ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Понедельник, 23 декабря 2024
Минск-Уручье -2°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
16 июня 2024, 10:35

Што вы ведаеце пра нацыянальныя паркі? Пять цікавых кніг, якія выдалі ў Беларусі

Колькі загадкавай і цнатлівай прыгажосці тояць у сабе нашы нацыянальныя паркі "Белавежская пушча", "Браслаўскія азёры", "Нарачанскі", "Прыпяцкі", запаведнікі Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны. І добра, што ёсць людзі, дзякуючы якім можам адчуць прыроднае хараство ўсімі стрункамі душы, нават не пабываўшы ў гэтых мясцінах.

Творчай камандзе вядомага беларускага вучонага-арнітолага, кандыдата біялагічных навук, фатографа і рэжысёра-дакументаліста Ігара Бышнёва спатрэбілася дзесяць гадоў экспедыцый, каб стварыць цудоўную кнігу "Нацыянальныя паркі - жамчужыны Беларусі". Чытач знойдзе тут шмат цікавага з гісторыі асабліва ахоўных тэрыторый, да якіх адносяцца нацыянальныя паркі і запаведнікі, пазнаёміцца з іх разнастайным жывёльным і раслінным светам, многія прадстаўнікі якога занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У выданні багата па-сапраўднаму ўнікальных фотаілюстрацый.

Апроч усяго, тут ёсць інфармацыя пра даступныя турыстам шматлікія маршруты, экскурсіі, экасцежкі, базы адпачынку, месцы рыбалкі і палявання ў нашых нацыянальных парках і запаведніках. Таго і глядзі, пабяжыш здымаць з антрэсолей запылены рукзак, каб неадкладна выправіцца ў найцікавейшае падарожжа. Напрыклад, па тэрыторыі балота Саўскі мох і пагорках ледніковага паходжання дзейнічае экстрэмальны маршрут "Людзі на балоце"…

Часу што-небудзь пачытаць у такім падарожжы наўрад ці будзе, але захапіць якую-небудзь пазнавальную кніжку з сабой варта. Напрыклад, аматараў паэтычнай творчасці і ўвогуле айчыннай літаратуры можа зацікавіць кніга кандыдата філалагічных навук Ірыны Шматковай "Беларуская жаночая паэзія ХХ стагоддзя". Гэта не зборнік мастацкіх твораў, а навуковае даследаванне, якое раскрывае цэлы гісторыка-культурны пласт.

Хто з беларусак па-майстэрску валодаў паэтычным словам? Якія тэмы, стылі, жанры іх цікавілі? Перад намі галерэя з шаснаццаці слаўных імён - ад Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Канстанцыі Буйло да Людкі Сільновай і Ірыны Багдановіч.

Лёсы беларускіх паэтак часам незайздросныя, дзяцінства некаторых з іх апалена вайною.

Мяне за жывое крануў лёс Еўдакіі Лось. Яна нарадзілася на Ушаччыне, у літаратуру прыйшла ў канцы 1950-х разам з Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам, Васілём Зуёнкам і іншымі майстрамі мастацкага слова. Вайна забрала ў яе брата і бацьку. Напэўна, таму ў яе паэтычных творах шмат болю ад перажытага, гераічных вобразаў. Шмат пісала для дзяцей.

Паэтка вельмі рана, ва ўзросце 48 гадоў, пайшла з жыцця. Як наказ на ўсе часы ўспрымаюцца сёння радкі Еўдакіі Лось:

Я ж зраблюся такім сустрэчным,

Што харошае дорыць усім…

Чалавеку быць чалавечным,

Мне здаецца, няцяжка зусім!

Так, яна была слыннай паэтэсай свайго часу і пісала пра тое, што хвалявала яе равеснікаў. А што сучаснае пісьменніцкае пакаленне?

Адказ можа даць зборнік апавяданняў "Цень зоркі". У кнізе змешчаны выбраныя творы 25 маладых беларускіх празаікаў. Хапае тут усяго: і пра пачуцці-узаемаадносіны, і пра сучаснае-мінулае. Не абышлося без фантастыкі.

Апавяданне "На Яна" Кацярыны Назаравай цалкам пагрузіла мяне ў дзяцінства, у той час, калі бавіла канікулы ў бабулі, як і гераіні твора - сястрычкі "Тоня з Танюшкай", - бегала ў Купальскую ноч падзівіцца, як палае велічэзнае вогнішча. Праўда, тады абыходзілася без усякіх эксцэсаў, а ў апавяданні здарылася адна "недарэчнасць"… Але, відаць, на Купалле не магло быць іначай - свята ж чароўнае!

Цікава, ці наканавана каму-небудзь з гэтай маладой 25-кі стаць класікам айчыннай літаратуры? Хто ведае.

І усё ж пра класікаў. Тут дзве навінкі.

Пачынаюць выдаваць збор твораў Івана Чыгрынава ў пяці тамах. Праект прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. У кнігарні я знайшла першы том, ён змяшчае раманы "Плач перапёлкі" і "Апраўданне крыві", у якіх расказваецца пра падзеі на ўсходзе Беларусі ў 1941 годзе. Арганічным іх працягам сталі раманы "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Не ўсе мы згінем". Гэта вядомая эпапея пра Вялікую Айчынную вайну.

На сур’ёзную мастацкую прозу Чыгрынаў адважыўся, як вядома, не адразу - спачатку пісаў вершы, апавяданні. Ды так, што зямляк пісьменніка, паэт Майсей Сяднёў, прызнаў: "У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца. Залічыць яго да ліку нашых класікаў".

Пра сваю творчую задуму і "Плач перапёлкі" пісьменнік некалі скажа: "Прыступаючы яшчэ да першага рамана, я быў гатовы сур’ёзна асэнсоўваць вайну". У гэты твор Чыгрынаў уклаў вельмі шмат з таго, што перажыў асабіста ці як сваё ўспрыняў ад блізкіх людзей. Раман "Плач перапёлкі" нездарма заслужана лічыцца адным з найлепшых у беларускай прозе.

У Нацыянальнай бібліятэцы да восені працуе выстава "Салдацкі лёс", прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Васіля Быкава. Тут прадстаўлены выдадзеныя ў розны час кнігі майстра мастацкага слова, публіцыста, сцэнарыста, удзельніка Вялікай Айчыннай.

Вайна была галоўнай тэмай творчасці Быкава. Менавіта адтуль родам яго героі, якія вымушаны рабіць складаны маральны выбар у самых драматычных, нават антычалавечых абставінах. Быкаў пазбягаў пампезнасці і прыхарошвання. Ён пісаў пра тое, што жыццё - гэта велізарная каштоўнасць, але ці дастаткова проста выжыць? "Жураўліны крык", "Tpэцяя paкeтa", "Aбeлicк", "Круглянскі мост", "Дaжыць дa cвiтaння", "Boўчaя згpaя", "Ягo бaтaльён", "3нaк бяды", "Альпійская балада", "Сотнікаў" - гэтыя творы дапамагаюць чытачу праз многае прайсці разам з іх героямі, прымушаюць асэнсаваць, што ёсць здрада самому сабе і ў чым слушнасць і маральнасць таго ці іншага выбару.

У кнігарнях краіны багаты выбар твораў пісьменніка. Нядаўняя навінка - кніга "Сотников. Обелиск". Абедзьве аповесці даўно сталі сусветнай класікай. Першая з іх - адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле яе рэжысёр Ларыса Шапіцька зняла выдатны фільм "Восхождение", удастоены ў 1977 годзе найвышэйшай узнагароды Берлінскага кінафестывалю. Другая аповесць таксама не пра збітыя самалёты і падарваныя масты, а пра звычайнага сельскага настаўніка, але "сапраўднага чалавека". Чаму імёны такіх людзей абавязкова павінны быць на абелісках - можна яшчэ раз паразважаць на гэты конт, чытаючы быкаўскую аповесць.

| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

 

Чытайце таксама:

"І хто ж, вы думаеце, парушыў ідылію?" Пяць свежых і цікавых выданняў белліта


Якую кнігу возьмем з сабой у парк? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе


Навука, спорт і нават містыка. Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Топ-новости
Свежие новости Беларуси