Тры сустрэчы, якія перавярнулі жыццё. Кароткія замалёўкі пра сапраўдных герояў
2023-05-28 10:35
Фота ілюстрацыйнага характару
Дагэтуль у вачах яркая, сакавітая карцінка з далёкага дзяцінства: дзед Іван, абапершыся на вароты, спакваля пыхкае сваім "Беламорам" ці "Памірам", іранічна пазіраючы за нашымі манеўрамі патрапіць не злазячы з веліка ў калітку. Калі ўдавалася, ён задаволена ўсміхаўся: "Ну, арлы!.." І гаварыў так, быццам мы здзейснілі нешта неверагоднае. Кінуўшы веласіпеды ў цяньку, беглі ў лес.
"Нашто вам тая вайна, дзеткі? Жывіце во, вучыцеся. Мы за вас адваявалі…"
Першым разам заўважыў на хаце драўляную чырвоную зорку. І здзівіўся, бо ніколі не бачыў дзеда Івана ў школе, куды ветэранаў звычайна запрашалі на важныя мерапрыемствы, не кажучы ўжо пра Дзень Перамогі. "А што, твой дзядуля ваяваў? - спытаў я Воўку, калі, паглыбіўшыся ў лес, знайшлі багатую сямейку лісічак і, прысеўшы недалёка адзін ад аднаго, лоўка зразалі сцізорыкамі грыбы. "Ён партызанам быў, а потым ваяваў на фронце разведчыкам". - Воўка яўна ганарыўся сваім дзедам. "Праўда?!" - майму здзіўленню не было межаў, бо, па-першае, ніколі не чуў такое пра дзеда Івана, а, па-другое, у маім падлеткавым уяўленні зусім не асілак, кульгавы сталы чалавек ніяк не ўкладваўся ў вобраз героя, які бязлітасна крышыць фашыстаў, падрывае танкі, ходзіць у разведку. "Я табе потым нешта пакажу", - загадкава паабяцаў сябрук.
З поўнымі кошыкамі грыбоў тым разам мы вярнуліся на "футар" нязвыкла рана. На двары нікога не было. Па-свойску выняўшы доўгі сасновы сук з прабоя, Воўка пацягнуў мяне ў хату. "Во, глядзі, - сябар выцягнуў аднекуль з шафы невялікую кардонную скрынку. - Дзедавы ўзнагароды". Не памятаю, колькі і якія гэта медалі-ордэны, але быў іх добры дзясятак. Чамусьці запомнілася "За отвагу". Мне тады здавалася, што яна найгалоўнейшая ваенная ўзнагарода. "За што далі, не ведаю. Дзед ніколі не расказваў, - паціснуў плячыма Воўка. - Ён не любіць…"
З тых грыбоў я вярнуўся вельмі ўражаны і ўвесь час падбіваў свайго сябра, каб ён папрасіў дзеда Івана расказаць нам пра свае подзвігі. Мне здавалася, гэта будзе значна цікавей, чым кніжкі пра вайну, якімі я захапляўся. І такі выпадак напрыканцы лета надарыўся.
Па нейкай патрэбе маці паслала Воўку на "футар", і я падахвоціўся разам з ім. Стаяў ціхі надвячорак пасля спякотнага жнівеньскага дня. Дзеда Івана з нязменнай цыгаркай заспелі на лаўцы пад старой раскідзістай грушай, дзе ён, відаць, адпачываў пасля напружанай працы. Сеўшы з двух бакоў, хітравата, з разуменнем пераглянуліся. "Дзеда, а дзеда… - падлашчыўся Воўка. - Раскажы што-небудзь пра вайну". Той, глянуўшы ўважліва на ўнука, працягваў моўчкі пыхкаць цыгаркай. Дакурыўшы, зноў жа нічога не гаворачы, прыгарнуў нас да сябе. Нарэшце прамовіў: "Нашто вам тая вайна, дзеткі? Жывіце во, вучыцеся. Мы за вас адваявалі…". Знізу ўверх я зірнуў на дзеда Івана. Ён глядзеў некуды ў неба, моцна прыціснуўшы нас да сябе. І яго вочы, якія падазрона заблішчэлі, безнадзейна шукалі нешта ў жнівеньскай вышыні…
Што ж ты, дзед Іван, светлая табе памяць, не захацеў нам тады расказаць? І чаму не расказанае табою дагэтуль смыліць і вярэдзіць маю душу, як быццам сам спрычыніўся да чагосьці жахлівага і трагічнага?1948 год. Мастак Васіль Белан. Омскае ваенна-пяхотнае вучылішча імя М.В. Фрунзэ
Сустрэча другая. Палажэнцавы
Недзе напрыканцы 1980-х ці крыху пазней Рэспубліканскае радыё, куды я прыйшоў працаваць паводле размеркавання пасля журфака, актыўна развівала міжнародныя сувязі. Да нас павінны былі прыехаць радыёжурналісты з амерыканскага штата Мінесота. Праграму свайго знаходжання ў Беларусі яны цалкам даверылі беларускаму боку, але адна просьба ўсё ж была: надта хацелі амерыканцы пабываць у звычайнай сям'і, у каго-небудзь з калег. Як на сённяшні дзень, дык ніякіх праблем, калі ласка: для людзей з добрымі намерамі - наша шчырая душа і традыцыйная беларуская гасціннасць. А тады давялося добра памазгаваць, да каго запрасіць гасцей. Хтосьці жыў у інтэрнаце, нехта ў невялікай кватэры з двума дзецьмі і гэтак далей. Прадэманстраваць, што ў нас з побытам не так добра, як у іх, было немагчыма нават па ідэйных меркаваннях.
Выратавала сітуацыю супрацоўніца рэдакцыі вяшчання на замежныя краіны Ірына Палажэнцава: "Калі так, то давайце ў нас". З Ірынай мы толькі-толькі пазнаёміліся, і я яшчэ не ведаў, што бацька ў яе генерал, былы франтавік, маці таксама ваявала. Палажэнцавы мелі добрую кватэру ў прэстыжным на той час "андатравым пасёлку", гэта раён вуліцы Пуліхава.
Лішне казаць, нашы амерыканцы былі моцна ўражаны. Не, не жыллёвымі ўмовамі супрацоўніцы Беларускага радыё, а гасціннасцю і сардэчнасцю, з якімі іх сустрэлі ў гэтым доме прыязныя гаспадары Леанід Кірылавіч і Алена Аляксандраўна. Заакіянскіх гасцей ды і мяне таксама яны скарылі неверагодным пачуццём гумару, далікатнасцю і тактам. А яшчэ сваімі кулінарнымі талентамі і непераўзыдзенай, надзвычайнай здольнасцю Леаніда Кірылавіча весці ідэалагічныя баталіі. Мне ўвогуле падалося, што пасля той вячэры госці з Амерыкі засумняваліся нават у велічы сваёй краіны, пра што ім дзяўбуць галовы з малых гадоў.
"Мы не геройствавалі, а рабілі тое, што трэба было, што абставіны вымагалі".
Пасля "амерыканскай" сустрэчы Палажэнцавы неаднойчы запрашалі ў госці, і заўсёды для мяне гэта была прыемная падзея. Падабалася назіраць, як Леанід Кірылавіч і Алена Аляксандраўна мякка і ненавязліва клапоцяцца адно пра аднаго, колькі пяшчоты і ласкі ў кожным іхнім позірку. Ён ніколі не дазваляў сваёй жонцы рабіць тое, пра што, паводле яго афіцэрскага разумення, павінен клапаціцца мужчына. Быў чалавекам слова, лёгкі на пад'ём і гатовы на ўсё дзеля роднага чалавека і сяброўства.1944 год. Леанід Палажэнцаў - камандзір 75-га гвардзейскага стралковага палка
Абое прайшлі дарогамі вайны, якая прынесла ім шмат болю, пакут і перажыванняў. У 1940-м ён лейтэнант пасля заканчэння Омскага ваенна-пяхотнага вучылішча імя М.В. Фрунзэ. Праз год вайна, увосень вырашальная бітва пад Масквой. У жорсткіх баях за падмаскоўную Істру, якая стала першым вызваленым ад нямецкай нечысці горадам, камандзір стралковай роты Леанід Палажэнцаў быў цяжка паранены. За вайну варожыя кулі і асколкі чатыры разы траплялі ў яго моцнае цела. Другое цяжкае раненне Леанід Кірылавіч атрымаў пры штурме Кёнігсберга ў сакавіку 1945 года. Да Перамогі заставаліся лічаныя месяцы… Шматлікія ўзнагароды, сярод якіх медалі і ордэны Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II і I ступеняў - парадны кіцель генерал-маёра Палажэнцава ўражваў!
"Сапраўдныя героі не крычаць пра сябе на кожным скрыжаванні".
Яна на фронце са жніўня 1941 года. Пайшла санінструктарам. Удзельнічала ў баях пад Масквой. Медалі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За абарону Масквы", ордэн Славы III ступені - як ацаніць і вымераць сёння тое, што хаваецца за гэтымі ўзнагародамі? Як усвядоміць подзвіг 18-гадовай дзяўчыны, якая ледзь дачакаўшыся паўналецця, добраахвотна адправілася на перадавую, дзе не да сантыментаў, дзе кроў і жах?
Мы рэдка гаварылі пра вайну. Найчасцей Алена Аляксандраўна і Леанід Кірылавіч расказвалі нейкія кур'ёзныя гісторыі, што здараліся з імі ці з баявымі таварышамі. Чаму так, не ведаю. Можа, аберагалі нашу маладую псіхіку ад страшных падрабязнасцей. Мы таксама не настойвалі, не хацелі трывожыць іх успамінамі, бо добра ўсведамлялі: старыя раны баляць праз многія гады, навошта іх лішні раз вярэдзіць. Аднойчы, праўда, я не вытрымаў і выпаліў нешта накшталт "Вы ж сапраўдны герой, Леанід Кірылавіч". Генерал усміхнуўся, потым пасур'ёзнеў і сказаў: "Мы не геройствавалі, а рабілі тое, што трэба было, што абставіны вымагалі. Сапраўдныя героі не крычаць пра сябе на кожным скрыжаванні".Канец 1980-х гадоў. Алена Аляксандраўна і Леанід Кірылавіч Палажэнцавы
Дзень Перамогі для Палажэнцавых быў святым. Яны, радасныя і ўзрушаныя, раніцою пад ручку кіравалі праз парк імя Горкага на плошчу Перамогі. Гэта была настолькі прыгожая і гарманічная пара, сівавалосы генерал і яго абаяльная спадарожніца, што сустрэчныя не зводзілі з іх вачэй, падыходзілі з кампліментамі і віншаваннямі. Вярталіся з ахапкам кветак, шчаслівыя, памаладзелыя на добры дзясятак гадоў, перапоўненыя эмоцыямі. Мы глядзелі на Леаніда Кірылавіча і Алену Аляксандраўну і радаваліся. Жартавалі, бесклапотна смяяліся потым за святочным сталом, дзе верхаводзіў, вядома ж, Леанід Кірылавіч. Памятаю добра, што сказаў ён на адной з нашых апошніх такіх сустрэч: "Глядзіце, не падвядзіце нас". І ўсміхнуўся. А вочы глядзелі сур'ёзна, пранізліва…
Часам так хочацца вярнуць даўнія дні Перамогі, каб данесці да былых франтавікоў тое, пра што неяк пасаромеўся гаварыць тады. Што мы ганарымся імі і яны могуць быць спакойныя за сваіх нашчадкаў, бо ёсць на каго раўняцца і з чаго браць прыклад.
Яны даўно пайшлі з жыцця. Але штораз, калі я думаю пра вайну і нашу Вялікую перамогу, згадваю Леаніда Кірылавіча і Алену Аляксандраўна Палажэнцавых, якія ў маім жыцці пакінулі незабыўны, вечны след. Дзякуючы ім я зразумеў, якія яны, сапраўдныя героі Вялікай Айчыннай.
Сустрэча трэцяя. Герой Слабада
На пачатку 2006 года краіна рыхтавалася да III Усебеларускага народнага сходу, які павінен быў адбыцца ў сакавіку. Выступіць на ім запрасілі старшыню Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксандра Іванавіча Слабаду, а мяне як вопытнага журналіста папрасілі дапамагчы калі што паважанаму чалавеку з тэкстам. З чым я да яго і накіраваўся. "Што ты, перастань, - замахаў рукамі Слабада. І хітравата прыжмурыў вока. - Сам напішу, ёсць што сказаць. А ты потым глянеш".
Але некалькі разоў сустракаліся, абмяркоўвалі дэталі. Слабада, ён такі быў: каласальна адказны, памяркоўны. Нарэшце прынёс гатовы тэкст. Усё дакладна, па сутнасці. "А фінал як табе, пойдзе?" - не супакойваўся Аляксандр Іванавіч. "Калі гэта скажаце менавіта вы, то можна. Нават трэба", - адказваю. Але бачу, сумняваецца: не пераканаў.
Надышоў дзень Усебеларускага сходу. Аб'яўляюць Слабаду. Зала ажыўляецца: чалавек ён вядомы ў краіне. Выступае Аляксандр Іванавіч упэўнена, без заўважнага хвалявання. Я, напэўна, перажываю больш, чым ён: скажа тыя словы ці не? Пасля невялічкай паўзы з непадробнай інтанацыяй гучыць: "Перамаглі ў 45-м - і зараз пераможам!" Што тут пачалося! Зала і прэзідыум бурна заапладзіравалі, заўсміхаўся Прэзідэнт… "Што думаў, тое і сказаў", - гаварыў потым Слабада.
"Ён без ног лётчык, а ты, брат, - пяхота".
У гэтым ён увесь. Не крывіў душою. Умеў сказаць прама ў вочы тое, што думаў, але чамусьці людзі на яго не крыўдзіліся. Напэўна, таму што Слабада пры гэтым ніколі не прыніжаў чалавека, а, наадварот, па-сяброўску і на роўных стараўся давесці сваю пазіцыю. Умеў выслухаць, пажартаваць так, каб смешна было і суразмоўцам, не толькі яму. Яго паважалі і цанілі, да яго прыслухоўваліся. Аляксандр Слабада стаў першым ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці і цэлыя два гады быў адзіным уладальнікам гэтага высокага звання.2010 год. Старшыня Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі Аляксандр Слабада з юнымі жыхарамі Міншчыны пасля ўручэння ім пашпартоў у Дзень Канстытуцыі
Верагодна, не ўсе, хто меў стасункі з Аляксандрам Іванавічам, ведалі падрабязнасці пра яго слаўнае гераічнае мінулае і пасляваенныя працоўныя подзвігі, але на нейкім інтуітыўным узроўні адчувалі, што маюць справу з чалавекам-легендай. Так і ёсць насамрэч. Яго асабістае стагоддзе (а пражыў Слабада 102 гады) - гэта яркая і захапляльная старонка гісторыі нашай краіны.
Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч на Віцебшчыне. Пасля няспраўджанай мары вучыцца на ляснічага застаўся ў калгасе, адгукнуўшыся на камсамольскі заклік "Моладзь - на трактар". У 1940-м яго прызвалі на тэрміновую службу. Вайна!.. Першы бой 29 чэрвеня на рацэ Друці пад Бялынічамі. Потым абарона Магілёва (згадаем знакамітае Буйніцкае поле). За мужнасць радавога Слабаду ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. У баях за Маскву атрымаў сваё першае раненне і… ордэн Чырвонага Сцяга. Дзве высокія ўзнагароды - у няпоўныя 22 гады! Адна з іх выратавала яму жыццё: куля, што меціла ў сэрца, трапіла ў ордэн, скалоўшы эмаль. Увосень 1942-га Аляксандр Слабада ўжо камандаваў ротай аўтаматчыкаў. Пяхота - царыца палёў…
"Перамаглі ў 45-м - і зараз пераможам!"
Пасля цяжкага ранення ў нагу і знаходжання ў шпіталі яго вяртаюць на родную Віцебшчыну, дзе камандуе партызанскім атрадам. Праўда, нядоўга. Вясною 1943-га зноў паранілі нагу, тую самую, якую раней хацелі ампутаваць, ды ён не даў. Прасіўся настойліва пасля лячэння ў строй, спасылаўся на Марэсьева, на што яму адказалі: "Ён без ног лётчык, а ты, брат, - пяхота". Адправілі на камсамольскую работу. Перамогу Слабада сустрэў у Гомелі.
У пасляваенны час актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні народнай гаспадаркі там, куды, як сам казаў, накіроўвала партыя. Шматлікія ўзнагароды і высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы ў 1966-м - яскравае сведчанне таго, што Слабада ставіўся да свайго абавязку з уласцівымі яму адказнасцю і працавітасцю.
Як заслужанага ветэрана вайны і працы, яго часта запрашалі сустрэцца з моладдзю і дзецьмі. Ён ніколі не адмаўляў. Мог нават адмяніць нейкія справы, якія хтосьці іншы палічыў бы больш важнымі, чым візіт у школу ці на прадпрыемства. Аднойчы я быў на такой сустрэчы. Не ведаю, як гэта атрымлівалася ў Аляксандра Іванавіча, але трымаўся ён з дзецьмі на роўных. Разважаў пра ўсё так шчыра, без фанабэрыі, што школьнікі неўзабаве пачалі расказваць яму пра сябе і сваё школьнае жыццё. Бачылі б вы, з якой увагай і цікавасцю слухаў Слабада, зрэдку заахвочваючы іх трапным словам ці жартам.
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.