Паміж кужалем і валошкай: паглядзелі, што цікавага з’явілася на кніжных паліцах
2026-04-22 14:15
Сакавік прынёс з сабой не толькі першае цяпло, але і цэлы россып разнастайных кніжных навінак. Хочаце адпачыць і атрымаць новыя ўражанні? Жадаеце пашырыць свае веды? Кожны тут знойдзе нешта сваё! Пра некаторыя з кніг, якія ўжо чакаюць вас на паліцах, - у традыцыйным аглядзе.
Вядомы культуролаг і літаратуразнаўца запрашае ў займальнае падарожжа па лабірынтах айчыннай літаратуры, каб разам адшукаць сутнасць сімвалаў, якія фарміруюць нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта сапраўдная дэтэктыўная гісторыя, дзе кожны сімвал - падказка, а кожны твор - сведка. Даведаецеся, як нацыянальныя культурныя коды выспяваюць і крышталізуюцца ў паэтыцы твораў, як яны дапамагаюць аўтарам выказаць свае ідэі і паказаць розныя аспекты беларускай душы. Адкрыеце для сябе коды, якія непасрэдна маркіруюць Беларусь: ад усім вядомых бусла і зубра да далікатнай валошкі.
Пачынаецца кніга з эпіграфа, які задае тон усяму даследаванню, - кранальных радкоў Уладзіміра Караткевіча: "Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою / На зарослыя пальмамі берагі, / Раскажыце, што над вялікай ракою / Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх…".
А наступная кніга (зноў жа навуковая!) адкрывае дзверы ў… будучыню беларуска-кітайскіх адносін.
Даследчыкі дзвюх краін аб’ядналі свае намаганні, і вынікам стала манаграфія "Перспективы белорусско-китайского экономического сотрудничества в формате членства Республики Беларусь в Шанхайской организации сотрудничества". Тут не толькі аналіз, а і прапановы канкрэтных крокаў для паглыблення ўзаемадзеяння нашай краіны і Кітая.
Гэта кніга - па сутнасці, практычны дапаможнік, які будзе карысны не толькі навукоўцам і студэнтам, але і тым, хто прымае рашэнні на розных узроўнях, спецыялістам.
Упэўнены, чытачы ўжо знаёмыя з творчасцю лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктара Шніпа, яго непаўторнымі "Пугачоўскім цырульнікам", "Заўтра была адліга" і наступнымі часткамі гэтай пранікнёнай дзённікавай сагі. Цяпер жа надышоў час адкрыць новую главу - "Заўтра была адліга - 6".
Што адбываецца з душой чалавека, калі свет вакол яго руйнуецца? Калі знікаюць ідэалы, на якіх будавалася жыццё цэлых пакаленняў? Менавіта на гэтыя пытанні спрабуе адказаць Змітрок Марозаў у сваёй новай кнізе "Апакаліпсіс душы = Апокалипсис души: Вянок вянкоў санетаў". Гэта сапраўдная эпапея, якая складаецца з 225 санетаў - маштабнае паэтычнае палатно, якое запрашае чытача ў глыбокае філасофскае падарожжа.
"Санетная форма ўжо сама па сабе схіляе паэта да роздуму. Вянкі санетаў - гэта своеасаблівыя паэмы-медытацыі. Кожны з іх патрабуе грамадска значнай праблемы і яе арыгінальнага вырашэння…" - так апісвае жанр вядомы літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша. І Змітрок Марозаў, шчыры працаўнік на паэтычнай ніве, па-майстэрску выкарыстоўвае гэту форму, каб даследаваць самыя патаемныя куткі чалавечай душы.
Асаблівую цікавасць выклікае тое, што пад адной вокладкай змешчаны як арыгінал на беларускай мове, так і пераклад вянка вянкоў санетаў на рускую мову, які ажыццявіў Андрэй Цяўлоўскі.
Ці ведаеце вы, што ваш голас можа змяніць усё? Першая кніга вядомай тэлевядучай Кацярыны Цішкевіч - не зборнік парад, а запрашэнне ў падарожжа да сябе, да сваёй унутранай сілы, якую можна адкрыць праз уласны голас. Кацярына з яе шматгадовым досведам працы на тэлебачанні і ў сферы камунікацый дзеліцца сакрэтамі, як зрабіць сваё маўленне не толькі прыгожым, але і магутным інструментам уплыву.
Але галоўнае пытанне, якое ўзнімае аўтар: ці задумваліся вы, як моцна ваш голас уплывае на жыццё? Нават маўчанне - ужо выбар. Кацярына Цішкевіч заклікае чытачоў не толькі прачытаць кнігу, а стаць яе працягам, уласнай практыкай: "Што і як вы скажаце заўтра? І як гэта зменіць ваша жыццё і рэальнасць людзей, якія вакол вас?"
| Алесь Карлюкевіч для часопіса "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Таямніца Полацкага Фаўста і куфар казак: прапануем 5 цікавых кніг на вясну
"Пачынаецца ўсё з любві". На якія кніжныя навінкі варта звярнуць увагу?
Хочаце даведацца пра беларускае радыё ці падарожжы пісьменнікаў? Вось што варта пачытаць
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.