Час няўмольна ляціць, знікае, не пакідаючы шанцу вярнуцца. А як хочацца зноў апынуцца ў сваёй дыктарскай! У той самай, з вокнамі на вуліцу Чырвоную, дзе сталінкі ўпрыгожаны ляпнінай, а за шклом - світанне, рэдкія прахожыя, пачатак дня…
Як хочацца зноў убачыць і пачуць дарагіх сэрцу калег: яркіх, упэўненых і, вядома, у прамым сэнсе гучных. Якімі яшчэ маглі быць дыктары? Лілія Яфрэмаўна Стасевіч, Ілья Львовіч Курган, Леў Ісакавіч Валодзін, Галіна Феліксаўна Сідзельнікава і многія іншыя… Як я ўдзячна ім за ўрокі, якія засталіся са мной: і прафесійныя, і чалавечыя.
Часам памяць захоўвае не вобраз і не падзею, а голас, што гучаў з радыёпрыёмніка ў будні і святы, у трывожныя хвіліны і ў гадзіны надзеі. Голас, які станавіўся часткай прывычнага рытму жыцця.
У Савецкім Саюзе работа дыктара была нечым большым, чым проста прафесіяй. Гэта цэлая эпоха, неад’емная частка нашага жыцця. Галасы дыктараў гучалі ўсюды, яны як быццам нябачнай ніццю звязвалі нас усіх, пранікаючы ў кожны дом, у кожную сям’ю.
З
іх галасоў пачынаўся працоўны дзень: роўна ў 6:00 - гімн Савецкага Саюза і "Последние
известия" з Масквы, а ў 6:15 - гімн БССР і "Апошнія паведамленні"
са словамі: "Гаворыць Мінск! Добрай раніцы, паважаныя радыёслухачы!"
Людзі збіраліся на работу, будзілі дзяцей, снедалі… Каб не спазніцца, уключалі
радыёпрыёмнік гучней. Нехта адпраўляўся ў новы дзень пад праграмы "Сельскага
жыцця", а крыху пазней гучаў агляд газеты "Звязда". Школьнікі
выходзілі пад пазыўныя "Пионерской зорьки", якая пачыналася ў 7:40.
Навіны, пачутыя па радыё, абмяркоўвалі ў транспарце і на рабоце. Можна сказаць,
што прыемныя, добразычлівыя галасы з радыёкропкі аб’ядноўвалі людзей і надавалі
ўпэўненасць - у дні сённяшнім і заўтрашнім.
1963 год. Мінск, вуліца Чырвоная, 4…
Гэты адрас ведаюць многія пакаленні радыёслухачоў
Стрымана, па-беларуску
У еўрапейскіх краінах дыктары часцей працавалі ў камерцыйным вяшчанні, дзе цаніліся індывідуальная манера і асабістая інтанацыя. У СССР жа дыктар выконваў іншую функцыю - ён быў афіцыйным прадстаўніком, які трансліраваў дзяржаўную пазіцыю. Гэта вызначала стандарты маўлення: строгасць, адсутнасць суб’ектыўных акцэнтаў, нейтральнасць падачы. Але голас - гэта не проста інструмент! Паспрабуй схаваць сваю чалавечую сутнасць, калі ты малады і ў табе бурліць жыццё, ці ўжо ў гадах - мудры і немітуслівы. У кожным вымаўленым слове ўсё роўна гучыць энергія выканаўцы, яго ўнутраны свет, яго стаўленне да таго, што адбываецца. Пра гэта крыху пазней.
Беларуская школа дыктараў, хоць і фарміравалася ў рамках агульнасаюзнай сістэмы, паступова выпрацавала свае ўстойлівыя рысы: стрыманасць, камернасць, шчырую інтанацыю. Вяшчанне на беларускай мове садзейнічала фарміраванню нацыянальнай ідэнтычнасці, ствараючы асаблівую атмасферу блізкасці і павагі да слухача. На жаль, інфармацыі аб тых, хто стаяў ля вытокаў Беларускага радыё, у архівах захавалася вельмі мала.
Ці ведаеце вы, што…
- 15 лістапада 1925 года - дата, калі ўпершыню гучала Беларускае радыё. Тады яно называлася РВ-10 імя Саўнаркама БССР;
- першыя перадачы былі ўсяго 30 хвілін на дзень, але іх чулі на адлегласці да 300 кіламетраў;
- каб усё гэта працавала, у Мінску пабудавалі 75-метровую драўляную вежу, а побач размясцілі студыю;
- з самага пачатку ў эфіры былі свае "радыёгазеты": "Беларуская радыёгазета", а таксама штодзённая "рабочая" і "сялянская" (тры-чатыры разы на тыдзень);
- з 1928 года Беларусь пачала асвойваць правадное радыё - гэта значыць, што гук ішоў па правадах і для прыёмнікаў не трэба было электрычнасці;
- радыё мела спецыяльныя расклады перадач для розных слухачоў і нават стварыла свой уласны сімфанічны аркестр;
- трансляцыі вяліся не толькі са студыі, але і з тэатраў ды клубаў;
- да 1960 года Беларусь была цалкам радыёфікаваная. А правадное радыё праіснавала да 2016 года.
Сярэдзіна 1950-х. У эфіры - Любоў
Бацвіннік і Ілья Курган
Як усё пачыналася
У тыя далёкія гады, на раннім этапе станаўлення радыёвяшчання ў 1920-30-я, галоўным спосабам данесці інфармацыю быў фармат радыёгазеты. Яе чыталі акцёры і дэкламатары, якія былі своеасаблівымі канферансье. Іх работа заключалася не толькі ў тым, каб агучыць тэкст, але і растлумачыць складаныя моманты, зрабіць матэрыял цікавым і жывым з дапамогай інтанацыі, а таксама звязаць розныя часткі праграмы ў адно цэлае.
У савецкі час, калі радыё было галоўнай крыніцай інфармацыі, прафесія дыктара развівалася імкліва. Аб гэтым сведчаць публікацыі тых гадоў, дзе абмяркоўваліся важныя аспекты работы ля мікрафона.
Галоўным патрабаваннем да дыктара было ўменне гаварыць так, каб слухач не проста чуў, а адчуваў кожнае слова. Важна было не толькі данесці інфармацыю, але і ўтрымаць увагу, зрабіць маўленне жывым і выразным.
Ужо ў 1930 годзе гучала крытыка ў адрас залішняй тэатральнасці. Напрыклад, М. Смірноў лічыў, што празмерны пафас і манернасць дыктараў ствараюць непатрэбныя "карцінкі" ў галаве слухача і перашкаджаюць сканцэнтравацца на сутнасці сказанага. Ён заклікаў да "абсалютнай натуральнасці" і лічыў манатоннасць сур’ёзным промахам.
Даследчык
І. Малкін параўноўваў работу дыктара з друкарняй, гаворачы, што "дрэнны
дыктарскі апарат - тое ж самае для радыёгазеты, што сляпы збіты шрыфт для
друкаванага выдання". Ён дакладна вызначыў асноўныя патрабаванні: голас
павінен быць гібкім і разнастайным, фразы - выразнымі, вымаўленне -
бездакорным. А галоўнае - дыктар павінен умець перадаваць вельмі тонкія
сэнсавыя адценні. Малкін быў катэгарычны: калі дыктар не адпавядае гэтым
патрабаванням, яму не месца ля мікрафона.
1970-я гады. У студыі Беларускага радыё Любоў Бацвіннік і Мікалай
Чырык
Г. Церцераў жа ўзнімаў праблему няякаснага кантэнту і дрэннай падачы. У сваім артыкуле "Прашу слова!" ён пісаў, што радыёгазеты, якія не думаюць пра аўдыторыю, "раздражняюць слухача доўгім і манатонным чытаннем" і ў выніку губляюць яго цікавасць. Гэта азначала, што важна было не толькі добра вымаўляць тэкст, але і гаварыць тое, што цікава людзям.
Тады і вызначыліся ключавыя патрабаванні да прафесійнай дыктарскай дзейнасці: бездакорнае маўленне, уменне перадаць сэнс праз інтанацыю і здольнасць адаптаваць тэкст для слухача. Гэтыя прынцыпы, якія абмяркоўваліся ў газетах і часопісах, былі пакладзены ў аснову ўсёй дыктарскай школы, уключаючы і тую, што развівалася ў Беларусі.
У тыя часы, калі ўсё было строга цэнтралізавана, дыктар быў, па сутнасці, сувязным звяном. Яго галоўная задача - данесці да людзей тое, што напісана. Цікава, што ў публікацыях 1930-х гадоў дыктары не называліся па імёнах. Гэта сведчыць аб тым, што іх успрымалі як выканаўцаў, чыя работа заключалася ў тым, каб дакладна і нейтральна агучыць гатовы матэрыял.
За кулісамі эфіру
У канцы 1938 года радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркама БССР змяніла адрас: пераехала з вуліцы Кірава, 16 на Рэвалюцыйную, 3. Хоць для большасці супрацоўнікаў радыё гэта азначала паляпшэнне ўмоў працы, але не для дыктараў. Асноўным патрабаваннем да студый была гукаізаляцыя, якую забяспечвалі двайныя вокны і дзверы. Паколькі кандыцыянераў тады яшчэ не было, у гарачыя дні работа ў герметычна закрытых памяшканнях станавілася сапраўдным выпрабаваннем. Ілья Львовіч Курган расказваў, што ратункам служылі вёдры з халоднай вадой, у якія яны перыядычна ставілі ногі.
Сітуацыя
змянілася ў 1963 годзе, калі радыё перабралася на вуліцу Чырвоную, 4. Новы Дом
радыё быў абсталяваны трыма студыямі для прамых эфіраў, і, што немалаважна, у
іх устанавілі вентылятары. З’явілася нават неафіцыйнае правіла сярод дыктараў:
абавязкова ўключаць вентылятары ў перапынках паміж эфірамі, каб хоць неяк
аблягчыць работу ў гарачае надвор’е.
Падчас сустрэчы з радыёслухачамі.
Сярэдзіна 1970-х гадоў
"Слухай нас, родны беларускi народ!"
У цяжкія гады акупацыі, калі надзея здавалася прывіднай, Беларускае радыё зноў загучала, стаўшы сапраўдным праменем святла для народа. 1 студзеня 1942 года ў эфіры прагучалі словы, якія назаўсёды ўрэзаліся ў памяць: "Увага! Гаворыць радыёстанцыя „Савецкая Беларусь“. Слухай нас, родны беларускi народ! Слухай нас, родная беларуская зямля!".
Гэтыя простыя, але такія важныя словы, вымаўленыя Любоўю Бацвіннік і Уладзімірам Юрэвічам, сталі сімвалам нязломнасці і веры ў будучыню.
Яны гучалі як пацвярджэнне таго, што родная зямля жывая, што яна працягвае змагацца. Для кожнага, хто чакаў вестак з фронту, хто пакутаваў, чакаючы вызвалення, гэтыя галасы былі як глыток свежага паветра, як напамін аб тым, што яны не адны.
Імёны Любові Бацвіннік і Уладзіміра Юрэвіча, а таксама Аляксандра Юрэвіча, чыё жыццё абарвалася ў самым пачатку вайны, - гэта неад’емная частка гісторыі Беларускага радыё. Падобна да таго, як голас Юрыя Левітана стаў сімвалам стойкасці для ўсяго Савецкага Саюза, галасы Бацвіннік і Юрэвіча асацыіраваліся ў беларусаў з перамогай і вяртаннем мірнага жыцця.
Галасы, якім давяралі
У тыя няпростыя, але поўныя надзей гады пасля вайны радыё стала сапраўдным акном у свет для мільёнаў людзей. Галасы дыктараў гучалі ўсюды. Яны напаўнялі эфір у святы і будні, задаючы рытм жыцця для ўсёй рэспублікі.
Іх ведалі па імёнах, як добрых знаёмых: Ілья Курган, Лілія Стасевіч, Мікалай Анціпаў, Леў Валодзін, Галіна Сідзельнікава, Мікалай Чырык, Эдуард Данчанка, Галіна Яроменка, Валерый Дзягілеў. Гэтыя галасы былі спадарожнікамі ў патоку навін і культурных падзей. Яны сталі прывычным фонам, але без якога людзі ўжо не ўяўлялі сваё жыццё.
Радыё
было ўсюды. І паступова за гэтымі ўжо вядомымі галасамі слухачы сталі бачыць не
проста дыктара, а жывога чалавека, з яго інтанацыямі і настроем. Адным словам,
асобу.
1975 год. Сустрэча ў Мінску: знакаміты
дыктар Усесаюзнага радыё народная артыстка СССР Вольга Высоцкая са сваімі
беларускімі калегамі
эфіры - Ілья Курган
Яго голас гучаў з радыёпрыёмнікаў на працягу сарака гадоў. Ілья Львовіч Курган, чыё імя стала сінонімам бездакорнай дыктарскай культуры, пачаў свой шлях на Беларускім радыё ў 1949 годзе і заставаўся ў эфіры да 1990-га. Яго прафесіяналізм і глыбокае разуменне слова былі адзначаны не толькі слухачамі, але і калегамі, а таксама студэнтамі БДТМІ, дзе ён выкладаў сцэнічнае маўленне.
Нарадзіўся Ілья Львовіч у Барысаве 26 мая 1926 года. Пасля заканчэння Мінскага тэатральнага інстытута прайшоў строгі адбор, абышоўшы амаль сотню прэтэндэнтаў, каб заняць сваё месца на радыё. Яму давяралі самыя адказныя матэрыялы, уключаючы экстранныя ўрадавыя паведамленні, якія часта даводзілася чытаць без папярэдняй падрыхтоўкі.
Аднойчы ў эфір паступіў матэрыял з небяспечнай памылкай друку "Сталін - прычына бяздольнасці Савецкай арміі". Ілья Львовіч, імгненна ацаніўшы патэнцыяльныя наступствы, прадэманстраваў неверагодную знаходлівасць, прачытаўшы: "Сталін - прычына баяздольнасці Савецкай арміі". Пазней ён успамінаў, як рэдактар, убачыўшы арыгінал, усклікнула: "Ільюшачка, дзякуй за дзяцей маіх". Гэты выпадак - яскравае сведчанне выключнага прафесіяналізму і адказнасці Ільі Львовіча.
Феномен Кургана заключаўся не толькі ў дыктарскім майстэрстве, але і ў яго асобе. Ён валодаў тонкім пачуццём паэзіі, глыбокімі ведамі ў літаратуры і дзіўнай здольнасцю перадаваць настрой тэксту без празмернага пафасу, але напаўняючы кожнае слова ўнутранай сілай.
Шмат гадоў Ілья Львовіч паспяхова сумяшчаў работу на радыё з дзейнасцю ў тэатры імя Янкі Купалы, дзе загадваў літаратурнай часткай. Беларускія пісьменнікі давяралі яму свае творы, ведаючы, што ў яго выкананні кожнае слова прагучыць шчыра і з глыбокай павагай да аўтара і слухача. За свой уклад у мастацтва ў 1968 годзе Ілья Курган быў удастоены звання "Заслужаны артыст Беларускай ССР".
Пачатак 1980-х гадоў. Уявіць савецкага
дыктара без грамадзянскай пазіцыі немагчыма. Ірына Маісеева
Слова пакіне след
Галасы, якія мы чулі ў эфіры, атрымалі заслужанае прызнанне. Некаторым дыктарам, напрыклад Любові Бацвіннік, было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры БССР". А Лілія Стасевіч, Галіна Сідзельнікава і Мікалай Чырык сталі заслужанымі артыстамі БССР. Гэтыя ўзнагароды сведчаць аб тым, што прафесія дыктара стала важнай часткай культурнага і інфармацыйнага жыцця краіны, яе значнасць была афіцыйна прызнана.
Але людзі не проста слухалі радыё, яны ўзаемадзейнічалі з ім. Дыктарам пісалі пісьмы: дзяліліся ўражаннямі ад перадач, задавалі пытанні, расказвалі пра свае радасці і перажыванні. Радыё стала для многіх сапраўдным сябрам, а голас у эфіры - шчырым субяседнікам. Гэта накладала на дыктараў асаблівую адказнасць. Яны ведалі, што іх словы даходзяць да канкрэтных людзей, якія жывуць сваім жыццём са сваімі праблемамі і надзеямі. Гэта было падобна на асабістую размову, дзе імёны не называліся, але было дакладнае разуменне таго, хто слухае і як словы могуць паўплываць на настрой і думкі.
Не проста памылка
У дыктарскай Беларускага радыё стаяла сапраўдная скарбніца ведаў - паліца, застаўленая слоўнікамі. Тлумачальныя, арфаэпічныя, тапанімічныя - яны былі сведкамі незлічоных эфіраў. Старонкі, пацёртыя да бляску ад пастаяннага выкарыстання, захоўвалі ў сабе сляды карпатлівай работы. Кожны выхад у эфір патрабаваў бездакорнасці: трэба было дакладна вымавіць прозвішчы, назвы гарадоў і вёсак, складаныя тэрміны.
А
ўжо імёны замежных палітыкаў, вучоных і пісьменнікаў - гэта была асобная
гісторыя! Іх вымаўленне вывяралі, параўноўваючы з ужо вядомымі імёнамі, раіліся
адно з адным, а часам і тэлефанавалі спецыялістам. Любая агаворка ў эфіры -
гэта не проста памылка, а прыкмета непрафесійнай нядбайнасці.
Канец 1980-х гадоў. Маладыя дыктары на
прыступках Дома радыё
У нашай рабоце было адно жалезнае правіла: дыктар павінен быў ведаць поўныя імёны і імёны па бацьку нашых палітычных дзеячаў на памяць, без адзінай памылкі.
Я добра памятаю, як у самым пачатку сваёй кар’еры ўбачыла на дошцы аб’яў у Доме радыё загад аб строгай вымове аднаму з нашых дыктараў. Назавём яго N. Прычына была простая і… сур’ёзная: ён дапусціў памылку ў прамым эфіры. Пераблытаў імя па бацьку члена Палітбюро ЦК КПСС Юрыя Уладзіміравіча Андропава, назваўшы яго Васільевічам.
Калі б дыктар памыліўся ў імені па бацьку Пушкіна, гэта, магчыма, палічылі б проста агаворкай, выпадковай недакладнасцю. Але калі размова ішла пра дзяржаўнага дзеяча такога ўзроўню, любая памылка ўспрымалася як ідэалагічны промах. І, зразумела, наступствы былі адпаведнымі.
Як гучыць шчырасць
Майстэрства дыктара, нягледзячы на, здавалася б, прастату, абапіраецца на тонкі арсенал выразных сродкаў. Інтанацыя, паўза, тэмп і лагічны націск - вось інструменты, з дапамогай якіх ствараецца пераканаўчае гучанне. Як трапна заўважыў Бернард Шоу, багацце вуснага маўлення непараўнальна з лаканічнасцю пісьмовай: існуе пяцьдзясят спосабаў сказаць "так" і пяцьсот - сказаць "не", але ёсць толькі адзін спосаб гэта напісаць.
Менавіта
інтанацыя становіцца ключом да перадачы эмоцый і сэнсаў. Яна здольная не толькі
падкрэсліць сказанае, але і дадаць новыя адценні, а часам нават уступіць у
канфлікт з літаральным значэннем слоў, раскрываючы сапраўдныя адносіны
гаворачага. Інтанацыя - гэта люстэрка душы, якое перадае думкі, пачуцці і
перакананні. У гэтым і заключаецца магія жывога слова.
1985 год. Заслужаная артыстка Беларусі Галіна Сідзельнікава
Аднак з цягам часу пошук шчырай інтанацыі станавіўся ўсё больш складанай задачай. Асабліва гэта праявілася ў эпоху "застою", калі эфір запаланілі дэкларатыўныя прамовы аб дасягненнях і прагрэсе. Слухачы, тым не менш, адчувалі разрыў паміж прыгожымі словамі і суровай рэальнасцю. Прамова гучала бездакорна, але не знаходзіла водгуку ў сэрцах.
Сапраўдная сіла слова нараджаецца з веры. Думаю, што менавіта страта яе стала прычынай заняпаду савецкага дыктарства. Калі знікла вера ў тое, што гаворыш, прапаў і той самы, асаблівы голас - голас, што нясе адказнасць за кожнае вымаўленае слова.
Рамонкі, рамонкі…
У тыя часы, калі навокал панавала некаторая афіцыйнасць, дыктары на радыё стараліся гаварыць са слухачамі як з блізкімі людзьмі: проста, зразумела, без лішняга пафасу. І людзі гэта адчувалі. Радыё было для іх нечым вельмі родным, амаль як член сям’і, які заўсёды побач. Яно было жывым, сапраўдным, сваім.
Мы часта ездзілі па краіне, сустракаліся са слухачамі. Гэта заўсёды было вельмі душэўна. Здавалася, само радыё валодала нейкай асаблівай магіяй. Голас, які гучаў кожны дзень, станавіўся часткай іх жыцця. Ён быў з імі раніцай, калі яны спяшаліся па справах; вечарам, калі адпачывалі; у святы і ў звычайныя дні. Людзі пазнавалі гэты голас, чакалі яго і давяралі яму.
Зразумела,
нехта з дыктараў падабаўся больш, нехта менш. Але кожны з нас быў часткай
гэтага агульнага голасу, гэтага агульнага настрою. Памятаю, як аднойчы зайшла ў
дыктарскую, а яна ўся застаўленая рамонкамі. Гэта быў падарунак ад удзячнага
слухача маёй калезе. Без усялякіх слоў, проста - ад усяго сэрца.
1983 год. На выязной канферэнцыі з
радыёслухачамі. Дыктар Беларускага радыё Ларыса Грынько
Ці ведаеце вы, што…
- калі Беларусь акупавалі нямецкія войскі, радыёстанцыя РВ-10 спыніла сваю працу. Але беларускае слова не змаглі заглушыць. З Масквы пачала вяшчанне радыёстанцыя "Савецкая Беларусь". З 1941 па 1944 год яна выпусціла больш як 3200 перадач, якія падтрымлівалі дух людзей на акупаваных тэрыторыях і інфармавалі пра падзеі на фронце;
- 11 мая 1962 года - дата пачатку міжнароднага вяшчання Беларускага радыё. Спачатку перадачы ішлі толькі на беларускай мове. Сёння радыё "Беларусь" вяшчае на дзевяці мовах, расказваючы свету пра жыццё і культуру нашай краіны;
- у сярэдзіне 1970-х гадоў Беларускае радыё зрабіла яшчэ адзін крок наперад - асвоіла стэрэавяшчанне на ўльтракароткіх хвалях. Пяцігадзінны стэрэаэфір быў напоўнены разнастайнымі музычнымі праграмамі. Асаблівая ўвага надавалася класіцы. Слухачы змаглі пачуць таксама і драматычныя радыёспектаклі ў новым, аб’ёмным гучанні, што стварала адчуванне прысутнасці;
- на пачатак 1980-х гадоў радыёсетка Беларусі была ўжо вельмі разгалінаванай. Яна ўключала ў сябе шэсць абласных, 115 раённых, 12 гарадскіх і 32 фабрычна-заводскія радыёстанцыі.
Эфір - справа тонкая
Уявіце: раней, калі не было інтэрнэту, менавіта прамы эфір быў галоўнай крыніцай навін. Дыктары павінны былі быць сапраўднымі супергероямі: імгненна рэагаваць, быць сабранымі і адчуваць час як ніхто іншы. Спазніцца на хвіліну - гэта не проста няёмка, гэта катастрофа для эфіру. Ніякіх "прабачце, пробка" па радыё, вядома, быць не магло.
Таму
многія, напэўна, памятаюць гэтыя адчайныя моманты: дыктар, які ў апошні момант
ловіць машыну, просячы адвезці яго на студыю, таму што "ў мяне эфір!".
У кожнага, хто працаваў на радыё, напэўна ёсць свая гісторыя пра беганіну,
нервы і барацьбу за кожную секунду.
Тамара Лонская
Але аднойчы здарылася такое, чаго не было ні да, ні пасля за ўсю гісторыю Беларускага радыё. Зімовай раніцай адзін з дыктараў праспаў, нягледзячы на будзільнік. Яго ўжо чакала службовая машына ля пад’езда, каб адвезці на радыё да шасці раніцы. Але вадзіцель, грэючыся ў кабіне, таксама задрамаў. Звычайна яны званілі ў дзверы, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, але на гэты раз - не пазваніў.
А яго напарніца, другі дыктар, зразумела, што за ёй ніхто не прыедзе, і пачала дабірацца на радыё сама. У Мінску тых гадоў, дзе машын было не так шмат, знайсці транспартны сродак у пяць раніцы было амаль нерэальна. І вось упершыню за доўгія гады замест прывычных навін з радыёкропак палілася музыка.
Гэта стала сапраўднай падзеяй, надзвычайным здарэннем рэспубліканскага маштабу. Радыё было ўсюды - на кожнай кухні. Людзі прачыналіся, снедалі, збіраліся на работу пад знаёмыя галасы. А тут - музыка… З самай раніцы рэдакцыя і ўсялякія інстанцыі былі завалены званкамі. Людзі пыталіся не пра дыктараў, а пра краіну: "Што здарылася?" Так адзін дыктар, які праспаў, і адзін вадзіцель, які задрамаў, выклікалі ўсеагульнае хваляванне.
Эфір - гэта вельмі тонкая і жывая справа.
Апошняе дзесяцігоддзе
Нават у няпростыя часы, калі краіна перажывала перамены, апошнія гады работы дыктарскага аддзела былі напоўнены творчасцю і пошукам. Майстры слова не баяліся спрабаваць сябе ў новым, пашыраючы межы прывычнага і адкрываючы для сябе розныя грані гучальнага слова.
Вось,
напрыклад, Леў Валодзін і Уладзімір Баклейчаў. Іх галасы былі нібыта створаны
для дакументальных фільмаў. Яны ўмелі так перадаць інтанацыю, што глядач сам
аказваўся ўнутры падзей, адчуваючы атмасферу. І сёння, калі мы глядзім старыя
дакументальныя фільмы, чуем іх - сапраўдных прафесіяналаў. Мікалай Чырык жа быў
майстрам сатыры і фельетона, яго голас рабіў эфір жывым і такім блізкім, нібыта
ён размаўляў са слухачамі асабіста. Мікалай Кузняцоў не проста чытаў тэкст, ён
укладваў у яго душу, дабіваючыся, каб кожнае слова гучала дакладна і выразна.
Святлана Шушакова
Некаторыя дыктары прысвячалі сябе асаблівым тэмам. Тамара Лонская з яе выдатным веданнем роднай мовы вяла праграмы пра беларускую мову і культуру, робячы іх па-сапраўднаму душэўнымі. Ларыса Грынько і Святлана Шушакова ўмелі так гаварыць пра важныя рэчы, што слухач адчуваў іх грамадзянскую пазіцыю ўсім сэрцам. А Марыя Вінакур, Мікалай Дзяркач, Віталь Шымук, Лілія Пількевіч, Валянціна Душкевіч, Святлана Гілеўская і Ларыса Гарбунова - іх галасы стваралі асаблівую, даверную атмасферу. Такі стыль быў вельмі дарэчы ў праграмах пра сям’ю і жыццё.
Асобна варта згадаць Алега Вінярскага і Маргарыту Захарыю. Дзякуючы акцёрскаму вопыту яны выдатна працавалі з мастацкімі творамі. І сёння, калі ўключыце канал "Культура" Беларускага радыё, можаце пазнаёміцца з класікай у выкананні Маргарыты Захарыі. Алег Вінярскі жа стаў выдатным рэжысёрам радыёпастановак, і яго спектаклі можна пачуць у праекце "Тэатр Беларускага радыё".
Але час ішоў, і ў 1990-я гады прафесія дыктара пачала мяняцца. Апошнія прадстаўнікі старой школы апынуліся на парогу новай эры вяшчання. З’явіліся інтэрактыўныя праграмы, змянілася палітыка каналаў. Імкненне да жывога ўзаемадзеяння ў эфіры паступова прывяло да таго, што прывычная мадэль дыктара стала адыходзіць у мінулае.
Пасля эфіру
Пасля распаду Саюза, калі ўсё старое здавалася непатрэбным, ад дыктараў, гэтых галасоў мінулага, паспяшаліся адмовіцца. Іх манера гаварыць, звязаная з афіцыйнымі прамовамі, больш не знаходзіла водгуку. Але вось што цікава: вялікія замежныя радыёстанцыі ніколі не адмаўляліся ад дыктараў. Яны разумелі, што дыктар і вядучы разам - гэта як зладжаны дуэт, які робіць эфір больш цікавым і прафесійным.
Савецкія
дыктары былі не проста людзьмі, якія ўмеюць прыгожа гаварыць. Яны з’яўляліся
носьбітамі культуры маўлення. Іх галасы, іх інтанацыі - гэта ўзор таго, як
трэба гаварыць, узаемадзейнічаць. Для многіх, асабліва ў аддаленых кутках
краіны, радыё было адзінай сувяззю са светам, і менавіта дыктары гэты свет
адкрывалі. А на Беларускім радыё яны яшчэ і дапамагалі захаваць родную мову,
умацоўвалі нацыянальную гордасць.
Маргарыта Захарыя
Вядома, справа была не толькі ў дыктарах. За кожным эфірам стаяла цэлая каманда: журналісты, пісьменнікі, акцёры, рэдактары, рэжысёры, гукарэжысёры, гукааператары, машыністкі (цэлае бюро!)… Свет таленавітых і адданых сваёй справе людзей! Менавіта дзякуючы іх сумеснай рабоце, іх любові да радыё яно і стала папулярным і любімым. Гэта была сапраўдная магія, створаная агульнымі намаганнямі.
Цяпер радыё не такое. Іншыя галасы, тэмы, інтанацыі. І гэта натуральна. Свет не стаіць на месцы. Але часам, калі чую знаёмыя музычныя застаўкі, калі ўсплывае нейкая старая фраза, я адчуваю лёгкую настальгію. Не па тым часе, не па той сістэме, а па той адказнасці і адчувальнасці моманту. Па тым, што мой голас быў часткай жыцця многіх людзей.
МАІСЕЕВА Ірына Генадзьеўна
Працавала на Беларускім радыё з 1979 па 1999 год, дыктар вышэйшай катэгорыі. Цяпер старшы выкладчык факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спецыялізуецца на моўнай практыцы, культуры мовы і гісторыі радыёвяшчання.
| Ірына МАІСЕЕВА, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, з архіва БЕЛТА, а таксама з асабістага архіва аўтара.
Чытаце таксама:
Путь героев: молодые историки "оживили" подвиг партизан в настольной игре
Магія аўтографа. Як падпісвалі свае кнігі беларускія пісьменнікі?
А вы знаете, чем черный аист отличается от белого? Интересные факты про птицу года-2026
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.