ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Понедельник, 23 декабря 2024
Минск-Уручье -2°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
12 июля 2023, 14:25

Ад старажытнага Полацка да выцінанкі. Пяць кніжак для ўтульнага чытання летнім вечарам

Пра жаночыя лёсы і мужную прафесію, любы горад дзяцінства і народнае мастацтва, пра тое, што нас аб'ядноўвае і вызначае як народ, як нацыю, - у творах сучасных беларускіх аўтараў, якія разглядаем у нашай традыцыйнай рубрыцы.

Хачу звярнуць найперш вашу ўвагу на "Горад" - новую кнігу вядомага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча. Зборнік выйшаў напярэдадні 75-годдзя аўтара. Аднайменная аповесць "Горад" - вельмі кранальнае, шчырае прызнанне ў любові да старажытнага Полацка, дзе нарадзіўся і рос Навум Гальпяровіч. Старонка за старонкаю ён з задавальненнем блукае па правінцыйных вулачках свайго дзяцінства. Вядома ж, не мінае мясцовы "брадвей", які тады быў вуліцай імя Карла Маркса і дзе любілі шпацыраваць увечары ці не ўсе жыхары горада. Згадвае, як падлеткам яго "цягнула да бялюткай цэркаўкі, да дзівоснай цішыні, дзе чуваць было толькі, як віруе палатоўская жоўтая вада". Чытаеш такія радкі - і міжволі прыходзяць думкі-ўспаміны пра свой горад дзяцінства, што на ўсё жыццё застаўся прыцягальным месцам, дзе нараджаліся мары і сніліся самыя салодкія сны.

Мяркую, настроіўшыся на лірычную хвалю, вы з прыемнасцю пачытаеце яшчэ аповесць "Подых пяшчоты" і апавяданні з гэтага зборніка. Аўтарскі роздум пра мінулае і сённяшні дзень напоўнены дабрынёй і пяшчотай, чаго часам вельмі бракуе ў паўсядзённым жыцці.

Героі журналіста і пісьменніка Леаніда Крываноса вызначаюцца найперш пачуццём адказнасці і абавязку. І экстрыму ў іх жыцці хапае, бо яны "Судьбой повенчаны с границей". Гэты зборнік навел - пераканаўчы аповед пра будні мужных і да таго ж сціплых людзей, якія аберагаюць наш спакой і мірнае жыццё. Яны не вынік аўтарскай выдумкі і фантазіі, а цалкам рэальныя людзі, як і падзеі, што разгортваюцца на старонках кнігі. Леанід Крыванос добра ведае тое, пра што піша, бо сам "хадзіў па апошнім метры роднай зямлі" - служыў на памежнай заставе, узначальваў разведвальна-пошукавую групу ў глухой тайзе, дзе на сотні кіламетраў ніводнага населенага пункта. І затрымліваць парушальнікаў дзяржаўнай мяжы давялося. "Дакладна не падлічваў, але з дзясятак набярэцца", - сціпла прызнаецца аўтар у прадмове. І першыя літаратурныя творы былі аб перажытым - службе на мяжы і памежніках.

На мой погляд, гэтым разам Леанід Крыванос абраў досыць прывабную і заманлівую для чытача форму, "змясціўшы" ў кожную навелу нейкае надзвычайнае здарэнне: выглядае як дэтэктыў у мініяцюры. І пільна, быццам пад мікраскопам, даследуе паводзіны людзей у экстрэмальнай сітуацыі, захапляючыся іх прафесіяналізмам, вытрымкай і мужнасцю, вернасцю воінскаму абавязку і іх высокай місіі - абараняць рубяжы Айчыны. Варта змясціць гэту кнігу на сваю палічку.

Спачатку зацікавіла назва! Гэта я пра кнігу аглядальніка БЕЛТА Аліны Грышкевіч "Лёсы жанчын - лёс адзінай Беларусі". Потым захапілася зместам. Аўтар здолела пад адной вокладкай сабраць гісторыі жанчын розных прафесій і лёсаў, але якія яны яркія і непараўнальныя! Яднае гераінь Аліны Грышкевіч, бадай, адно - любоў да роднай зямлі і свайго народа, прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцей, адданасць Беларусі. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава расказвае пра простыя чалавечыя каштоўнасці, матчыны запаветы і настаўнікаў у сваім жыцці. Сямейныя традыцыі, карпатлівыя навуковыя даследаванні і захаванне творчай спадчыны класіка літаратуры Якуба Коласа - пра гэта цікава даведацца ад яго праўнучкі Васіліны Міцкевіч. А вось у лёсах Марыі Купрэвіч і Таццяны Чарняўскай з Мядзельскага раёна чорную адзнаку паставіла Вялікая Айчынная вайна. Іх родную вёску Шклёнікава спалілі фашысты. Жыхароў расстрэльвалі, гвалтам забіралі для адпраўкі ў Германію.

Сярод загінулых вяскоўцаў і прадзед аўтара кнігі Адам Грышкевіч. Дзядзьку трохгадовай Таццяны Чарняўскай расстралялі, а яе разам з маці і братам пагналі на чыгунку. Два гады яны жылі ў няволі і не верылі, што вернуцца на радзіму. Марыя Купрэвіч падлеткам на ўсё жыццё запомніла той вераснёўскі дзень, як бегла з аднавяскоўцамі да лесу, як многіх даганялі кулямётныя чэргі, а фашысты па-зверску дабівалі прыкладамі. Яшчэ і сёння дзве пажылыя жанчыны плачуць, калі чуюць слова "вайна"…

З задавальненнем пагартала альбом "Народнае мастацтва Беларусі XVI-XXI стагоддзяў". Ён з'явіўся дзякуючы навукова-адукацыйнаму праекту Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі "Нашы калекцыі".

Што знойдзе ў гэтым выданні чытач, які цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі? Бясспрэчна, шмат чаго. Падрабязна пазнаёміцца з асаблівасцямі традыцыйнага беларускага касцюма і розных відаў мастацкіх рамёстваў - ткацтва, ганчарства, разьбы па дрэве, саломапляцення і інкрустацыі. Наша народная культура перажывае другі рэнесанс: адраджаюцца традыцыйныя рамёствы, маладое пакаленне беларусаў актыўна ўдзельнічае ў экспедыцыях па зборы аўтэнтычных прадметаў, ладзяцца канферэнцыі і семінары. Талент айчынных народных майстроў прызналі і цэняць за межамі краіны. Мяркую, альбом таксама пасадзейнічае захаванню і развіццю нашай культурнай спадчыны. Дарэчы, выдавецтва "Беларусь" за гэта выданне напрыканцы вясны атрымала галоўны прыз на Міжнародным кніжным кірмашы "Кітап-Байрам" ва Уфе (Рэспубліка Башкартастан). Гэта яшчэ раз падкрэслівае цікавасць да нашай культуры, яе ўнікальнасць.

Атрымаўшы сапраўднае задавальненне ад грунтоўнага знаёмства з народным мастацтвам Беларусі, зачапілася вокам за… выцінанку. Дакладней, за кнігу Яўгена Сахуты "Беларуская выцінанка. Традыцыі і сучаснасць". Гэты арыгінальны від дэкаратыўна-прыкладной творчасці досыць папулярны і цяпер. Але найбольш стварэнне ажурных узораў з паперы было распаўсюджана напрыканцы XIX і асабліва ў першай палове XX стагоддзя. Тады адмысловыя папяровыя вырабы, якімі ўпрыгожвалі вокны, люстэркі і іншыя прадметы побыту, сустракаліся ці не ў кожнай беларускай хаце.

Некаторае ажыўленне традыцыі назіралася ў пасляваеннае дзесяцігоддзе. Краіна вярталася да мірнага жыцця, людзям хацелася прыгажосці і ўтульнасці, вось і згадалі пра выцінанку. Затым яна амаль знікла з народнага побыту. Але апошнім часам мы назіраем не проста адраджэнне, а, без перабольшвання, узлёт выцінанкі. Яна (выразка, выстрыганка) за кароткі перыяд заявіла пра сябе як мастацкі феномен, абавязкова дэманструецца на разнастайных выставах і конкурсах народнай творчасці, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Аўтар, вядомы навуковец і даследчык дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прасочвае шлях развіцця гэтага віду творчасці на беларускіх землях, знаёміць з сучаснымі майстрамі і энтузіястамі, разважае пра традыцыі і набыткі.

Добрага баўлення часу разам з кніжнымі навінкамі ад "Беларускай думкі"!

| Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка".

Топ-новости
Свежие новости Беларуси