ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 20 ноября 2024
Минск-Уручье +5°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
13 сентября 2024, 17:45

Кацярына Хадасевiч-Лiсавая: "Быць дзiцячым пiсьменнiкам - вялiкая адказнасць"

Кацярына Хадасевiч-Лiсавая
Кацярына Хадасевiч-Лiсавая
Кацярыну Хадасевiч-Лiсавую прыхiльнiкi яе творчасцi ведаюць як Лiтаратурную Фею. I справа не толькi ў яе вытанчанай вопратцы, чароўнай палачцы и яркiх штампiках з выявамi казачных герояў, якiя пiсьменнiца заўсёды бярэ на сустрэчы з дзецьмi. Лiтаратурная Фея нейкiм незразумелым для многiх чынам робiць так, што сучасныя хлопчыкi i дзяўчаткі з задавальненнем мяняюць гаджэты на кнiгi. Сёння паспрабуем даведацца ў пiсьменнiцы, у чым яе сакрэт.

Быццам адчыняе дзверы ў казку

- Кацярына, першую казку вы напісалi ў 10 гадоў. Выбар гэтага жанру ў такiм узросце зразумелы: такiя творы для ўсiх у дзяцiнстве самыя любiмыя. Аднак вы сталi дарослай i працягнулi пiсаць менавiта казкi. Чаму?

- Дзецi заўсёды былi побач са мной. Спачатку малодшая сястра, потым яе сын - мой пляменнiк. Калi ён падрос, у мяне самой з`явiўся сын. Акрамя таго, я шмат гадоў працую ў школе, дзе вакол таксама ўвесь час дзецi. Гэта дазваляе мне час ад часу зазiраць у iх свет. Здаецца, што ключ ад краiны дзяцiнства мне нехта пакiнуў назаўжды. Iм я як быццам i адчыняю дзверы ў казку. Далёка не кожны пiсьменнiк можа зрабiць гэта. Камусьцi ствараць творы для дзяцей вельмi складана, аднак не мне. Безумоўна, гэта нелёгка, таму што нясе ў сабе вялiкую адказнасць. Пiсьменнiк закладае праз творы ў душы i сэрцы дзяцей маральныя каштоўнасцi, арыенцiры, духоўныя патрэбы. Усё тое, што маленькi чытач атрымае праз кнiгi, далей пойдзе з iм па жыццi. Таму я лiчу, што на дзiцячых пiсьменнiках трымаецца ўсё, а казкі ствараю абавязкова на падмурку вечных каштоўнасцей. Iх перадачу праз кнiгi лiчу сваёй найважнейшай задачай як пiсьменнiка.

- Чаму, на ваш погляд, далёка не ў кожнага пiсьменнiка атрымлiваецца пiсаць нешта для дзяцей?

- Таму што каб рабiць гэта, трэба ўмець бачыць навакольны свет праз асаблiвае дзiцячае ўспрыманне з характэрнымi для яго эмоцыямi. Фактычна, у некаторым сэнсе ты павiнны калi не быць дзiцём унутры, то захаваць гэта адчуванне ў памяцi i сэрцы. Што такое дзяцiнства? Яркая, цудоўная, звонкая пара, напоўненая адмысловымi колерамi i водарамi. Я вельмi добра памятаю сваё маленства - светлае, бясхмарнае. Таму iмкнуся, каб праз мае кнiгi дзецi трапiлi ў такi ж свет - казачны, добры, шчыры, светлы. Нават у апавяданнях пра нейкiя жыццёвыя складанасцi iмкнуся даць чытачам арыенцір, што ўсё кепскае пройдзе i будзе добра, калi ты згодны зрабiць нешта для гэтага. Галоўнае - не адчайвацца, не панурацца, верыць у лепшае.

"Кнiгi часта пiшу без плана"

- Вы ўжо згадвалi свайго сына, якi таксама дапамагае Літаратурнай Феі адчыняць дзверы ў дзiцячы свет. Яму ужо 20 гадоў, аднак ён усё роўна застаецца першым чытачом вашых казак?

- Так, а ў некаторых момантах нават суаўтарам. Вось сёлета працавала над кнiгай, нiяк не магла яе завяршыць, таму што сюжэт нечакана скiраваў так, як я не планавала. Прыйшла за дапамогай да сына. I ён прыдумаў выйсце. Растлумачыў, у чым была мая памылка: "Мама, ты стварыла занадта моцнага антыгероя. Яго немагчыма перамагчы. Трэба перапiсаць яго, зрабіўшы троху слабейшым". Прыйшлося дабавiць яму слабiнак, таму што дабро заўсёды павiнна перамагаць.

А з самага пачатку сын быў прататыпам героя маiх кнiг - маленькага хлопчыка Стасiка. I зараз ён не пакiдае казак. Нечакана для мяне стаў адным з герояў кнiгi пра Вухуцiка: сюжэт так павёў, што ў гiсторыi патрабаваўся дарослы, якi зможа "разрулiць" складаную сiтуацыю. Аднак падыходзiў не любы чалавек - толькi надзейны, якi не раскажа iншым пра цуд, не бачны iм. Таму персанажы звярнулiся да ўжо 20-гадовага Стасiка, з дзяцiнства знаёмага са светам казкi. Потым яны назвалi яго сваiм супергероем, прычым зноў-такi нечакана для мяне.

- Здаецца, часам вы i самi не ведаеце, чым скончацца прыгоды персанажаў.

- Магчыма, мяне зараз пачнуць крытыкаваць, аднак кнiгi часта пiшу без плана, без канчаткова прыдуманага сюжэта. Я проста сядаю за твор, i героi раптам пачынаюць жыць сваiм жыццём. Мне застаецца толькi запiсаць. Здараецца, што iдэя працяга гiсторi прыходзiць не ў самы зручны момант: у кабiнеце доктара, у краме, на занятках з дзецьмi. Запiсаць тут жа не атрымлiваецца. Выйсце адно - запомнiць усё дэталёва. Канешне, у такiм выпадку часта нешта губляецца, аднак я запрыкмецiла такi нюанс: калi не сёння, а праз пару дзён пачну пiсаць працяг гiсторыi, то ён атрымлiваецца iншым. Бывае неспадзявана такi сюжэт прыходзiць у галаву, што нi з адным планам твора такога б не атрымалася! Да таго ж я не люблю абмяжоўваць сябе i герояў - дазваляю iм жыць сваiм жыццём i нават свавольнiчаць.

- У лiтаратурным свеце вы - Фея. А ў рэальным жыццi - мацi, жонка, гаспадыня, працуючая жанчына. Як атрымлiваецца знаходзiць час на напiсанне казак?


- Мая праца i ёсць крынiца натхнення. У Ждановічскай сярэдняй школе кожны дзень маю магчымасць размаўляць з дзецьмi пра тое, што iх цiкавiць. Там у мяне ёсць цэлая група кнiжных экспертаў з 3-га класа. Я збiраю iх, каб задаць пытаннi па сюжэце, выбраць сумесна назву будучай кнiгi або ўзгаднiць нешта па малюнкам да яе. Дзецi з вялiкiм задавальненнем у гэтым удзельнiчаюць. А калi выходзiць кнiга, лiчаць сябе паўнацэннымi суаўтарамi, i ў нейкiм сэнсе гэта так - яны сапраўды дапамаглi мне зразумець, што чытачам будзе цiкава.

"Лiчу важнай мiсiяй выхоўваць маленькiх беларусаў добрымi казкамi на роднай мове"

- Ведаю, што вы актыўна падтрымлiваеце сувязь са сваiмi прыхiльнiкамi. Ёсць сярод iх тыя, хто прачытаў усе 27 кнiг, якiя напiсала Кацярына Хадасевiч-Лiсавая?

- Дакладна ёсць. Прычым я ведаю дзяцей, якiя не проста прачыталі ўсе гэтыя кнiгi, а яшчэ i сабралi iх у хатняй бiблiятэцы. Нават не ведаю, як у iх атрымалася знайсцi самую першую - я напiсала яе яшчэ ў 2008 годзе. Але гэта вельмi натхняльна i прыемна, як i сустракацца з чытачамi. Час ад часу мы дамаўляемся зрабiць гэта недзе ў горадзе, каб проста пагутарыць. Напрыклад, аднойчы так правялi цэлы дзень разам: сустрэлiся ў музеі Якуба Коласа, дзе даведалiся шмат цiкавага пра лёс пісьменніка, пасля з кветкамi завiталi на яго могiлкi, потым паехалi ў музей гiсторыi беларускай лiтаратуры, дзе iдзе выстава маiх кнiг. Мне здаецца, калi дзецi праяўляюць такую цiкавасць да кнiг - гэта сапраўднае пісьменніцкае шчасце.

- Галоўная мэта Лiтаратурнай Феi - зацiкавiць чытаць на беларускай мове. А хто вас далучаў да яе?


- Мая сям`я, а дакладна - бабуля Яўгенiя. Яна купляла кнiгi адмыслова на беларускай мове. Я чытала iх спачатку перад сном, а потым ужо ў любы вольны час. Там былi пераклады нават казак розных народаў свету, напрыклад, кыргызаў. Так мая бабуля зрабiла неацэнны ўнёсак у тое, каб я спачатку чытала на беларускай мове, а потым пачала пiсаць творы на ёй. Зараз у сваю чаргу я лiчу ўжо сваёй важнай мiсiяй выхоўваць маленькiх беларусаў добрымi казкамi на роднай мове. Мне б вельмi хацелася, каб пакаленнi, якiя прыйдуць пасля нас, разумелi, што такое дабро, да чаго трэба iмкнуцца, чаму трэба шанаваць сваё. А яшчэ ведалi, што ў нас найбагацейшая культура i вельмi прыгожая мова.

- Вы прапаноўваеце арыгiнальныя фарматы - кнiга-квэст, казка з "вандрульняй", дзе спалучаюцца гульня i вандроўка. Навошта?


- Тут ужо ў ва мне працуе настаўнiца. Некаторыя дзецi i без гэтых трукаў чытаюць, аднак не ўсе. Ёсць тыя, хто нiяк не хоча браць кнiгу ў рукi. I вось такiм хлопчыкам i дзяўчынкам я прапаную спачатку ў кнiгу пагуляць: вось вам "вандрульня", вось мульцiк па кьюар-коду, вось квэст, вось забаўка - лiчыце зорачкi. Усё гэта будуецца на сюжэце твора, бо я спадзяюся, што дзецям пасля гульнi захочацца яе яшчэ i пачытаць. I такi падыход працуе. У мяне ёсць водгукi ад бацькоў, бабуль i дзядуль, чые дзецi i ўнукi менавiта так i пачалi чытаць мае кнiгi. Спадзяюся, гэта будзе працягвацца. Насамрэч хочацца выдумаць усё, што заўгодна, каб толькі дзецi зразумелi, як гэта цудоўна - чытаць.

| Алена КРЫЛОВА, газета "7 дней". Фото автора.

Чытайце таксама:

Она сильнее многих. История белоруски, которая могла быть стать сюжетом хорошего фильма
"Иначе никак". Анна Доморацкая победах, уходе из спорта и отношениях с мужем
Фотограф БЕЛТА: ночью проявлял негативы, а к 6 утра уже передавал их поездом в Минск
Теги
Беларусь
Топ-новости
Свежие новости Беларуси