Слых ён меў прэцызійны, як атамныя вагі, якія з філіграннай дакладнасцю рэгістравалі кожны драбок фальшу. Гэты калектыў быў яго дзецішчам. Ён стварыў яго ў 1952 годзе паводле даручэння ЦК Кампартыі Беларусі, збіраючы сваіх "цітовічаў" па ўсёй рэспубліцы - таленавітых, маладых, галасістых. Большасць з іх ён сустрэў падчас бясконцых фальклорных экспедыцый. Некаторыя, але не ўсе, пагадзіліся з вёсак пераехаць у Мінск і разам з "бацькам Генадзем" пайсці дарогаю ў высокае мастацтва. Артыстаў-мужчын, не зважаючы на ўзрост і рэгаліі, ён называў браткамі, а жанчын - дачушкамі.
- Мы ўвесь час разам вандравалі, давалі канцэрты на розных пляцоўках, таму вельмі хутка хор стаў як адна вялікая сям’я, - гаворыць народная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч.
Валянціна Міхайлаўна прыйшла ў калектыў у 1969 годзе. Тады ўжо значную частку паўсядзённай рэпетыцыйнай працы з вакалістамі браў на сябе Канстанцін Паплаўскі - выдатны хормайстар і фалькларыст, бацька народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай. Але і аўтарытэт Цітовіча з гадамі толькі набіраў моцы. Ніводны чалавек не трапляў у хор без яго, Цітовіча, запрашэння. Ніякі твор не мог быць у рэпертуары без рашэння маэстра.

У Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча дагэтуль карыстаюцца рукапіснымі нотамі маэстра
Увогуле, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССР не меў прычын скардзіцца на жыццё. У 1955 годзе Генадзю Цітовічу прысвоілі званне народнага артыста БССР, узнагародзілі першым з яго трох ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1968-м у адзін дзень з Іосіфам Жыновічам, Вано Мурадэлі і Здзіславам Стомам стаў народным артыстам СССР. За "Анталогію беларускай народнай песні" і кнігу "О белорусском песенном фольклоре" Генадзю Цітовічу ў 1978 годзе прысудзілі Дзяржаўную прэмію БССР. І гэта далёка няпоўны пералік яго рэгалій і ўзнагарод.
Здавалася б, якую вартасць магло мець для народнага артыста званне заслужанага… калгасніка калгаса імя Леніна Ляхавіцкага раёна? Паводле тыповага для калгасаў статуту 1969 года яго Цітовічу прысвоіў агульны сход калектыўнай гаспадаркі. Уручылі адпаведную грамату.
З якой нагоды працаўнікі вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна ў 1979 годзе так ушанавалі сталічнага дзеяча, які нават не быў земляком? Між тым у інтэрв’ю часопісу "Савецкая музыка" Генадзь Цітовіч прызнаваўся: "Паверце, гэта грамата для мяне найвышэйшая ўзнагарода, якая сведчыць пра тое, што мая праца патрэбна людзям".
Эрудыт, а не зубрыла
Быў такі выпадак у яго жыцці, яшчэ ў 1930-х гадах. На Пастаўшчыне ў адной з хат на покуці Генадзь Цітовіч заўважыў партрэт славутага харавога дырыжора, педагога і фалькларыста Рыгора Шырмы. Надта здзівіўся. Гаспадыня ж патлумачыла: "Ён вельмі падобны да святога Міколы, але яшчэ прыгажэйшы. Ён наш, свой".
Браты Цітовічы, малодшы Шура (Алесь) і старэйшы Генадзь. Пачатак 1920-х гадоўХто ведае, можа, праз той выпадак будучы маэстра ці не ўпершыню адчуў усю меру сваёй адказнасці перад звычайнымі людзьмі за абыходжанне з велізарным песенным багаццем, якое па праву называюць душой народа. Магчыма, менавіта тады ўсур’ёз задумаўся, як данесці дыяменты народнай творчасці да слухача так, каб не парушыць іх прыродную прыгажосць, а наадварот, аздобіць яе таленавітай апрацоўкай.
Але, здаецца, само жыццё вяло яго па гэтым шляху. Нарадзіўся ў засценку, у дзікім, дрыгвяністым кутку, які называўся Рэчкі. Хаця, як казаў сам Цітовіч, рэчак там зроду не было. Сёння гэта паселішча знойдзеш хіба на тагачаснай трохвярстоўцы Шуберта. Калі шукаць настойліва і ўважліва, бо тады на Шаркаўшчыне было яшчэ пяць засценкаў з такой жа назвай. Цяпер гэта тэрыторыя Германавіцкага сельсавета.
Чытайце таксама:
Тайны "Минск. 3 июля 1944 года": кто парень на мотоцикле и где была картина 30 лет?
У 1861-м, калі "выйшла воля", тут пасяліўся былы прыгонны селянін Фадзей Цітовіч. Потам і крывёю адваёўваў кожны сажань балоцістай зямлі. Але яе ўсё роўна не хапіла, каб аддзяліць малодшага з чатырох сыноў - Івана, бацьку будучага народнага артыста. Тады непісьменны селянін пастанавіў: хай хоць малодшы нашчадак будзе грамацеем. Сабраў апошнія грошы і благаславіў у настаўніцкую семінарыю. Іван, адчуваючы прагу да ведаў і адказнасць перад бацькам, старанна вучыўся.
У жонкі ўзяў "вучыцельку". Абое настаўнічалі, пераязджаючы з месца на месца: ад Вішнева на Валожыншчыне да расійскіх Яраслаўля і Вяткі. Падчас Першай сусветнай Іван Фадзеевіч ваяваў у Румыніі. Дзеці - старэйшы Генадзь і малодшы Алесь - разам з маці ў 1917 годзе вярнуліся ў Рэчкі. У 1921-м туды вярнуўся і бацька.
Бацькі Г.І. Цітовіча: Іван Фадзеевіч (айцец Іаан) і Сусана Рыгораўна. 1969 годВідаць, невыпадкова толькі гэтую мясціну згадвае Цітовіч у сваіх неапублікаваных мемуарах.
Дзеда Фадзея з яго сакавітымі прымаўкамі накшталт "балота без чорта не будзе" ці "абяцаў Бог даць, але сказаў пачакаць", "дзень з алеем, а тры тыдні галеем". Бабулю Ефрасінню Мікалаеўну з яе прыгожымі старажытнымі напевамі. "Яна прытрымлівалася непахіснага правіла: вясною - вясновыя, восенню - восеньскія, зімою - зімовыя. Амаль што на кожны дзень года была ў яе свая песня", - успамінаў Генадзь Цітовіч. Прызнаваўся, што ад бабуліных спеваў у яго неяк святочна рабілася на душы.
Дзед бачыў цікаўнасць хлапчука, яго кемлівы і дасціпны розум і лічыў, што яму трэба вучыцца. У Заходняй Беларусі гэта было няпростай задачай. Пасля Рыжскай дамовы школы ліхаманкава пераходзілі на польскую мову навучання. Бацька, не жадаючы выкладаць па-польску, знайшоў удалае выйсце: здаў экстэрнам экзамен па катэхізісу і рукапалажыўся ў святары. А малады Цітовіч апынуўся ў Вільні. Віленская духоўная семінарыя заставалася хіба адзінай установай, дзе беларус мог вучыцца на роднай мове і не плаціць ні за харч, ні за ложак у вялізным агульным спальным пакоі. Апроч усяго, тут даводзілася асвойваць нотнае пісьмо, харавыя спевы, ігру на духавых інструментах. Музычная навука была для маладога Цітовіча як найвялікшая радасць.
"Амаль што на кожны дзень года была ў яе свая песня".
Тады ж і здарылася падзея, якая, несумненна, паўплывала на яго творчы лёс і ўвогуле ўсё жыццё. "Неяк у нядзелю, пагодным восеньскім днём, я выбраўся з семінарыі і блукаў вузенькімі віленскімі вулачкамі. Пад нагамі шастала апаўшае лісце. Успаміналіся далёкія Рэчкі, бацька, маці, дзед, баба. На душы было маркотна, хацелася пабачыць вясковых сяброў, зноў апынуцца ў роднай хаце, пачуць знаёмыя спевы. І нібы ў адказ на мае думкі з напаўадчыненага акна раптам палілася песня, за ёй другая, трэцяя…" - успамінаў пазней Генадзь Цітовіч.
Генадзь Цітовіч па крупінках збіраў народныя песні. Пачатак 1950-х гадоўПесні былі свае, народныя, беларускія. І гэта яго ашаламіла: няўжо яны патрэбны камусьці, апрача сялян? Асцярожна ўвайшоў і ўбачыў хор, чалавек трыццаць. Дырыжор, невысокі брунет з кавалерыйскімі вусамі і ўчэпістым позіркам цёмных вачэй, то цягнуўся рукамі ўверх, то прысядаў ледзь не да падлогі, вымагаючы шэптам сваё "цішэй, цішэй". Генадзю такая манера выканання падалася дзіўнай, бо семінарскі рэгент заўсёды прасіў спяваць гучней. Разам з тым міжволі адзначыў: песні ў выкананні невядомага хору гучалі вельмі прыгожа, амаль як Чайкоўскі ці Глінка.
Сам ён будзе культываваць іншую манеру спеваў: цалкам народную, хіба крыху акультураную. Але ў той час Рыгор Шырма (гэта ён дырыжыраваў хорам Віленскай беларускай гімназіі, і менавіта тады пазнаёміліся два выдатныя музычныя фалькларысты) з’яўляўся для Цітовіча бясспрэчным аўтарытэтам. Генадзь некалькі гадоў быў удзельнікам яго калектыву. Цітовіча не палохала тое, што семінарскае начальства забараняла спяваць у хоры Шырмы. "Кожная з рэпетыцый была своеасаблівай мастацкай лекцыяй аб беларускай народнай песні, - успамінаў ён, - а хор стаў своеасаблівай навучальнай установай, дзе мы вучыліся любві да свайго народа, нацыянальнай свядомасці".
Рэктар семінарыі ведаў пра самавольства Цітовіча, але пакараць руплівага і добразычлівага хлопца не паварочвалася рука. Генадзь вучыўся вельмі старанна і да сваіх настаўнікаў ставіўся са шчырай удзячнасцю. Нават праз дзясяткі гадоў памятаў кожнае прозвішча, кожную рысу характару педагогаў.
"Ён ніколі не быў зубрылам, - расказваў народны артыст СССР хормайстар Віктар Роўда, таксама вучань Віленскай духоўнай семінарыі. - Нас гэта здзіўляла, бо іншыя хадзілі ад сцяны да сцяны, удараючы па ілбе ды патыліцы, удзёўбваючы тэзісы Цыцэрона, "Іліяду" Гамера. А ён неяк умеў: перагартае два-тры разы, глядзіш, ужо і ведае. Я зразумеў, што мы маем справу з эрудытам".
Генадзь Цітовіч з жонкай Вольгай Мацвееўнай і… дочкамі Таццянай і Святланай. 1950-я гадыЗдаецца, усё падштурхоўвала яго да кар’еры выкладчыка славеснасці альбо святара. Але такая перспектыва яўна была не па душы, і Цітовіч паступіў на прыродазнаўча-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Але і цікавасць да музыкі не згасла. Ён арганізаваў вакальны квартэт, потым стаў кіраваць універсітэцкім хорам.
У 1932 годзе Цітовіч апынуўся ля вёскі Хорастава на Старобіншчыне - збіраў рэдкія расліны для ўніверсітэцкага гербарыя. Непадалёк працавала студэнцкая фальклорная экспедыцыя пад кіраўніцтвам славутых этнографаў Казіміра Машынскага і Філарэта Калесы. Гуманітарыі папрасілі рослага і дужага Цітовіча дапамагчы перанесці фанограф, на які яны запісвалі спевы: прыстасаванне з трубой і васковымі валікамі важыла сама меней пуд. Заадно назіраў, як даследчыкі арганізоўваюць працэс, шукаюць носьбітаў песеннага багацця, а таксама як настройваюць фанограф і запісваюць словы ў блакнот, а мелодыю - на нотную паперу. Шырма яму пра такія дэталі не расказваў, у фальклорныя экспедыцыі не запрашаў.
Неўзабаве Генадзь і сам паспрабаваў запісваць народныя песні. Фанографа не было, затое слых - выдатны. Першы спеў, які ён занатаваў, - бабулін. Гэта была прыгожая вясельная песня:
Ой, што ў садзе лялеіцца,
Ці не бель там бялеіцца!
Ой, не бель то бялеіцца,
Не макаўка чырванеіцца.
Дачка ў мамкі красуецца,
Па зялёным садзе ходзючы…
На гэтай песні ўсё і скончылася, бо ў састарэлай Ефрасінні Мікалаеўны моцы не хапіла для працягу. Але першы вопыт так натхніў Цітовіча, што ён пайшоў па суседзях, а неўзабаве адправіўся ў фальклорную вандроўку на плытах па Дзісне.
Злева: Генадзь Цітовіч са старастам Падлескага хору В.Г. Праневічам. Канец 1940-х гадоў. Справа: з настаўнікам - прафесарам Тадэвушам Шалігоўскім. Масква, 1957 годВынік сваіх высілкаў Цітовіч паказаў прафесару Віленскай кансерваторыі кампазітару Тадэвушу Шалігоўскаму. Той, азнаёміўшыся з запісамі і ўспомніўшы, што Генадзь з сябрамі штовечар дзеля заробку спявае ў цукерні "Югаславія", сказаў: "Малады чалавек, у вас цудоўныя музычныя здольнасці. Мы знойдзем для іх лепшае прымяненне".
Неўзабаве Цітовіч пачаў сумяшчаць універсітэцкія лекцыі з заняткамі ў Шалігоўскага. Таксама выкладаў студэнтам сальфеджыа і, як мы ўжо згадвалі, кіраваў універсітэцкім хорам. Тут Генадзь сустрэў сімпатычную медычку Вольгу Строк, якая ў 1937 годзе стала яго жонкай.
Што тут пачалося!
Надышоў момант, калі Шалігоўскі прывёў свайго пратэжэ да загадчыка кафедры этнаграфіі прафесара Казіміра Машынскага. "О, дык мы знаёмыя!" - усклікнуў той, раскінуўшы рукі для абдымкаў. Аўтар манаграфіі "Усходняе Палессе" якраз карпеў над другой часткай капітальнай працы "Народная культура славян" і меў пільную патрэбу ў памочніку, які здолеў бы запісваць народныя песні. Праз некалькі дзён Цітовіч, атрымаўшы з прафесарскіх рук ровар і фанограф, адправіўся ў працяглае падарожжа па Заходняй Беларусі.
З фанографам, аднак, узнікла мноства праблем, бо "спяваць у трубу" вясковыя жанчыны адмаўляліся. Давялося "браць на вуха" і запісваць на паперу. Цітовіч шчыра любіў простых людзей, яны гэта адчувалі і адказвалі яму ўзаемнасцю. Нават стараверы, якія напачатку надта насцярожыліся, праз дзень-другі пагадзіліся паспяваць свае загадкавыя псалмы і калядкі.

Генадзь Цітовіч - запявала. Падлескі хор у канцэртнай зале імя П.І. Чайкоўскага. Масква, 1947 год
Каштоўны матэрыял, а гэта больш як тысяча песень, быў знішчаны падчас вайны. Вялікая страта, безумоўна. Набыты вопыт вельмі прыдаўся яму ў першыя месяцы пасля ўз’яднання Беларусі, калі адкрыліся магчымасці для вялікай творчай працы. Шчаслівы дзень вызвалення застаў Цітовіча ў бацькі ў Лужках на Шаркаўшчыне. На плошчу мястэчка ўрачыста ўступілі байцы Чырвонай арміі. Сцягі, слёзы, абдымкі… Назаўтра з суседніх раёнаў БССР прыбылі з канцэртамі калектывы мастацкай самадзейнасці. Народная манера, адкрыты гук, прыгожыя песні - фальклорныя і савецкія. "Вось што зараз патрэбна", - загарэўся Цітовіч. Напісаў у Мінск, каб яго прызначылі кіраўніком мастацкай самадзейнасці. Неўзабаве ён апынуўся ў Баранавічах на пасадзе галоўнага музычнага рэдактара абласной радыёстанцыі. І апантана працягваў шукаць народныя таленты.
"Спевакоў у нас хопіць на цэлы хор".
Сёстры Вольга і Вера Федчык з Вялікага Падлесся Ляхавіцкага раёна наспявалі яму столькі песень, што "на валовай скуры не запішаш", як адзначаў сам Цітовіч у мемуарах. Больш за тое, запрасілі, як скончацца палявыя работы, прыязджаць яшчэ, бо, як сказалі, "спевакоў у нас хопіць на цэлы хор". Так пачалося супрацоўніцтва Генадзя Цітовіча з вясковымі самадзейнымі артыстамі.- Ён прыехаў - і што тут пачалося! - расказвае артыст Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь Яўген Гуліцкі, які сам паходзіць з Вялікага Падлесся. - З куфраў павыцягвалі старадаўнія строі - саматканыя андаракі, паясы, вышытыя кашулі і жакеты, пацеркі, усё, што беражліва захоўвалі дзесяцігоддзямі.
Генадзь Цітовіч з артысткамі Падлескага хору. Пачатак 1950-х гадоўУ хаце прабабулі Яўгена маэстра нярэдка начаваў.
- Штосуботу прыязджаў з Баранавічаў на матацыкле, - расказвае суразмоўца. - У нядзелю праводзіў спеўку і на світанку ў панядзелак вяртаўся на працу. Прабабуля з вечара пякла яму дранікі, а ён не хацеў і назаўтра еў іх халоднымі, нясмачнымі… Спачатку ў хоры было 18 чалавек, а напрыканцы 1939-га ўжо 30. Многія прыходзілі "проста паглядзець" і… заставаліся.
Зразумела, ніякіх грошай за рэпетыцыі Цітовіч не атрымоўваў. Працаваў за дзякуй, як і яго самадзейныя артысты. "Удзельнікі хору на чале з самародкам Васілём Пётухам урачыста, у святочнай вопратцы, аздобленай тонкай вышыўкай, прыходзілі на спеўкі як на самую святую справу", - пісаў у сваім нарысе пра Генадзя Цітовіча фалькларыст Васіль Ліцвінка.
У кастрычніку 1939 года ў абласныя цэнтры Заходняй Беларусі паступіла распараджэнне падрыхтаваць калектыў мастацкай самадзейнасці для ўдзелу ў заключным канцэрце Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Часу заставалася зусім мала, а за права ўдзельнічаць у такім важным мерапрыемстве барацьба разгарнулася не на жарт. Цітовіч прыдумаў хітры ход: разам перайначылі напісаныя ў 1920-м Дзям’янам Бедным "Частушки Западного фронта", стварылі мелодыю. Ды так лоўка і таленавіта, што ніводная адборачная камісія не была супраць.
У лістападзе Падлескі хор заваёўвае першае месца на абласным аглядзе. Апрача згаданых прыпевак, выканалі шмат мясцовых песень: "Ой, ты хмель, мой хмялёк", "Ой, да белая бяроза", "Каб я тое знала", "Ды ў зялёнай дуброве", "Ой, з-пад горы" і іншыя. "Цітовіч старанна захаваў падгалосачную манеру спявання, характэрную для паўднёвага Панямоння, - тлумачыла нам, студэнтам, у 1980-х гадах фалькларыстка Ларыса Касцюкавец. - А сам ён быў з Паазер’я, дзе панаваў аднагалосны спеў. Трэба было мець каласальны нюх на народную песню, каб з такой хуткасцю авалодаць спеўнай манерай іншага рэгіёна і прыгожа яе развіць".
З удзельнікамі мастацкай самадзейнасці Смаргонскага раёна. 1959 годТаленавітае выкананне і артыстызм, цудадзейную гармонію песень і вобразаў высока ацанілі і на рэспубліканскім аглядзе ў Мінску, і на дэкадзе ў Маскве. "Выключна цёпла сустрэлі прысутныя самадзейны хор вёскі Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці. З пад’ёмам і натхненнем выступілі прадстаўнікі вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі. Велізарны поспех мела жыццярадасная песня „Нам прыслала Масква падкрапленне“, складзеная самім калектывам. Гэта песня, якая расказвае пра радасць вызваленага народа, была паўторана па настойлівых патрабаваннях слухачоў", - пісала 16 чэрвеня 1940 года "Советская Белоруссия".
Самадзейныя артысты з Вялікага Падлесся выканалі таксама "Пад калінаю", якую падрыхтавалі спецыяльна для дэкады. Светла і празрыста гучалі дзявочыя галасы пад высокай столлю Вялікага тэатра СССР. Сам Сталін апладзіраваў вясковым талентам.
Цітовіч гэтага не бачыў. Ён не быў афіцыйным кіраўніком калектыву, таму яго прозвішча няма ні ў спісе ўдзельнікаў, ні ў афішы, ні ў штатным раскладзе Беларускай філармоніі, куды часова працаўладкавалі артыстаў Падлескага хору. "Мы бязмежна шчаслівыя, - дзяліліся эмоцыямі на старонках часопіса „Работніца і сялянка Беларусі“ падлескія спявачкі Вольга Праневіч, Марыя Федчык, Надзя Дуброўская. - Нашы сэрцы перапоўнены пачуццём радасці, любві і ўдзячнасці роднай партыі і ўраду за аказаную нам чэсць. Мы - былыя прыгнечаныя, цёмныя, забітыя сяляне Заходняй Беларусі мелі вялікае шчасце быць удзельнікамі дэкады беларускага мастацтва ў Маскве".
Пра Генадзя Цітовіча не згадвалі, але ўсе цудоўна разумелі, каму абавязаны поспехам.
Генадзь Цітовіч з Міхасём Дрынеўскім і артыстамі Дзяржаўнага народнага хору БССР. Канец 1970-х
Доўгачаканае прызнанне
Калі пачалася вайна, Цітовічы з немаўлём не паспелі эвакуіравацца. Прыйшлі немцы, і невядома, чым усё скончылася б, калі б не партызаны. З іх дапамогай жонка Вольга ўладкавалася правізарам у Ляхавіцкую аптэку, а Генадзя аформілі "вучнем". Цітовічу надта карцела наведаць Вялікае Падлессе, да якога было ўсяго 20 кіламетраў, але Вера Федчык папярэдзіла: у вёсцы лютуюць паліцаі, пяцярых харыстаў расстралялі. І дадала: "Аднак мы цішком збіраемся на спеўкі, як быццам вы сярод нас!"Пасля вызвалення вярнуліся ў Баранавічы. Ізноў распачаліся спеўкі ў Вялікім Падлессі.
- У іх рэпертуары назбіралася больш як сто песень. Спявалі ў вайсковых часцях, у калгасах. Узімку 1944/45-га вясковыя артысты прайшлі трыццаць кіламетраў пехатою, каб выступіць у шпіталі ў Баранавічах, - расказвае Яўген Гуліцкі.
"Цітовіч не быў штатным супрацоўнікам Дома народнай творчасці, а выконваў нібыта падзённую работу. У штат яго чамусьці не хацелі браць", - успамінае сябра Цітовіча паэт Раман Сабаленка. - "Ён працаваў карэспандэнтам у абласной баранавіцкай газеце і абураўся, што мясцовыя ўлады яму ўпарта не давяраюць".
Зрэшты, гэта яго не надта засмучала. Цітовіч апантана шукаў новыя дыяменты песеннай спадчыны і выканаўцаў. Працаваў з самадзейнымі калектывамі ў Любчы, Дзяляцічах. Дапамагаў самадзейным кампазітарам апрацоўваць творы. Звычайна без усялякай аплаты. Жонка цярпліва, з разуменнем ставілася да гэтага, хаця грошы сям’і былі вельмі патрэбныя.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР К. Паплаўскі, народны артыст БССР В. Роўда, першы намеснік міністра культуры БССР А. Ульяновіч, народны артыст СССР Г. Цітовіч. Канец 1970-х гадоўНават у самыя змрочныя хвіліны Цітовіч не паказваў, што яму цяжка. Прапануюць вячэру - "не-не, я сыты", падводу даехаць да станцыі - "не-не, я пехатою". Аднойчы ледзь не патрапіў на ваўка, іншым разам упаў з грузавіка, што быў наўючаны трастою.
"Узімку 1944/45-га вясковыя артысты прайшлі трыццаць кіламетраў пехатою, каб выступіць у шпіталі ў Баранавічах".
- Прыязджаем мы ў Маскву, - успамінала пазней калгасніца Марыя Праневіч. - У чым мы адзетыя пасля вайны? Фуфаечкі! Нейкія там ваенныя боты на нагах, чаравікі. Прыйшлі - ніхто на нас уніманія не абрашчае: калхознікі нейкія прыехалі. І калі мы выйшлі на сцэну, увесь зал ахнуў: бусы ў нас красівыя былі, ператыканыя сарочкі. Сталі мы спяваць, і журы прышлі на сцэну нас благадарыць. Пажымалі руку. Наш Генадзь Іванавіч Цытовіч прыйшоў, кажа: "Дзевачкі, благадарнасць палучылі. Першае месца!"
Падышоў з віншаваннямі і кіраўнік Дзяржаўнага хору рускай песні Аляксандр Свешнікаў. "Асаблівай увагі заслугоўвае хор беларускай народнай песні сяла Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці (кіраўнік Г. Цітовіч), - пісаў ён у газеце "Правда". - Гэты хор прадстаўляе сабою сапраўдны перл народнага мастацтва. Выкананне хору поўнае невыказнага абаяння і цеплыні. Тэхніка выканання хору вельмі высокая, у яго ідэальная інтанацыя, выключна выразная нюансіроўка".
Пікнік у ваколіцах Мінска. У фуражцы - Рыгор Шырма, у чорным берэце - К. Паплаўскі, справа ад яго - Г. Цітовіч. Пачатак 1970-х гадоўУ канцы 1947 года "фальклорна-этнаграфічны гурт Вялікага Падлесся" зноў у Маскве. Выступае ў канцэртнай зале імя Чайкоўскага, у Маскоўскай кансерваторыі. Тым разам іх віншуе хор імя Пятніцкага. "Прыязджайце да нас у Беларусь" - паўжартам запрасілі дзяўчаты. І "пятніцкія" выступілі ў вясковым клубе, прысутнічалі на рэпетыцыях Цітовіча.
Спеўкі - гэта не прыпеўкі
Шмат цікавага пра Генадзя Цітовіча і самадзейных артыстаў нам расказала начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці Смаргонскага раёна Тамара Рамановіч. У прыватнасці, пра славутыя спеўкі. Яе маці Таццяна Юр’еўна Карповіч, у дзявоцтве Коктыш, пасля вайны была салісткай Падлескага хору.- Яна простая сялянка. Працавала цялятніцай з 13 гадоў. Гібела на гаспадарцы. Але літаральна жыла гэтым хорам. У 1945 годзе разам з калектывам ездзіла ў Маскву, - гаворыць Тамара Аляксееўна. - Спеўкі ў Цітовіча праходзілі вельмі цікава. Спяшаліся ў клуб як на свята. Нотнай граматы не ведалі. Развучвалі на слых, кожны голас паасобку, а потым складалі разам.
Тамара Рамановіч пацвердзіла, што Цітовіч ніколі не дырыжыраваў Падлескім хорам на сцэне. Сядзеў у партэры і адтуль незаўважна, адным позіркам кіраваў спевамі.
У 1948 годзе ЦК КП(б)Б даручыў Генадзю Іванавічу кіраваць новым калектывам, штучна злепленым з мазырскага фальклорнага гурта і партызанскага ансамбля песні і танца Маладзечанскага раёна. Аднак з гэтай спробы нічога не атрымалася, і ён папрасіўся назад, у Баранавічы, ужо як штатны кансультант Дома народнай творчасці.
Валянціна КрыловічУ 1952-м годзе яго зноў запрашаюць у Мінск - "на размову". Пачыналася падрыхтоўка да Другой дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Сярод яе ўдзельнікаў мусіў быць прафесіянальны народны хор з невялічкім аркестрам і танцавальнай групай. Такія калектывы ўжо былі ва ўсіх савецкіх рэспубліках, апрача хіба Узбекістана. Артыстаў рэкамендавалі шукаць у самадзейных калектывах: "не ведаюць нотнай граматы - навучым".
Часам кажуць, што Дзяржаўны народны хор БССР вырас з хору Вялікага Падлесся, аднак гэта праўда толькі часткова.
- Мама адмовілася пераязджаць у сталіцу, - расказвае Тамара Рамановіч. - Сказала: "Куды я паеду? У мяне гаспадарка, муж, дзеці".
У калгасе засталася большасць падлескіх спевакоў. І добра, што так атрымалася, бо іначай ад славутага самадзейнага калектыву нічога б не засталося. Артыстаў Дзяржаўнага хору, як залатыя крупінкі, Цітовіч збіраў па розных рэгіёнах: Зінаіда Бычкова з Магілёва, Марыя Ефаненкава з Гродзеншчыны, Ганна Аўдзеенка з Палесся, Марыя Адамейка з Барысава, Уладзімір Кавальчук з Гомеля, Валянціна Прыдачына і Валянціна Марозава з Мінска…
Народная артыстка Беларусі Валянціна Крыловіч таксама прыйшла з самадзейнасці. З Цітовічам пазнаёмілася, калі Дзяржаўны народны хор прыехаў з канцэртам ва Уваравічы, дзе яна працавала. Сама падышла, праслухалася, атрымала запрашэнне. Як і большасць тагачасных навічкоў, Валянціна Міхайлаўна толькі крыху ведала нотную грамату. Праўда, з дзяцінства чула, як спявалі мама і бабуля, але шчыра прызнаецца, што не спадзявалася вырасці ў прафесіянала.
Тамара Рамановіч- Хор стаў для мяне сапраўднай сям’ёй, а Генадзь Іванавіч - другім бацькам, - усміхаецца Валянціна Крыловіч. - Памятаю, як мяне, семнаццацігадовую, засялілі ў інтэрнат, а ў мяне ні коўдры, ні падушкі. Дапамог мастацкі кіраўнік, хаця мы ніколі не былі сябрамі - занадта вялікая розніца ва ўзросце, статусе.
З Падлескім хорам, на думку Валянціны Крыловіч, Генадзю Іванавічу было "цяплей", чым з Дзяржаўным.
- Яго кватэра на Даўгабродскай была як прахадны двор, - смяецца яна. - Уся вёска ў яго начавала. Дастаткова было сказаць: "Я з Вялікага Падлесся" - і дзверы чарадзейным чынам адчыняліся.
З 1959 года Падлескім хорам кіраваў Міхаіл Аляксеевіч Жук - родны брат бабулі ўжо знаёмага нам Яўгена Гуліцкага, але творчыя кантакты працягваліся.
- Падчас прыездаў Генадзь Іванавіч нярэдка спыняўся ў нас, бо наш дом быў у цэнтры вёскі, недалёка ад клуба, - згадвае Тамара Рамановіч. - Ужо з раніцы людзі збіраліся на спеўку. Я, яшчэ дзіця, пыталася ў маці, што гэта такое. Яна адказвала: "Велізарнае свята". А ўвечары збіраліся за сталом. Цітовіч увесь час прыгаворваў: "У Тані смачныя аладкі", - і так трапна жартаваў, што ў людзей ад смеху балелі жываты.
Святкаванне 50-й гадавіны Падлескага хору. 1989 годПаводле слоў Тамары Аляксееўны, у Вялікім Падлессі народны артыст быў нарасхват. Напэўна, з вяскоўцамі яму было неяк утульней, чым з гарадской інтэлігенцыяй. Яны не кпілі з цітовіцкіх "хохмачак", з яго дабрадушнай рассеянасці. Ён мог нават сысці з цягніка на перон у адных шкарпэтках, забыўшы надзець чаравікі. А сябрам, каб не выглядаць дзіваком, хлусіў, што ў яго ўкралі абутак.
Да апошніх дзён жыцця Генадзь Цітовіч збіраў фальклор, назапасіў больш як тры тысячы картак з песнямі. На кожнай - падрабязныя звесткі, дзе, калі і ад каго запісаў твор.
"Хор стаў для мяне сапраўднай сям’ёй, а Генадзь Іванавіч - другім бацькам".
Больш за ўсё любіў вандраваць па рэках разам з таварышамі. Ледзь пазнаёміцца з чалавекам і адразу пытае: "Плаваць умееш?" Аслупянелы суразмоўца толькі разводзіць рукамі. "Свіслач каля Татарскіх агародаў пераплывеш?" - насядае Цітовіч. І, перачакаўшы паўзу, працягвае: "Ну, што з табой зробіш? Усё адно бяру. Паеду на дзень-другі раней. Трэба лодку добра заканапаціць, каб цябе, няўмеку, незнарок не ўтапіць на радасць жонцы!"На стаянках звычайна рыбачыў, аднак з песнямі яму шанцавала значна болей, чым са шчупакамі. Не расставаўся з набытым яшчэ ў юнацтве "Вызначальнікам раслін".
"Ой, рэчанька, рэчанька…" На юбілейным канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча ў Белдзяржфілармоніі 16 сакавіка 2022 года
Надзейныя рукі "зяця"
У апошнія гады Цітовіч засяродзіўся на навуковай працы. Яго 22-гадовае мастацкае кіраўніцтва Дзяржаўным народным хорам скончылася знянацку, як і пачалося. У 1974-м Генадзя Іванавіча адправілі на заслужаны адпачынак."Гэта было вельмі нялёгкай справай, - з сумам прызнаваўся ён, - бо калектыў стаў для мяне раднейшым за родных дачок. Але ж для кожнага бацькі наступае момант, калі дачку трэба аддаваць замуж, і тут ужо глядзі: ці добры будзе зяць. Ну, а "зяця" для хору я лічу сваім вучнем, бо ён працаваў у нас хормайстрам на працягу пяці гадоў. І ўсведамленне таго, што хор трапіць у надзейныя рукі, змякчыла горыч майго расставання з калектывам".
"Зяцем" ён называў свайго вучня Міхася Дрынеўскага. Аднак спачатку абавязкі мастацкага кіраўніка ўзяў на сябе яго паплечнік, галоўны хормайстар Канстанцін Паплаўскі.
- Нашы сем’і сябравалі з 1950-х гадоў, - успамінае народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская. - А бацька з Генадзем Іванавічам былі знаёмы хіба з Вільні. Мы, дзеці, прыходзілі ў кватэру Цітовічаў разам з дарослымі, і пакуль тыя бавілі час размовамі пра высокае мастацтва, рабілі страшэнны тарарам. За гэта нам нічога не было, бо дзядзька Генадзь і яго жонка Вольга Мацвееўна былі незвычайна спагадлівымі людзьмі.
На рэпетыцыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. ЦітовічаДобрыя стасункі захаваліся і пасля таго, як Цітовіч пайшоў на пенсію. Час ад часу ён наведваў рэпетыцыі Дзяржаўнага хору.
- Для артыстаў гэта было вялікім шчасцем, - расказвае Валянціна Крыловіч. - Дырыжыраваў ён зусім не так, як Паплаўскі ці Дрынеўскі. Вельмі энергічна рухаўся ўсім целам, каб "дастаць" з хору тыя нюансы, якія былі яму патрэбны. Прымушаў нас "акругляць" гук, не дапускаў крыклівага, просталінейнага спеву. І вядома ж, мог расказаць пра кожную песню так, каб па скуры пайшлі дрыжыкі.
"Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная…" - спявае хор, і ўжо бачыш калыханне вады, зялёныя берагі і зіхаценне расы на траве.
Спакойнага жыцця на пенсіі не атрымалася. Ды і не магло! Цітовіч удзельнічаў у процьме розных журы, рэдагаваў кнігі і нотныя зборнікі, узначальваў рэвізійную камісію Саюза кампазітараў БССР.
…Увосень 1979 года ў Доме культуры калгаса імя Леніна Ляхавіцкага раёна ўрачыста адзначалі саракагоддзе Падлескага народнага хору. Неўзабаве на агульным сходзе членаў гаспадаркі аднагалосна прынялі рашэнне "Аб прысваенні ганаровага звання „Заслужаны калгаснік“ Генадзю Іванавічу Цітовічу за шматгадовую і актыўную работу ў калгаснай вытворчасці".
У любімай сталіцы. Генадзь Цітовіч. 1970-я гадыВяскоўцы прыраўнялі яго самаадданую творчую працу да вытворчасці малака і мяса, вырошчвання збожжа і бульбы. І Цітовіча як чалавека з моцнымі каранямі на роднай зямлі гэта вельмі цешыла.
- У сваю апошнюю экспедыцыю ён выправіўся ў канцы зімы, - згадвае Святлана Цітовіч, дачка Генадзя Іванавіча. Мароз быў люты. Тата прастудзіўся. Доўга кашляў. Апынуўся ў Бараўлянах… "Ну, нарэшце я ў санаторыі", - казаў усім. Нават там ён намагаўся жартаваць.
Народны артыст СССР Генадзь Цітовіч памёр 20 чэрвеня 1986 года. На пахаванні прысутнічала ці не ўсё Вялікае Падлессе.
Хор у вёсцы існуе і сёння. У раёне ім ганарацца. Памятаюць Генадзя Іванавіча і на радзіме ў Новым Пагосце, дзе ён быў хрышчаны. У мясцовай школе ёсць музей, дзе захоўваюцца аўтографы народнага артыста, унікальныя фотаздымкі. З 2022 года ўстанова адукацыі носіць імя Генадзя Цітовіча.
Гэтага незвычайнага чалавека памятаюць усюды, куды ён прыязджаў, дзе дапамагаў самадзейным калектывам і кампазітарам, спяваў з людзьмі іх песні. Яго методыкай збірання фальклору дагэтуль карыстаюцца студэнты і сталыя даследчыкі. Без кніг Генадзя Цітовіча немагчыма ўявіць і спазнаць этнаграфічнае мастацтва Беларусі. Але душа яго, здаецца, засталася ў Вялікім Падлессі. Там, дзе яго заўжды чакалі і любілі, дзе ўзнагародзілі найвышэйшым для яго званнем на зямлі.
| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, з музея Новапагосцкай сярэдняй школы імя Г.І. Цітовіча і з адкрытых крыніц.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.