ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 4 декабря 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность -1°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
13 ноября 2024, 19:15

Каменная саха і бронзавая пячатка: артэфакты з Узды, праз каторыя бачны эпохі

Дарога зігзагамі, адна з дзвюх у Еўропе каменная саха і бронзавая пячатка зборшчыка падаткаў - гісторыя зусім побач, варта толькі прыгледзецца.

Старыя сцены

Мястэчка Узда набыло статус гарадскога пасёлка 27 верасня 1938 года. Чым жыў населены пункт у той час, як выглядаў, што турбавала яго насельнікаў напярэдадні ўз’яднання з Заходняй Беларуссю і пачатку Другой сусветнай вайны? На гэтыя пытанні я шукаў адказы, наведваючы раённы гісторыка-краязнаўчы музей, прагульваючыся па старой частцы райцэнтра. Давялося мець справу не толькі з пажаўцелымі ад часу дакументамі, іншымі музейнымі экспанатамі, старымі будынкамі, але і з успамінамі ад жывых сведак тагачасных падзей.

Дык якая ж яна, Узда 1938 года? Перш чым пачаць расказ пра мястэчка, патрэбна ўспомніць, што ў той час наш раён быў прыгранічным з панскай Польшчай. Памежны рэжым рабіў істотны адбітак на жыццё райцэнтра, усяго раёна. Гэтым абумоўлівалася і тое, што да 1939 года стрымліваліся тут усялякае будаўніцтва, гандлёвыя сувязі, не было ў райцэнтры, раёне буйных прамысловых прадпрыемстваў. Выключэннем можа служыць хіба што пабудаваная напярэдадні вайны дарога Пухавічы - Валяр’яны - Узда - Магільнае, але і яна мела больш стратэгічнае, ваеннага характару значэнне, чым народнагаспадарчае, - ішла з глыбіні тэрыторыі да граніцы. Пабудаваная ў тыя ж гады дарога Узда - Негарэлае, наадварот, пралягла ўздоўж граніцы, але не па найкарацейшым шляху, не па прамой, а з пэўнымі паваротамі-звілінамі.

- Гэта было зроблена на той выпадак, калі варожы самалёт заляціць на нашу тэрыторыю і ўздумае бамбіць, абстрэльваць трасу, - расказваў калісьці старшы навуковы супрацоўнік нашага музея Адам Якаўлевіч Александровіч. - Нашы машыны не стануць для яго суцэльнымі мішэнямі, бо самалёт жа не зможа так хутка віляць у бакі, як наземны транспарт. У гэтым доме на сучаснай вуліцы Чырвоная Плошча знаходзілася народнае вучылішча, дзе вучыўся Кандрат Крапіва

Але вернемся ва Узду перадваенную. Паводле перапісу насельніцтва 1939 года, на той час у райцэнтры жылі 3459 чалавек. Плошча пасёлка была амаль у дзесяць разоў меншай за сучасную. Цэнтрам, асноўнымі вуліцамі былі Юрздыка (частка цяперашняй вуліцы К. Маркса), Інтэрнацыянальная, Першамайская, Пралетарская, Ленінская, Рэвалюцыйная, Загрэбля (Кастрычніцкая, Калгасная), плошчы Свабоды і Чырвоная.

Перад вайной на Уздзеншчыне працавала 68 школ (тры сярэднія, 15 сямігадовых і 50 пачатковых). У мястэчку на перакрыжаванні вуліц Першамайскай і Інтэрнацыянальнай была беларуская сярэдняя школа, якая ўтварылася на базе сямігадовай. Класныя пакоі размяшчаліся ў трох вялікіх дамах, што стаялі на тэрыторыі цяперашняй санаторнай школы-інтэрната (гэтых будынкаў ужо няма, знесены). У беларускай школе была вялізная па тым часе фізкультурная зала, куды займацца спортам прыходзілі не толькі школьнікі, але і моладзь з мястэчка. А яшчэ буйных памераў скульптура (не помнік, бо правадыр жа і "бацька ўсіх народаў" быў у росквіце сваёй улады) I. Сталіна. Дарэчы, пастамент гэтага збудавання стаяў да канца васьмідзясятых гадоў.

Была ва Уздзе ў 1938 годзе і руская школа, утвораная на базе ранейшай яўрэйскай. Размяшчалася яна ў двух будынках паабапал вуліцы Школьнай, на тэрыторыі сучаснага музея і скверыка ля былой аўтастанцыі.

А якой была медыцына тых гадоў? Раённая бальніца перад вайной умяшчала 70 ложкаў. Галоўнае, хірургічнае, аддзяленне знаходзілася ў дарэвалюцыйным драўляным доме, які захаваўся і да сённяшніх дзён - на рагу вуліц Юрздыка і Першамайскай, насупраць цяперашняга інтэрната швейнай фабрыкі. У тыя ж гады пачынаецца будаўніцтва тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы, якое закончылася пасля ўз’яднання з Заходняй Беларуссю. Хто жадае паглядзець на гэты будынак - калі ласка, сёння гэта цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

А калі прайсціся далей па Першамайскай вуліцы ў бок сельскагаспадарчага ліцэя, многія звернуць увагу на двухпавярховы будынак справа - кантору ўчастка аўтапарка № 15. Далёка не кожнаму з жыхароў райцэнтра вядома, што тут размяшчалася газагенератарная электрастанцыя магутнасцю 88 кілавольт. Раней тут, перад возерам, і заканчвалася Узда.

Што датычыцца электраэнергіі, то першая электрычная лямпачка загарэлася ў мястэчку 6 лістапада 1927 года. Доўгі час райцэнтр асвятляўся з лініі, якая ішла з Закрэўшчыны. Але магутнасць таго генератара была невялікай, таму і пабудавалі новую газагенератарную электрастанцыю. Каб моладзь зразумела, што гэта такое (сёння больш пра атамныя станцыі гаворка вядзецца), трэба сказаць, што гэтыя станцыі працавалі на мясцовым паліве. I грузавыя аўтамабілі такім жа чынам. Драўляныя калодачкі-чурбанкі закідваліся ў спецыяльны бункер, там яны не гарэлі, а тлелі, выдзяляючы газ, які паступаў да рухавікоў. Няхітрая тэхналогія. У той жа перадваенны час пэўная колькасць жыхароў Уздзеншчыны карысталася для ацяплення памяшканняў торфабрыкетам, які ўручную здабываўся не за дзясяткі-сотні кіламетраў, а побач, ва ўрочышчы "Скрынкі", што за Бярвішчамі.Вуліца Ленінская перад вайной

Чым яшчэ магла пахваліцца Узда ў 1938 годзе? Не было тут прадпрыемстваў з вялікай колькасцю рабочых. Больш-менш развіваліся харчовая, лясная, швейная, торфаздабываючая прамысловасць. Так, працавалі швейная арцель "Кастрычнік", абутковая "Эканомія", спіртзавод "Уздзянка", мукамольна-лесапільны завод "Закрэўшчына", райпрамкамбінат, леспрамгас, цагляны завод, кандытарская, вяровачная, гузікавая арцелі (сыравіну для апошняй, рачныя ракушкі, дастаўлялі ажно з Днепрапятроўшчыны). Без лагістычных сувязей, як бачым, не абыходзіліся і тады. У 1936 годзе пачаў працаваць Уздзенскі маслазавод, які тады выпускаў сметанковае, топленае масла і казеін. Смолзавод "Закрэўшчына" вырабляў смалу, шкіпінар, драўнінны вугаль. Працавала кузня ў двухпавярховым будынку на месцы сучаснага Уздзенскага сельскага Савета, згарэла яна ў ваенны час.

У 1936 годзе з’явіўся ва Уздзе першы аўтобус, які звязаў райцэнтр з Дзяржынскам і Мінскам, а праз тры гады маршрут да сталіцы пралёг і праз Валяр’яны. А размяшчалася тагачасная аўтастанцыя ў адзіным невялічкім пакойчыку ў доме на Чырвонай Плошчы, насупраць былога райваенкамата.

У 1931 годзе была ўстаноўлена тэлефонная сувязь паміж Уздой і Масквой, Ленінградам, іншымі буйнымі гарадамі краіны. 3 1926 года дзейнічаў у мястэчку радыёвузел, які размяшчаўся ў невялікай хаціне па Ленінскай вуліцы. У 1938 годзе ён быў узбуйнены, магутнасць яго павялічылася ў 50 разоў. Заходзіла сюды моладзь, наладжваліся радыёспектаклі, гульні, віктарыны, гучалі галасы жыхароў райцэнтра ў жывым эфіры. Сёння, амаль праз стагоддзе, раён абыходзіцца без мясцовага радыё, і нікога гэта, здаецца, не хвалюе. Новыя, больш сучасныя сродкі сувязі прыйшлі на замену правадной сетцы.

Найбольш умяшчальнай клубнай залай у райцэнтры было адно з цагельных памяшканняў сённяшняга дзіцячага сада. Тут праводзілі ўрачыстыя пасяджэнні, наладжвалі канцэрты, кінасеансы. Прамкааперацыя мела свой клуб на вуліцы Ленінскай, дзе была асобная зала і бібліятэка. Праводзілі тут гульні, чытанні, вузкаплёначныя фільмы паказвалі. Раённы клуб размяшчаўся побач з ранейшай аптэкай (чырвоны будынак), а пачаў ён сваю работу з дэманстрацыі кінафільма "Пуцёўка ў жыццё". Колькі людзей прыйшло, прыгадвалі старажылы, як горача абмяркоўвалі карціну, радаваліся!

Напэўна, пералік таго, што, дзе і якім было ў тым далёкім і блізкім 1938 годзе, будзе няпоўным, калі не сказаць, дзе ж размяшчаліся нашы ўлады. Дык вось, з лішкам хапала месца для ўсіх супрацоўнікаў райвыканкама ў памяшканні былой раённай бібліятэкі імя П. Труса, цяпер гэта інтэрнат райбальніцы. Дарэчы, у гэтым будынку ў дарэвалюцыйны час была і валасная ўправа.

Праводзячы ў свой час экскурсіі па перадваеннай Уздзе, Адам Александровіч не раз прапаноўваў прымацаваць на былых дамах-установах адпаведныя шыльдачкі. Не толькі жыхарам, але і гасцям раёна цікава было б даведацца, што ў такім-та годзе пабудаваны той ці іншы будынак, размяшчалася тут у свой час такая і такая ўстанова. Царква, электрастанцыя, кінатэатр, паштовая станцыя, народнае вучылішча… Колькі такіх будынкаў у райцэнтры, праходзячы міма якіх людзі не звяртаюць увагі на іх мінулае? А гэта ж наша гісторыя…У будынку дарэвалюцыйнай пабудовы некалі размяшчаліся крама, народны дом імя Сталіна, аптэка. Цяпер чырвоны дом, як яго называюць уздзенцы, стане, магчыма, культурным аб’ектам

Прывітанне з каменнага веку

Заходзячы ў пакой народнага гісторыка-краязнаўчага музея Хатлянскай СШ, што на Уздзеншчыне, школьнікі не адразу звяртаюць увагу на сціплы экспанат, што размясціўся ўсяго за паўметра ад уваходных дзвярэй. Стаіць сабе непрыкметны з выгляду камяняка вышынёй у сорак сантыметраў - ці мала падобных можа быць у беларускай глебе, якая тысячагоддзі таму падвяргалася працэсам распаўсюджвання рэшткаў ледніковага перыяду? Гэта ж не дзесяціметровай шырыні валуны, што здалёк прыцягваюць увагу паблізу недалёкай вёскі Камяное. І толькі ўважлівае вока археолага, гісторыка ці проста дасведчанага краязнаўцы заўважыць: штосьці гэты камень нагадвае. А папяровая шыльдачка-надпіс падказвае: каменная саха!

Не толькі калійныя солі, нафта, торф ды іншыя карысныя выкапні захоўваюцца ў нашых землях. Час ад часу здабыткам пэўнай тэрыторыі, адпаведнага часу, а па вялікім рахунку - усяе Беларусі і сусветнай гісторыі становяцца рэчы, выпадкова ці ў час археалагічных раскопак знойдзеныя амаль на паверхні ці крыху глыбей. Менавіта такую гістарычную і навуковую каштоўнасць і мае адзін з экспанатаў музея школы.

Летам 1988 года трактарыст саўгаса "Дружба" (цяпер сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства "Хатляны-Агра") выконваў сваю звыклую справу паблізу вёскі Валок. Час ад часу трактарныя плугі выкідвалі на паверхню глебы камяні розных памераў. Механізатар выкладваў найбольшыя зверху баразны, каб пазней паляводы сабралі іх і звезлі за межы палетка. Падымаючы чарговы "выкапень", звярнуў увагу на яго трохступеньчаты выгляд, нібы нейкім чынам склеілі тры кавалкі ці з аднаго большага з бакоў выдзеўбалі выемкі. На ўсялякі выпадак падняў знаходку ў кабіну трактара, а пасля адвёз у школу, бліжэйшую "навуковую ўстанову".

Першым экспертам стаў настаўнік гісторыі Міхаіл Лазар. У яго з’явіліся пэўныя здагадкі, але каб пацвердзіць іх ці абвергнуць, не паленаваўся краязнаўца, чалавек ужо ў сталым узросце, адвезці незвычайнай формы камень у Інстытут гісторыі Акадэміі навук, на сваіх плячах узняць яго на патрэбны паверх. І якім жа здзіўленнем для Міхаіла Канстанцінавіча, радасцю для ўсяго калектыву школы і гонарам для раёна і беларускай зямлі ў цэлым было заключэнне спецыялістаў: гэта нішто іншае, як каменная саха. Такімі прыладамі працы карысталіся (а значыць - і жылі на цяперашніх хатлянскіх землях) людзі яшчэ больш як дзве тысячы гадоў да нашай эры. Гэта адзіны ў Беларусі экзэмпляр, другая такая саха захоўваецца ў адным з музеяў Францыі.

Знаходку вярнулі ў школу, дзе яна заняла дастойнае месца ў музейным раздзеле "Першае пасяленне людзей на тэрыторыі Хатлян". Тут ёсць і іншыя рэчы з часоў каменнага веку. Яны дапамагаюць настаўнікам гісторыі вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў расказваць вучням аб цяжкай працы нашых продкаў пры апрацоўцы зямлі, іх барацьбе за выжыванне ў тагачасных умовах.

Знойдзеная саха - адна з асноўных ворыўных прылад працы сялян. Па форме яна нагадвае плуг памерам 40 на 16 на 27 сантыметраў. Ніжняя частка мае клінападобнае звужэнне, якое было адвалам пры апрацоўцы зямлі. Вышэй, праз 20 сантыметраў, яшчэ адно звужэнне з выемкай для мацавання ручак і прыстасавання для руху. Важыць такі "плужок" дзевятнаццаць з паловай кілаграмаў. Экскурсаводы і настаўнікі ў час знаёмства школьнікаў, гасцей з экспанатамі музейнага раздзела звяртаюць увагу на тое, што выраб прылад працы з каменя быў даволі нялёгкім заняткам. Гэта ж не драўляная саха, якую можна за гадзіну-другую вырабіць.Настаўнік-краязнаўца Мацвей Мацукевіч дэманструе саху, аналагаў якой усяго некалькі ў свеце

А ўвогуле каменны век - першы перыяд у гісторыі чалавецтва, самая працяглая яе частка. Перыяд, калі камень пасля прымітыўнай апрацоўкі выкарыстоўвалі для апрацоўкі зямлі, іншага паляпшэння ўмоў жыцця. У гэтым прыродным матэрыяле наш старадаўні продак знайшоў тое рэчыва, з дапамогай якога можна было ўздзейнічаць на іншыя прадметы, змяняць іх. Ні дрэва, ні косці, ні рогі, ні ракавіны (матэрыялы арганічнага паходжання, з якімі чалавек таксама сутыкнуўся і стаў іх прымяняць) не валодалі такімі найважнейшымі ўласцівасцямі, як цвёрдасць і вялікая ўдзельная вага. Дзякуючы гэтым вартасцям з’явілася магчымасць апрацоўваць не толькі іншыя матэрыялы, але і камень каменем. Таму і сёння, праз тысячагоддзі, каменныя знаходкі выяўляюцца ў розных кутках планеты і захоўваюцца як вялікая каштоўнасць.

Зыходзячы з такіх меркаванняў, і наша каменная саха сярод іншых экспанатаў музея ўспрымаецца як частка важнага раздзела, значны эпізод гісторыі, чым і прыцягвае наведвальнікаў да далейшага вывучэння гістарычных працэсаў, абуджае пачуццё дачынення да іх. І месца экспанату не ў запасніках, а ў пастаяннай даступнасці для кожнага наведвальніка.

Захавальнік фондаў хатлянскага музея Мацвей Мікалаевіч Мацукевіч сярод некалькіх варыянтаў з’яўлення каменнай сахі ў мясцовай зямлі не выключае і такую версію: магчыма, прылада працы апынулася тут выпадкова, падчас аднаго з паходаў-пераходаў знакамітых калісьці "шляхоў з варагаў у грэкі". Больш падрабязна вывучэннем гэтага адметнага ў гісторыі Уздзеншчыны перыяду ў свой час займаўся краязнаўца Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў.

Як вядома, "варажскія шляхі" ўзніклі ў канцы VІІІ стагоддзя і выкарыстоўваліся ў якасці гандлёвых шляхоў паміж поўначчу (краіны Скандынавіі) і поўднем (узбярэжжа Візантыйскага, цяпер Чорнага мора). Больш зацікаўлены ў гэтай справе былі скандынавы, ці варагі, прадстаўнікі народаў, што жылі каля Паўночнага мора.

Найбольш вядомыя ў гісторыі тры варажскія маршруты. Паўночны і паўночна-заходні праходзілі па-за межамі сучаснай Уздзеншчыны. А вось заходні пачынаўся з Балтыкі, праходзіў па Нёмане ад яго вусця, затым праз прытокі Прыпяці ў Днепр. Ён цікавы тым, што быў самым карацейшым і перасякаў усю Беларусь, маючы некалькі адгалінаванняў.

Адно з іх - лашанскашацкі адрэзак волакавага шляху. Гэта перашыек паміж рэкамі Лоша і Шаць, ад вёскі Лоша да вёскі Валок (11 кіламетраў), на працягу якога судны і тавары перацягваліся па сушы на спецыяльных прыстасаваннях. Вось і назва вёскі Валок паходзіць ад неабходнасці калісьці перавальваць (пераносіць, перацягваць) рэчы і судны праз балоты, лясы. Ёсць меркаванне, што калісьці для гэтых мэт выкарыстоўвалі і невялікія гідратэхнічныя збудаванні.

- Мне падаецца, - разважае Мацвей Мацукевіч, - што ў час аднаго з такіх экспартна-імпартных паходаў-пераходаў і магла апынуцца на нашай зямлі каменная саха. Хутчэй за ўсё, скандынавы маглі перавозіць з паўднёвых краёў, дзе земляробства было больш развіта, такую прыладу для выкарыстання ў сваіх мясцінах. Ці выпадкова яна выпала ў час волаку, а можа і наўмысна яе тут пакінулі, каб пазбавіцца ад найбольш цяжкіх грузаў, гэтым аблегчыць сваю працу. Як бы там ні было, саха стала здабыткам нашай зямлі.Узда. Асеннія матывы

Пячатка зборшчыка падаткаў

У сённяшняй мітуслівай рэальнасці так лёгка страціць сябе. Сярод шматлікіх бытавых, сацыяльных, эканамічных праблем часам нішчацца многія каштоўнасці чалавека. Але ў той жа час жыццё дае нам магчымасць хоць на хвілінку прыпыніць бег часу, паглядзець наўкола, задумацца аб сваім месцы ў гэтым свеце і ўспомніць пра мінулае, пра тое, як жылі нашы продкі…

Гэты экспанат знаходзіцца ў экспазіцыі "Уздзеншчына са старадаўніх часоў". А трапіла пячатка ў музей выпадкова. Жыхар вёскі Бярвішчы Леанід Карыба працаваў ва ўласным агародзе. Нечакана з-пад рыдлёўкі вывалілася невялікая бляшка цемнаватага колеру. Хтосьці іншы мог бы і не прыглядацца, выкінуць рэч як непатрэбную і працягваць працаваць. А гэты вясковец, убачыўшы ледзь бачныя ад часу літары, палічыў, што прадмет можа мець пэўную каштоўнасць, і завітаў з ёй у гісторыка-краязнаўчы музей. Было гэта ў 1987 годзе.

- З дапамогай спецыялістаў удалося высветліць, што знаходка з’яўляецца пячаткай зборшчыка падаткаў і належала чалавеку, які служыў у канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзя ў Краснінскай сельскай грамадзе, - расказвае дырэктар музея Тамара Лухверчык. - На значнай частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тым ліку і на Уздзеншчыне, размяшчаліся ўладанні пана Красінскага. Сукупнасць шматлікіх плацяжоў у панскую казну была шырока распаўсюджана пры феадалізме. І дапамагалі папаўняць імі панскія запасы менавіта зборшчыкі падаткаў.

Хоць гэта і быў адзін з нізкіх чыноў сельскай паліцыі, выдаваўся яго ўладальніку спецыяльны "дакумент" - бронзавая пячатка памерам 20 на 25 міліметраў. Яна давала дазвол на рэвізію домаўладанняў і ў выпадку адмовы селяніна падзяліцца з гаспадаром заробленым - на адабранне пэўнай часткі маёмасці. Кажучы сучаснай мовай, зборшчык падаткаў - гэта работнік мытні ці, яшчэ бліжэй, - судовы прыстаў ці падатковы інспектар. А ў народзе сярод малазямельных слаёў насельніцтва за такой пасадай замацавалася неафіцыйная назва "ашуканец" - гэта значыць той, што прыйшоў праўдамі і няпраўдамі зрабіць беднага яшчэ бяднейшым, багатага - багацейшым.

Зазірнем у гісторыю. У Расійскай імперыі падушная падаць была ўведзена з 1718 года, ад яе вызваляліся толькі шляхта і духавенства. Адзінкай абкладання стала "душа" мужчынскага полу па выніках перапісу. У Расіі падушную падаць увёў Пётр I. Падаткам абкладаліся ўсе мужчыны незалежна ад узросту: і нованароджаныя, і старыя. Дзяржаўныя сяляне плацілі больш, чым прыгонныя. Плацельшчыкамі падаткаў былі і мяшчане ў гарадах, і людзі з сельскай мясцовасці. Лічыцца, што назва "мяшчане" паходзіць ад польскай назвы невялікіх гарадоў - мястэчкаў. У асноўным гэта былі рамеснікі, дробныя домаўладальнікі і гандляры.

На тэрыторыі Уздзеншчыны прыгоннымі лічыліся амаль усе сяляне, якія служылі ў розных паноў і павінны былі выконваць за карыстанне зямлёй розныя феадальныя павіннасці. Яны працавалі на панскай зямлі па тры дні на тыдзень "з чым укажуць": касілі сена, ездзілі на сваіх конях і падводах "куды спатрэбіцца" пану. Апрача таго, штогод павінны былі плаціць з валокі 50 грошаў, даваць адну бочку жыта, дзве бочкі аўса, воз сена, адну гусь, дзве курыцы, дваццаць яек.Пячатка зборшчыка падаткаў. Канец XVIII стагоддзя

Пячатка зборшчыка падаткаў падштурхнула мяне да думкі пацікавіцца, як жылі насельнікі цяперашняй тэрыторыі Уздзеншчыны, скажам, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Пра гэта з дапамогай архіўных, музейных дакументаў расказала Тамара Лухверчык.

- Цікава адзначыць, што ў 1840-х гадах ва ўсім Ігуменскім павеце дзяржаўных зямель было 55 484 дзесяціны (менш чым у Завішаў). Панскай - каля 822 тысяч дзесяцін. Сялянскія ворыўныя надзелы складалі ад 10 да 14 дзесяцін. Выганамі і пашай сяляне карысталіся разам з памешчыкам (так званыя землі агульнага карыстання - сервітуты). За зямлю сяляне адбывалі розныя павіннасці, сярод якіх галоўныя - прыгон (паншчына) і згоны, так званыя талакі і гвалты. 3 поўнага сялянскага надзелу (10-15 дзесяцін) патрэбна было адпрацаваць на працягу года тры дні на тыдзень з падводай (мужчынская паншчына) і два дні працы без каня. А вось сяляне вёсак, якія адносіліся да фальварка Каменка, выконвалі па два дні коннага і два пешага прыгону. Дадатковай працы ў пару жніва, ворыва, сенакосу, іншай панскай патрэбы ад усяго сялянскага насельніцтва трэба было аддаць па 12 пешых дзён у год з кожнай душы працоўнага ўзросту.

Акрамя таго, за дадатковыя паслугі (карыстанне вадаёмамі для купання, вадапою, збіранне сухога галля ў лесе пана, за будаўнічыя матэрыялы ў выпадку неабходнасці, за праезд па дарогах праз землі памешчыка, за карыстанне мастамі і іншае) сяляне павінны былі выконваць дадатковыя павіннасці. Да гэтага адносіліся работы па будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, плацін і млыноў, а таксама пабудова гаспадарчых памяшканняў у фальварках. 3 кожнага сялянскага двара патрабавалася па 12 дзён у год будаўнічых работ, у тым ліку па шэсць дзён з канём і пешых. Наступная павіннасць - вывозіць да месцаў збыту сельскагаспадарчыя прадукты з маёнтка памешчыка. Кожны цяглавы двор павінен быў ездзіць у год 30 дзён з паклажай у 620 пудоў на адлегласць за дзень 20 вёрст (без уліку зваротнага шляху). Працавалі і ў двары ўладальніка: мужчыны павінны былі калоць дровы, паліць печы, насіць ваду для жывёлы і ў жыллё, выкідваць гной са стайні і фермаў і іншае, жанчыны садзілі, палівалі і палолі агарод, наглядалі за птушкай, па чарзе даілі памешчыцкіх кароў. Апрача таго, мужчыны па чарзе вартавалі ноччу двор і гаспадарчыя пабудовы памешчыка. Жанчыны (з кожнага двара па восем дзён у год) пралі кужаль, ткалі палатно і сукно. Дзённыя заданні былі даволі высокія.

Кожны двор павінен быў, акрамя пералічанага вышэй, штогод даваць на панскі двор даніну натурай: 10 яек, дзве курыцы, палавіну гусі, капу (60 штук) сухіх грыбоў, фунт невадовых нітак, гарнец мёду, па два кварты ягад, па гарцу арэхаў.

- Акрамя працы на памешчыка, - завяршае пералік павіннасцей Тамара Пятроўна, - плацяжоў і натуральнага аброку, кожны сялянскі двор павінен быў нарыхтаваць у лесе для абагрэву панскіх пабудоў па 20 альховых калод, даставіць іх да ракі Уздзянкі і вясной сплавіць у эканомію. Вясковыя кавалі за права займацца сваім рамяством павінны былі адпрацаваць на памешчыка ў год 30 дзён без аплаты. У маёнтку мелася суконная фабрыка, для працы на якой пан збіраў з мнагадзетных сем’яў падлеткаў, а таксама сірот і беспрытульных, якіх вучылі і якія працавалі без аплаты "покуль прыстасуюцца атрымліваць забеспячэнне". На гэтай фабрыцы працавалі 30 рабочых, галоўным чынам падлеткі і сялянскія хлопцы. У 1850 годзе на фабрыцы было выраблена сукна больш чым на 18 тысяч рублёў. Сукно часткова ішло на продаж, часткова выкарыстоўвалася на патрэбы ўладальніка фабрыкі.

Вось такія згадкі выклікала і да такога экскурсу ў гісторыю падштурхнула ўбачаная ў сценах музея пячатка зборшчыка падаткаў.

| Віктар САБАЛЕЎСКІ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Фота з архіва БЕЛТА, газеты "Чырвоная зорка" (Узда).

Читайте также:

Их взрывали, из них делали коровники и бани. У замков Беларуси начинается вторая жизнь?

"Тры таварыша" Рэмарка па-беларуску і не толькі. Цікавыя свежыя выданні на розны густ

"Каб цябе камары стапталі": асаблівасці беларускай лаянкі

Теги
Узда
Топ-новости
Свежие новости Беларуси