Што вы ведаеце пра нацыянальныя паркі? Пять цікавых кніг, якія выдалі ў Беларусі
2024-06-16 10:35
Колькі загадкавай і
цнатлівай прыгажосці тояць у сабе нашы нацыянальныя паркі "Белавежская
пушча", "Браслаўскія азёры", "Нарачанскі", "Прыпяцкі",
запаведнікі Бярэзінскі біясферны і Палескі радыяцыйна-экалагічны. І добра, што
ёсць людзі, дзякуючы якім можам адчуць прыроднае хараство ўсімі стрункамі душы,
нават не пабываўшы ў гэтых мясцінах.
Творчай камандзе вядомага
беларускага вучонага-арнітолага, кандыдата біялагічных навук, фатографа і
рэжысёра-дакументаліста Ігара Бышнёва спатрэбілася дзесяць гадоў экспедыцый,
каб стварыць цудоўную кнігу
"Нацыянальныя
паркі - жамчужыны Беларусі". Чытач знойдзе тут шмат цікавага з
гісторыі асабліва ахоўных тэрыторый, да якіх адносяцца нацыянальныя паркі і
запаведнікі, пазнаёміцца з іх разнастайным жывёльным і раслінным светам, многія
прадстаўнікі якога занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У выданні багата па-сапраўднаму
ўнікальных фотаілюстрацый.
Апроч усяго, тут ёсць інфармацыя
пра даступныя турыстам шматлікія маршруты, экскурсіі, экасцежкі, базы
адпачынку, месцы рыбалкі і палявання ў нашых нацыянальных парках і
запаведніках. Таго і глядзі, пабяжыш здымаць з антрэсолей запылены рукзак, каб
неадкладна выправіцца ў найцікавейшае падарожжа. Напрыклад, па тэрыторыі балота
Саўскі мох і пагорках ледніковага паходжання дзейнічае экстрэмальны маршрут "Людзі
на балоце"…
Часу што-небудзь пачытаць у такім
падарожжы наўрад ці будзе, але захапіць якую-небудзь пазнавальную кніжку з
сабой варта. Напрыклад, аматараў паэтычнай творчасці і ўвогуле айчыннай
літаратуры можа зацікавіць кніга кандыдата філалагічных навук Ірыны Шматковай
"Беларуская жаночая паэзія ХХ
стагоддзя". Гэта не зборнік мастацкіх твораў, а навуковае
даследаванне, якое раскрывае цэлы гісторыка-культурны пласт.
Хто з беларусак па-майстэрску
валодаў паэтычным словам? Якія тэмы, стылі, жанры іх цікавілі? Перад намі
галерэя з шаснаццаці слаўных імён - ад Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Канстанцыі
Буйло да Людкі Сільновай і Ірыны Багдановіч.
Лёсы беларускіх паэтак часам
незайздросныя, дзяцінства некаторых з іх апалена вайною.
Мяне за жывое крануў лёс Еўдакіі
Лось. Яна нарадзілася на Ушаччыне, у літаратуру прыйшла ў канцы 1950-х разам з
Уладзімірам Караткевічам, Нілам Гілевічам, Васілём Зуёнкам і іншымі майстрамі
мастацкага слова. Вайна забрала ў яе брата і бацьку. Напэўна, таму ў яе
паэтычных творах шмат болю ад перажытага, гераічных вобразаў. Шмат пісала для
дзяцей.
Паэтка вельмі рана, ва ўзросце 48
гадоў, пайшла з жыцця. Як наказ на ўсе часы ўспрымаюцца сёння радкі Еўдакіі
Лось:
Я ж зраблюся такім сустрэчным,
Што харошае дорыць усім…
Чалавеку быць чалавечным,
Мне здаецца, няцяжка зусім!
Так, яна была слыннай паэтэсай
свайго часу і пісала пра тое, што хвалявала яе равеснікаў. А што сучаснае
пісьменніцкае пакаленне?
Адказ можа даць зборнік
апавяданняў
"Цень зоркі".
У кнізе змешчаны выбраныя творы 25 маладых беларускіх празаікаў. Хапае тут
усяго: і пра пачуцці-узаемаадносіны, і пра сучаснае-мінулае. Не абышлося без
фантастыкі.
Апавяданне "На Яна"
Кацярыны Назаравай цалкам пагрузіла мяне ў дзяцінства, у той час, калі бавіла
канікулы ў бабулі, як і гераіні твора - сястрычкі "Тоня з Танюшкай", -
бегала ў Купальскую ноч падзівіцца, як палае велічэзнае вогнішча. Праўда, тады
абыходзілася без усякіх эксцэсаў, а ў апавяданні здарылася адна "недарэчнасць"…
Але, відаць, на Купалле не магло быць іначай - свята ж чароўнае!
Цікава, ці наканавана
каму-небудзь з гэтай маладой 25-кі стаць класікам айчыннай літаратуры? Хто
ведае.
І усё ж пра класікаў. Тут дзве
навінкі.
Пачынаюць выдаваць збор твораў
Івана Чыгрынава ў пяці тамах. Праект прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння
пісьменніка. У кнігарні я знайшла першы том, ён змяшчае раманы
"Плач перапёлкі" і
"Апраўданне крыві", у якіх
расказваецца пра падзеі на ўсходзе Беларусі ў 1941 годзе. Арганічным іх
працягам сталі раманы "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны",
"Не ўсе мы згінем". Гэта вядомая эпапея пра Вялікую Айчынную вайну.
На сур’ёзную мастацкую прозу
Чыгрынаў адважыўся, як вядома, не адразу - спачатку пісаў вершы, апавяданні. Ды
так, што зямляк пісьменніка, паэт Майсей Сяднёў, прызнаў: "У жанры
апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца. Залічыць яго да
ліку нашых класікаў".
Пра сваю творчую задуму і "Плач
перапёлкі" пісьменнік некалі скажа: "Прыступаючы яшчэ да першага
рамана, я быў гатовы сур’ёзна асэнсоўваць вайну". У гэты твор Чыгрынаў
уклаў вельмі шмат з таго, што перажыў асабіста ці як сваё ўспрыняў ад блізкіх
людзей. Раман "Плач перапёлкі" нездарма заслужана лічыцца адным з
найлепшых у беларускай прозе.
У Нацыянальнай бібліятэцы да
восені працуе выстава "Салдацкі лёс", прымеркаваная да 100-годдзя з
дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Васіля Быкава. Тут прадстаўлены
выдадзеныя ў розны час кнігі майстра мастацкага слова, публіцыста, сцэнарыста,
удзельніка Вялікай Айчыннай.
Вайна была галоўнай тэмай
творчасці Быкава. Менавіта адтуль родам яго героі, якія вымушаны рабіць
складаны маральны выбар у самых драматычных, нават антычалавечых абставінах.
Быкаў пазбягаў пампезнасці і прыхарошвання. Ён пісаў пра тое, што жыццё - гэта
велізарная каштоўнасць, але ці дастаткова проста выжыць? "Жураўліны крык",
"Tpэцяя paкeтa", "Aбeлicк", "Круглянскі мост", "Дaжыць
дa cвiтaння", "Boўчaя згpaя", "Ягo бaтaльён", "3нaк
бяды", "Альпійская балада", "Сотнікаў" - гэтыя творы
дапамагаюць чытачу праз многае прайсці разам з іх героямі, прымушаюць
асэнсаваць, што ёсць здрада самому сабе і ў чым слушнасць і маральнасць таго ці
іншага выбару.
У кнігарнях краіны багаты выбар
твораў пісьменніка. Нядаўняя навінка - кніга
"Сотников. Обелиск". Абедзьве аповесці даўно сталі
сусветнай класікай. Першая з іх - адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ва
ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле яе рэжысёр Ларыса
Шапіцька зняла выдатны фільм "Восхождение", удастоены ў 1977 годзе
найвышэйшай узнагароды Берлінскага кінафестывалю. Другая аповесць таксама не
пра збітыя самалёты і падарваныя масты, а пра звычайнага сельскага настаўніка,
але "сапраўднага чалавека". Чаму імёны такіх людзей абавязкова
павінны быць на абелісках - можна яшчэ раз паразважаць на гэты конт, чытаючы
быкаўскую аповесць.
| Вядучая рубрыкі Святлана ПРОТАС,
часопіс "Беларуская думка".
Чытайце
таксама:
"І хто
ж, вы думаеце, парушыў ідылію?" Пяць свежых і цікавых выданняў белліта
Якую кнігу
возьмем з сабой у парк? Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе
Навука,
спорт і нават містыка. Навінкі беларускай літаратуры ў нашым аглядзе
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.