Казкі Кніжнай Феі. Яе дзіцячымі кніжкамі захапляюцца і малыя, і дарослыя. У чым сакрэт?
2025-01-14 16:45
Чаго толькі не бывае пад Новы год і Каляды! Нахмураным ранкам нібы па ўзмаху чароўнай палачкі ў рэдакцыйным кабінеце з’явілася яна, Кніжная Фея. Ды не адна, а са сваімі сябрамі Вухуцікам і лісачкай Красуняй. Вы і вашы дзеткі яшчэ не знаёмы з імі? Ну ведаеце, гэта такая прамашка, якую трэба выпраўляць неадкладна. Што і робім з вялікім задавальненнем і з цудоўным настроем. Нашы госці - папулярная дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая і, вядома ж, вясёлыя і няўрымслівыя персанажы яе кніг.
24 красавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася экспазіцыя "Казкі Кніжнай Феі", якая дзейнічала аж 8 месяцаў замест запланаваных двух
- Што найперш важна для вас як творцы: пазабавіць ці чамусьці павучыць?- Канешне, пісьменнік стварае кніжкі для таго, каб закладваць у душы і сэрцы дзяцей усё найлепшае - падмурак спрадвечных каштоўнасцей, правільныя маральныя арыенціры. Бясспрэчна, кніга павінна вучыць і выхоўваць. Але надзвычай важна наладзіць гэты працэс такім чынам, каб дзіця не ўспрымала літаральна, што праз нейкі канкрэтны твор яго павучаюць. Цудоўна, калі яно само, прачытаўшы кнігу, зробіць правільныя высновы. Праз герояў і цікавыя займальныя сюжэты (прыгодніцкія, дэтэктыўныя, страшныя - розныя ў мяне ёсць!) у дзіцячае сэрца трапляе ўсё тое, што важна для фарміравання цэласнай асобы і грамадзяніна. Таму ўсімі магчымымі спосабамі імкнуся прыцягнуць да кнігі і адкрыць чароўны свет чытання кожнаму юнаму беларусу. А яшчэ лічу сваёй вялікай пісьменніцкай місіяй выхоўваць нашых дзяцей казкамі на роднай мове.- На мой погляд, увогуле дзіцячая літаратура ў нашай краіне дэманструе вялікую сілу і энергію, ці не так?- Сапраўды, беларуская літаратура для дзяцей сёння ў росквіце ў многім дзякуючы клопату дзяржавы. Шмат таленавітых аўтараў, якія ствараюць цудоўныя кнігі. Мастакі стараюцца і робяць шыкоўныя малюнкі. Кнігавыдаўцы таксама дбаюць пра тое, каб дзеці мелі прыгожыя і разумныя кніжкі. Літаратурныя фестывалі, сустрэчы, конкурсы - жыццё проста кіпіць! Гэта выдатны паказчык таго, што ў краіне кніга па-ранейшаму застаецца непераўзыдзенай каштоўнасцю, і яе значэнне ў выхаванні людзей, асабліва дзяцей і падлеткаў, не страціла сваёй важнасці і актуальнасці. Можна з упэўненасцю сказаць, што падтрымка дзіцячай літаратуры - гэта інвестыцыі ў будучыню краіны і нацыі.На Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах. Сустрэча з юнымі чытачамі на прэзентацыйнай пляцоўцы БЕЛТА
- Пра вашы творчыя сустрэчы з юнымі чытачамі ходзяць легенды. Па-першае, іх шмат. Па-другое, вельмі выбіваюцца яны са звыклых уяўленняў пра падобныя мерапрыемствы.- Дзецям цяжка і нецікава проста сядзець і слухаць падрабязную біяграфію пісьменніка, пра яго рэгаліі, доўгі творчы шлях… Гэта ўсё такія другасныя рэчы. На сустрэчы з юнымі чытачамі патрэбна ў форме гульні прадставіць кнігу: хлопчыкам і дзяўчынкам цікава нешта самім зрабіць, паўдзельнічаць у займальным інтэрактыве. Я з’яўляюся ў вобразе Кніжнай Феі, а мае героі "сыходзяць" са старонак кніг, і ўвага дзяцей літаральна з першай хвіліны скіравана на іх і на мяне. Расказваючы пра кнігі, паказваю розныя цуды на іх старонках. Тут ёсць QR-коды на размалёўкі, буктрэйлеры, стыкеры, забаўкі накшталт "параўнай, знайдзі адрозненні" і гульні-хадзілкі, якія з’яўляюцца перад дзіцячымі вачыма, калі адкрыць кнігу пасярэдзіне.- Значыць, з сучаснымі трэндамі сябруеце?- Безумоўна, і нават сама іх ствараю. Бывае, што малое не любіць чытаць і бярэ кнігу для таго, каб… пагуляць! Ну добра, але не ўсё так проста ў Кніжнай Феі: гульні і ўвесь астатні інтэрактыў у кнізе - паводле сюжэта, і нашмат цікавей пачытаць, каб зразумець хаця б тыя ж умоўныя абазначэнні, якія абавязкова выкарыстоўваю. Ёсць кнігі-перакруткі з уваходамі на абедзвюх вокладках: з аднаго боку займальная гісторыя і з другога таксама, а пасярэдзіне гульня. Як ні круці - сядай і чытай, а стаміўся - пагуляй! Дзецям падабаецца."Я з’яўляюся ў вобразе Кніжнай Феі, а самі героі "сыходзяць“ са старонак кніг".У кнігі сёння сур’ёзныя канкурэнты - гаджэты. Але я імкнуся скіраваць іх выкарыстанне на добрую справу. QR-коды вядуць юных і дарослых чытачоў у новы захапляльны свет. Ёсць таксама моцная зваротная сувязь: дзеці ахвотна пішуць мне ў сацыяльных сетках. А за выкананне заданняў па кнігах атрымліваюць ад Кніжнай Феі персанальныя электронныя паштоўкі.Безумоўна, сустрэчы з юнымі чытачамі натхняюць, заўсёды пакідаюць у пісьменніцкім сэрцы светлы след і матывуюць ствараць новыя кнігі. Дзеці вельмі хутка растуць. Не паспееш азірнуцца, а ўжо тыя з іх, хто прыходзіў на сустрэчы ў першым класе, - у сярэдняй школе. Вельмі не хочацца іх адпускаць. (Усміхаецца.) Магчыма, мой Вухуцік пачне расці разам з імі і ўвогуле з’явіцца больш кніг для падлеткаў.Дарэчы, неўзабаве выйдзе мая кніга для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту "Лета на Зачараваным балоце". Там па-ранейшаму пануе казачны свет, пераплятаюцца міфалогія і сучаснасць. Гэта маё ўспрыманне жыцця, бо я дакладна ведаю: казкі жывуць вакол нас. Яны зусім побач, трэба толькі ўмець іх заўважыць. Яны паўсюдна, нават тут, у вашым кабінеце…З мужам Дзмітрыем і сынам Станіславам, які з’яўляецца прататыпам галоўнага героя казак
- ???- Паглядзіце ў акно. Бачыце чырвоны дах пад нахілам? Чаму б з яго не пакатацца маім героям увечары, калі выключыце святло і пойдзеце з працы. А потым завітаць у рэдакцыю, пачаць гуляць у журналістаў і ў вашым камп’ютары напісаць артыкул пра палёт на Вухуцію для наступнага нумара часопіса. А лісачцы спадабаецца пагойдацца на рэдактарскім крэсле (смяецца).- Цяпер зразумела, чаму маё крэсла зранку штораз на новым месцы… Але калі сур’ёзна, ці здольная сучасная казка стаць той самай вечнай каштоўнасцю, якой мы традыцыйна лічым гэты жанр?- Вядома, здольная, бо гэта яе прызначэнне. Але пры адной умове: яна павінна вучыць дзяцей на такім узроўні ўспрымання жыцця, што дабро заўсёды перамагае зло. І што самому трэба быць чулым да людзей, спагадлівым, сардэчным і гатовым дапамагчы тым, хто побач.Героі, формы, сюжэты могуць мяняцца, але вечныя каштоўнасці, тое зерне дабрыні, якое сеем у дзіцячыя душы, у сапраўдных казках застаюцца нязменнымі. Калі ж сюжэты прыдумляюць толькі дзеля таго, каб пазабаўляць ці, магчыма, паказаць нешта такое не вельмі годнае… Я не сцвярджаю, што такія творы не будуць чытаць, але яны не застануцца, іх само жыццё перакрэсліць: прамільгнуць і ўсё.Летась удзельнічала ў працы III Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі, які праводзіў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Сярод іншага гучалі думкі, што недапушчальна ў сучасных творах такім кананічным персанажам з міфалогіі, як, напрыклад, Баба Яга ці ведзьмы, надаваць неўласцівыя ім рысы характару і знешнасці. А ў маіх жа кніжках ведзьма прыгожая, вечна маладая (усміхаецца). Пасля гарачых абмеркаванняў вырашылі, што, пэўна, кожны варыянт мае права на існаванне. Галоўнае, каб казка не здраджвала свайму найгалоўнейшаму прызначэнню.Кніжная Фея - чытачам "Беларускай думкі"
- Чым адыходзячы 2024-ы запомніцца і ці адбыліся тыя цуды, пра якія загадвалі ў навагоднюю ноч?- Якая галоўная радасць для пісьменніка? Вядома ж, кнігі. У мяне сёлета з’явіліся некалькі асобных выданняў, творы таксама друкаваліся ў літаратурных зборніках, былі пераклады на іншыя мовы. Ладзіліся сустрэчы цікавыя, прэзентацыі. А выстава "Казкі Кніжнай Феі", якую адкрылі ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры да майго дня нараджэння, стала цудоўным падарункам."Пра цуды думаю штодня, стараюся шукаць незвычайнае ў звычайным".І на працы ў школе, і дома, у сям’і - усё гарманічна складваецца, дзякуй Богу. Што да цудаў, пра іх думаю штодня, стараюся шукаць незвычайнае ў звычайным. І не чакаю навагоднюю ноч, каб пра нешта загадаць. Не прымяркоўваю свае жаданні да нейкіх свят ці дат. Наадварот, люблю, калі неспадзявана: сёння ніякай урачыстасці, а я раптам атрымліваю падарунак (усміхаецца). Тады гэта ўспрымаецца як цуд.А ў навагоднюю ноч загадваецца, каб родныя і блізкія былі здаровыя, панавалі мір і ўзаемаразуменне ў краіне і мы рабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб наша Беларусь квітнела. І вядома, пакрышачку цэлы год сыпаліся цуды. Важна ўмець іх знаходзіць, адчуваць. Такія моманты фарбуюць наша жыццё ў яркія адценні.- Дзякуй за цікавую размову!Кацярына Хадасевіч-ЛісаваяНарадзілася ў Ждановічах, што пад Мінскам. Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Працуе ў Ждановіцкай сярэдняй школе.У друку дэбютавала ў 1996 годзе. Асноўны кірунак творчасці - дзіцячая літаратура. Аўтар больш як 30 кніг для юных чытачоў. Яе казкі, апавяданні і аповесці для дзяцей і падлеткаў змешчаны таксама ў шматлікіх калектыўных зборніках.Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 года. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва" (2020). Узнагароджана медалём Максіма Багдановіча (2024), медалём Васіля Віткі (2024).
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.