Так нараджаўся "Баграціён"
2019-05-27 11:15
Некаторыя падрабязнасці распрацоўкі самай маштабнай наступальнай аперацыі Другой сусветнай вайны
За год да Вялікай Перамогі, у маі 1944 года, асноўныя падзеі на савецка-германскім фронце разгортваліся на поўдні еўрапейскай часткі СССР: войскі Чырвонай арміі вялі ўпартыя баі з ворагам у паўднёвых рэгіёнах Украіны і часткова на тэрыторыі Малдавіі, вызвалялі Крым. На беларускім напрамку ваеннага супрацьстаяння ў гэты час, наадварот, усталявалася пэўнае зацішша, пра якое звычайна паведамлялася ў канцы зводак Саўінфармбюро адным кароткім сказам: "На іншых участках фронту – без істотных змен". Тым не менш гэтая цішыня была, так бы мовіць, класічнай, бо сапраўды прадвяшчала вялікую буру, якой неўзабаве і стала Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён".
Стратэгічны выступ
Па стане на пачатак мая 1944 года лінія савецка-германскага фронту на яго беларускім адрэзку праходзіла на поўнач ад Полацка, дзе паварочвала на паўднёвы ўсход і, агінаючы Віцебск, ішла на ўсход да Оршы і Магілёва, затым – на паўднёвы захад у бок Жлобіна і далей у заходнім напрамку па Палессі да ўкраінскага горада Ковеля. Такі стан спраў склаўся пасля праведзеных Чырвонай арміяй у верасні 1943 – красавіку 1944 года баявых аперацый, вынікі якіх, шчыра кажучы, не вельмі задавольвалі Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Там больш-менш паспяховымі лічылі толькі дзеянні Беларускага фронту на чале з генералам арміі К. Ракасоўскім, які вёў баі на паўднёвым усходзе Беларусі: менавіта яго войскамі была вызвалена амаль уся тэрыторыя сучаснай Гомельскай вобласці, уключаючы адміністрацыйны яе цэнтр і такія буйныя гарады, як Рэчыца, Калінкавічы, Мазыр, Рагачоў. Дарэчы, у згаданы прамежак часу на Віцебшчыне падраздзяленнямі Калінінскага фронту, у кастрычніку 1943 перайменаванага ў 1-ы Прыбалтыйскі, былі вызвалены гарады Лёзна і Гарадок, а на Магілёўшчыне намаганнямі Заходняга і Бранскага франтоў – Хоцімск, Мсціслаў, Касцюковічы, Клімавічы, Крычаў і інш.
Тым не менш адносна агульнага становішча на савецка-германскім фронце сітуацыя на беларускім напрамку выглядала сціпла. Так, на поўначы СССР войскі Чырвонай арміі дэблакіравалі Ленінград, наблізіліся да граніц Эстоніі і Латвіі, на поўдні – вызвалілі большую частку тэрыторыі Украіны, часткова Малдавію, на асобных участках нават перайшлі граніцу з Румыніяй, і ў той жа час па-ранейшаму пад акупацыяй заставалася амаль уся Беларусь. Савецкія ваенныя аналітыкі, якія адсочвалі ход баявых дзеянняў па аператыўных картах, назвалі гэты ўчастак фронту "беларускім выступам", а нямецкія – "беларускім балконам".
І ўсё ж, як бы ні называўся гэты выпуклы на агульнай лініі фронту ўчастак, яго існаванне не ўпісвалася ў тактычныя напрацоўкі і стратэгічныя планы Стаўкі. "Конфигурация фронта в Белоруссии представляла собой к тому времени огромный выступ на восток площадью около 250 тыс. кв. км... Нависая над правым крылом 1-го Украинского фронта, выступ создавал с севера угрозу коммуникациям этого фронта и способствовал обороне фашистских подступов к границам Польши и Восточной Пруссии. Поэтому немецкое командование стремилось удержать выступ во что бы то ни стало и уделяло его обороне исключительное внимание", – такую характарыстыку беларускаму ўчастку фронту даў у сваёй кнізе "Дело всей жизни" маршал А. Васілеўскі, тагачасны начальнік Генеральнага штаба Чырвонай арміі і адначасова намеснік народнага камісара абароны СССР.Першы намеснiк начальнiка Генеральнага штаба А.Антонаў (справа) i начальнiк Аператыўнага ўпраўлення Генштаба С.Штаменка 1944г.
Праўда, некаторыя сучасныя гісторыкі, спасылаючыся найперш на ўспаміны Г. Жукава, абвяргаюць ініцыятыву К. Ракасоўскага наконт двух галоўных удараў 1-га Беларускага фронту, сцвярджаючы, што такое рашэнне было зацверджана І. Сталіным па прапанове Генштаба яшчэ да прыезду Канстанціна Канстанцінавіча ў Стаўку. Аднак, як бы там ні было, назаўтра такое ж рашэнне было зацверджана і для 3-га Беларускага фронту, аб чым, дарэчы, падтрымліваючы К. Ракасоўскага, піша ў сваёй кнізе "Генеральный штаб в годы войны" С. Штаменка: "Однако днем 25 мая при докладе плана в Ставке было предложено спланировать для 3-го Белорусского фронта два одновременных удара – на богушевском (Багушэўск – гарадскі пасёлак у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. – С.Ж.) и оршанском направлениях. В течение ночи над этим трудились И.Д. Черняховский, В.Е. Макаров (член Ваеннага Савета 3-га Беларускага фронту. – С.Ж.) и начальник направления полковник В.Ф. Мернов... Перед рассветом Черняховский, Макаров и я поехали на "Дальнюю дачу" Сталина по Дмитровскому шоссе. Верховный Главнокомандующий выслушал наш доклад и утвердил план без замечаний".
Цяжка ў вучэнні...
Акрамя добра прадуманай вайсковай стратэгіі аперацыі "Баграціён", кіраўніцтвам Генштаба і камандуючымі франтоў была арганізавана шырокамаштабная кампанія па дэзынфармацыі праціўніка, першачарговай задачай якой стала забеспячэнне скрытнасці падрыхтоўкі будучага наступлення. Для гэтага на асноўных напрамках штурму савецкімі войскамі варожых умацаванняў і фартыфікацыйных збудаванняў праводзілася работа па падрыхтоўцы буйных населеных пунктаў, размешчаных у прыфрантавой зоне, да кругавой абароны. Каб збіць з панталыку нямецкую разведку, шырока прымяняліся макеты баявой тэхнікі і іншыя фальшывыя аб'екты, для "супрацьпаветранай абароны" якіх былі ўстаноўлены зеніткі і арганізавана патруляванне знішчальнікаў. Франтавыя, вайсковыя і дывізіённыя газеты публікавалі матэрыялы выключна абарончай тэматыкі, ды і ўся вусная агітацыя, што праводзілася ў падраздзяленнях, была нацэлена на ўтрыманне занятых пазіцый.
Як успамінаў К. Ракасоўскі, "днем от фронта к тылу совершались ложные движения танков, артиллерии, пехоты и железнодорожных эшелонов с макетами. Во многих местах готовились ложные переправы, дороги, выставлялись ложные маскировочные сети. Сосредоточиваемые войска переправлялись через реки только ночью, по понтонным мостам, которые с рассветом разводились и тщательно маскировались. На второстепенных участках сосредоточивалось значительное количество артиллерии, которая, произведя несколько огневых налетов по расположению противника, уводилась в тыл, а на местах ложных огневых позиций оставлялись макеты орудий. Только на участке 48-й армии, например, южнее Рогачева, в подготовительный период было выставлено более 200 макетов ложных артиллерийских и минометных батарей..."
Адным словам, усе гэтыя дзеянні стваралі ілюзію паслаблення беларускага стратэгічнага напрамку з пункту гледжання наступлення. І менавіта такую інфармацыю ваеннаму кіраўніцтву вермахта дакладвала разведка, прычым з самых розных крыніц. У выніку ў праціўніка склалася цвёрдае перакананне, што ў пачатку лета 1944-га ў раёне "беларускага балкона" Чырвоная армія не збіраецца пачынаць актыўных баявых дзеянняў, а рыхтуе наступленне на іншых участках савецка-германскага фронту, дзе былі дасягнуты найбольшыя вынікі ў час веснавой ваеннай кампаніі. Прынамсі, у сваіх пасляваенных успамінах камандуючы 4-й арміяй вермахта Курт фон Ціпельскірх адзначыў, што гітлераўскія вярхі чакалі наступлення на поўдні, ва Украіне, і на поўначы, у Прыбалтыцы, але ніяк не ў цэнтры, у Беларусі. І гэтае меркаванне было настолькі трывалым і не падлягала сумненню, што камандуючы групай армій "Цэнтр" генерал-фельдмаршал Э. Буш у сярэдзіне чэрвеня, за некалькі дзён да пачатку савецкімі войскамі аперацыі "Баграціён", выправіўся ў адпачынак.
Адначасова з працэсам актыўнай і разнапланавай дэзынфармацыі праціўніка праводзілася і навучанне войск тактыцы імклівага наступлення. У неглыбокім тыле на спецыяльна абсталяваных участках салдаты-пехацінцы вучыліся плаваць, пры дапамозе спадручных сродкаў і без іх пераадольваць водныя перашкоды, авалодваць навыкамі навядзення штурмавых мастоў, карыстання надзіманымі лодкамі і г. д.
Побач з пяхотай старанна рыхтаваліся да наступлення і артылерысты. Яны праводзілі прыстрэлку цэляў, адпрацоўвалі тактыку ўзаемадзеяння з агульнавайсковымі падраздзяленнямі і танкамі, будавалі спецыяльныя платы і валакушы для перапраўкі гармат цераз рэкі і балоты. Танкісты таксама адтрэніроўвалі свае дзеянні ў лясіста-балоцістай мясцовасці, забяспечвалі кожную баявую машыну бярвёнамі і іншым спецыяльным рыштункам для пераадолення рвоў.
Свае спецыфічныя задачы былі і ў авіятараў, якія сумяшчалі падрыхтоўчы перыяд з актыўнай паветранай разведкай баявых парадкаў праціўніка і нанясеннем бомбавых удараў па варожых умацаваннях і чыгуначных вузлах. Істотны ўклад у перамогу ў будучай бітве ўносілі і інжынерныя падраздзяленні, якія рыхтавалі мясцовасць да актыўнай фазы наступлення: рамантавалі і ўзводзілі новыя масты, абсталёўвалі пераправы, для бесперабойнага забеспячэння войск на ўсім этапе аперацыі пракладалі ў бок перадавой новыя аўтамабільныя дарогі і чыгуначныя пуці…
Скрытай для праціўніка і ў той жа час бясцэннай для савецкіх войск была дзейнасць сапёраў, якія ўвесь час, яшчэ да пачатку баявых дзеянняў, знаходзіліся на пярэднім рубяжы. Вось як, напрыклад, апісваў дзеянні сваіх сапёраў камандуючы 1-м Беларускім фронтам К. Ракасоўскі: "Большую работу проделали саперы. В течение 20 дней июня ими было снято 34 465 противотанковых и противопехотных мин противника, 76 сюрпризов и 132 фугаса. На направлении главного удара наших войск ими было проделано 193 прохода для танков и пехоты. Наведено через реки Друть и Днепр и подготовлено к наведению с началом наступления 42 переправы. Для обеспечения перегруппировки войск и работы тыла саперами в мае и июне было построено 15 переправ грузоподъемностью 60 т каждая, восемь 30-тонных, две 16-тонных и большое количество колейных, жердевых и профилированных дорог…"Галоўны манумент мемарыяльнага комплексу ў гонар Беларускай наступальнай аперацыi "Баграцiён", узведзенага ў 2014 годзе каля вёскi Ракавiчы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласцi
Усе гэтыя намаганні, як паказвае ход далейшых падзей, не былі марнымі. У многім дзякуючы ўмела распрацаванай стратэгіі і падрыхтоўчаму перыяду, Чырвоная армія здолела аператыўна правесці найбуйнейшую ў гісторыі Другой сусветнай вайны наступальную аперацыю пад назвай "Баграціён".
Сяргей ЖОЛУД
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.