Што пачытаць гэтай восенню? Пяць варыянтаў на любы густ

2023-09-11 15:55
Няўмольна хутка сыходзіць лета, і таму імкнешся яшчэ крыху ўхапіць яго і насалодзіцца цёплымі дзянькамі, што шчодра дорыць самая любімая з дзяцінства пара года. Добра гэта рабіць часам з кнігай у руках у якім-небудзь утульным месцы… Увогуле час кожны ўспрымае суб'ектыўна. Для кагосьці бяжыць, а нехта запэўнівае, што цягнецца ён надта марудна. У старажытных беларусаў, як, зрэшты, амаль ва ўсіх народаў, не існавала абстрактнага ўяўлення пра паўсюль і для ўсіх аднолькавы час. У тагачаснай культуры быў свой універсальны эталон - цыклічны кругавы рух свяцілаў на небе, які ўсталяваны Богам і які нельга ні паскорыць, ні запаволіць. Менавіта назіраючы за становішчам сонца або пэўных сузор'яў вызначалі час сутак. Нездарма тады казалі так: "Часы для красы, а час - па сонцу".

Да чаго гэта я? Трапілася на вочы кніга з інтрыгуючай назвай "Традыцыйны светалад беларусаў. Касмалогія". Акадэмічнае выданне, але чытаецца лёгка і з пэўным захапленнем. З яго можна даведацца шмат чаго цікавага пра ўяўленні беларусаў аб паходжанні і будове Сусвету, элементах народнай астраноміі і пра асноўныя ідэі беларускай этнафіласофіі. Радуе, што гэта толькі першая кніга, якая адкрывае ілюстраваную серыю ў пяці тамах, і значыць, нас яшчэ чакае шмат адкрыццяў. Кніга для тых, хто пастаянна дбае пра новыя веды, цікавіцца філасофскім бокам жыцця нашых продкаў і часам любіць, пазіраючы ў недасяжную бездань зорнага жнівеньскага неба, паразважаць пра зямное і вечнае. Цікава, што і беларускія пісьменнікі першых трох дзесяцігоддзяў XX стагоддзя ў сваіх нават невялікіх творах гарманічна спалучалі побыт з быццём, лакальнае з сусветным, індывідуальнае з агульначалавечым. Чарговае выданне серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры" ў гэтым пераконвае. Кніга называецца "Беларускае апавяданне 1920-1930-х гадоў". Платон Галавач, Зоська Верас, Алесь Дудар, Ян Скрыган, Аляксей Траецкі, Леаніла Чарняўская, Уладзіслаў Галубок, Ілары Барашка, Міхась Чарот - усяго 25 пісьменнікаў і амаль 60 іх найбольш мастацка-эстэтычна значных твораў.

Такі шырокі аўтарскі ахоп укладальнікі тлумачаць тым, што менавіта апавяданне таго перыяду было адным з галоўных і вызначальных мастацкіх жанраў. Тагачасныя пісьменнікі даследавалі вірлівую і напоўненую дысанансамі пасляваенную і паслярэвалюцыйную рэчаіснасць, што само па сабе цікава. А яшчэ надзвычай захапляльна сачыць за мастацкай думкай, якая настойліва шукае выйсце са шматлікіх крызісных сітуацый і духоўна-псіхалагічных канфліктаў, у якія трапляюць героі апавяданняў. Галоўныя дзейныя асобы наступнай кнігі, на якую звярнула ўвагу, маўкліва прымаюць цяжкія выпрабаванні, што выпадаюць на іх долю. Але гэта толькі вонкавы, першы погляд. Насамрэч унутры ў кожнага з герояў столькі болю, што ні крычаць, ні гаварыць пра яго яны не могуць. У аснове рамана Уладзіміра Саламахі "Калі ўпадзе адзін…" - душэўная і маральная драма жыхароў спаленай карнікамі беларускай вёскі Гуда. Засталіся ў жывых усяго некалькі чалавек, яны цудам ацалелі. Скалечаныя фізічна і маральна людзі спрабуюць неяк наладзіць мірнае жыццё, каб зноў-такі выжыць. Жанчыны гатуюць ежу на ўсіх, мужчыны даглядаюць коней, плануюць будаваць першую хату для маладой удавы, якая вось-вось павінна нарадзіць дзіця. І ўсе разам, не згаворваючыся, імкнуцца не заўважаць свайго аднавяскоўца - бацьку здрадніка-паліцая, яго сын нароўні з фашыстамі ўдзельнічаў у знішчэнні вяскоўцаў. А ў таго - свой боль, які спачатку гоніць яго з роднай хаты, а потым прымушае вярнуцца ў вёску…

Чытаць няпроста і нават страшна, на кожнай старонцы боль і жах, здаецца, усё наскрозь у крыві. Гэта я пра кнігу "Архивы. Ничего, кроме правды". У ёй сабраны малавядомыя матэрыялы пра генацыд беларускага народа ў гады немецка-фашысцкай акупацыі. Выйшла яна ў межах сумеснага праекта БЕЛТА і Міністэрства юстыцыі Беларусі. Адметна, што ў выданні змешчаны і публікацыі журналістаў нашага часопіса, якія рыхтаваліся сумесна з супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва. На працягу года рэдакцыя пад аднайменнай рубрыкай друкавала дакументальныя расследаванні злачынстваў гітлераўцаў. Тут і карныя аперацыі са здзекліва-вылюдскімі назвамі "Зимнее волшебство", "Хорнунг", "Пестрый дятел", "Прогулка на Троицу". Іх ахвярамі сталі тысячы мірных грамадзян, у тым ліку дзяцей і старых. Усе тыя, каго нелюдзі аднеслі да катэгорыі "недаарыйцы".

Так, чытаць пра гэта страшна. Але праўда, якой яна ні была б, патрэбна нам і нашым дзецям. БЕЛТА плануе перакласці гэту кнігу на нямецкую мову: няхай на свае вочы пабачаць генацыд ні ў чым не вінаватага народа ў тым ліку тыя, хто сёння спрабуе апраўдаць фашызм і развязвае войны, называючы гэта абаронай дэмакратыі. "Живые памятники. Редкие и уникальные деревья и насаждения Беларуси" - яшчэ адно акадэмічнае выданне, за якое зачапілася вока. Аўтары ў рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Прыродавыкарыстанне і экалагічныя рызыкі" правялі важную і грунтоўную работу - своеасаблівую інвентарызацыю батанічных помнікаў. Яе вынік перада мной - па-мастацку годна аформлены, багата ілюстраваны зборнік. Тут інфармацыя пра добрую сотню найцікавейшых старажылаў лясоў і паркаў Беларусі. Яны з'яўляюцца нацыянальным прыродным багаццем нашай краіны.

Такога кшталту помнікі - гэта не толькі старажылы, а і дрэвы з незвычайнай формай і колерам ствала ці кроны, з дзіўнымі асаблівасцямі, якія маюць навуковы інтарэс, асабліва для генетыка-селекцыйнага вывучэння. І такія ўнікальныя экзэмпляры ў Беларусі ёсць: зрослыя дубы 155-гадовага ўзросту або сасна звычайная, у якой пяць ствалоў, што ў працэсе росту перапляліся і набылі форму ліры. Ці яшчэ, напрыклад, самыя высокія дрэвы ў нас - векавыя лістоўніцы еўрапейскія, самыя незвычайныя - дубы-блізняты, елка ніцая, а самыя рэдкія - лістоўніца сібірская, бук еўрапейскі, вяз гладкі, ліпа драбналістая. У кожнага дрэва, як і ў чалавека, - свой лёс і гісторыя. Аўтары з любоўю і павагай ставяцца да роднай прыроды, расказваючы пра свае вандроўкі па Беларусі. Гэта адчуваецца ў кожным радку… Прачытаўшы кнігу, магчыма, нашым чытачам таксама захочацца адправіцца ў невялікае падарожжа па роднай краіне, дзе такія натхняльныя краявіды і багатыя лясы і паркі. То ў добры шлях! | Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка". Чытайце таксама: Ад мемуараў да даследавання… камянёў. 5 цікавых беларускіх выданняў на кожны густ Удивительные и очень личные истории. Почему книга "Мой след в журналистике" - особая? Ад старажытнага Полацка да выцінанкі. Пяць кніжак для ўтульнага чытання летнім вечарам