Вершы ці карціны Драздовіча? Беларускія выданні, якія прыемна пачытаць восенню
2025-09-24 16:15
Дзякуй лёсу, ёсць яшчэ сябры, што без нагоды дораць табе кніжкі! Такое не з’еш - забудзеш, а паставіш на паліцу, каб у дні смутку ды сумненняў пагартаць, сустрэцца твар у твар са сваімі пачуццямі-развагамі… Той стан, аб неверагоднай значнасці якога хочацца нагадаць, зноў запрашаючы вас, сябры, у нашу хату-чытальню.
Брацці, зраблю вас багатымі,
Зорамі высаджу край.
Сонцам заззяе над хатамі
Словаў маіх каравай.
Я ж вачэй не ўзніму, багавіца,
Толькі ўзрушаны думкі чамусь.
О, як соладка сэрцу маліцца:
Беларусь, Беларусь, Беларусь!
У новым зборніку "Уладзімір Жылка. Пад гэтым небам" з серыі "Новая бібліятэка беларускай паэзіі" кожны, упэўнена, знойдзе зрыфмаваныя радкі, якія адгукнуцца.
Не пакіне нас, бібліяфілаў, раўнадушнымі і працяг серыі "Бібліятэка беларускай аповесці". У зборніку "Змітрок Бядуля. „Салавей“. Алена Васілевіч. „Пачакай, затрымайся…“. Уладзімір Караткевіч. „Лісце каштанаў“" чакае нямала перажыванняў. З першых старонак "Салаўя" падумалася трывіяльнае: як жа імкліва ляціць час, як незваротна мяняецца жыццё! Бо твор - пра часы… прыгоннага права. Упэўнена, пастаўленыя ў свой час па яго матывах балет і спектакль былі цікавымі, але мне хапіла ўласнай фантазіі, каб яскрава ўявіць кожнага героя. Аповесцю гэтай паэт, філосаф, даследчык фальклору, літаратуры і тэатра Змітрок Бядуля зрабіў унёсак у станаўленне гістарычнай прозы, хоць сам аўтар называў твор белетрызаваным, казачна-прыгодніцкім. Цікавы факт: некаторыя крытыкі гатовы былі залічыць "Салаўя" нават да раманаў.
Вечная тэма вайны знаходзіць новае гучанне і ў прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі кнізе "Слова пад кулямі". Праз тэксты, дакументы і фотаздымкі дазнаемся аб журналістыцы ваенных гадоў на тэрыторыі СССР і БССР. "У дні вайны газета - паветра, - пісаў у самы разгар Вялікай Айчыннай Ілья Эрэнбург. - Людзі раскрываюць газету, перш чым раскрыць пісьмо ад блізкага сябра. Газета цяпер пісьмо, адрасаванае асабіста табе. Ад таго, што стаіць у газеце, залежыць і твой лёс". Мяркую, і журналістам, і больш шырокаму колу чытачоў цікава будзе даведацца аб тым, што на Беларусі выдавалася ва ўмовах падполля не так і мала газет, у тым ліку камсамольскіх і партызанскіх.
"Сустрэча вясны на Сатурне", "Ноч на Марсе", "Аргентанія"… Падобна на назвы фантастычных аповесцей, але гэта пералік работ знакамітага нашага земляка. Менавіта яго творчасці прысвечаны своеасаблівы фотаальбом "Язэп Драздовіч" з тэкстам на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Заклікаю не прапусціць кароткі аповед пра жыццё вялікага талента, пагартаць старонкі, на якіх змешчаны фота карцін. Так натхняе! Асабіста мяне яшчэ і таму, што сустракаліся на маім жыццёвым шляху людзі, якія бачылі майстра, памяталі, якой неверагоднай была яго творчасць…
У працяг "касмічнай" тэмы прыгадаўся чамусьці дзіцячы вершык: "- Дзядзя, // Колькі сонц на свеце? - // Запыталі ў мяне дзеці. // Адказаў: - Адно… // Смяюцца: // - Не адно, а іх без ліку. // Сапраўды, пачаў лічыць я: // Ў кожнай кроплі - сонца блікі". Між іншым, як толькі летам знікае за хмарамі сонца і пачынаецца дождж, у галаве круцяцца гэтыя радкі, і лёгкі сум адразу адступае. Калі я іх завучыла - не памятаю, але з таго часу люблю і дождж, і блікі сонца ў кожнай кроплі пасля яго… Прынамсі, верш Яўгена Скурко. Яго пяру належыць нямала твораў, якія ён прысвяціў дзецям.
| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Ад купальскіх кастроў продкаў да захапляльных фактаў пра грошы: раім вам 5 цікавых кніг
Пра таямніцы жахлівых падзей і легенду фотажурналістыкі: 5 кніг для цікавага адпачынку
Ад спадчыны Тышкевіча да сапраўдных беларускіх замоў: якія цікавыя кнігі выйшлі нядаўна?
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.