ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Четверг, 26 декабря 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность +1°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
20 мая 2024, 18:03

"І хто ж, вы думаеце, парушыў ідылію?" Пяць свежых і цікавых выданняў белліта

Недзе палова ўсіх кніг, што выдаюцца ў краіне, маюць навукова-адукацыйны профіль. Багата такой літаратуры прадэманстравалі на 31-й Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў сталіцы. Наведвальнікі маглі пазнаёміцца ў тым ліку з апошняй версіяй "Слоўніка беларускай мовы", які падрыхтаваў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Выданне, вядома, вельмі чакалі, бо сярод уключаных у яго 150 тысяч слоў ёсць і тыя, што звязаны з новымі з’явамі ў камп’ютарнай сферы, эканоміцы, палітыцы.

Велізарную колькасць кніг - прыгожых, па-свойму ўнікальных, не толькі айчынных - перагарталі і набылі ўсе, хто меў жаданне. А мы спынімся толькі на адным, на мой погляд, эпахальным для грамадскіх навук шасцітомніку "Этнокультурные процессы историко-этнографических регионов Беларуси в прошлом и настоящем". Усё ж такі гэта першае комплекснае этналагічнае вывучэнне традыцый ад старажытных часоў да нашых дзён. Ідэя выдання і яе ўвасабленне - заслуга навуковых супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Пяць кніг, што пабачылі свет у папярэднія гады, разглядаюць культуру насельніцтва Усходняга Палесся, Панямоння, Цэнтральнай Беларусі (Міншчыны), Беларускага Падзвіння (Віцебшчыны) і Заходняга Палесся (Брэстчыны). Апошні том - аб традыцыях Падняпроўя (Магілёўшчыны) - выйшаў з друку зусім нядаўна. З яго даведаемся, напрыклад, што да пачатку ХХ стагоддзя рэгіён з’яўляўся адзіным, на ўсёй тэрыторыі якога была распаўсюджана беларуская мова.
Прыгадваюць аўтары і такі факт: паводле апошняга перапісу, 89,3 % насельнікаў Падняпроўя лічаць сябе беларусамі, і гэта ў параўнанні з астатнімі абласцямі складае найвялікшую ўдзельную вагу.
Кожная кніга серыі напоўнена важкімі дэталямі з жыцця і дзейнасці некалькіх пакаленняў, тут дасканала разбіраюцца асаблівасці матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры таго ці іншага рэгіёна. Шасцітомнік аб’яднаў, сцвярджаюць даследчыкі, гісторыка-культурныя абставіны, якія абумовілі ўрэшце цывілізацыйны выбар цэлага народа. А што такое гэты выбар? Шанаванне традыцый, сямейных каштоўнасцей, любоў да прыроднага хараства роднай зямлі - словам, усё тое, што "Магутнай, вялікай Айчыне" прысвяціў нямала паэтычных радкоў выбітны пісьменнік Уладзімір Дубоўка. Яго талентам створаны кранальны вобраз Беларусі падчас бурлівых падзей, што адбываліся ў грамадстве. Ён адзін з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў "Маладняк" і "Узвышша", зведаў долю рэпрэсіраванага. Напісаў шмат яркіх твораў, а за цыкл вершаў "Палеская рапсодыя" ў 1962 годзе стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. Менавіта Дубоўка быў ініцыятарам стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы "дж", "дз", увёў у актыўны абарот словы "апантаны", "водар", "дойлід", "знічка" ды інш.

У паэтычны зборнік Уладзіміра Дубоўкі "Хай пануе на нашай зямлі супакой…" трапілі і яго знакамітыя творы. Чытач у кнізе знойдзе і гэтыя радкі, напісаныя ў далёкім 1925-м:

О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Хіба можа паэзія, напоўненая жывой унутранай энергіяй, калісьці згубіць сэнс, абнуліцца? Не, ніколі! Таму аднолькава прыцягальна вабіць, настойліва бярэ ў палон і верш аб роднай зямлі, і любоўная лірыка з яе непазбежнымі рамантычнымі жарсцямі. Нешта падобнае я зведала, гартаючы паэтычны зборнік Наталлі Жызнеўскай "У палоне пачуццяў". Здавалася б, пра каханне ўсё сказана, але паэтцы ўдаецца па-свойму трапным словазлучэннем, незвычайным вобразам перадаць эмоцыі закаханага чалавека. Варта сказаць, паэтычная творчасць для Наталлі хутчэй хобі, а не прафесійны занятак. Яна працуе загадчыкам Пугачоўскага дома культуры на Валожыншчыне. Піша на рускай і беларускай мовах. І як чалавек творчы, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, імкнецца рэалізаваць сябе па максімуму. З поспехам удзельнічае ў розных літаратурных конкурсах, а да некаторых сваіх вершаў піша музыку і выконвае ўласныя песні. Адна з іх з красамоўнай назвай "Подари мне любовь" змешчана ў зборніку.
Ад жаночай лірыкі - адразу да брутальнай мужчынскай прозы. Кніжка "Золата Чынгісхана" Івана Канановіча прыцягвае ўвагу загадкава-таямнічым выглядам вокладкі. Аднак і змест не расчаруе: аповесці і апавяданні вартыя таго, каб прысвяціць ім крыху вольнага часу. У аповесці, якая дала назву зборніку, аўтар арыгінальна распрацоўвае міф (ці гэта не міф насамрэч?) пра незлічоныя скарбы заваёўніка Сусвету. Паводле сюжэта, завалодаць імі хацелі нямецка-фашысцкія войскі, але дыверсійная савецкая група не дала спраўдзіцца гэтым планам.

Аповесць чытаецца з цікавасцю, але мне ўсё ж больш даспадобы апавяданні Івана Канановіча. Напрыклад, "Закаханы". У казарме размаўляюць двое. Адзін прызнаецца, што яшчэ са школы безнадзейна пакахаў генеральскую дачку. Маўляў, гады ідуць, а пачуцці не адпускаюць. Другі разважае так: "Каханне, браце… непадуладнае ніякім званням, чынам і пасадам". Гучыць прыгожа, але ж ці мае дачыненне да рэальнага жыцця? Хоць ты і яфрэйтар са спартыўнай постаццю, але ў генерала таксама могуць быць планы адносна будучыні дачкі. Дык што рабіць, адмовіцца ад кахання ці змагацца? Дылема, над якой можна паразважаць.
І які ж кніжны агляд без добрай дэтэктыўнай гісторыі? На дэсерт прапаную аповесць Аляксандра Джада "Заимка". Затрымацца на гэтай кніжцы мяне змусілі падабраныя з несумненным інтэлектуальным густам трапныя эпіграфы да навел, з якіх складаецца твор. Мала хто з сучасных аўтараў выкарыстоўвае такі ход, але, відаць, ён таго варты. Тут і Жванецкі (Цяжэй за ўсё чалавеку даецца тое, што даецца не яму), і Тэзджан (Людзі падобныя да кніг. Калі глядзіш толькі на вокладкі, памыляешся)…

Аляксандр Джад - гэта творчы псеўданім члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза расійскіх пісьменнікаў Аляксандра Дэйча. Яго пяру належыць сямнаццаць кніг і безліч публікацый у перыёдыцы. Але якое здарэнне адбылося на далёкай заімцы, што не пакінула абыякавым ніводнага яе насельніка? "Как же прекрасно на заимке. Вокруг лес, природа… Выйдешь поутру из избы - солнышко светит, птички поют - красота! По вечерам мы, постояльцы, собирались вместе… Всякие истории рассказывали. Только успевай записывать. Но удивительные события, произошедшие здесь в этом году именно с нами, поразили даже мое писательское воображение", - інтрыгуе аўтар. І хто ж, вы думаеце, парушыў ідылію? Шэршэ ля фам, як кажуць.

| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Якую кнігу возьмем з сабой у парк? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Навука, спорт і нават містыка. Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе

Ад "Вянка" Багдановіча да сучаснага белліта. Пять новых цікавых выданняў
Топ-новости
Свежие новости Беларуси