Сола для цымбалаў. Як музычны інструмент стаў сімвалам беларускай культуры?
2024-05-22 18:51
Хто з беларусаў не чуе сэрцам голас цымбалаў? "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць"… Бадай, немагчыма ўявіць знакамітую песню Ігара Лучанка на верш Алеся Ставера іначай, чым у тэмбры цымбалаў, хаця стваралася яна адмыслова для "Песняроў". Пераменлівыя як вецер і старадаўнія як камяні, цымбалы гучаць і ў школах, і на канцэртных пляцоўках, а калісьці былі неад’емным атрыбутам беларускіх вяселляў.
1963 год. Іосіф Жыновіч падчас заняткаў са студэнтамі Белдзяржкансерваторыі
Гісторыя цымбалаў
Як і чаму? Уявіце фартэпіяна, у якога замест пяці чорных клавішаў у найлепшым выпадку адна, а дыяпазон як у звычайнага, "неопернага" чалавечага голасу. Што можна на такім інструменце зайграць? Хіба толькі "Саўку і Грышку" ды "Перапёлачку".Акадэмічным цымбалам падуладна ўсё, на што здатная скрыпка, а можа, нават болей. Гэта выдатна дэманструюць маладыя музыканты, выконваючы, напрыклад, "Цыганку" Равеля ці "Інтрадукцыю і ронда капрычыёза" Сэн-Санса.
- У вясковых і акадэмічных цымбалаў зусім розны гукаідэал, - падкрэслівае Вераніка Прадзед. - Сялянскім музыкам важна было, каб гук ляцеў да суседняй вёскі і ўся ваколіца зайздросціла. Канцэртныя выканаўцы цэняць разнастайнасць гучання. Паўтары гадзіны глядач сядзіць, не танцуе, не ўдзельнічае ў дзеі, а толькі сочыць за ўсімі паваротамі музычнай драматургіі. Таму звышзадача - зрабіць так, каб ён не сумаваў.
Сучасныя цымбалы могуць здзівіць і зачараваць. Фантастычны дынамічны размах - ад piano-pianissimo (ледзь чуваць) да forte-fortissimo (100 дэцыбелаў і болей). Перайсці ад цішыні да грымот (crescendo і diminuendo) і наадварот за долі секунды, прычым на адной працяглай ноце.
"Вясковыя цымбалы больш багатыя паводле гучання, чым акадэмічныя"
Але адкуль бярэцца працягласць, калі па струне ўдараюць малаточкам? Тут і палягае галоўны фокус - дрыгаценне на доўгіх нотах, славутае цымбальнае tremolo, калі гук льецца, як шырокая паўнаводная рака. Народныя цымбалы такога не ўмеюць. Нават акультураныя ў "Харошках".
1968 год. Маэстра на адкрыцці помніка загінулым партызанам у вёсцы Пасынкі Пастаўскага раёна
Іосіф Жыновіч запазычыў гэта фірменнае цымбальнае дрыгаценне ў ксілафона. У 1930-я гады ў кансерваторыі ён папрасіўся ў студэнты да папулярнага ў той час ксілафаніста Маркоўскага. Назіраючы за яго манерай ігры, Іосіф Іосіфавіч уцяміў, што больш зручна зняць цымбалы з шыі і пакласці на падстаўку, замест якой пазней зрабілі "ногі". Такім чынам вызваляліся абедзве рукі для ўсіх тых шыкоўных выканаўчых прыёмаў, якімі Маркоўскі, а ўслед за ім і Жыновіч літаральна ашаламлялі самую патрабавальную публіку.Зрэшты, для беларусаў ксілафон, нягледзячы на яго іншаземнае імя, - інструмент свой, родны, хоць і выпаў крыху з айчыннай традыцыі. Брусочкі - так называўся ён у вясковых яўрэйскіх музыкантаў, якія 150-200 гадоў таму вадзілі рэй на сялянскіх вяселлях. Шклоўскі клезмер Міхаіл Гузікаў на пачатку 1830-х удасканаліў інструмент, назваўшы ксілафонам, і гастраляваў з ім па еўрапейскіх сталіцах. Вядомы венскі музыказнаўца Шлёзінгер захапіўся яго талентам настолькі, што напісаў кнігу "Міхаіл Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы". На жаль, Гузікаву не пайшоў на карысць еўрапейскі клімат і ён сканаў ад сухотаў ва ўзросце 31 года. А інструмент застаўся, і сёння смела можна сказаць, што акадэмічныя цымбалы - вельмі ўдалы гібрыд вясковых цымбалаў і ксілафона.
"Якую струну ўчапіць, кароткую ці доўгую, каб, крый божа, не бразнула"
Але як гэты інструмент змог стаць сімвалам беларускай культуры? Тым болей што цымбалы існуюць тры тысячы гадоў і распаўсюджаны па ўсім свеце: ад Кітая да Егіпта, ад Грэцыі да Англіі. Прычым кітайскі музычны інструмент не надта адрозніваецца ад нашага, іначай кітайскія студэнты наўрад ці масава прыязджалі б вывучаць свае цымбалы ў Беларускую акадэмію музыкі. А вось з венгерскімі, распаўсюджанымі ў Румыніі, Малдове, Харватыі, ва Украіне, падабенства значна менш. Тыя на чатырох нагах, з металічнай рамай і педалямі. Трэба чатыры грузчыкі, каб зрушыць іх з месца. Нашы старадаўнія, як торба на скураным рамяні: накінуў на плячо, кухталі (палачкі для ігры. - Аўт.) у кішэню паклаў і пайшоў.
1958 год. На вясельных здымках музыкі заўсёды былі ў першым шэрагу, в. Замасць былога Войстамскага сельсавета Смаргонскага раёна
У венгерскіх цымбалах гук глушыць цэлая сістэма дэмпфераў. У беларускіх вясковых яго прынцыпова не гасяць, а ў акадэмічных ролю дэмпфераў выконваюць далікатныя дзявочыя рукі - пераважная большасць выканаўцаў сёння жанчыны. Уся прыгажосць у непаўторным гудзенні струн, у якім чуваць шум ветру над полем, плёскат азёрнай вады, стуканне яблыневых галін у акно бацькоўскай хаты.
- Якую струну ўчапіць, кароткую ці доўгую, каб, крый божа, не бразнула, каб хораша прагучала тэма. Бо калі падчас вібрацыі чапляеш струну, бразгае абавязкова, - тлумачыць Вераніка Прадзед. - Трэба браць іншую. Гэтыя тонкасці я вылічваю да долі міліметра і скрупулёзна пазначаю "кароткая, доўгая…" і потым вучу як ноты.Цымбалы - яўрэйскі інструмент, казала нам, студэнтам, вядомая фалькларыстка доктар мастацтвазнаўства Ларыса Касцюкавец. Старадаўняе беларускае вяселле ўвогуле абыходзілася без скокаў. Гэта была суцэльная песенная сюіта. Калі пачалі танцаваць, тут як тут з’явіліся яўрэйскія музыкі са скрыпкамі, цымбаламі і бубнамі. Тое, што яны ігралі, называлася траістай музыкай.Цымбалы так і засталіся б сродкам заробку і забавай, але раптам…
Народжаныя рэвалюцыяй
Халодным снежаньскім днём 1922 года ў будынак Гарадскога тэатра, куды не так даўно засялілася трупа БДТ, увайшоў кучаравы хлопец з цымбаламі. Адагрэў інструмент ля печкі, настроіў і пачаў іграць. Гэта быў пятнаццацігадовы Іосіф Жыновіч - патомны вясковы музыкант з вёскі Арэшкавічы Ігуменскага павета, цяпер Блужскага сельсавета Пухавіцкага раёна.Праслухоўванне адбывалася з пратэкцыі нейкага "аднавяскоўца". Магчыма, Уладзіміра Тэраўскага, які кіраваў музычнай часткай тэатра і надта ж цікавіўся беларускім фальклорам.
Пачатак 1920-х гадоў. Дзмітрый Захар - стваральнік сучасных цымбалаў
Сярод слухачоў быў чалавек з прозвішчам Захар. Выдатны акцёр-комік, віртуоз-балалаечнік, першаадкрывальнік таленту Ларысы Александроўскай. Ён марыў стварыць беларускі калектыў накшталт Велікарускага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Васіля Андрэева. Магчыма, Захар нейкі час іграў у ім і ведаў, што патрэбна для ажыццяўлення мары.Вядома, найперш інструменты. Андрэеў перарабіў народную балалайку, стварыўшы на яе аснове цэлае аркестравае сямейства: дыскант, прыма, альт, бас, кантрабас. Не хапіла балалайкі - прыдумаў домру, а разам з тым прыгожую байку пра тое, што нібыта гэта старажытны інструмент скамарохаў, які ён знайшоў і ўдасканаліў.У 1913-м аркестр Андрэева зачараваў Мікалая II, а праз дзесяцігоддзе - Іосіфа Сталіна, і распачалася ў СССР мода на нацыянальныя аркестры.У 1922-м гэты рух яшчэ толькі нараджаўся. І акурат у той самы момант перад вачыма Захара з’яўляюцца цымбалы, якія трэба было толькі крыху мадыфікаваць, каб яны ігралі ўсе патрэбныя ноты.Як развіваліся падзеі, дакладна невядома, але ў 1923-м Жыновіча выклікалі ў Маскву на пасяджэнне Беларускай песеннай камісіі. Працавала яна пры Дзяржаўным інстытуце музычных навук СССР, членамі яе былі кампазітары Мікалай Аладаў і Аляксандр Аленін, этнограф Якаў Прохараў, хармайстар Мітрафан Пятніцкі і Сяргей Львовіч Талстой, сын пісьменніка. Старшынстваваў вядомы рускі кампазітар Міхаіл Іпалітаў-Іваноў. Ніхто з камісіі ў Беларусі не жыў і праблематыку нацыянальнай культуры не ведаў, таму зацікавілі іх не цымбалы, а асабіста Жыновіч: "Арыгінальна, цікава, музыкальна. Востра адчувае нацыянальны каларыт. Беларускі самацвет. Запішам яго ігру на кружэлку".
За дырыжорскім пультам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко
- Пераўтварэнне цымбалаў у брэнд - збег акалічнасцей, - сцвярджае Вераніка Прадзед. Аднак выпадковасць, як вядома, - гэта глыбока схаваная заканамернасць. "Выпадкова" ў 1927 годзе ў Мінску гастраліравала 1-я Украінская капэла кабзароў, і гэта падштурхнула Народны камісарыят асветы БССР дзейнічаць. Калі ва ўкраінцаў кабза, дык у нас цымбалы!
"Пераўтварэнне цымбалаў у брэнд - збег акалічнасцей"
- Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Яканюк адна з першых закранула пытанне, як сацыяльны заказ паўплываў на станаўленне цымбалаў, - кажа саіскальнік кафедры гісторыі музыкі і музычнай беларусістыкі Акадэміі музыкі, кіраўнік узорнага ансамбля цымбалістаў "Калейдаскоп" мінскай СШ № 159 Таццяна Бельмач. - Наталля Паўлаўна фактычна даказала, што адбылося гэта дзякуючы арганізацыі аркестра.З падтрымкай ці мо нават па даручэнні ЦК КП(б)Б Захар бярэцца за працу. Мяняе канструкцыю цымбалаў і пашырае гукарад, каб на іх можна было выконваць кампазітарскую музыку. Стварае цэлае сямейства: цымбалы пікала, прыма, альт, тэнар, бас. Чарцяжы робіць сам, майстраваць даручае цымбалісту Канстанціну Сушкевічу.Напачатку аркестр складаўся, як жартавалі, з "дванаццаці апосталаў": браты Яфім і Бенцыян Фрыдманы, Ізраіль Герман, Міхал Шчарбо, Мікалай Плашчынскі, Іосіф Ліпніцкі, Васіль Самсонаў, Ханон Шмелькін, Станіслаў Навіцкі, Канстанцін Сушкевіч, Іосіф Жыновіч. Кіраваў калектывам Дзмітрый Захар, ён быў таксама дудачнікам і кампазітарам. Напачатку рэпертуар складаўся з яго апрацовак "Лявоніхі", "Крыжачка", "Бульбы" і "Перапёлкі". Сціплы ансамбль з часам пераўтварыўся ў Дзяржаўны народны аркестр БССР пад кіраўніцтвам Жыновіча, а пазней - у Нацыянальны акадэмічны народны аркестр яго імя.
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.