"Менш шуму - больш справы". Гэта беларуска 38 год шчыруе над культурай Стаўбцоўшчыны

2024-11-08 10:35
Наша гераіня не гоніцца за славай, і слова "трэба" для яе даўно стала вызначальным. Едзем у Вішнявец. Аграгарадок утульна ўладкаваўся ля старога тракту напаўдарозе ад Стоўбцаў да Нясвіжа. Да 1962 года гэта было мястэчка Гавезна, пра якое яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя згадваў Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх нататках "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах". Кажуць, нейкага вялікага начальніка надта нерваваў немілагучны тапонім, і населены пункт перайменавалі. На пачатку 2000-х з падачы вучоных быццам бы намерваліся аднавіць гістарычную назву, але далей за размовы справа не пайшла.
Ці варта шкадаваць, што не вярнулі страчанае? Пытанне спрэчнае. Галоўнае, што Вішнявец стаў прыгожым і ўтульным аграгарадком, абзавёўся ўсім неабходным для камфортнага жыцця сацкультбытам. Мясцовы Дом культуры выдзяляецца з розных прычын, і адна з іх у тым, што ўзначальвае яго адзін з найлепшых культработнікаў краіны.Уваходзім у прасторнае і светлае фае, якое адначасова служыць лакацыяй для масавых мерапрыемстваў накшталт навагодніх ранішнікаў і дыскатэк. Адсюль можна трапіць у глядзельную залу. У Вішнявецкім СДК яна досыць вялікая, нават з балконам, - на 260 чалавек. Мяккія, утульныя крэслы, на якіх так і хочацца пасядзець, яркая, з густам аформленая сцэна. І цёпла, што немалаважна. Хораша тут!На другі паверх вядзе стромкая лесвіца. Архітэктар, напэўна, вельмі жадаў, каб вясковы Дом культуры ўнутры выглядаў не горш за якія-небудзь вытанчаныя інтэр’еры. Але, відаць, крыху перастараўся: таго і глядзі звалішся з прыступак.На паверсе - пакоі для ўдзельнікаў аматарскіх калектываў і клубных аб’яднанняў, невялікі начальніцкі кабінет, у якім, апроч загадчыка, месцяцца яшчэ два супрацоўнікі. Працуюць таксама бібліятэка і філіял музычнай школы. Юрыдычна яны з Домам культуры ніяк не звязаны, але ўсе "падраздзяленні" сябруюць і часта аб’ядноўваюць свае творчыя намаганні.Зацікавіў пакой вольнага часу. Тут цэлае царства цацак і розных забавак. Расклад яго працы зручны для дзетак: прыходзь і забаўляйся, чым душа жадае. Нядаўна спонсар - ААТ "Вішнявецкі-агра" - набыў у пакой вольнага часу вялікі, зручны стол. Клапоцяцца ў гаспадарцы пра культуру будучых сваіх працаўнікоў.Жаночы дуэт "Пяшчота" пабываў з канцэртамі шмат дзе ў Беларусі і суседніх краінахА вось і гаспадыня вішнявецкага "ачага культуры" - Тамара Серафімаўна Хватава. Літаральна з першай хвіліны знаёмства пранікся сімпатыяй да яе і даверам. Харызма ў жанчыны такая, ці што? Са здзіўленнем даведаўся, што на культурнай ніве Стаўбцоўскага раёна яна шчыруе ажно 38 гадоў. Магла даўно пайсці на заслужаны адпачынак. І збіралася ўжо неаднойчы, муж і дзеці таксама настойвалі, а як дайшло да справы, то нават "уявіць сябе ў хаце" не атрымалася. Якая вернасць і адданасць прафесіі!Напэўна, мяркуеце ўжо, што ўсё ў жыцці Тамары Хватавай складвалася як па наезджанай каляіне? Не зусім. Дакладней, зусім не так.Расла яна ў вёсцы Шарупы Шчучынскага раёна, дзе "каталікоў больш, чым праваслаўных". У дзяцінстве марыла стаць… Ну кім, як думаеце? Вядома ж, спявачкай. Пра сцэнічную славу тады, будуючы паветраныя замкі, мроілі многія дзяўчынкі. Мара ж нашай гераіні не была пераменлівым дзіцячым капрызам. Дзяўчынка вельмі любіла спяваць, і гэта ў яе атрымлівалася выдатна. Любоў да песні перадалася ёй ад бабкі Ганны Жылкоўскай. Гануля, як звалі яе вяскоўцы, спявала надта хораша, ведала шмат песень, у тым ліку старадаўніх.- Мяне, маленькую, паставяць ля ёлкі, і я спявала такія дарослыя песні, як "Милая мама", "Растет в Волгограде березка". І людзі мяне слухалі, - з усмешкай згадвае Тамара Серафімаўна. - Хацела паступіць некуды, каб спяваць, але бацька не вельмі добра да гэтага ставіўся. Гаварыў мне ўвесь час, што з музы´кі хлеб невялікі, а з гулякі ніякі. Ён чалавекам з пачуццём гумару быў.Смех смехам, але бацькоўскае рашэнне было непахісным: юную артыстку адправілі ў сталічнае вучылішча харчавікоў вучыцца на фармоўшчыцу каўбасных вырабаў. Але трэба ведаць Тамару Хватаву! У сталіцы яна стала першай на конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. За перамогу дзяўчыне ўручылі пуцёўку на 12 дзён у дом адпачынку на Нарачы. Уявіце, ёй тады яшчэ не было шаснаццаці."Гаварыў мне ўвесь час, што з музыкі хлеб невялікі, а з гулякі ніякі".- А як прыязджала дамоў, то сельскі клуб чакаў мяне ўжо, - расказвае Тамара Серафімаўна. - З трыма хлопцамі-музыкантамі, якія жылі па-суседску, на адкрытай бартавой машыне ехалі, як мы гаварылі, на "польскія" вёскі спяваць, па дарозе рэпеціравалі. Усялякія песні выконвалі: і беларускія, і рускія, і польскія, бабка Гануля навучыла мяне старадаўнім. Дагэтуль помню іх. Адна была такая, што я плакала заўсёды (напявае): "Схоронив жену одинокую, стал отец для детей как не свой. И нашел жену себе новую, с гордым сердцем и коварной душой".Генадзь і Тамара. Фотакалаж з сямейнага альбомаШто праўда, то праўда: песня ў яе жыцці была заўсёды. І калі вучылася ў Пінскім мяса-малочным тэхнікуме, і калі адправілі адпрацоўваць тэхнолагам на мясакамбінат у Грандзічы пад Гродна.Там сустрэла хлопца, з якім у адну школу хадзілі, ён вучыўся са старэйшым братам Тамары.- Шаснаццатага верасня мне споўнілася 18, а на "акцябрскія" ўжо вяселле згулялі. Маладая зусім: не было 19, як нарадзіўся сын, - расказвае Тамара Серафімаўна. - Але сумеснае жыццё не склалася. Немаўляці было тры месяцы, як мы разышліся. Ну, а потым… (уздыхае). Доўга была адна, а затым сустрэўся мне харошы чалавек.Муж Генадзь з Крупак. Возера Худава, Сялява, да якой рукой падаць, - Тамара Серафімаўна спрабуе патлумачыць мне дакладную геалакацыю мужнінага бацькоўскага дома. Ёсць дзе адпачыць, але ж няма калі ездзіць.Жывуць Хватавы ў Мархачоўшчыне, да Вішняўца кіламетраў восем. Некалі завабілі іх сюды домам. Потым перавезлі і бацькоў Тамары. Праз два дамы ад іхняга жывуць цяпер яе 88-гадовая маці і сын Віктар, ён працуе ў мясцовай гаспадарцы. Бацька, на жаль, пайшоў з жыцця.У Мархачоўшыне ў Тамары і Генадзя здарылася вельмі радасная падзея - нарадзілася дачка. І ўсё ж Хватава шчыра кажа: хоць сама вясковая, доўга прывыкала да новага месца жыхарства.- Адна назва вёскі чаго вартая, і людзі чужыя, але… - Тамара Серафімаўна па-майстэрску вытрымлівае паўзу, яшчэ больш распальваючы маю цікаўнасць. - Але ў мясцовым клубе была добрая самадзейнасць, і як толькі дачцэ споўнілася дзевяць месяцаў, пайшла спяваць. Мяне не ўтрымаць было. Хаця мужу гэта не падабалася.Рабочыя моманты. На рэпетыцыі новай канцэртнай праграмы. За гукарэжысёрскім пультам - Андрэй ШыбкоДа свята Перамогі ў райцэнтры ладзілі конкурс мастацкай самадзейнасці. Дзявятага мая ў тым годзе выдалася халоднае, нават завейка бралася.- Аўтобусаў не было, а да Стоўбцаў кіламетраў дзесяць. І я выправілася пешшу, - гаворыць Тамара Серафімаўна. - Каб паспяваць адну песню. Дайшла ажно да Свержня, а там ужо мяне падвезлі."Як толькі дачцэ споўнілася дзевяць месяцаў, пайшла спяваць".Знакамітая "Мой милый, если б не было войны" ў яе кранальным і шчымлівым, ні на каго не падобным выкананні літаральна скарыла залу. Гэта перамога на раённым конкурсе неўзабаве назаўсёды зменіць жыццё Тамары Хватавай. Яе выклікалі ў райкам партыі і літаральна ўгаварылі пайсці ў Мархачоўшчынскі клуб загадчыкам. Там Тамара Серафімаўна адпрацавала тры дзясяткі (!) гадоў. Культурнае жыццё ў Мархачоўшчыне, як дасціпна заўважае Хватава, кіпела і з бабкамі, і з моладдзю.- Памятаю, тагачасны начальнік райаддзела культуры Анатоль Васільевіч Грэкаў выклікаў мяне і гаворыць: "Ну як так?! Нейкая каўбасная спецыяльнасць у цябе. Трэба паступаць у інстытут", - расказвае Тамара Серафімаўна. - Адвучылася добра. Група была вельмі таленавітая. Ездзілі кругом, выступалі, па тэлебачанні нас паказвалі. А Міхаіл прыязджаў і іграў як музыкант нам.Міхаіл Міхайлавіч Міткевіч, ці проста МММ, - чалавек-легенда Стаўбцоўбскага краю: 60 (!) гадоў у сферы культуры! Гарманіст і баяніст, таленавіты чытальнік, пераможца і лаўрэат усемагчымых конкурсаў і фестываляў, незаменны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, што ладзіць Вішнявецкі СДК, ведае на памяць ці не ўсю коласаўскую "Новую зямлю". З ім у маладосці Тамара Серафімаўна спявала дуэтам.- Харошая дзеўка была, - адвешвае камплімент свайму цяперашняму кіраўніку Міхаіл Міхайлавіч.У Мархачоўшчынскім клубе ўзнік і жаночы дуэт "Пяшчота", які праз трыццаць гадоў (сёлета якраз юбілей) па-ранейшаму любяць і без якога не абыходзіцца ніводны канцэрт. Яго стварылі Тамара Хватава і Вольга Станкевіч, яе найпершая памочніца. У Вольгі прыгожы высокі голас, Тамара спявае другім. Дуэт аб’ездзіў усю Беларусь, шмат дзе пабываў у суседніх краінах. Чаму "Пяшчота", дадумаць нескладана. Але якая сувязь гэтай назвы са Стаўбцоўшчынай, коласаўскімі мясцінамі? Высвятляецца, ёсць.- Доўга думалі, як назваць, - гаворыць Тамара Серафімаўна. - І прыдумалі. У нас жа ў Акінчыцах ёсць драўляная скульптура "Пяшчота": стаяць удваіх, прыхінуўшыся адно да аднаго… І рэпертуар у нас цёплы, душэўны, лірычны. Спяваем тое, што падабаецца людзям. Не, не фальклор, ім займаецца наш аматарскі калектыў "Раніца".Фінал кіпучага культурнага быцця ў Мархачоўшчыне амаль супаў з выхадам на заслужаны адпачынак. Клуб закрылі, а Тамара Серафімаўна развітацца з ранейшым жыццём не захацела. Калі па праўдзе казаць, то, відаць, не змагла. Стала працаваць на паўстаўкі ў Вішнявецкім СДК. Такой бяды, што далекавата - занадта важны для яе быў гэты выбар.У 2017-м Хватавай прапанавалі пасаду загадчыка. У кіраўнікі жанчына не рвалася, але ёсць магічнае слова "трэба", супраць якога аргументаў у Тамары Серафімаўны не знайшлося - не такі яна чалавек. Да таго ж яе запэўнілі, што гэта часова.- Папрасілі на паўгода, і во працую дагэтуль, - у голасе Хватавай цэлы спектр эмоцый, і складана зразумець, чаго тут больш: радасці і задавальнення альбо заклапочанасці і адказнасці, бо, паводле яе ж трапнага выказвання, гэта не толькі спяванне - за ўсё адказны загадчык. Нават за дзяцей з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Іх наведваюць дома, прыцягваюць да заняткаў у клубных гуртках.У зоне культурнага ўплыву Вішнявецкага СДК, апроч аграгарадка, яшчэ восем вёсак. Насельніцтва агулам ва ўсім наваколлі каля тысячы чалавек, яшчэ недзе шэсцьсот у самім Вішняўцы. Вёска не горад. Тут іншыя рытм і светаадчуванне, адносіны паміж людзьмі. Хочаш таго ці не, каб заслужыць павагу і аўтарытэт, мала падладзіцца да вясковай рэчаіснасці, гэтым напоўніцу трэба жыць."Папрасілі на паўгода, і во працую дагэтуль".- На сяле людзі шмат працуюць. Тая ж даярка не бачыць белага свету, трактарысты… - разважае Тамара Серафімаўна. - Пасля працы хочацца і ў хаце што зрабіць, бо ў кожнага гарод і гаспадарка. Але прыходзяць. Праўда, моладзі малавата.У пакоі вольнага часу Вішнявецкага СДКЗагадчык Дома культуры заўважае, што з інтэрнэтам вяскоўцы сталі больш цяжкія на пад’ём. У Вішнявец часта запрашаюць вядомыя прафесійныя калектывы і выканаўцаў. Ёй непрыемна, што канцэрты часам праходзяць без аншлагу. З іншага боку, нямала людзей рэгулярна і з вялікай ахвотай наведваюць Дом культуры.Да таго ж, здаецца, вішнявецкія культработнікі знайшлі дзейсны метад супраць віртуальнай павуціны і чалавечага "няма часу". Пастаянна арганізоўваюць выязныя канцэрты. Ходзяць па хатах, каб павіншаваць добрым словам і песнямі юбіляраў. Выступаюць ва ўсіх вёсках у фармаце выязнога клуба. Уявіце сабе, самадзейныя артысты ездзяць следам за аўталаўкай: людзі купляюць неабходнае, а яны спяваюць.А святы вёсак? Іх праводзяць улетку. На Стаўбцоўшчыне гэта ўвогуле асобная гісторыя. Іх тут ладзяць ад душы, з густам!- Нават дзе дзве-тры хаты, усё роўна едзем. А як жа інакш? - паціскае плячыма Тамара Серафімаўна. - Менш шуму - больш справы."У культуры на вёсцы не кожны зможа працаваць. Тут патрэбны "ненармальныя".Лішне казаць, без культработнікаў не абыходзіцца ніводная значная падзея ці свята ў Вішняўцы і ваколіцах. Калектывы Дома культуры, у тым ліку дзіцячы "Дамісолька", - пастаянныя ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Знакаміты тэатр мініяцюр "Гавязнянка", гісторыя якога вядзе свой адлік ажно з 1961 года і які летась зноў пацвердзіў ганаровае званне народнага, не так даўно з поспехам выступіў на абласным фестывалі гульні і гумару "Капыльскія пацехі". Калектыў заняў першыя месцы ў дзвюх намінацыях. "На стаўбцоўскім кірмашы пасмяёмся ад душы" абяцалі самадзейныя артысты на фестывальнай афішы. Так яно і сталася. Поспех народнага тэатра, галоўным рэжысёрам якога з 2018 года з’яўляецца Галіна Азановіч, ашаламляльны.- Я вельмі люблю свой калектыў. Разумеем адно аднаго з паўслова, вельмі дружныя, - усміхаецца Тамара Хватава. - Трэба рана ўстаць ці ў выхадны - ніякай бяды з імі.Без "каровы" вішнявецкім артыстам ні туды і ні сюды. На фестывалі гульні і гумару "Капыльскія пацехі"Бяда здарылася ў 2020-м. З самой Тамарай Серафімаўнай - яна трапіла ў аварыю, перасталі слухацца ногі.- Але я навучылася хадзіць і вярнулася сюды. Праз год, - расказвае яна, стараючыся наўмысна заставацца спакойнай. - Мяне чакалі і так добра сустрэлі: "Любім цябе, Серафімаўна". І я іх люблю вельмі і не магу ўявіць, што буду ў хаце. Я сябе тут асабліва не стаўлю як кіраўнік. Мы ўсе на роўных. Але мяне, канешне, слухаюць. Здараецца, пакрычу нават… Усе харошыя. Галоўнае, што таленавітыя. Мне пашанцавала з гэтым.Культарганізатар Андрэй Шыбко вядзе аматарскія аб’яднанні для дзяцей, адкрывае для іх розныя камп’ютарныя магчымасці. Увогуле, усё, што звязана з тэхнікай, у Доме культуры на ім. Ён і аператар, і гукарэжысёр. На працу ездзіць са Стоўбцаў.- Тут усё неяк ярчэй і цяплей, больш згуртавана, дапамагаем адно аднаму, - гаворыць Андрэй Шыбко. - Праца дае мне натхненне. Некаторыя дзеткі ў нас унікумы, займаюць першыя месцы на розных прэстыжных конкурсах.З Нінай Хвіцько, якая амаль сорак год працуе ў Вішнявецкім сельскім Доме культурыСтаранны ўдзельнік клубных калектываў - і танцуе, і спявае, і чытае - прыбіральшчыца Ніна Хвіцько. Налета будзе сорак гадоў, як яна працуе ў Вішнявецкім СДК. Лічы, амаль уся гісторыя ўстановы культуры (пабудавалі ў 1976-м) прайшла на яе вачах. І тое, як Дом культуры выглядае цяпер, чым напоўнены яго працоўныя будні, Ніну Аляксандраўну вельмі цешыць.- Ніхто пра новага дырэктара нават не думаў, - гаворыць жанчына, згадаўшы той год, калі працавалі без Хватавай."Тут трэба любіць проста душой".Прыехалі мы ў аграгарадок Вішнявец ў выхадны для культработнікаў панядзелак, таму не змаглі сустрэцца з усімі 11 супрацоўнікамі Дома культуры. Але і гэтых кароткіх знаёмстваў хапіла, каб зразумець, якія самаадданыя і творчыя тут людзі.- У культуры на вёсцы не кожны зможа працаваць. Тут патрэбны "ненармальныя", вы ж зразумейце, - крыху гарачыцца Тамара Серафімаўна. - Гэта трэба забыць пра сям’ю, пра хату, пра ўсё на свеце. Добра, як дзеці і ўнукі павырасталі, а ёсць жа і маладзейшыя супрацоўнікі. Муж ужо прывык, куды ён дзенецца?! Яшчэ можа і сам завезці туды, дзе нам трэба выступаць.Цікаўлюся ў Хватавай, на якой пазіцыі, на яе думку, будзе работнік культуры ў своеасаблівым рэйтынгу мясцовай вясковай інтэлігенцыі.- Да нас ставяцца з павагай, - дыпламатычна заўважае Тамара Серафімаўна. - За столькі гадоў зарабілі яе. І лічацца з намі, дапамагаюць. Трэба любіць тое, што робіш. Адданым быць справе, якой займаешся. Іначай нічога не атрымаецца. Шмат было такіх: адпрацуе два гады - і пайшоў. Звычайная "адбывалаўка". А тут трэба любіць проста душой. Такія людзі рэдкасць, але яны ёсць, дзякуй Богу.У Тамары Серафімаўны двое ўнукаў. Дзяніс адслужыў у арміі, працуе ў Дэпартаменце аховы МУС. Дар’я - школьніца, вучыцца ў 7-м класе. Дачка Алена, хоць закончыла музычную школу і мае добры голас, выбрала чыгунку.Пра такіх, як Міхаіл Міткевіч, кажуць: і швец, і жнец, і на дудзе ігрэцНядаўна ўнук абрадаваў сваю бабулю.- Прыедзе ў госці з дзяўчынай, - задаволена ўсміхаецца Тамара Серафімаўна. - Я рана выйшла замуж, можа, рана і прабабкай стану.- Напэўна, гэта ж не адзінае ваша жаданне? - з пэўным падвохам цікаўлюся.- Каб гады маладыя вярнуць ды больш папрацаваць, каб ногі лепей хадзілі… Новыя касцюмы пашыць, святламузыку набыць, жалюзі на вокны. Каб людзі часцей наведвалі Дом культуры, - пералічвае Тамара Серафімаўна Хватава, і, крыху памаўчаўшы, дадае: - Хочацца жыць і радавацца душой, любіць Радзіму сваю, прыгожую і непаўторную, дарыць радасць землякам. Бо мы жывём у цудоўнай краіне!…З цішыні і спакою залатога вясковага дня вяртаемся ў шумную сталіцу. На душы хораша і ўтульна. Так звычайна бывае, калі лёс дорыць сустрэчу са шчырымі і нераўнадушнымі людзьмі, якія светлыя душой і сваімі жыццёвымі памкненнямі.А можа, гэта ўсё найсмачнейшая ў свеце, "коласаўская" гарачая верашчака з блінамі вінавата, якой нас тут пачаставалі? Вы як лічыце? :)Лічбы і факты У сферы культуры Беларусі заняты 43,8 тысячы чалавек, з іх жанчын 72,1 %. У краіне дзейнічае 2291 клуб, летась яны правялі 564,8 тысячы культурных мерапрыемстваў. Налічваецца 17,8 тысячы клубных фарміраванняў, іх наведваюць 207,4 тысячы чалавек. Кадры для сферы культуры рыхтуюць па трохузроўневай сістэме 393 дзіцячыя школы мастацтваў, 20 устаноў сярэдняй спецыяльнай і тры вышэйшай адукацыі. Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка". Фота Надзеі КАСЦЕЦКАЙ, газеты "Прамень" (г. Стоўбцы) і з асабістага архіва Тамары ХВАТАВАЙ.Читайте также:"Оркестры его обожали и боялись". Каким человеком был композитор Евгений Глебов?15 страничек о подвиге: как один белорус остановил немцев на мосту через Березину?"Не заводить любимчиков". Познакомились с лучшим молодым учителем Беларуси