. - Ужо ў маленстве, у той неспакойны час, Таўлай марыў пра лепшую будучыню: "міне зіма цяжкая, і вясна прыйдзе", настане светлы час для беларусаў. Холад, голад, галеча, а ён як той верабейка - сімвал надзеі. Быццам сябе ўвасобіў у гэтым творы.
Суразмоўца расказвае, што Валянцін Таўлай тры ці чатыры разы спыняўся ў Лідзе. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. У 1925 годзе яго адлічылі за адмову запісацца палякам.
- Паэт заявіў: "Я - беларус, і ні ў якім разе мова мая не польская", - расказвае Алесь Хітрун. - Ужо тады ён змагаўся за правы заходніх беларусаў, якія апынуліся пад прыгнётам панскай Польшчы.
"Што ні робіцца добрае, усё гэта на карысць нашага народа і Радзімы, якую мы вельмі любім".
Чыстыя як капеж напрадвесні радкі натхнілі на ідэю стварыць помнік паводле матываў менавіта першага верша Валянціна Таўлая. Тут яшчэ варта дадаць, што ў Доме Таўлая амаль пяць гадоў працуе інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе" для людзей з інваліднасцю. Апроч усяго, была выстаўка Васіля Зянько з тактыльнай жывапіснай працай "Верабейкі". Колькі шчаслівых эмоцый яна падарыла! Тады і задумаліся: чаму б не зрабіць так, каб і невідушчыя людзі маглі прачытаць светлыя таўлаеўскія радкі.Незвычайны помнік адкрыюць на Дні беларускага пісьменства побач з Домам-музеем Валянціна Таўлая. Нам пашанцавала (эксклюзіў, няйначай!) на свае вочы пабачыць, як ідзе апошні этап працы над кампазіцыяй "Верабейкі". Ідэю ўвасобіў у камені мясцовы скульптар і мастак, прадпрымальнік Рычард Груша. Ён - вядомая асоба не толькі ў Лідзе, якую ўпрыгожваюць яго таленавітыя работы, але і ў многіх мясцінах Беларусі, дзе таксама праявіўся талент гэтага надзвычай творчага і адоранага чалавека.
Мясцовы скульптар Рычард Груша - аўтар скульптурнай кампазіцыі, створанай паводле першага верша Валянціна Таўлая "Верабейкі"- Я вясковы, нарадзіўся ў Сцеркаве непадалёк ад Ліды, - расказвае Рычард Баляслававіч. - Прырос каранямі да гэтай зямлі так, што нікуды не хочацца. А хочацца пасля сябе пакінуць нешта такое, каб натхняла дзяцей, унукаў і праўнукаў пазнаваць родны край, слаўнае мінулае Беларусі. Я ўвекавечваю моманты і імёны гісторыі, культурныя падзеі, а культура - гэта твар нацыі. На многіх маіх працах напісана "падарунак аўтара жыхарам горада". Можа, хтосьці задумаецца: ён падарыў, а чаму мы не можам штосьці зрабіць?
Цікаўлюся, чым зачапіў верш юнага паэта і ўвогуле чаму майстар узяўся за гэту працу.
- Кожнае дзіця павінна быць шчаслівым, - разважае Рычард Баляслававіч. - Хлопчык раскрыў сваю душу, свае светлыя мары і любоў. Часам людзі забываюць, як важна захаваць у сэрцы цеплыню дзіцячых успамінаў, чысціню і шчырасць. Мая кампазіцыя пра гэта нагадвае. Тут можна будзе пасядзець з дзецьмі, памарыць, пачытаць тыя самыя радкі на беларускай мове і па сістэме Брайля.
Дзень беларускага пісьменства для Рычарда Грушы - вялікае свята. Шчыра прызнаецца: рады, што ўнёс і свой пасільны ўклад.
- Што ні робіцца добрае, усё гэта на карысць нашага народа і Радзімы, якую мы вельмі любім, - усміхаецца Рычард Баляслававіч.
Айцец МаксімЗаступніца лідскай зямлі
Па дарозе заўважаем будаўнічыя рыштаванні ля Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Велічны храм - помнік эпохі класіцызму. Вядома, што на яго будаўніцтва пяць тысяч рублёў (тых, а не цяперашніх) ахвяраваў расійскі імператар Павел І.- Рыхтуемся! - бадзёра сустракае нас айцец Максім Цыгель, ключар кафедральнага сабора, сакратар Лідскай епархіі. - Парадак і чысціня - візітоўка нашай краіны, гэта адзначаюць усе. Безумоўна, звяртаюць увагу і на дом Божы. Скажу як ёсць: у Беларусі не бачыў ніводнага храма ў запусценні.
У Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборыАйцец Максім гаворыць, што Дзень беларускага пісьменства асаблівы для вернікаў. У гэтым свяце выразна прасочваюцца духоўныя вытокі. Згадваюць тых, хто падараваў нам крыніцы сілы.
- Гэта нашы святыя - прападобная Ефрасіння, ігумення Полацкая, - маці Беларусі; свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі; свяціцель Георгій Каніскі, архіепіскап Магілёўскі; прападобны Елісей Лаўрышаўскі, - расказвае айцец Максім. - А колькі мудрасці і маральнасці прывілі нам класікі беларускай літаратуры! Гэты дзень - цудадзейнае сугучча свецкага і духоўнага, якое яскрава падкрэслівае глыбінную змястоўнасць дзяржаўнага свята.
Добрыя людзі падказалі, што ў Лідзе захоўваецца адзін з самых старадаўніх абразоў Беларусі. Гэта цудатворная ікона Маці Божай Лідскай (Ружанцовай), якую, паводле падання, прывезлі сюды ажно ў 1376 годзе манахі-францысканцы. Унікальная, другой такой няма. Яна знаходзіцца ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа і, як падкрэсліў вікарый прыхода, ксёндз Андрэй Скамарошка, з’яўляецца заступніцай лідскай зямлі.
- На мой погляд, сімвалічна побач з нашым і праваслаўным храмамі знаходзіцца помнік Францыску Скарыне, - працягвае ён. - Гэта пераканаўчы паказчык духоўнага развіцця нацыі, пасланне для нашчадкаў. Нам ёсць чым ганарыцца.
Ксёндз Андрэй Скамарошка: у касцёле Узвышэння Святога Крыжа захоўваецца адзін з самых старадаўніх абразоў Беларусі - цудатворная ікона Маці Божай ЛідскайКсёндз Андрэй лічыць, што чытаць сёння сталі больш. На яго думку, кніга ў руках - гэта прыкмета культурнага, цывілізаванага чалавека. З беларускіх аўтараў ён вылучае Івана Мележа і яго раман "Людзі на балоце": "вельмі прыгожая мова і адчуванне духу часу". Праўда, апошнім часам ксяндзу Андрэю давялося засяродзіцца на рэлігійнай літаратуры, бо пісаў доктарскую дысертацыю, дзе адной толькі бібліяграфіі больш як 20 старонак.
- Радуюся, што Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе, - гаворыць ён. - Гэта значная падзея для горада. Упэўнены, яна надасць магутны імпульс духоўнаму і культурнаму жыццю.
У размове прыйшлі да агульнай думкі: продкі могуць ганарыцца сучаснікамі. Сёння ў Лідзе жыве больш як 100 тысяч чалавек. Гэта буйны прамысловы горад краіны. Ну хто, скажыце, не ведае лідскіх фарбаў і лакаў, індычкі, мукі і макаронаў, харчовых канцэнтратаў, крышталю, квасу і піва, якое тут вараць ужо амаль паўтара стагоддзя? Чароўны сінтэз у сённяшнім дні гісторыі, архітэктуры, разнастайных культур, дагледжанасці і ўтульнасці надае гораду тую самую невытлумачальную сілу, якая вабіць і не адпускае.
Так і з намі здарылася. Дзень у Лідзе прамільгнуў як сонечны зайчык. Вярталіся ўражаныя горадам і цеплынёй, шчырасцю чалавечых стасункаў. І з радасным прадчуваннем, што хутка зноў прыедзем у гэты цудоўны куток гродзенскай зямлі - на Дзень беларускага пісьменства.
Ліда - рай для веласіпедыстаўШто паглядзець у Лідзе? Топ-7 па версіі "Беларускай думкі"
- Замак вялікага князя Гедыміна і шасціметровая скульптура заснавальніка горада
- Курган Бессмяротнасці ў цэнтральным парку
- Помнік асветніку і першадрукару Францыску Скарыне, яго адкрылі ў 1993 годзе
- Дом, дзе жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай. Цяпер тут музей
- Дом рамёстваў і традыцыйнай культуры
- Праваслаўны сабор Святога Архангела Міхаіла і касцёл Узвышэння Святога Крыжа
- Алея з арт-лаўкамі на праспекце Гедыміна

Іна БЯНКЕВІЧ, начальнік аддзела ЗАГС Лідскага райвыканкама:
- Сёлета за сем месяцаў у горадзе нарадзіліся 393 дзіцяці, прыкладна столькі было і летась за такі ж перыяд. Самыя папулярныя мужчынскія імёны, якія выбіралі бацькі, - Міхаіл, Мацвей, Марк, Аляксандр. Прычым Міхаіл і Мацвей б’юць усе рэкорды.Сярод жаночых імён лідзіруюць Аліса, Ганна, Ксенія, Сафія, Ева. Ёсць Алесі і Кастусь, Ян, Рымас, Ратмір, Махамед, Ільдар, Магамет, Эмін. У горадзе досыць шмат шлюбаў з замежнымі грамадзянамі.
- А Ліда?
- На жаль, гэта прыгожае жаночае імя сустракаецца не так часта, як хацелася б. Апошні раз Лідзію зарэгістравалі ў 2023 годзе. Дагэтуль дзве Ліды былі ў 2022-м і адна ў 2021-м.

Андрэй БОГДАН, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама:
- У нас ёсць план падрыхтоўкі горада да свята, ім прадугледжана фінансаванне ў памеры 35 мільёнаў рублёў.З найбольш значных праектаў вылучыў бы будаўніцтва велапешаходнай дарожкі працягласцю больш як 1700 метраў каля замка, капітальны рамонт жыллёвага фонду, алею арт-лавак на праспекце Гедыміна, якую стварылі нашы прадпрыемствы і арганізацыі, добраўпарадкаванне гарадской прасторы.
Асфальтавалі 18 участкаў дарожнай сеткі. На дваровых тэрыторыях усталёўваем 24 дзіцячыя гульнявыя комплексы. Упэўнены: і малыя, і бацькі будуць задаволены. Уладкавалі таксама велапешаходныя дарожкі на вуліцы Малахава, ад вуліцы Гастэлы да вуліцы 17 Верасня. Добраўпарадкаваная пешаходная дарожка звяжа СШ № 9 і вуліцу Лётную. Словам, імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы для гараджан і гасцей Ліды, і каб горад стаў яшчэ прыгажэйшым.
- Звярнуў увагу, што ў вас вельмі шмат веласіпедыстаў…
- Гэта сапраўды так. У Год добраўпарадкавання зрабілі акцэнт на стварэнні адпаведнай інфраструктуры. З улікам таго, пра што я гаварыў раней, веласіпедысты цяпер без аніякіх праблем могуць трапіць у любую частку горада. І надалей будзем развіваць гэту сетку.
Я - лідчанін. Прыемна бачыць, як проста на вачах развіваецца і прыгажэе родны горад. З энтузіязмам успрымаю Дзень беларускага пісьменства, які прыходзіць на лідскую зямлю. Чакаем шмат гасцей. Праграма вельмі насычаная і цікавая.
Запрашаем шчыра! У Лідзе ёсць што паглядзець, будзе чым заняцца. Упэўнены: у кожнага госця і ўдзельніка гэтага свята застануцца толькі станоўчыя эмоцыі, цёплыя ўспаміны і жаданне яшчэ не раз наведаць наш цудоўны горад.
АД РЭДАКЦЫІ. Выказваем шчырую падзяку начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Ганне Кенць за дзейсную дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.
| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка". Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА, з архіва БЕЛТА.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.