Нашы прашчуры шанавалі прыроднае хараство, імкнуліся ўпрыгожыць дэкаратыўнымі раслінамі сваё жыццё. Прынамсі, хату і прастору каля яе. Але пры гэтым продкі былі вельмі спрактыкаваныя, бо найперш выкарыстоўвалі кветкі і расліны, якія валодаюць лекавымі ўласцівасцямі. Сучасныя гаспадыні хоць і прытрымліваюцца традыцый, але ўсё ж глядзяць на кветкаводства крыху інакш.
Калі быць дакладным (і таму ёсць навуковае пацвярджэнне), то першыя кветнікі з мясцовых і іншаземных "насельнікаў" з’явіліся ў манастырскіх садах. Манахі звычайна высаджвалі лекавыя і фарбавальныя расліны, сярод якіх былі таксама дэкаратыўныя.
Сяляне ж найперш клапаціліся пра хлеб надзённы, цяжка працавалі. Таму пераважна выбіралі дзікарослыя зёлкі і кветкі, кіруючыся няхітрым жыццёвым правілам: што ў лесе ці ў полі родзіцца, дома згодзіцца. Навукоўцы мяркуюць, што такім чынам у звычайныя кветнікі "перабраліся" васілёк (валошка), рамонак, чабор, крываўнік і іншыя карысныя прадстаўнікі расліннага свету.
Здаралася, што панскія садоўнікі расшчодрываліся на адзін-другі флянс (каліва расады) гатунковай расліны. Як кажуць, з міру па нітцы - голаму сарочка, і ля звычайных вясковых хат паступова з’яўляліся дэкаратыўныя прыгажуні. Кветнікі ладзілі паміж плотам і хатай, каля калодзежаў, уздоўж сцежкі, што вяла ад варот да ганка.
Існаваў і іншы шлях з’яўлення палісаднікаў. Напрыклад, у правінцыяльных сядзібах у раёне Нясвіжа, Навагрудка, Міра, Капыля, Ліды ды ў іншых мясцовасцях у XIX стагоддзі паны выпісвалі за грошы з батанічных садоў дэкаратыўныя штамбавыя (маюць прамы доўгі ствол, сцябло без бакавых адгалінаванняў), чайныя і кітайскія ружы, махрыстыя півоні, вяргіні, настуркі і іншыя пахучыя прыгажуні.
- Арыгінальныя спосабы стварэння клумбаў адлюстроўвалі дабрабыт гаспадара і служылі прадметам асаблівага клопату і гонару, - адзначае вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі кандыдат біялагічных навук Наталля Луніна. - У XIX стагоддзі былі вельмі модныя ружы, вяргіні і мальвы. Часцей за ўсё іх заказвалі ў Пецярбургу, у вядомым ва ўсёй Еўропе памалагічным садзе.
Лекавыя дзікарослыя
кветкі збіралі на свята Тройцы
На тэрыторыі Беларусі першы батанічны сад заснавалі ў 1775 годзе. Гэта была ідэя знакамітага дзеяча ВКЛ і мецэната Антонія Тызенгаўза. Па яго просьбе ў Гродна прыехаў французскі медык і батанік Жан Эмануэль Жылібер, каб адкрыць медыцынскую школу, а пры ёй - батанічны сад. Літаральна праз тры гады тут ужо налічвалася дзве тысячы відаў раслін. Жылібер і яго вучні старанна вывучалі прыроду Беларусі і Літвы, збіралі расліны каля Гродна, Брэста, Беластока, Нясвіжа, Вільні. Па гербарыі, які захаваўся, беларускія вучоныя змаглі даведацца, якія кветкі ўпрыгожвалі панскія маёнткі і прысядзібныя тэрыторыі каля 250 гадоў таму.
- На пачатку 2000-х найбольш папулярныя расліны з тагачаснага гербарыя можно было напаткаць амаль у кожным вясковым кветніку, - расказвае суразмоўца. - Аранжавыя кветкі лілейніка бурага, які высаджвалі ледзь не каля кожнай беларускай хаты, віднеліся здалёку.
<h3>"У XIX стагоддзі былі вельмі модныя ружы, вяргіні і мальвы".
Цікава, што расліна гэта родам з Усходняй Азіі, там яна лічыцца харчовай. Бутоны соляць, як мы агуркі. Непераборлівы і даўгавечны лілейнік хутка распаўсюдзіўся і ў нас.
Падчас экспедыцый па Беларусі ў кветніках невялікіх гарадкоў і мястэчак даследчыкі сустрэлі таксама іншыя вядомыя расліны: гваздзік турэцкі, аксаміткі, півоні, флёкс мяцёлчаты, касач германскі. І канешне ж, ружы - пляцістыя і паўпляцістыя, якія часта высаджваюць не толькі ля плоту, каб і суседзі бачылі, а і ля сцяны хаты, каб, седзячы на лаўцы, насалоджвацца прыгажосцю і непараўнальным водарам ружавага царства. Ці ўзяць мыльнік. Яго белыя ці бэзавага колеру паўмахровыя кветачкі адшукалі ў Расонскім раёне.
- Гэту класіку старажытных беларускіх кветнікаў звычайна дапаўнялі ярка-чырвоны ліхніс (Зорка), рыжыя лілеі ("пачканосы"), ружовыя дыцэнтры, якія ў народзе называлі "завушніцы", дробныя беласнежныя суквецці нарцыса паэтычнага, - расказвае Наталля Луніна. - Апошнія актыўна ўжываліся ў азеляненні палісаднікаў у 1970-х гадах. Памятаю, што такія ж кветкі раслі на дачы ў маёй цёткі. Таму вельмі здзівілася, калі гадоў дзесяць таму мы выпадкова сустрэлі іх у Чэрвені ў гарадскім парку. Увогуле сёння гатункаў нарцысаў велізарная колькасць. Калекцыя Цэнтральнага батанічнага сада налічвае больш як 300 відаў розных адценняў і камбінацый колераў.
У вясковых кветніках:
астра Бабіна лета, ліхнес Зорка, старажытная лілея беласнежная
Суразмоўца згадвае, як на пачатку 2000-х недалёка ад Мірскага замка члены экспедыцыі пазнаёміліся са сталай гаспадыняй вясковай сядзібы.
- Ля хаты, якая танула ў кветках і зеляніне, убачылі поўны набор папулярных недзе з 1970-х гадоў раслін, - расказвае Наталля Луніна. - Шматгадовая астра, флёкс мяцёлчаты дробнакветкавы, гваздзік турэцкі, касач, вяргіня, рудбекія (Залаты шар), ліхніс, аспарагус. Нечакана для сябе высветлілі, што, аказваецца, аспарагусы і флёксы напачатку былі любімымі раслінамі прадстаўнікоў інтэлігенцыі - "паштальёна і вучыцелькі".
Дарэчы, на думку Наталлі Лунінай, мясцовыя назвы трапна адлюстроўваюць знешні воблік і асаблівасці раслін. Так, лілейнік буры называлі жоўтай лілеяй, каракозам, аканіт - боцікамі, сабачкамі, конікамі, аспарагус - шпарагай, елачкай, хвойкай, наготкі - нюхцікамі, флёксы - паненскім вечарам, цыганамі.
"Кветкаводства на Беларусі - гэта народная традыцыя, пласт культуры".
Пасля Вялікай Айчыннай вайны масава распаўсюдзіліся цюльпаны, гладыёлусы, настуркі, мальвы, сланечнік (жоўтыя рамонкі) і, канешне, півоні.
- Раслінай майго дзяцінства лічу касмею, яна была ростам з мяне, школьніцу пачатковых класаў, - усміхаецца Наталля Міхайлаўна. - Гэта аднагадовы рамонак белага ці бэзавага колеру, з лісцем, рассечаным на дробныя часткі, як кроп. Памятаю, многія палісаднікі ў Мінску проста танулі ў касмеі. Паўсюдна раслі бэз, духмяны тытунь, мацыёлы, півоні.
У сучасных кветніках пануюць іншаземныя расліны, а традыцыйныя пакрысе сыходзяць з вясковых клумбаў, што ўжо казаць пра гарадскія. Найчасцей высаджваюць тое, што ў трэндзе.
Аднак выразна прасочваецца, асабліва ў гарадах, зваротная тэндэнцыя - усё часцей згадваюць пра традыцыйныя для беларусаў кветкі. Стала больш мнагалетнікаў, але тут хутчэй з меркаванняў эканамічнага кшталту.
Зверху ўніз: барвянок,
лілея Царская карона, падтыннік, крываўнік, ваўчкі
- Кветкаводства на Беларусі - гэта народная традыцыя, пласт культуры, як ткацтва ці ганчарнае майстэрства, саломапляценне, - гаворыць кандыдат біялагічных навук Наталля Луніна. - Гэта традыцыя не толькі захоўваецца, але і актыўна развіваецца, набывае новыя рысы і сімвалічнасць, якой нашы спрадвечныя кветкі нібыта знітоўваюць генетычную сувязь паміж пакаленнямі.
- Мы, як нашы дзяды і прадзеды стагоддзі таму, не можам уявіць свайго існавання без жывой прыроды і свету раслін,- падхоплівае думку старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Інстытута мастацвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы кандыдат гістарычных навук Яна Шаўчэнка. - Хацела б падкрэсліць такую акалічнасць: расліны кармілі, апраналі і лячылі цэлыя пакаленні. Ім надавалася роля абярэгаў, магічных атрыбутаў.
Сапраўды, культурныя і дзікарослыя расліны здаўна займалі важнае месца ў духоўнай культуры беларусаў. Яны былі незаменнымі "ўдзельнікамі" народных свят і абрадаў. Скажам, добра вядомыя рута і барвенак, якія маглі вырошчваць у кветніку ці нават у вазоне на падаконніку, выкарыстоўвалі ў вясельным дзействе. Нявесце запляталі рутавы вянок, часам у яго дадавалі барвенак, мяту, дзеразу. Кветкі барвенка маладым зашывалі ў падушку. Гэта сімвалізавала пачатак новага жыцця для пары, пераход у новы сацыяльны статус. Верылі, што барвенак абароніць ад нячыстай сілы і сурокаў. На Купалле з такой жа мэтай вянкі аздаблялі валошкамі, хмелем і рамонкамі.
"Расліны кармілі, апраналі і лячылі цэлыя пакаленні".
Раслін вялікае мноства, і кожная з іх так ці інакш мела дачыненне да штодзённага і святочнага жыцця беларусаў, падкрэслівае суразмоўца. Скажам, многія дзікарослыя кветкі збіралі на свята Тройцы, якое папярэднічала Купаллю і з’яўлялася своеасаблівай сімвалічнай мяжой, што "закрывала" вясну і "адкрывала" лета. Троіцкую зеляніну надзялялі магічнымі ўласцівасцямі, якія садзейнічаюць багатаму ўраджаю. У Брагінскім раёне на Тройцу вянкі з яе насілі ў поле і на агарод, клалі на капусту, каб добра ўрадзіла.
- Адной з папулярных купальскіх раслін з’яўлялася півоня, якую і дагэтуль згадваюць у народнай традыцыі на Падзвінні, - расказвае даследчыца. - У Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, напрыклад, засушанымі кветкамі півоні акурвалі хату - гэта лічылася надзейным абярэгам ад грому. Таксама зёлкамі акурвалі малых дзяцей, што спужаліся, і давалі ім глытаць дым.
Вянкі і сёння аздабляюць
валошкамі, хмелем і рамонкамі. На рэспубліканскім свяце "Купалле" ў
аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. 2024 год
Надзвычай прыгожы элемент Купалля - пляценне вянкоў дзяўчатамі - захаваўся дагэтуль. Праўда, раней гэта было так. Збіраліся невялікімі групамі і ішлі ў поле па кветкі. На Дубровеншчыне звычайна іх збіралі ў розных мясцінах ля суседніх вёсак, бо існавала павер’е, што такім чынам можна заманіць да сябе жаніхоў. Вянкі плялі звычайна з васількоў і рамонкаў, але і дзьмухаўцы, чабор, дзядоўнік, палын дзяўчаты таксама любілі. Рукатворную творчасць пускалі на ваду і варажылі пра будучае замужжа: чый вянок праплыве даўжэй за астатнія, тая хутчэй выйдзе замуж.
А чароўная папараць-кветка, якая нібыта цвіце толькі адну ноч?! Хто яе знойдзе, пачне разумець мову жывёл і раслін, адшукае нябачаныя скарбы і нават атрымае здольнасць прадказваць будучыню. Праўда, паводле слоў Яны Шаўчэнка, нягледзячы на тое, што даволі часта сустракаюцца гісторыі пра "відавочцаў", якім нібыта пашчасціла назіраць за яе цвіценнем, гэта ўсяго толькі легенда.
- Што да вясельнай абраднасці, то раней нават каравай упрыгожвалі жывымі кветкамі, - працягвае эксперт. - Адразу ж пасля вымання з печы яго пасыпалі зялёнай рутай і барвенкам. Увогуле, свежая расліннасць шырока выкарыстоўвалася побач з папяровымі кветкамі і вырабамі з цеста. Так, на вясельны каравай маглі дадаць і галінкі каліны, ядлоўца, вішні, яблыні. На Гродзеншчыне, у Іўеўскім раёне, яго аздаблялі дробнымі рамонкамі.
Традыцыя гэта з цягам часу трансфармавалася, падкрэслівае даследчыца: вялікую ўвагу пачалі надаваць менавіта эстэтычнаму аспекту, і на першае месца выйшлі кветкі з паперы і цеста.
У 2018 годзе падчас
этнаграфічнай палявой экспедыцыі ў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці вучоныя
даследавалі раслінны свет у жыцці беларусаў. На здымках: жыхарка в. Барава
Вольга Сяліцкая; жыхарка в. Мікалаева Настасся Жураўская
Як мы ўжо згадвалі, продкі нашы былі спрактыкаванымі людзьмі і спаўна ўмелі карыстацца тым, што давала прырода.
- Паводле архіўных запісаў ХІХ стагоддзя, некаторыя кветкі, якія валодалі значнымі лекавымі ўласцівасцямі, - рамонкі, мята, дзераза і святаяннік (зверобой), ваўчкі (череда), - збіралі не толькі для ўласнага ўжывання, але і на продаж, - гаворыць Яна Шаўчэнка. - Сыравіну здавалі ў аптэкі, маглі збываць і на кірмашах.
"Усе мы рана ці позна звяртаемся да сваіх каранёў".
На Віцебшчыне жанчыны збіралі (у дужках народныя назвы) рамонкі, дзьмухаўцы (ветраннікі), трыпутнік (вобаратнік), васількі альбо валошкі (букаўнік, бычыннік, валынкі), чабор, дзядоўнік (дзед), чальчак (плакун-трава), дзіванну (мядзведжае вуха), мацярдушку, а таксама крываўнік (кроўнік), адвары якіх выкарыстоўвалі для лячэння розных хвароб. Надзвычай папулярны быў святаяннік. Лічылася, што няма той немачы, якую б ён не мог дапамагчы адолець. Да таго ж, паводле народнага павер’я, адпужваў нячыстую сілу. Пры скурных захворваннях як панацэя разглядаўся падтыннік (чистотел). Яго і сёння актыўна выкарыстоўваюць у фармацэўтыцы. У некаторых мясцовасцях лічылася, што з дапамогай адвару з чабору можна вылечыць алкагалізм.
- На Усходнім Палессі ў складзе зёлак часта згадваюцца такія расліны, як любіста (любісцік), палын, ваўчкі, календула, цвінтарэн (залататысячнік), дуброўка, дзераза, - адзначае Яна Шаўчэнка. - Кветкі любісты, як і ваўчкі, дабаўлялі ў ваду для купання немаўляці не толькі дзеля таго, каб засцерагчы яго ад скурных хвароб, але і каб дзіця любілі… А на Гомельшчыне папулярнымі зёлкамі былі мята, меліса, святаяннік, наготкі. Збіралі цвінтарэн, мацярдушку і жоўтыя гарлачыкі.
Некаторыя прадстаўнікі расліннага свету Беларусі сталі для беларусаў… сімваламі. Тут варта перш за ўсё сказаць пра васілёк (валошку), лічыць мая суразмоўца. На яе думку, гэта найбольш папулярызаваная кветка даўно негалосна набыла статус нацыянальнага сімвала краіны.
- Лічу, што васільковая гісторыя пачалася на пачатку XX стагоддзя, з моманту, калі класік нашай літаратуры Максім Багдановіч у сваім знакамітым вершы "Слуцкія ткачыхі" з думкамі пра Радзіму напісаў незабыўныя радкі: "і тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага узора цвяток радзімы васілька", - разважае Яна Шаўчэнка. - З цягам часу асацыяцыя расліны з нацыянальным каларытам і ўнікальнасцю традыцыйнай культуры ўстойліва замацавалася ў свядомасці беларусаў.
Васілёк сіні (валошка,
сiноўнiк, хабэрка) - кветка 2025 год
Суразмоўца дадае, што васілёк сіні, паводле вынікаў анлайн-галасавання, стаў раслінай 2025 года, упэўнена абышоўшы чабор і верас.
- Незалежна ад таго, у які час жывём і якімі інавацыямі карыстаемся, - усе мы рана ці позна звяртаемся да сваіх каранёў, - гаворыць эксперт. - І пакуль грамадства функцыянуе ў судакрананні з традыцыямі продкаў, азіраючыся на шматвяковы вопыт прашчураў, яно будзе жыць у эпоху росквіту.
Навакольны раслінны свет па-ранейшаму штодня нагадвае пра сваю значнасць і важнасць. Магчыма, штосьці з яго разнастайнага багацця для сучаснікаў ужо не такое магічнае і значнае, як было раней. Але цяжка ўявіць сваё жыццё без кубка малінавай альбо ліпавай гарбаты падчас прастуды, без трыпутніка на ране, калі няма іншага паратунку. Словам, скарыстацца тым, што ведалі і як спрадвеку рабілі нашы продкі.
Традыцыйны кветнік (топ-10 раслін паводле версіі Цэнтральнага батанічнага сада НАН):
- Мыльнік
- Аспарагус
- Ліхніс
- Дыцэнтра
- Рудбекія рассечаная (Залаты шар)
- Флёкс мяцёлчаты
- Нарцыс паэтычны
- Турэцкі гваздзік
- Лілейнік буры
- Лілея тыгравая ("пачканосы")
| Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ, часопіс "Беларуская думка". Фота БЕЛТА, з уласных архіваў экспертаў публікацыі.
Чытайце таксама:
Агрессивные цветы, которые не стоит разводить в саду! Создадут много проблем
Красивые цветы, которые к тому же чистят воздух. Как вырастить бегонию на балконе?
Неприхотливые и яркие цветы для сада. Три растения, которые украсят ваш участок!