"Лёсы ўдоў, якія выратавалі пакаленне". Незвычайны музей у глухой вёсачцы Гомельшчыны
2023-10-26 18:44
1943 год. Камандуючы 3-й ударнай арміі генерал-палкоўнік Аляксандр Гарбатаў
Ідылія бабінага лета ніяк не суадносіцца ў свядомасці з тым, пра што нам расказвае, седзячы на лаўцы пад старой бярозай ля сваёй хаты, Ніна Яўменаўна.
- Нам жа аб'явілі: ухадзіце, будзе бальшое наступленне, ідзіце ў лес. І мы пайшлі ўначы туды, - жанчына цярэбіць ражок прыгожай хусткі. - Кароўка была, забралі і яе. І ў лесе знаходзіліся два тыдні. Нада ж там нешта з'есці, галлё збіралі ды агонь клалі. Чуем, ляціць самалёт. Вадой адразу заліваем. Во было - гаравалі, не дай Бог.
Той самы дзень чакалі, як манну нябесную. І чаканне гэта здавалася невыносным, бо паратунак быў зусім побач, на другім беразе.
- Як тут бухала на Сожцы! Колькі людзей пабіла! - хітае галавой старая. - Былі ў людзей валы. Не коні, а валы. Дык прама на дарозе немцы забілі і сына, і бацьку, і вала тога. Во як было.
Мне нават трохі няёмка, што чапляю чалавека за жывое, бо бачу, як цяжка Ніне Яўменаўне ўспамінаць ваеннае ліхалецце.
- Ой, ой… Забег салдат наш у хату. Хлеба просіць, - на шчацэ ў жанчыны ці то слязінка, ці то серабрыстая павуцінка. - Знімае з сябе сапагі. Я кажу: "Дзетачка, родненькі, не трэба мне твае сапагі, нічога". Што было на стале, аддала яму ў рукі - ідзі ў сваіх сапажочках. А салдаты тады ішлі па вуліцы, песні пелі.Восень 1943 года. Сапёры фарсіруюць Сож
Жанчына расказвае, што яе "хазяін", муж Міхаіл, "з год быў у партызанах, а потым (пасля вызвалення - аўт.) іх ужо забралі на фронт, пайшоў на вайну". Партызанаў вяскоўцы падтрымлівалі як маглі.
- Кожны выносіў ім, - гаворыць Ніна Яўменаўна. - Я баялася, дык свёкар быў: "Татачка, кажу, хадзі ты, я баюся адна". Гарлачык малака прыгатуеш ім, хлеба якога, яечак дасі. Паблагадараць - пойдуць. Усё па ласцы. Сілай ніколі нічога не забіралі. Не, не, не…
Найбольшым жахам акупацыі былі "чарапкі" - эсэсаўцы, якія раптоўна маглі наляцець на вёску, і тады нікому не было літасці: ні старым, ні дзецям. Як толькі людзі заўважалі, што карнікі едуць ці з суседняй вёскі прыбягалі, каб папярэдзіць пра небяспеку, уцякалі ў лес.
"Хазяін" Ніны Яўменаўны, на шчасце, героем вярнуўся з вайны. З Драгатыні сям'я неўзабаве пераехала ў Казімірова, бо "там бедна было, пяскі, не радзіла нічога, а тут прадсядацель кажа: «Будуйцеся!»". Як жылі ў пасляваенныя гады? Жанчына гаворыць, што гэта доўгая песня, не надта вясёлая. Лёгка не было, усяго хапала ў жыцці.
"Дзетачка, родненькі, не трэба мне твае сапагі, нічога".
Міхаіл Васільевіч памёр у 1983 годзе. Пахаваны на могілках у Глінцы. А ёй "божанька пасля вайны даў столькі пажыць". У Ніны Яўменаўны чацвёра дзяцей, а "ўнукаў і праўнукаў хто яго знае, пятнаццаць будзе ўсіх". Здаровае пачуццё гумару, калі табе за сто, дарагога каштуе!
- Ай, нашто вы з мяне фатаграфію робіце? - спахопліваецца раптам Ніна Яўменаўна, заўважыўшы, што ля яе завіхаецца наш фотакарэспандэнт. Ведала б ты, дарагая бабулечка, наколькі важнае для нас кожнае тваё слоўца, твая бясхітрасная праўда пра вайну.101-гадовая Ніна Яўменаўна Кузняцова з вёскі Казімірова Кармянскага раёна
"Каб не рвалася нітка памяці... "
Ва ўспамінах генерала арміі Аляксандра Гарбатава "Гадыґ і войны" ёсць цікавы і нават забаўны эпізод. У ім легендарны камандарм згадвае, як увосень 1943-га вызвалялі Прапойск - такую, зусім не мілагучную назву меў да 1945 года Слаўгарад.
Быў трэці дзень наступлення, а значыць, нашы войскі, фарсіраваўшы Сож, ужо выгналі фашыстаў з Паштовай Глінкі і шэрагу іншых населеных пунктаў. Да Прапойска (Слаўгарада) заставаўся нейкі дзясятак кіламетраў. Дакладаючы Гарбатаву пра аператыўную абстаноўку, камандзір 362-й дывізіі генерал Васіль Далматаў, чытаем у мемуарах, "паставіў незвычайную ўмову: «Горад Прапойск не ўваходзіць у паласу нашай арміі, але мы можам ім авалодаць пры ўмове, што вы не будзеце ўзбуджаць хадайніцтва аб прысваенні дывізіі назвы Прапойская». Вядома, я яму гэта абяцаў, і ў трынаццаць гадзін таго ж дня дывізія авалодала горадам Прапойск".
- Як бы цяжка ні было на вайне, але без гумару не абыходзілася, часам гэта ратавала жыцці, - па-філасофску заўважае Аляксей Васільевіч Сцепаненка. Мы ідзём па адзінай вуліцы ў Паштовай Глінцы - Цэнтральнай. Зарослая высокай травой дарога вядзе наўпрост да Сожа, па ёй зрэдку прабіраюцца машыны рыбакоў ды грыбнікоў, для якіх тут, ва ўладарстве амаль некранутай прыроды, сапраўдны рай.
- Там нічога такога асаблівага, - у каторы раз былы настаўнік гісторыі "рыхтуе" мяне, сталічнага госця, да сустрэчы з тым, што неўзабаве ўбачым.
- Але ж гэта справа, як кажуць, усяго жыцця, хіба не так? - парырую.
Аляксей Васільевіч моўчкі пагаджаецца.
На маляўнічым ускрайку лесу прытулілася звычайная вясковая хата. Ці дакладней - хацінка, улічваючы памер. Яе пасля вайны на папялішчы пабудавала ўдава Марыя Старавойтава разам з чатырма малалетнімі дзецьмі. У 2012 годзе пустую старую будыніну - без вокнаў, столі і паловы даху - павінны былі знесці, але Сцепаненка не даў. Рабочыя намерваліся выклікаць міліцыю. Урэшце канфлікт дайшоў да колішняга старшыні Кармянскага райвыканкама Івана Анатольевіча Навуменкі, і ён сустрэўся з няўрымслівым былым настаўнікам.У лёсах удоў ёсць нешта біблейскае, лічыць Аляксей Сцепаненка
- Мяне кранула ідэя, з якой прыйшоў Аляксей Васільевіч, - расказвае Іван Навуменка, цяпер ён узначальвае СК "Лагойскі" РУП "Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт". - Сказаў, што добра ведаў працавітую гаспадыню гэтай хаты і хацеў бы ажыццявіць сваю даўнюю мару - стварыць музей удоў вайны - менавіта тут, каб захаваць атмасферу. Пагадзіцеся, неардынарны падыход да важнай справы - захавання памяці. Мае бацькі шмат расказвалі мне пра вайну і хацелася, каб у першую чаргу моладзь магла ўвачавідкі ўбачыць і адчуць сэрцам гістарычную праўду, задумацца, што значаць сённяшнія цяжкасці ў параўнанні з перажытым нашымі папярэднікамі.
Хатку да ладу Аляксей Васільевіч даводзіў разам з аднадумцамі. І вось ужо дзесяць гадоў тут жыве Памяць - пра подзвіг жанчын, якія засталіся без мужоў і, нягледзячы на неймаверныя цяжкасці пасляваеннага жыцця, вырасцілі цэлае пакаленне людзей.
Музей гэта ці не? Напэўна, так, хоць ініцыятыва Сцепаненкі не набыла афіцыйнага статусу. Хтосьці скажа: памятнае месца ці мемарыяльная экспазіцыя і таксама, відаць, будзе мець рацыю. Але ці ў найменні справа? "Быў у пяці музеях, прысвечаных Вялікай Айчыннай. Але зразумеў вайну толькі тут" - такі запіс пакінуў адзін з наведвальнікаў.
Чаму менавіта ўдовы? На гэта пытанне Аляксей Сцепаненка адказвае проста: гэта ўсё ў ягоным сэрцы. У Паштовай Глінцы былы настаўнік гісторыі жыве з 1998 года, а родам з вёскі Кабылічы (цяпер Дубравіна) Кармянскага раёна. З дзяцінства знаходзіўся сярод удоў вайны, многіх ведаў асабіста.
- Для мяне вельмі важна перадаць іх подзвіг, пра што мы амаль не расказваем, - гаворыць Аляксей Васільевіч. - Якія трагічныя іх лёсы! Вось Зінаіда Старчанка, ведаў гэту жанчыну, маці 11 дзяцей. Чацвёра сыноў загінулі на фронце. Прыйшлі таксама пахаванкі на мужа і двух братоў. Яна часта маўчала, ніколі не ўсміхалася.
З заміраннем сэрца адчыняем дзверы ў незвычайную хатку. Адразу трапляем у малюсенькія сенцы. Аляксей Васільевіч паказвае аб'ёмную кнігу. Яна дасталася яму ад роднага дзядзькі, які збіраў разнастайны матэрыял пра гэтыя мясціны і людзей, што жылі тут. Цяпер яе папаўняе Сцепаненка.
- Шмат каштоўных запісаў было і ў мяне, але здалі на макулатуру, - са шкадаваннем вымаўляе ён. - А хто? Доўгая песня.Кожны элемент экспазіцыі - гэта чыйсьці лёс ці гісторыя
"Разам гнілі ў акопах, разам ляжаць у магіле. Можа, яны нас наставяць на розум".
Над уваходам у святліцу тры партрэты - Ганны Плоскай з Чарнігаўскай вобласці Украіны, Матроны Фяськовай з Клінцоўскага раёна Бранскай вобласці Расіі і Веры Перасавай з Беларусі. Іх мужы загінулі ў баях за вызваленне Кармянскага раёна і пахаваны ў адной магіле ў вёсцы Хляўно. Ганна Плоская, маці пяцярых дзяцей, доўга безвынікова шукала свайго, пошукі бацькі працягнула дачка Марыя. Знайсці апошні след на зямлі роднага чалавека дапамог Сцепаненка.
- Разам гнілі ў акопах, разам ляжаць у магіле. Можа, яны нас наставяць на розум, - уздыхнуўшы гаворыць Аляксей Васільевіч, відавочна, маючы на ўвазе падзеі апошняга часу.
З экспазіцыі Сцепаненкі можна даведацца пра лёсы недзе пяцідзесяці ўдоў Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць інфармацыя пра загінулых землякоў-франтавікоў. На адным з фотаздымкаў - Фёдар Пратасенка. За дапамогу партызанам фашысцкія нелюдзі закапалі яго жывым. Непадалёк заўважаю ручнік. Яго падарыла музею сям'я ўдавы Ганны Кандзюховай з вёскі Крамянкі Слаўгарадскага раёна, якая зусім побач з Паштовай Глінкай. Экспанат унікальны, як і гісторыя, што з ім звязана. Увосень 1943-га перад фарсіраваннем Сожа ў хату да Кандзюховай пастукаўся наш салдат. Сказаў, што ў яго замерзлі ногі. Што рабіць, чым дапамагчы, жанчына не ведала: ніякай матэрыі ў яе не было, сама ў лапцях, на руках малое дзіцё. І тады, перажагнаўшыся, зняла ручнік з абраза і са словамі "Госпадзі, даруй мне" аддала яго байцу Чырвонай арміі.
Дзіўнае пачуццё: чым даўжэй знаходзімся ў хацінцы, тым усё больш недзе ў падсвядомасці нараджаецца адчуванне ўласнай датычнасці да людскіх лёсаў, міжволі пачынаеш суперажываць. Канешне, гэта заслуга Аляксея Васільевіча: расказчык ён выдатны, а кожны фотаздымак ці прадмет незвычайнай экспазіцыі - часцінка і ягонага жыцця, яго клопату, і гэту шчырасць немагчыма не адчуць. Але не толькі. Тут сапраўды жыве душа вялікіх працаўніц, памяць пра вайну праз лёсы ўдоў, якія выратавалі цэлае пакаленне. Іх мацярынская і грамадзянская самаадданасць, на думку Сцепаненкі, нароўні з подзвігам франтавікоў.
- Заўсёды слухаў, што расказваюць сваім маўчаннем удовы, - задумліва прамаўляе Аляксей Васільевіч. - Усім, хто прыязджае сюды, звычайна кажу: якія б цяжкасці ў жыцці ні ўзніклі, пераадолець іх дапамогуць успаміны пра подзвіг удоў вайны.
Насамрэч, як я зразумеў, Паштовая Глінка хіба толькі вонкава выглядае як нейкая запаведная мясціна. Апроч рыбакоў-грыбнікоў, у вёску часцяком наведваюцца менавіта дзеля музейнай хаткі. То моладзь на веласіпедах з Кармы ці са Слаўгарада, то бацькі дзяцей прывязуць. Краснапольскія школьнікі сюды выпраўляюцца па Сожы на байдарках. Да гэтых сустрэч Сцепаненка ловіць рыбу (яе тут багата) і робіць таранку, якая потым разыходзіцца як прызы за правільныя адказы ў віктарыне, якую ён ладзіць. Дзеці ў захапленні ад такога спасціжэння гісторыі роднага краю, асабліва ваеннага часу - непасрэдна на месцы даўніх падзей, з цікавым і нераўнадушным чалавекам.Аляксей Васільевіч Сцепаненка
На думку дэпутата і вучонага-гісторыка, справа, якой займаецца былы настаўнік, жывая, ідзе з глыбіні душы. Так і павінна быць, калі хочам захаваць гістарычную памяць, выхаваць патрыётаў - сапраўдных, дзейсных, а не такіх, што ўмеюць толькі прыгожа разважаць аб адданасці Радзіме.
- Тое, што ён робіць, не лухта нейкая, даруйце мне. Гэта жывое. Так і трэба гаварыць з жывымі пра мёртвых, якія ў нашай памяці заўсёды павінны быць жывыя. Я так бы сказаў, - як заўсёды, Марзалюк пераканаўчы.
Замест эпілога
З хаты выйшлі ўражаныя. Прыселі са Сцепаненкам на лаўку - трэба супыніцца, неяк пераварыць усё. Добра прытуліцца да цёплых пад вераснёўскім сонцам сцен, адчуць чароўную моц старога дрэва. Сядзім, маўчым. Першым не вытрымліваю я:
- Аляксей Васільевіч, можна яшчэ адно пытанне?
Сцепаненка зацікаўлена глядзіць на мяне. Вытрымліваю паўзу.
- Чаму ваша вёска называецца так - Паштовая Глінка?
- А я ўжо напалохаўся: пра што яшчэ спытаеце? - смяецца Аляксей Васільевіч. - Глінка была то ў складзе ВКЛ, то Рэчы Паспалітай, то Расійскай імперыі. Кацярына ІІ загадала пабудаваць паштовы тракт Санкт-Пецярбург - Кіеў. Як ён тады працаваў? 16-20 кіламетраў - і коней на спецыяльных станцыях мянялі. На тэрыторыі Магілёўскай губерні было 19 паштовых станцый. Глінка - адна з іх. Станцыя знаходзілася непадалёк ад дома, дзе я жыву. Чаму лічу, што тут? Бо толькі на гэтым месцы знаходзяць манеты. Самая старая, якую бачыў, 1811 года.
Да нас падбягае чорненькі віславухі шчанюк і пачынае лашчыцца да гаспадара. Аляксей Васільевіч бярэ яго на рукі, той аж вішчыць ад задавальнення, з усіх сіл намагаючыся лізнуць твар.
І я раптам разумею, што бачу перад сабой шчаслівага чалавека, які знайшоў сваю жыццёвую дарогу і ўпэўнена крочыць па ёй, робячы тое, што вельмі патрэбна ўсім нам.
| Ігар Ганчарук, часопіс "Беларуская думка", фота Сяргея Халадзіліна, з архіва БЕЛТА і адкрытых крыніц.
Чытайце таксама:
За одного немца убивали 100 жителей. Как работала директива о заложниках в Минске?
Назвала дочь в честь погибшей подруги. Чем жила после войны "ночная ведьма" Гельман?
Каждая пядь земли была залита кровью. Какой ценой Красная армия форсировала Днепр?
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.