ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Вторник, 13 января 2026
Минск-Уручье -13°C
Все новости
Все новости

Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?

Опубликовано:

Логотип БелТА
Калейдоскоп
09 июня 2025, 19:15

Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?

Чым далей ад крывавага чэрвеньскага досвітку сорак першага года, калі на мірныя гарады і селішчы нашай Бацькаўшчыны абрынуўся знішчальны агонь гітлераўскіх захопнікаў, тым усё больш велічнай і знакамітай робіцца Перамога…

Такой шчырай і праўдзівай думкай пісьменніка, былога партызана і франтавіка Алеся Савіцкага адкрываецца зборнік "Перамога - наша бяссмерце". Падарункавае выданне прымеркавана да 80-годдзя вялікай падзеі, яно напоўнена найлепшымі творамі беларускіх паэтаў. Вершы тут не толькі пра Вялікую Айчынную вайну, але і пра мірную, стваральную працу нашчадкаў герояў.

Аднак цяжкімі шляхамі вядуць нас Пятрусь Броўка, Якуб Колас, Пятро Глебка, Анатоль Астрэйка, Янка Купала, Кастусь Кірэенка, Валянцін Лукша, Сяргей Грахоўскі ды іншыя таленты паэтычнага слова. Старонка за старонкай праходзім ад самага першага чорнага дня да сённяшняга светлага, у якім шмат ужо новых працоўных перамог і дасягненняў. Паэтычны зборнік сімвалічна завяршае вядомы верш Пятра Прыходзькі "Сцяг рэспублікі", датаваны 2004 годам.

За кожным радком майстроў і класікаў беларускай літаратуры - і боль, і моц, і веліч. Вялікае эмацыянальнае ўражанне ад вершаваных радкоў падсілкоўваюць змешчаныя ў кнізе рэпрадукцыі карцін вядомых айчынных мастакоў, фотадакументы перыяду вайны і пасляваеннага часу.

Разважлівага і ўдумлівага чытача абавязкова захопіць і яшчэ адна кніга. Змест яе звязаны з віднай гістарычнай персонай мінулага - сусветна вядомым археолагам, этнографам, краязнаўцам. Нарадзіўся ён ажно 210 гадоў таму. Працы гэтай асобы "ўспрымаюцца як выдатны здабытак беларускай даследчыцкай думкі ХІХ стагоддзя і дасканалы скарб духоўнай спадычыны продкаў". Менавіта так акрэсліў іх значэнне дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка ў сваім выступленні на тэматычнай міжнароднай навуковай канферэнцыі. Паводле яе матэрыялаў і выдадзены зборнік "Навуковая спадчына Яўстафія Тышкевіча". Тут можна знайсці шмат цікавага, штосьці новае адкрыць для сябе. Не толькі пра выбітную фігуру Тышкевіча - вучоныя разглядаюць разнастайныя аспекты развіцця этналагічнай навукі. Тут і пра традыцыі выхавання дзяцей у сем’ях беларусаў ХІХ-ХХІ стагоддзяў, і пра мясцовыя адметнасці вяселляў на Мазыршчыне, і, урэшце, дэталёва аналізуюцца звесткі апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі, з якіх можна даведацца нават пра асаблівасці рассялення беларусаў на тэрыторыі нашай краіны. Словам, кніга вартая нашай чытацкай увагі. Магчыма, вас натхняць словы нашага сусветна знакамітага продка, які лічыў, што "абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека - старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчыннай гісторыі".

А натхніўшыся, працягнем знаёміцца з велізарным духоўным багаццем, скарбам нашага народа, вытокі якога ў глыбокай старажытнасці.Творы эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, у стылі барока, класіцызму, асветніцтва, рамантызму і рэалізму, а дакладней, словы, жыціі, летапісы і іншыя жанры, якія належаць Францыску Скарыне, Вікенцію Равінскаму, Яну Баршчэўскаму, Адаму Міцкевічу і іншым выбітным дзеячам розных эпох, знойдзем пад вокладкай кніжнай навінкі "Старажытная беларуская літаратура". Выдадзены зборнік на радасць чытачам у трэндавым фармаце "чытай і слухай". Засвойваць цікавы матэрыял можна як заўгодна, як найбольш зручна. Абы наша ўяўленне працавала з падвоенай сілай: іначай як зразумець і натхніцца адным з самых загадкавых і займальных твораў - кнігай Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", дзе шырока выкарыстаны беларускія народныя казкі, легенды і паданні. "Пан Завальня рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі". Дык дадзім нырца ў той таямнічы і загадкавы свет, які захапляе чытачоў ажно з 1840-х гадоў. Кніжны шляхціц яшчэ і розуму нас павучыць: "Ідзі ў свет, шукай сабе долі, любі Бога, бліжняга і праўду. Служачы, будзь адданы і працавіты, калі зазнаеш няшчасце, цярпі, у бядзе не паддавайся роспачы".

Не адчайвацца, трымаць жыццёвую раўнавагу важна і героям твора, што выйшаў з-пад пяра Паліны Дваранскай. Аўтарцы ўсяго 19 гадоў, але як жа трапна ўдалося ёй раскрыць глыбокую драму. У невялічкім апавяданні "Чужы шлях да свайго шчасця" расказваецца, па сутнасці, пра дваіх - вечны сюжэт. Няпростымі бываюць спляценні лёсаў. "Часам людзі вымушаны прайсці чужы шлях, каб атрымаць сваё шчасце. Я сама аднойчы кардынальна памяняла сваё жыццё і была ўпэўнена, што пашкадую, а ў выніку - стала самым шчаслівым чалавекам", - інтрыгуе аўтарка. І стараецца пераканаць: калі чалавек здольны на шчырыя пачуцці і ў яго чуллівае сэрца, значыць, ён валодае самай што ні ёсць моцнай зброяй для пераадолення любых цяжкасцей.

У пошуку сэнсу жыцця застаём і герояў іншых твораў, якія склалі новы зборнік серыі "Сучасная беларуская літаратура" - "Вазьмі сваю свяцільню". Усё новыя і новыя спробы пяра маладых аўтараў яскрава дэманструюць адно: сутнасць пісьменніцкай справы не мяняецца з часам. Як сказаў аднойчы Алесь Адамовіч, "літаратура не ўрач, літаратура - боль. Калі боль не самы востры, значыць, яна не адпавядае часу, а таму і зусім не літаратура".

Але рухаемся далей. Чытачы, пэўна, ведаюць, што некалі бабкі-шаптухі фізічны боль лячылі замовамі. Накшталт такой:

- О Каін, ці баляць зубы ў твайго брата Авеля?

- Не, не баляць ніколі.

- Так бы і ў раба Божага (імя) зубы ніколі не балелі.

Існавала павер’е, што шаптухі здольныя тварыць дзівосы: ратаваць людзей, надзяляць іх здароўем і сілай. Неверагодна, скажаце? Але цэлую фотагалерэю такіх чараўніц знойдзеце ва ўнікальнай кнізе беларускіх замоў Таццяны Валодзінай "Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца". Тут, дарэчы, ёсць пераказ па-руску і пераклад на англійскую мову. Амаль трыццаць гадоў даследчыца шукала найцікавейшы матэрыял у экспедыцыях па розных рэгіёнах краіны. Адметна, што большасць матэрыялу друкуецца ўпершыню. Аўтэнтычнае гучанне замоў-шэптаў можна паслухаць, калі скарыстацца QR-кодам на вокладцы. Незвычайная кніга замоў на самыя разнастайныя патрэбы і выпадкі - лекавыя, гаспадарчыя, сацыяльныя - ілюстравана выявамі шыкоўных выцінанак Наталлі Сухой.

Шэпты беларусаў - дзівосны шматгранны свет вераванняў, вобразаў, эмоцый, словаў і гукаў. За кожным - вера ў тое, што стануць яны своеасаблівым мастком паміж узніклым хаосам і пажаданым спарадкаваным ладам, сцвярджае аўтар гэтай кнігі.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:

Вы ведалі, што гэты раман некалі забараніла цэнзура? Агляд цікавых кніжных навінак

Пяць новых беларускамоўных кніг: іх нядрэнна было б прачытаць і дзецям, і дарослым

Тэма выбітных людзей: якія цікавыя кнігі вышлі на пачатку года ў Беларусі?

Топ-новости
Свежие новости Беларуси