ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Пятница, 5 декабря 2025
Минск-Уручье Сплошная облачность +6°C
Все новости
Все новости

Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг

Опубликовано:

Логотип БелТА
Калейдоскоп
27 августа 2025, 13:45

Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг

"Купальскія святочныя кастры („купало(-а)“, „купальле“, „купальлё“, „цепло“, „агні“) былі агульнавясковымі, іх распальванне ўяўлялася абавязкам усёй вясковай супольнасці. Касцёр збіраў вакол сябе ўсіх жыхароў населенага пункта, кожны з якіх рэальна павінен быў паўдзельнічаць і ў яго арганізацыі, і ў яго правядзенні". 

Выхопліваю гэтыя радкі з кнігі этнолага кандыдата гістарычных навук Таццяны Кухаронак "Святочны час: народныя звычаі і павер’і ў аповедах беларусаў" і згадваю ўласны дзіцячы вопыт. Як сустракала ночы на Купалу, гасцюючы штолета ў бабулі… Цяпер з цікаўнасцю чытаю, як пра тое аўтарцы расказала Галіна Лук’янцава 1920 года нараджэння з вёскі Каменкі Уздзенскага раёна: "На Купалаў дзень некалі сабіраліся, кастры палілі ля рэчкі ці ў канцы вёскі. І нада, штоб кажны ўчаставаў у гэтым: хто ішоў на касцёр, абезацельна нёс палена, дровы с сабой. Маладзёж дровы кралі ў бацькоў". 
Падобныя аповеды вяскоўцаў - успаміны, уражанні, звязаныя са святамі паводле народнага календара, склалі аснову выдання. Аўтэнтычныя запісы зроблены за апошнія дваццаць гадоў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Матэрыял дапоўнены аўтарскімі каментарыямі, дзякуючы якім можна дакладна ўявіць разнастайныя звычаі і традыцыі продкаў. Для іх кожны абрад ці нейкае магічнае дзеянне, песня мелі сэнс і павінны былі паспрыяць шчодраму ўраджаю, моцнаму здароўю альбо проста, так бы мовіць, усеагульнаму дабрабыту. Асаблівую адметнасць выданню надае, на маю думку, не толькі багаты разнастайны фотаматэрыял, але і беражліва захаванае народнае маўленне, дзе часам сустракаюцца і не надта прыстойныя словы і выразы. Калі вабяць вас родны край, каларытныя людзі і вобразы, што нараджае іх неўтаймоўная фантазія, то гэта кніжка - тое, што трэба.

У вас падрастаюць малыя або самі захапляецеся незвычайнымі гісторыямі? Навукова-папулярнае выданне "Родник животворящий: легенды о происхождении рек Беларуси в литературной обработке" Ягора Ненадаўца - якраз для такіх аматараў. Прыгожая, маляўнічая кніга (яе ў падарунак не сорамна!) знаёміць з вусна-паэтычнымі творамі, прасцей кажучы, з фальклорным матэрыялам. Сабраў яго ў палявых экспедыцыях і літаратурна апрацаваў вядомы міфолаг, фалькларыст, краязнаўца доктар філалагічных навук, прафесар Аляксей Міхайлавіч Ненадавец, які, на жаль, не так даўно пайшоў з жыцця.
Як і абрады, легенды з паданнямі ярка высвечваюць характэрныя асаблівасці жыцця продкаў. Напрыклад, яны верылі, што захавальнікамі незлічонай колькасці тайн з’яўляюцца рэкі. Зрэшты, так паўсюль, не толькі на нашых прасторах: вада заўжды для людзей і крыніца жыцця, і загадкавая стыхія. Колькі чароўных і адначасова страшнаватых гісторый прачытваецца ў назвах Бабруйка, Ведзьма, Вісліца, Жадунька, Івенчык, Малыш, Неверыца… Ці ведаеце, адкуль пайшла назва ракі Маханаўкі, што ў Горацкім раёне на Магілёўшчыне? Паводле легенды, адна адважная дзяўчына ўмела добра напалохаць усялякіх зладзеяў. Аднойчы так іх шуганула, што тыя нават мех з золатам-срэбрам кінулі ды наўцёкі хто куды. Адзін у рэчку сігануў. Булькнуў і ўсё… Толькі данеслася: "Ма-ха-нька за-ста-ло-ся". Так рачулку і назвалі - Маханаўка. 

Але годзе пра мінулае. Што дзень наступны нам рыхтуе? На пошукі будучыні адправімся разам з героямі аднайменнага рамана славутага беларускага пісьменніка, драматурга і публіцыста, літаратурнага крытыка і перакладчыка, 125-годдзе з дня нараджэння якога адзначалі летась, а значыць, актыўна знаёміліся з новымі перавыданнямі яго прозы. Новы "Зборнік твораў" Кузьмы Чорнага ў сучасным фармаце "Чытай і слухай" - на чарзе. Кнігу складаюць аповесць "Насцечка", раманы "Макаркавых Волька", "Зямля" і "Пошукі будучыні". Апошні Кузьма Чорны напісаў у 1943-1944 гадах, а падзеі ў рамане адбываюцца паміж Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнамі.
Вядома, што пасля перанесенага інсульту пісьменнік пачаў страчваць зрок, таму браў аркуш паперы, клаў на яго трафарэт і, намацваючы пальцамі радкі, пісаў. Так і нарадзіўся раман "Пошукі будучыні", адзін з найлепшых у творчасці Кузьмы Чорнага. Ён пра сяброўства і каханне, сям’ю і родную зямлю, пра мары аб нязведаным і пра выбар, які робяць героі, ідучы ў новы дзень. Праўда ў тым, што выбар гэты не бывае лёгкім і кожны дзень зноў паўстаюць пытанні і праблемы. Словам, ёсць над чым пафіласофстваваць.

Глыбокія тэмы, разважлівае чытанне не адмяняюць жадання шукаць і знаходзіць адказы на сто тысяч "хто-дзе-чаму". Хіба толькі дзецям уласцівая дапытлівасць? Вядома, не, таму рушым насустрач новым ведам з дапамогай інтэрактыўнай, выдатна ілюстраванай кнігі з кантэнтам дапоўненай рэальнасці "Деньги мира. 99 захватывающих фактов" Дзмітрыя Кашавара. Якіх толькі гісторый няма на гэтых старонках! Пачытаеце пра тое, як Ньютан абараніў манеты ад махляроў, адкуль пайшоў выраз "унесці сваю лепту". Таксама даведаецеся, праз якую банкноту найлепш глядзець на сонечнае зацьменне і дзе захоўваецца залаты скарб Беларусі. Ды яшчэ шмат чаго. 
Урэшце, здзівіцеся! Думаеце, на доларавых купюрах змешчаны выявы толькі прэзідэнтаў ЗША? Зусім не. Падказка: прыгледзьцеся больш пільна, напрыклад, да 100-доларавай банкноты. А хто ведае, чаму па-беларуску грошы называюцца менавіта так? Справа ў тым, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага на беларускіх землях самай папулярнай манетай быў сярэбраны грош, які чаканілі ў Чэхіі. Адтуль, з глыбінь стагоддзяў, і пайшло. 

Адмысловыя факты пра родную Беларусь можна знайсці і ў выданні кішэннага фармату "Створана беларусамі" з серыі "Я ганаруся!". Што называецца, коратка і па сутнасці - інфармацыя пра галоўныя дасягненні айчыннай эканомікі. 
Напрыклад, пра больш як 60 нафтавых радовішчаў, адкрытых пераважна на Гомельшчыне; беспілотны трактар, якім кіруюць па сотавай сувязі альбо дзякуючы праграме, інтэграванай у бартавы камп’ютар; электробус, здольны развіць хуткасць да 60 кіламетраў у гадзіну і праехаць 12,5 кіламетра без падзарадкі. Аўтар згадвае таксама пра бытавую тэхніку, адзенне і абутак, прадукты харчавання. 

Між іншым, цяжка ўявіць, але ў 1986 годзе знакаміты "Нарачанскі" хлеб пачыналі выпякаць невялікімі партыямі - усяго па 100 боханаў у дзень. За імі тады выстройваліся вялізныя чэргі. Любімы хлеб і цяпер вырабляюць - з жытняй і пшанічнай мукі, жытняга соладу, патакі, кмену і бульбянога пюрэ.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:
Пра таямніцы жахлівых падзей і легенду фотажурналістыкі: 5 кніг для цікавага адпачынку
Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?
Вы ведалі, што гэты раман некалі забараніла цэнзура? Агляд цікавых кніжных навінак
Теги
Беларусь
Топ-новости
Свежие новости Беларуси