"Каб цябе камары стапталі": асаблівасці беларускай лаянкі
2024-10-24 18:15
У сучасным грамадстве да гэтай тэмы звярталіся ўжо не раз. Заставацца абыякавым да паўсюднага ўжывання непрыстойных слоў цяжка, колькі б ім ні прыпісвалі "гаючых" уласцівасцей: псіхалагічнага абязбольвання, скідвання негатыву, моднага моўнага коду і ўрэшце максімальна дакладнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ж ці такое бяскрыўднае брыдкаслоўе?
На чужыя вусны не накінеш хустыНіколі не ведаеш, калі давядзецца пачуць мацюканне: ад аўтаслесара ў майстэрні, ад жанчыны з дзіцячай каляскай, падлетка ці бізнесмена, які размаўляе па тэлефоне. Адчуванні пры гэтым, як, ідучы па полі, раптоўна ўступіць у каровіну "ляпёху". Гуляў сабе чалавек, свежае паветра лавіў, а вось не заўважыў і выюзгаўся ў нечым брудным. Але кожны на гэткую "лінгвістычную бамбёжку" рэагуе па-рознаму: нехта трымаецца, нібы нічога не чуў, а другі можа і адважыцца зрабіць заўвагу. Праўда, што "прыляціць" назад - непрадказальна. Бывае, чалавек на эмоцыях зачапіў бруднае слова і гатоў за яго павініцца, бо самому неяк няёмка. Аднак іншым разам, зрабіўшы заўвагу, можна ў адказ нарвацца ўжо на "трохпавярховы" і, як кажуць, даведацца пра сябе шмат новага.На чужыя вусны не накінеш хусты. Але чаму ж брудныя словы пайшлі ў народ? Можа, у гэтага ёсць гістарычныя перадумовы?Не сакрэт, што мацернае слова - з’ява старажытная, уласцівая амаль усім народам. Нецэнзурная гаворка сустракаецца яшчэ ў наўгародскіх берасцяных граматах XI-XII стагоддзяў, а таксама ў помніках старажытнага пісьменства іншых славянскіх народаў.Ёсць сведчанні, што мат уваходзіў у язычніцкія малітвы, а мацерная лексіка мела калісьці сакральны сэнс. Уласна само слова "мат" з’явілася значна пазней, на пачатку брыдкаслоўе называлі "лаяй мацернай". Наогул у старажытнасці мацюканне звалася псінай мовай і лічылася, што яна мае ахоўную функцыю. Справа ў тым, што славяне лічылі сабак тагасветнымі жывёламі, якія маглі ператварыцца ў чалавека і прыйсці са злоснымі намерамі. Каб абараніцца, чалавеку належала сказаць ахоўную мантру, інакш кажучы, паслаць "па матухне". З цягам часу такі сэнс знік і застаўся толькі негатыўны, мат стаў моўнай агрэсіяй.З сучасных нецэнзурных слоў у беларускіх пісьмовых крыніцах XIV-XVIII стагоддзяў зафіксавана слова, якое пачынаецца на другую літару алфавіта. Але ў тыя часы яно ўжывалася ў іншых значэннях: "разбэшчаная жанчына" (у тым ліку і ў выданнях Францыска Скарыны), "ілганне, хлусня".Звернем увагу: той, хто мяркуе, што нашы продкі лёгка ставіліся да брыдкаслоўя, глыбока памыляецца. Ранейшым часам людзі якраз куды больш усведамлялі, што брыдкаслоўе - цяжкі грэх перад Богам і перад людзьмі.У XVII стагоддзі, падчас праўлення цара Аляксея Міхайлавіча Раманава, пачуць мацюканне на вуліцы наогул было цяжка: паводле Саборнага ўкладання, выкарыстанне непрыстойных слоў жорстка каралася публічнай лупцоўкай. А калі гэта не дапамагала, даходзіла да смяротнага пакарання.
Катэгарычна негатыўна заўсёды да ўжывання мацерных слоў ставілася Царква. Лічылася, што мацерным словам абражаецца, па-першае, Маці Божая, па-другое, родная маці чалавека і, нарэшце, зямля-маці.
Тыя, хто часта брыдкасловяць, адзначаюць, што залежаць ад гэтай шкоднай звычкі. Так зрасліся з мацюканнем для сувязі слоў, што цяпер не здольныя без яго абысціся. Яно і вызначае, хто ў доме гаспадар.
Трэба яшчэ ведаць, што мацерныя словы ўваходзяць у паняцце "абсцэнная лексіка". У розных слоўніках і даведніках можна знайсці наступныя значэнні слова "абсцэнны": непрыстойны, брыдкі, распусны, амаральны. Што падкрэслівае недапушчальнасць выкарыстання такіх слоў у штодзённых зносінах.
Каб цябе камары стапталіБрыдкія словы і беларуская мова, адметная сваёй меладычнасцю, наогул несумяшчальныя, лічыць Ігар Капылоў.- У адрозненне ад многіх моў свету, у ёй няма кароткіх галосных гукаў, - падкрэслівае мовазнаўца. - Апроч таго, для беларускай мовы не характэрна спалучэнне некалькіх зычных, напрыклад трох-чатырох, як у чэшскай. У нашай мове больш, чым у рускай, санорных гукаў. Націск у словах каардынуе склады. Усё гэта стварае адметны меладычны малюнак. Нездарма ж некаторыя спевакі і кампазітары кажуць, што беларуская мова - жывая музыка. І гэта ніяк не стасуецца з брыдкаслоўем. Мацюканне ніяк не спалучаецца з паняццем "жывая музыка", бо зніжае меладычнасць і прыгажосць мовы і разбурае гармонію…Мабыць, таму ў матэрыялах этнографаў і фалькларыстаў, што рабілі запісы народнай гаворкі на беларускіх землях у XIX стагоддзі, адзначана зусім невялікая колькасць мацерных слоў. Напрыклад, у вядомай працы Аляксандра Сержпутоўскага "Грамматический очерк белорусского наречия деревни Чудин Слуцкого уезда Минской губернии" фіксуецца каля дзясятка лаянкавых слоў. Ды і цяпер падчас навуковых дыялекталагічных экспедыцый у розныя рэгіёны краіны інфарманты, з якімі сустракаюцца вучоныя, пазбягаюць размоў на гэту тэму. Усё, што звязана з інтымнай, дзетароднай сферай, не прынята абмяркоўваць.Калі быць дакладным, дык для беларусаў былі больш характэрныя праклёны, чым мат. Так, вядомы мовазнаўца, этнограф акадэмік Яўхім Карскі ў свой час зафіксаваў іх жартоўны і не зусім характар: "Каб ты асівеў і галавой у жыта ўбіўся. Каб цябе ванцач аблажыў (ванцач - хранічная нервовая хвароба). Каб цябе камары стапталі. Каб цябе паралюш. Каб ты чхнуў". Шырока ўжывалася як лаянкавае слова "трасца": "Трасца тваёй матары".Марыя Калмыкова
Беларускімі вучонымі-фалькларыстамі ў розных мясцовасцях краіны, адзначыў Ігар Капылоў, сабраны цікавы эратычны фальклор, які сведчыць пра багатую лексічную палітру, што існавала ў народзе для замены мацерных слоў: "авечачка", "цяцёрка ў чорных аборках", "балбатушка", "дваццаць пяты палец", "тупая іголка без вушка", "цялёнак без зубоў". А што з усім гэтым рабіць - "акунёчкаў лавіць".Што да замяняльнікаў, у народных гаворках можна пачуць выразы "такую тваю гэтакую", "тваю макаўку", "туды цябе растуды". У беларускамоўі замест мацерных ужываюцца такія словы, як "выдыгáцца", "гамон", "маркітавацца", "на халеру", "да халеры" і інш.Дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук Ягор Ненадавец расказаў пра ўласныя ўражанні. Дзяцінства яго праходзіла на Палессі. І ён не можа згадаць, каб часта чуў у вёсцы брыдкаслоўе. Было, канешне, але вельмі мала. У асноўным мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі так званыя замяняльнікі кепскіх слоў. Самай моцнай лаянкай было "зараз як дыхну", "цы ты, бандура". Тады трэба было хутка хавацца пад лаўку.- Многія дыялектныя словы адыходзяць у мінулае, - падкрэслівае Ягор Ненадавец. - Што, на маю думку, робіць зносіны нашых людзей больш грубымі. І гаварыць пра гэта трэба.Але найбольшую заклапочанасць, у тым ліку навукоўцаў, выклікае той факт, што на мацернай мове сёння вельмі часта размаўляе моладзь. Складваецца ўражанне, што ўжо не сорамна ўжываць ненарматыўную лексіку, брыдкасловіць на вуліцы, на людзях, у кампаніі сяброў.
- На жаль, сярод маладых існуе меркаванне, што размаўляць правільна і прыгожа - нямодна, - адзначае Ігар Капылоў. - Моладзь успрымае мацерную лексіку як даніну модзе, нейкі моўны код, які палягчае зносіны. Многія маладыя тлумачаць мацюканне неабходнасцю зняцця стрэсу, некаторыя называюць гэта своеасаблівым сродкам абароны свайго статусу і прыніжэння статусу апанента. Паказальна, што абсалютна не саромеюцца актыўна выкарыстоўваць мат дзяўчаты. А яны ж стануць маці, будуць выхоўваць дзяцей на гэтай лексіцы. Такая будучыня насцярожвае, паколькі злоўжыванне мацюкамі вядзе не толькі да збяднення моўнай сістэмы, але і да дэградацыі асобы, духоўнай непаўнацэннасці.
- Лічу, што ў арсенале сапраўднага творцы дастаткова сродкаў, каб адлюстраваць эмацыянальны стан героя, - адзначае вучоны. - Мастацтва павінна ўзвышаць чалавека, а не апускаць яго да ўзроўню малаадукаваных і бескультурных людзей. У адаваротным выпадку гэта вядзе да разбурэння эстэтычнай нормы і да ўспрыняцця мацюкання як звычайнай з’явы.
Ягор Ненадавец
З іншага боку, паводле рэальнага падыходу, пісьменнік павінен адлюстроўваць рэчаіснасць такой, якая ёсць, разважае Ігар Капылоў. Асабліва актыўна на сучасным этапе развіваецца дакументальны жанр. Тут мат выступае як сродак адлюстравання рэчаіснасці. Без гэтага творчую задумку аўтара рэалізаваць немагчыма. Чытач на адмоўным вучыцца разуменню, што яго мова не павінна быць падобнай да мовы асацыяльных элементаў. У гэтым плане паказальны пісьменнік Даўлатаў, творы якога, на думку некаторых чытачоў, без мата не ўспрымаюцца.
Але ў сённяшніх умовах важна і на кнігах ставіць пазнаку 18+, падкрэслівае Ігар Капылоў, бо дарослыя здольныя разабрацца ў спецыфіцы ўжывання непрыстойных слоў у творы, а дзеці могуць успрыняць як дазволенае.
Сённяшняе слова - маё найлепшае словаПа ўсім відаць, што надзейных рэцэптаў пераадолець брыдкаслоўе пакуль няма. Але ёсць некалькі парад, якія, калі іх прыняць, магчыма, і дапамогуць змагацца з гэтай навалай. Па-першае, не мацюкацца самому. Успамінаюцца словы А.І. Салжаніцына: "Няхай гэта прыходзіць у свет і нават пануе ў свеце, але не праз мяне". Чалавек можа праз сваё маўленне ўплываць на стан мовы. Па-другое, усведамляць, што жаданне годнага асяроддзя несумяшчальнае з нягодным словам. Памятаеце, як лаяўся пахавальных спраў майстар Безянчук у выдатных майстроў мастацкага слова Ільфа і Пятрова? Ён казаў: "Туды яе ў качэль". Хоць мог бы лаяцца выразней… Пасыл таксама можа быць розным. Замест таго каб сказаць "пайшоў адсюль", можна выдаць больш цікавы выраз: "Вы не маглі б пакінуць мяне і ўпрыгожыць сабой гэты свет дзе-небудзь у іншым месцы?" Сапраўды неяк весялей.А можа, паспрабаваць, як сучасная моладзь ці некаторыя пісьменнікі, замяніць непрыстойныя словы на выдуманыя, ці на эўфемізмы, заснаваныя на іншамоўнай гульні. У кнізе Д. Адамса "Аўтастопам па Галактыцы" ёсць прыдуманая лаянка з коранем "зарк". Сапраўды, запамінальная. Іншы раз так і хочацца сказаць па пісаным: "Што за заркоўня тут адбываецца?"А ўзяць слэнг, тое ж англійскае слоўца "крынж" і іншыя, папулярныя цяпер у моладзі. Чым не добрая альтэрнатыва мацюкам? Лепш так, чым брыдкасловіць.Што да вучоных, дык з гэтай прапановай Ігар Капылоў адназначна не пагаджаецца:- Слэнг і мацюкі я ніякім чынам не супрацьпастаўляў бы, - прыводзіць ён свае аргументы. - Тым больш што выкарыстанне слэнгавай лексікі часта ідзе поруч з ужываннем ненарматыўнай, а не замяняе яе. Да слэнгу трэба ставіцца з разуменнем, паколькі гэта лексіка характэрна для кожнага пакалення моладзі, якая традыцыйна скіравана на тое, каб выбіцца з афіцыйнага асяроддзя, абстрагавацца ад стэрэатыпаў старэйшага пакалення, выкарыстоўвае слэнг як свайго роду сродак самавыражэння. Варта разумець, што маладзёжную слэнгавую лексіку можна выкарыстоўваць толькі ў камунікацыі з аднагодкамі.Мы вырашылі спытаць, што на гэты конт думаюць маладыя. "Каралева студэнцтва Беларусі - 2024" Юлія Сінкевіч, якая вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, прытрымліваецца такога меркавання:
- Імкнуся не выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку ні ў жыцці, ні ў сацыяльных сетках. Але мне падабаюцца некаторыя з так званых замяняльнікаў нелітаратурных слоў. На мой погляд, да любых сітуацый падыходзіць слова "жэсць". Асабліва каб паказаць эмоцыі, калі нешта не падабаецца ці нечым незадаволены.
Моўная чысціня вельмі важная, падкрэслівае вучоны. Менавіта мова адлюстроўвае сістэму каштоўнасцей чалавека і грамадства, моцна ўздзейнічае на гэтую сістэму, падпарадкоўвае яе сабе, вызначае светапогляд чалавека, яго паводзіны. У выніку змяняюцца характар народа ў цэлым, грамадская свядомасць, ход гістарычных падзей.
Юлія Сінкевіч
- Так, мова з’яўляецца адной з асноў культуры, важным інструментам, які фарміруе свядомасць чалавека і яго светаўспрыманне, - падтрымлівае дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. - У мове адлюстроўваецца менталітэт народа, яго традыцыі, мараль, сістэма норм і каштоўнасцей чалавека, а таксама засвоеныя вопыт і веды.На жаль, наракае вучоны, на сучасным этапе назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя разбурэння моўных норм. Больш за тое, нецэнзурная лексіка ўспрымаецца як варыянт нормы, стылістычна нейтральная лексіка, дапушчальная ў грамадскім жыцці. Магчыма, гэта звязана з падменай традыцыйных для Беларусі духоўных і маральных каштоўнасцей. Раней ужыванне ненарматыўнай лексікі дзецьмі, жанчынамі асуджалася грамадствам. На сучасным этапе ў выніку інфармацыйнай дэмакратызацыі такія абмежаванні пачалі знікаць.- Неабходна зразумець, што выкараніць брыдкаслоўе з мовы немагчыма, - падкрэслівае Ігар Капылоў. - Гэту задачу не трэба і ставіць. Бо, несумненна, мат застанецца ў мове. Неабходна імкнуцца да строгага абмежавання сітуацый яго ўжывання. Мат неадхільны, але няхай ён жыве ў сваёй стылёвай нізіне. Важна дабіцца таго, каб знікла такая з’ява, як публічнае брыдкаслоўе.Інстытут мовазнаўства выступіў з ініцыятывай уключыць у навучальны працэс ВНУ курс "Культура мовы". Прапанова датычыць абедзвюх дзяржаўных моў - беларускай і рускай - і ўжо ўвайшла ў Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на 2024-2026 гады.Некалі Сакрат сказаў: "Загавары са мной, каб я цябе ўбачыў". Наўрад ці мы сёння раптоўна пачуем ад сучаснікаў замест ненарматыўнай лексікі лагодную падмену.Відавочна і іншае: брыдкаслоўе нясе ў сабе разбуральную сілу. Не трэба яе недаацэньваць. Спачатку мацернае слоўца, што зляцела з вуснаў, потым кепская звычка перасыпаць размову матам. А далей - разбурэнне ўнутранага свету чалавека, заняпад маўленчай культуры, хвароба інтэлекту, бяда скажонай свядомасці і руйнаванне галоўнага багацця народа - роднай мовы, культуры і чысціні маральных паводзін. За ўсім гэтым прытаілася брыдкаслоўе. Але дзейсны заслон яму ёсць. Дастаткова пачаць з сябе.| Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ, часопіс "Беларуская думка". Малюнкі Ірыны БУФЕТАВАЙ, фота БЕЛТА.
Чытайце таксама:
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.