Неглюбскі цуд: як ствараюць беларускія аўтэнтычныя ручнікі, якія скарылі свет?
2026-06-10 18:05
Шлях жыццяУ вёсцы Неглюбка калісьці кожная жанчына ўмела ткаць. Інакш не выжыць было, як кажуць. Ткалі ўсё: ад ручнікоў і абрусаў да пасцельнай бялізны і адзення. І не кожная з’яўлялася прыроджаным майстрам. Былі такія, пра якіх казалі: "Яна нітку так заправіць, што і курыца нагу запутае".
Тэхналогіі неглюбскага ткацтва захоўваліся стагоддзямі, як і асноўныя ўзоры. Але гэта не значыць, што ўсё проста. Наадварот, ёсць шмат нюансаў у выкананні арнаментаў. Напрыклад, майстрыхі ткуць ручнікі са сподняга боку, а прыгожы правы бок бачаць толькі гатовым. Неглюбскія ўзоры адрозніваюцца асаблівай дакладнасцю, як ювелірная праца.
- Самае складанае для мяне - гэта сіметрыя, каб абодва канцы ручніка сышліся да міліметра, - гаворыць мясцовая майстрыха Алена Дзямчыхіна. - А тку іх розныя па даўжыні: ад паўтара метра для хлеба-солі да трох-чатырох метраў на сем Храстоў. Адзін узор - гэта адзін Хрэст. Бывае і на дзевяць Храстоў, да пяці метраў. А самы доўгі, трыццаціметровы ручнік "Кола жыцця", зрабіла да 30-годдзя чарнобыльскай аварыі народны майстар Людміла Кавалёва. Яго падарылі Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.
Нягледзячы на адны і тыя ж тэхналогіі, двух аднолькавых ручнікоў не бывае: у адной майстрыхі "павучкі" атрымліваюцца кругленькія, а ў іншай - больш вуглаватыя. Але гэта не галоўнае.
- Самае важнае - пажаданні дабрабыту, здароўя, дабра і любові, якія мы закладваем у нашы арнаменты, - кажа Алена Мікалаеўна. - І вядома, крышачку душы. Неглюбскія ручнікі адразу прыкметныя сваёй яркасцю і каларытнасцю. А яшчэ яны абярэжныя, бо з чырвонай нітачкай.
На белым палатне ярка-чырвоныя геаметрычныя ўзоры выглядаюць святочна. Назвы арнаментаў таксама цікавыя: "сляпыя вераб’і", "сякеркі абгароджаныя", "павук у пагонах", "кручча", "елкі", "васьмірожкі", "казельчыкі", "кучараўкі" і гэтак далей.
- Мне асабліва падабаюцца "васьмірогі", "васьмірогі з яблыкамі", "васьмірогі абгароджаныя" і, вядома, "вядзьмедзь", - смяецца Алена Мікалаеўна. - Ёсць яшчэ "калодкі зубатыя", "жабкі", "бочачкі", "верабей відзяшчы", "самавары". Усяго не пералічыць, як кажуць, ткаць не ператкаць. Я пакуль адзін ручнік датку, у галаве з’яўляюцца ідэі для наступных узораў.
"Неглюбскія ручнікі адразу прыкметныя сваёй яркасцю і каларытнасцю".Кожны ручнік, што выходзіць з-пад рук майстрыхі з Неглюбкі, - гэта цэлая гісторыя, зашыфраваная ў колерах і ўзорах. Пачынаецца ўсё з малога, як першыя крокі дзіцяці, і паступова развіваецца да вялікага, галоўнага, "серадавога" ўзору пасярэдзіне. Менавіта ад яго і залежыць, як ручнік будзе называцца: "елка", "павук" ці нешта зусім іншае.
Часам здараецца так, што новыя ўзоры кладуцца адзін да аднаго, як родныя браты. А бывае, што ніяк не хочуць ладзіць, нібыта спрачаюцца, і патрэбны малюнак не атрымліваецца. Але майстрыхі ведаюць: тут няма нічога дзіўнага, гэта частка творчага працэсу.
А што ж значаць усе гэтыя ўзоры? Этнографы, якія вывучалі старажытнае ткацтва, сцвярджаюць: ніводзін элемент не з’яўляецца выпадковым. Кожны ромб, крыжык мае глыбокі сэнс, які ткачыхі ўкладвалі ў свае творы. Гэта як малітва, што паўтараецца ў асаблівым рытме.
Вось, напрыклад, ромбы. З даўніх часоў яны сімвалізуюць жаночае поле, якое чакае насення. А калі ў цэнтры з’яўляецца маленькі крыжык - гэта ўжо мужчынскі знак агню. Разам яны - сімвал саюза мужчыны і жанчыны, нараджэння новай сям’і. А ромб з чатырма кропкамі - засеянае поле, якое чакае ўраджаю. Нават змена пор года адлюстроўваецца на ручніку: ромб з "круччамі" нагадвае спелыя каласкі. Дарэчы, знак "кручча" вельмі важны для беларусаў, яго гісторыя налічвае каля пяці тысяч гадоў. Сімвалізуе ўраджай і абнаўленне. Ёсць ён і на нашым дзяржаўным сцягу.
"Елка" ў Неглюбцы - гэта заўсёды пра вяселле. А "павук у пагонах" - хатні абаронца. "Крывуля", падобная да хваляў, - вядома ж, вада. Калі яе ткуць зверху ўніз, яна нагадвае дождж. Такім чынам, за кожным узорам так ці інакш "хаваюцца" самыя важныя каштоўнасці: сям’я, каханне і працяг роду.
Неглюбскія майстрыхі маюць дзе разгарнуцца: у іх палітры каля 25 адценняў, а ўзорамі яны могуць смела пахваліцца - больш як 120! Акрамя традыцыйных ручнікоў і абрусаў, жанчыны ствараюць і сучасныя рэчы: торбы, чахлы для тэлефонаў і нават флэшак.
- У нас ёсць не толькі посцілкі і абрусы, але і народны строй, дзе шмат тканых арнаментаў, - з гонарам расказвае Алена Дзямчыхіна. - Нашы жанчыны невялікага росту, таму прыдумалі асаблівы спосаб завязваць хустку - як птушынае гняздзечка, што дадае вышыні. А замужнія жанчыны насілі панёвы. Выглядае гэта так: два палотны, зшытыя да сярэдзіны, адно з якіх падтыкаецца пад пояс з правага боку. Лічылася, што такі скос на спадніцы рабіў фігуру больш эфектнай. Незамужнія дзяўчаты апраналі прыгожа затканыя калышкі. Наш строй - арыгінальны, яркі, такога больш нідзе не знойдзеце!
І сёння неглюбскія ткачыхі з задавальненнем дэманструюць прыгажосць традыцыйнага адзення на святах. Гэта сведчыць пра тое, што магія нітак жыве і працягвае натхняць новыя пакаленні.
Некалі ў Неглюбцы нават працаваў ткацкі цэх Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Кажуць, менавіта з таго часу неглюбскія ўзоры пачалі сваё трыумфальнае шэсце па свеце. Уявіце: ЗША, Канада, Бельгія, Францыя, Японія - усюды людзі здзіўляліся нерэальнай прыгажосці нашага ткацтва. І гэта не дзіўна, бо за кожным ручніком, посцілкай - не толькі майстэрства, але і шчырасць беларускай душы.
- Сама справа захапляе, - расказвае Алена Мікалаеўна. - А яшчэ важна, што такім чынам мы захоўваем народную традыцыю, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне.
"Дзяцей можна садзіць за кросны, як толькі яны нагамі да панажэй дастаюць".Алена Мікалаеўна - мясцовая, з Неглюбкі, як і яе мама, і бабуля. З дзяцінства яна назірала за працай на кроснах, хадзіла ў гурток ткацтва. Здавалася б, усё вырашана. Але маці паставіла ўмову: спачатку атрымаць спецыяльнасць. Таму дачка паехала ў Гомель, але, як яна сама прызнаецца, душа засталася ў Неглюбцы.
Пасля вучылішча, атрымаўшы спецыяльнасць краўца лёгкага жаночага адзення (цікава, ці шмат сукенак яна паспела пашыць?), Алена вярнулася дадому, каб зноў заняцца любімай справай. Але 1990-я былі складанымі, цэх закрылі. Некаторы час была хатняй майстрыхай, а потым, ужо ў 2000-х, знайшла сваё месца ў сельскім цэнтры ткацтва. Цяпер яна разам з Таццянай Суглоб вучыць моладзь сакрэтам неглюбскай традыцыі. І што адметна, цікавяцца ткацтвам не толькі дзяўчаткі, але і хлапчукі.
- Дзяцей можна садзіць за кросны, як толькі яны нагамі да панажэй дастаюць, - упэўнена заяўляе Алена Мікалаеўна. - Нашы бацькі так і рабілі. І мы працягваем. Бо для нас ткацтва - як шлях жыцця.
Нават васьмігадовы ўнук Саша ўжо падыходзіць да кроснаў, каб "датыкаць". Алена Мікалаеўна і сваю дачку навучыла, хоць тая пакуль не мае шмат часу, але дапамагае, калі трэба. Напрыклад, зрабіць махры на ручніку - тут патрэбна ўжо камандная праца!
Вось так у Неглюбцы перадаецца з любоўю з пакалення ў пакаленне гэта мастацтва, захоўваючы сваю прыгажосць і дух беларускай зямлі.
З гумарам і энтузіязмамЁсць такія рэчы, якія з часам не губляюць сваёй прывабнасці, а наадварот - набываюць новых прыхільнікаў. Вось і неглюбскае ткацтва - менавіта такі выпадак. І што самае цікавае, да гэтага старажытнага рамяства далучаюцца не толькі маладыя, але і дарослыя людзі. Часцей за ўсё гэта адбываецца падчас летнікаў, якія ў Неглюбцы вырашылі зрабіць сваёй штогадовай традыцыяй.
Збіраецца аматараў ткацтва сапраўды шмат, і прыязджаюць яны не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з суседніх Расіі і Літвы.
Пасля аднаго з такіх летнікаў пачаў ткаць Мікалай Асмалоўскі. Ён малодшы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.
- З неглюбскім ткацтвам, як са з’явай, феноменам, які існаваў на нашых землях, пазнаёміўся яшчэ ў 2018 годзе дзякуючы заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Галіне Рыгораўне Нячаевай, - расказвае Мікалай. - Тады яна ўзначальвала Веткаўскі музей. Галіна Рыгораўна неверагодна ўмее наблізіць далёкае. Яна здолела пераканаць, што ручнік - жывая традыцыя, раскрыла яе на сімвалічным узроўні. Гэта зачароўвае і дазваляе паглядзець на звычайныя бытавыя прадметы пад зусім іншым вуглом.
Аднак перайсці да практыкі Мікалай рашыўся не адразу. Падштурхнула аб’ява, якую размясцілі ў музеі: запрашалі на чарговы ткацкі летнік у Неглюбку. І хлопец рызыкнуў. А на пачатку 2023 года дырэктар Веткаўскага музея Пётр Міхайлавіч Цалка прапанаваў Мікалаю працу. Між іншым намякнуў, што тут ёсць кросны - будзе магчымасць папрактыкавацца. І да Неглюбкі не так ужо і далёка. Гэта, як адзначае сам Мікалай, былі вельмі моцныя аргументы. Так пачалася яго праца з музейнымі калекцыямі і далейшае знаёмства з тканымі шэдэўрамі. У Веткаўскім музеі сабрана надзвычай багатая калекцыя рэгіянальнага ткацтва. Блізу трох з паловай тысяч - агульны тэкстыльны фонд, паўтары тысячы - тканы. З іх тканых ручнікоў болей за тысячу. Астатняе - посцілкі, хусты, сарочкі і гэтак далей.
Цікава, у каго з неглюбчанак Мікалай вучыўся ткацтву?
- Пакрышачку ва ўсіх носьбітаў традыцыі, народных майстроў, - адказвае ён. - Гэта Людміла Васільеўна Кавалёва, Алена Мікалаеўна Дзямчыхіна, Таццяна Паўлаўна Суглоб. Яны мне і сёння заўсёды гатовы дапамагчы разабрацца з асаблівасцямі неглюбскага ткацтва, вырашыць любыя практычныя пытанні. Вельмі рады, што маю дачыненне да гэтай традыцыі, якая развіваецца і цяпер. Акрамя таго, наш музей вядзе шырокую экспедыцыйную дзейнасць. І ў мяне ёсць магчымасць сустрэцца з папярэднім пакаленнем ткачых. Яны ўжо не працуюць, але могуць шмат цікавага расказаць, як развівалася рамяство. Да свайго ткацтва Мікалай Асмалоўскі ставіцца вельмі самакрытычна. Гаворыць, што пакуль яму цікавей вывучаць тэхналагічныя асаблівасці. Гэта лепш рабіць паўтараючы арыгіналы. Выткаць можна ручнік з любымі ўзорамі, але яму прынцыпова захоўваць менавіта традыцыйнасць. Без нагледжанасці і напрактыкаванасці гэтага не дасягнуць.
"На гатовым варштаце і жаба будзе ляпаць - невыпадкова ж такое выслоўе існуе".- З дзясятак ручнікоў выткаў, - расказвае пра свае дасягенні малады чалавек. - Праўда, толькі адзін па неглюбскіх тэхніках "закладанне пад палатно" і "раз подле раз", якія патрабуюць асаблівай уважлівасці. Асвоіў шмат прыгожых арнаментальных элементаў, больш за ўсё падабаецца "гяргеня". Цудоўна выглядае на вырабе!
Паводле слоў Мікалая Асмалоўскага, на беларускай зямлі вельмі багатыя і разнастайныя ткацкія традыцыі. Толькі ў іх рэгіёне - Беларускім Пасожжы-Падняпроўі, уключаючы сучасны паўднёвы ўсход Гомельшчыны, поўдзень Магілёўшчыны і частку Браншчыны, - Галіна Нячаева ў сваіх даследаваннях вылучыла каля дзясятка. Таму поле дзейнасці для апантанага ткача вельмі вялікае. Мікалай і сам ператыкаў ручнікі па старажытнай традыцыі майстроў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельшчыны.
- Самае складанае - наладзіць кросны, - падкрэслівае ён. - На гатовым варштаце і жаба будзе ляпаць - невыпадкова ж такое выслоўе існуе. Але гэта як з музыкай: можна ведаць усе ноты, але каб стварыць сапраўдны твор, патрэбны талент і адчуванне. Так і з ткацтвам: тэхніка - аснова, але душа і творчасць - тое, што робіць ручнік шэдэўрам. І яшчэ адно: калі ты не адчуваеш матэрыял, то і вынік будзе не той. Кожны від нітак мае свой "характар". І вось каб з імі паладзіць, яго трэба адчуць.
Стварэнне ўзораў, асабліва складаных, патрабуе шмат часу. Калі яны складаюцца з дробных элементаў, як, напрыклад, у неглюбскім ткацтве пры "закладанні тройкамі", то праца становіцца вельмі карпатлівай. Кожны элемент асобнага колеру трэба закладаць (вытыкаць) асобным "кнотам" (пасмай нітак), які трэба перакласці. Калі ў арнаменце дзесяць адценняў, гэта ўжо дзесяць такіх "кнатоў". А калі ўзор яшчэ і разбіты на часткі, то, каб выткаць адзін шэраг, можа спатрэбіцца трыццаць, сорак ці нават пяцьдзясят асобных аперацый. Такая карпатлівая праца, магчыма, і прывяла да распаўсюджанай думкі, што ткацтва - пераважна жаночае рамяство.
Аднак Мікалай Асмалоўскі катэгарычна не згодны.
- Гэта моцны стэрэатып, абумоўлены асаблівасцямі нашай традыцыйнай культуры, - падкрэслівае ён. - Ва ўсходніх славян традыцыйнае ткацтва ў сялян было жаночым абавязкам. У іншых традыцыях - Індыі, Афганістана, Інданэзіі, Кітая, Японіі - ткацтва часта мужчынская справа. Да таго ж ёсць і ў нас такія прыклады. Мужчыны працавалі на ткацкай фабрыцы Пуслоўскага, ткалі палатно.
Суразмоўца лічыць, што ручнікі і іншыя тканыя вырабы, створаныя па архаічных тэхніках, з’яўляюцца мастацкімі творамі і патрабуюць адпаведных умоў захавання. Як карціны ў Нацыянальным мастацкім музеі - з пэўнай вільготнасцю і абаронай ад сонечных прамянёў. Таму часам у фондах Веткаўскага музея захоўваецца арыгінал, а на выставе экспануецца яго якасная копія. Мікалай Асмалоўскі і сам здолеў дастаткова добра выткаць адну рэпліку.
Неглюбскі ручнік відаць здалёкуАле не толькі народны шэдэўр з вёскі на Гомельшчыне адзін такі адмысловы.
Навукоўцы з Акадэміі навук глыбока вывучалі арнаментальнае ткацтва падчас этнаграфічных экспедыцый, даследуючы музейныя калекцыі. Настолькі захоплена яны падышлі да справы, што нават самі асвоілі тэхніку ткацтва. Праўда, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава адзначае, што хоць і можа працаваць на кроснах, накідаючы ніткі, гэта хутчэй сведчыць пра разуменне старажытных тэхналогій, чым пра майстэрства.
У Навукова-даследчым музеі беларускага мастацтва і культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі можна на свае вочы пабачыць прыгажосць тканых вырабаў.
На нашай зямлі традыцыя арнаментальнага ткацтва была надзвычай распаўсюджана, і яшчэ ў другой палове мінулага стагоддзя кросны стаялі ў многіх вясковых хатах.
- Раней палатно ткалі паўсюдна, бо гэта аснова традыцыйнага адзення, - расказвае Марыя Віннікава. - Выраблялі яго звычайна з лёну, які на Беларусі паважліва называлі "Божая свяча". Лічылася, што адзенне з белага льнянога палатна дае апеку вышэйшых сіл. Таму там, дзе заканчвалася кашуля ці спадніца, трэба было абавязкова паставіць мяжу ад нячысцікаў. І гэткай мяжой з’яўляўся менавіта абярэжны арнамент з чырвоных нітак, хай нават просценькі, самыя звычайныя палоскі.
- Ткацтва на Беларусі - адно з найбольш развітых традыцыйных мастацкіх рамёстваў, - расказвае Марыя Віннікава. - Яно настолькі захапляла, што людзі, калі ўжо перасталі мець патрэбу ў саматканых тканінах, усё роўна працягвалі займацца ім. Можа толькі пераключыліся на больш папулярныя вырабы - тыя ж дэкаратыўныя ручнікі, якія і тады, і сёння застаюцца важным атрыбутам абраднасці. Архаічны ці сучасны - кожны ручнік заслугоўвае асаблівай увагі. У ім сапраўды ёсць нешта запаветнае і каштоўнае для душы і сэрца кожнага беларуса.
Ручнік у беларускай культуры - найперш сімвал. Яго прыгожа вешалі над абразамі ў "чырвоным куце" - самым пачэсным месцы ў хаце. Лічылася, што ручнік - як бы лесвіца да неба, па якой малітвы даходзяць да Бога. Таму на ім часта можна ўбачыць шмат палосак, якія нагадваюць прыступкі. На вяселлі маладых сустракалі хлебам з соллю на ручніку, а потым іх рукі звязвалі ручніком, каб яны жылі ў згодзе.
Як адзначае Марыя Віннікава, арнаменты на ручніках - быццам бы сучасны штрых-код. Раней па ўзорах на адзенні можна было зразумець, з якога рэгіёна чалавек. Гэтыя адметнасці захоўваліся да канца ХХ стагоддзя, нават калі традыцыйны строй ужо не насілі. Напрыклад, на падоле спадніц жанчыны прышывалі каляровыя стужкі, якія імітавалі арнаментальныя тканыя палосы. Кожная вёска мела свае асаблівасці: у адной прынята было тры палосы, недзе дзве, а дзесьці адна. Так мясцовыя жыхары адрознівалі адзін аднаго.
"Архаічны ці сучасны - кожны ручнік заслугоўвае асаблівай увагі".Арнаменты былі не толькі ўпрыгажэннем, але і… мовай. Яны расказвалі пра сям’ю, статус, нават пра настроі і пажаданні. Кожны элемент і колер меў сваё значэнне. Чырвоны сімвалізаваў жыццё, любоў і абараняў ад злых духаў. Сіні - неба, ваду і спакой. Зялёны - прыроду, рост і маладосць. Геаметрычныя фігуры, такія як ромбы, квадраты, крыжы, таксама мелі глыбокі сэнс, звязаны з сонцам, зямлёй і плоднасцю.
Кожны рэгіён Беларусі адрозніваўся сваімі асаблівасцямі ў ткацкай справе. Найбольш старажытныя ўзоры захаваліся на Заходнім Палессі - у Іванаўскім, Івацэвіцкім і Пінскім раёнах. Там, нягледзячы на простыя тэхнікі ткацтва, майстры стваралі вельмі прыгожае і тонкае палатно. Пазней з’явіліся больш складаныя ўзорыстыя тканіны.
У Навукова-даследчым музеі беларускага мастацтва і культуры захоўваецца аўтэнтычны ручнік XIX стагоддзя з вёскі Моталь. На ім ёсць звычайныя чырвоныя палоскі, ніжэй - чорная, а потым - прышыты шматок. Марыя Віннікава тлумачыць, што традыцыйная культура вельмі рацыянальная. Ніводзін шматок не выкідваўся. Калі ткалі палатно, то з рэшткаў асновы рабілі вузельчыкавыя карункі, а кароткія прыступы прышывалі на канцы ручнікоў. Яны былі адметнасцю абрадавага строю ў сватоў.
Ручнікі, як сцвярджае наша суразмоўца, - сапраўднае люстэрка беларускага народнага ткацтва, бо адлюстроўвае ўсе рэгіянальныя асаблівасці. Кожны рэгіён мае свае ўласныя, непаўторныя рысы.
Напрыклад, пінскі ручнік адразу вылучаецца паласатасцю. Шматлікія папярочныя палосы, праз якія праглядае белае льняное палатно, - яго галоўная адметнасць. Падобныя элементы можна ўбачыць і ў тканых вырабах Івацэвічскага і Іванаўскага раёнаў.
На Усходнім Палессі, акрамя простага палатна, з’яўляецца і ромба-геаметрычны арнамент, пашыраецца арсенал ткацкіх тэхнік, дасягаючы васьмінітовага ткацтва.
Марыя Віннікава падкрэслівае, што Падняпроўе - найбагацейшы рэгіён беларускага народнага ткацтва. Тутэйшыя вырабы адрозніваюцца складанымі арнаментамі з мноствам дэталей пераважна чырвонага колеру. Такім быў і неглюбскі ручнік у сярэдзіне ХХ стагоддзя.
Арнаментам упрыгожаны не толькі канцы ручніка, але і папярочныя палоскі, што надавала яму асаблівую дэкаратыўнасць. Майстрыхі не памыляюцца, кажучы, што неглюбскія шэдэўры відаць здалёку.
З цягам часу, як і ў іншых рэгіёнах, у Неглюбцы пачалі выкарыстоўваць больш разнастайныя колеры. Аднак традыцыйная кампазіцыя ранейшая: шырокая паласа арнаменту пасярэдзіне ручніка, а па баках - больш тонкія дэкаратыўныя палосы. Зусім іншую тэхніку можна ўбачыць на рагачоўскім ручніку. Закладное ткацтва дазваляла ствараць лаканічныя ўзоры, падобныя да габеленаў.
"Арнаментальнае ткацтва і сёння застаецца глыбокай плынню беларускай культуры".На Гродзеншчыне, на Панямонні, прасочваецца сваё, асаблівае традыцыйнае ткацтва. Сюды праз Паўночны Захад да нас прыйшлі новыя рамесніцкія тэхнікі ткацтва. Менавіта тут у канцы XIX стагоддзя адкрылі школы-майстэрні, дзе вясковых дзяўчат вучылі больш складаным технікам шматнітовага ткацтва. Выкарыстоўваліся нават спецыяльныя ўзорнікі, распрацаваныя мастакамі, а таксама прыязджалі замежныя майстры-настаўнікі.
Лідскі ручнік Марыя Віннікава лічыць прыкладам эксклюзіўнага белаўзорыстага ткацтва. Яго асаблівасць у тым, што праз фактуру палатна перадаецца шчыльны рэльефны ўзор, выкананы белымі ніткамі на белым фоне.
Віцебшчына - край азёраў, многа вады і паветра. І гэта асаблівасць адлюстравалася ў ручніках мясцовых майстрых, лічыць даследчыца.
- Узоры па тэхналогіі "выбранае ткацтва" размешчаны больш шырока і павольна. Шмат белага поля. Яно размывае чырвоны колер, і здаецца, што вытканыя вобразы вельмі лёгкія, - тлумачыць Марыя Мікалаеўна.
Цэнтральны рэгіён Беларусі, наадварот, сабраў розныя ткацкія тэхнікі. Аднак ёсць тут і свае адметныя нюансы. Напрыклад, бранае ткацтва выяўляецца ў нешырокіх, але выразна акрэсленых бардзюрных рамках, што адрознівае мясцовыя ручнікі ад іншых.
На Случчыне і Капыльшчыне бліжэй да ХХ стагоддзя адной з першых распаўсюдзілася новая для таго часу тэхніка - пераборнае ткацтва. Стваралі буйныя дэкаратыўныя ўзоры не толькі на ручніках, але і на абрусах, посцілках.
- Арнаментальнае ткацтва застаецца глыбокай плынню беларускай культуры, - падкрэслівае Марыя Віннікава. - І дзякуючы абласным і раённым цэнтрам рамёстваў, майстрам, якія працуюць у розных рэгіёнах нашай краіны, бачым адраджэнне цудоўнага рамяства. Гэта дазваляе нам не толькі ганарыцца спадчынай, але і ўспрымаць яе як жывую традыцыю, што знітоўвае многія пакаленні беларусаў.
Напрыканцы 2025 года неглюбскую традыцыю ткацтва ўключылі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта не толькі прызнанне на сусветным узроўні яе ўнікальнасці і неабходнасці захоўваць, а і магчымасць падтрымаць аўтэнтычную традыцыю, зрабіўшы яе асновай для будучага развіцця. Майстрыхі, якія працуюць за кроснамі, пацвердзяць: у кожным сантыметры тканіны, якую яны ткуць, спалучаецца практычнасць і прыгажосць, глыбокі сімвалічны сэнс і народная мудрасць, добрыя пажаданні родным і блізкім і іх асабістае адчуванне свету. Хіба ж не цуд ствараюць неглюбскія ткачыхі, уплятаючы ў кожную нітку час, любоў і душу?
| Сняжана Міхайлоўская, часопіс "Беларуская думка". Фота з архіва БЕЛТА, а таксама з адкрытых крыніц.
Чытайце таксама:
Что могут белорусские мастера? Заглянули в "Скарбницу", чтобы увидеть тонкую работу
Как создают картины из битого стекла?
"Не бойтесь пробовать". Рассказываем, почему белорусская народная песня доступна каждому
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.