Як вучоныя папараць-кветку… вынайшлі. Мяркуеце, такое немагчыма? Дарма
2024-08-27 21:18
Ці то так супала, ці то новая структура дала новы натхняльны імпульс навуковаму крэатыву, але сваю "Папараць-кветку" Алег Кабяк і Аляксандр Шыфрын "знайшлі" прыкладна ў гэты час.З культурным кодамУ прадстаўнікоў творчых прафесій, а вучоны, несумненна, з катэгорыі такіх, думкі віруюць дзе і калі захочуць, не зважаючы, працоўны яшчэ час ці не.- Традыцыйна раз на тыдзень збіраліся пасля працы пагуляць у гарадкі, - расказвае Аляксандр Шыфрын. - Гэта гульня становіцца ўсё больш папулярнай у нашай краіне. Мы захапіліся ёю настолькі, што атрымалі нават пасведчанні трэнераў па гарадошным спорце.Але потым вучоным стала неяк сумна. Гульня ў гарадкі і так не вызначаецца асаблівай відовішчнасцю, а чым вышэй клас гульца, тым менш цікавы становіцца працэс. Такі вось гарадошны парадокс. Кабяк з Шыфрыным паспрабавалі дадаць нейкія свае элементы, але сутыкнуліся з непаразуменнем: мяняць класічныя падыходы і правілы катэгарычна нельга.- Словам, прыйшлі да высновы, што больш не можам знаходзіцца ў рамках кімсьці і калісьці вызначаных абмежаванняў, - усміхаецца прафесар Кабяк. - А значыць, трэба ствараць свой свет ці галактыку, канструяваць уласную рэальнасць. З такога падыходу нарадзілася разуменне, што новая гульня павінна служыць не толькі фізічнаму, а і інтэлектуальнаму, духоўнаму развіццю асобы.- Атрымалася гульня для розуму, - рэзюмуе Аляксандр Шыфрын. - Цікавая і складаная, бо патрабуе не толькі фізічнай практыкі, але і прадуманай стратэгіі і тактыкі. І самае галоўнае - з сапраўдным беларускім каларытам."Трэба ствараць свой свет ці галактыку, канструяваць уласную рэальнасць".На думку вучоных, з якой-небудзь іншай параўнаць спартыўную гульню ў слупкі "Папараць-кветка" складана. Нешта ў ёй ад більярда, дартса і, натуральна, ад гарадкоў. З фірмовага заплечніка Алег Вітальевіч дастае невялічкія драўляныя слупкі, цяжкія рыфленыя шарыкі - падобныя да тых, што выкарыстоўваюць у міні-гольфе. З’яўляюцца з прафесарскага заплечніка яшчэ адны слупкі, так званыя кідальныя элементы - кійкі. Вось і ўсё гульнявое начынне. Хаця не, патрэбен яшчэ спецыяльна размечаны квадратны кілімок памерам недзе два на два метры. Па цэнтры яго са слупкоў складаюць розныя фігуры, усяго можна сабраць 15. Ім вучоныя прыдумалі адметныя беларускія назвы кшталту "Студня", "У нескладовае", "Ясь і Яніна", "Вежа" і г. д. Напрыканцы заўсёды выстаўляецца фігура "Папараць-кветка". Гэта цэнтральная, выніковая фігура, да якой трэба імкнуцца, каб атрымаць перамогу. Алег Кабяк падкрэслівае, што паводле нашай міфалогіі чароўная папараць-кветка змяшчае культурны код. Кожны беларус у купальскую ноч пры жаданні мае шанец яе знайсці, а разам з кветкай і сваё жыццёвае шчасце, але для гэтага спатрэбяцца адпаведныя якасці: смеласць, мэтанакіраванасць, знаходлівасць. Так і ў гульні: калі хочаш дасягнуць сваёй мэты і новых вяршынь, стаць найлепшым, трэба ісці наперад, развівацца."Наша гульня ў слупкі з беларускім каларытам развівае патрыятычныя пачуцці".Ці ўзяць фігуру "У нескладовае". На думку прафесара, літара ўнікальная, ёй нават помнік у Полацку паставілі. Гэты фанетычны элемент роднай мовы таксама адсылае нас да культурнага кода беларусаў. Фігура "Ясь і Яніна" акцэнтуе ўвагу на спрадвечных сямейных каштоўнасцях, якія ў жыцці сучаснай Беларусі набываюць асабліва важны сэнс, бо мода, што ідзе з Захаду, калі ў сям’і ўжо не бацька і маці, а "бацька першы" і "бацька другі", для беларусаў цалкам непрымальная.- Гульня насамрэч камерная, - расказвае Алег Кабяк. - Вялікіх прастораў для яе не патрабуецца, дастаткова куточка ў спартыўнай зале. Нам, напрыклад, выдзелілі месца ў вялікай спартзале Акадэміі мастацтваў. Побач праходзяць трэніроўкі ў іншых спартыўных секцыях. Моладзь цікавіцца, што за дзіўныя кампазіцыі з драўляных слупкоў спрабуюць выбіць з гульнявога поля педагогі. Прычым гэта захапляльна, з набіраннем рэйтынгавых ачкоў.
Вынаходнікі "Папараць-кветкі" не сумняваюцца, што спартыўная гульня паступова пракладзе сабе дарогу і заваюе прыхільнікаў відовішчнасцю, нацыянальным падтэкстам, уяўнай прастатой і захапляльнай стратэгіяй, якую кожны выбудоўвае самастойна.- Яна папулярнай стане без залішняй рэкламы, - упэўнена сцвярджае Аляксандр Шыфрын. - Зрэдку мы праводзім паказальныя спаборніцтвы, але вольнага часу на масіраванае прасоўванне гульні вельмі мала. Некаторыя з гледачоў, хто бачыў гульню ў працэсе, лічаць, што ў слупкі калісьці ўжо гулялі нашы продкі. Такія высновы вучоных не засмучаюць. Наадварот, чуць падобныя меркаванні ім прыемна, бо для іх гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што "Папараць-кветка" можа стаць народнай забавай. Між тым гульня нібыта жыве ўжо сваім асобным жыццём, а стваральнікаў натхняе на новыя творчыя здзяйсненні.- Відаць, такі эфект яна мае, - усміхаецца Алег Кабяк. - Можам толькі прапанаваць ужываць яго на карысць. Напрыклад, выкарыстоўваць гульню "Папараць-кветка" для развіцця крэатыўнага мыслення ў праграмістаў, інжынераў і прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцей (у нас ёсць адпаведныя публікацыі ў навуковых выданнях).Аргументы вынаходнікаў наступныя. Пасля цяжкай працы, у тым ліку інтэлектуальнай, спартыўная гульня ў слупкі вельмі хутка пераключае на іншы лад. Яна не толькі размінае цела і трэніруе каардынацыю рухаў, але і "падключае" іншае паўшар’е галаўнога мозга для таго, каб выбудаваць гульнявую стратэгію. Гадзіна ў новым рытме, калі можна і расслабіцца, і сканцэнтравацца, часцяком дае штуршок да выхаду на новы этап у вырашэнні канкрэтнай задачы ці праблемы.- Больш за тое, гульня міжволі стала дынамічным арт-аб’ектам, - запэўнівае Алег Кабяк. - У яе падмурку закладзены цікавыя кейсы: эстэтыка, элементы танца і мастацкіх кампазіцый. Самі здзіўляемся.Да кожнай фігуры стваральнікі прыдумалі музычна-вершаваную афарбоўку, скарыстаўшы ўзоры старадаўніх матываў "Полацкага сшытка". Вось, напрыклад, з якім эпіграфам паўстае перад гульцамі "Вежа": "Слупок да слупочка мы паставім беражна, збудаваць цяпер вельмі трэба вежу нам, самай прыгожай будзе наша вежа, нават лепей, чым у замежжы, родныя прасторы нам утульны, гуляем тут мы ў свае гульні". - Хацелі па максімуму надаць гульні наш беларускі каларыт, - тлумачыць ідэю творчай задумкі Алег Кабяк. - Каб яе ўспрымалі комплексна, праз усе каналы трансляцыі інфармацыі, візуальна і вербальна. Можа, некаму прасцей будзе запомніць гульнявыя фігуры праз музычны падкаст.Вершы напісаў сацыёлаг, а мастацтвазнаўца як спецыяліст па саўнд-дызайне скампанаваў музыку.- Упэўнены, што наша гульня ў слупкі з беларускім каларытам развівае патрыятычныя пачуцці, - зазначае Аляксандр Шыфрын. - Уласна, мы не ведаем спартыўнай гульні з такім культурна-духоўным падтэкстам. Сімвалічныя назвы фігур на гульнявым полі нагадваюць пра свой дом і родную краіну, стабільнасць жыцця ў ёй, пра народныя традыцыі і тое, што блізка кожнаму беларусу."Папараць-кветка" - гэта не толькі самі гульцы, а і эмацыянальныя балельшчыкі, якія прысутнічаюць непасрэдна на спаборніцтве, а таксама анлайн. Першыя трансляцыі паказалі несумненную цікавасць да беларускай гульні ў слупкі. Падобна, навукоўцы і педагогі Алег Кабяк і Аляксандр Шыфрын знайшлі, дакладней, вынайшлі сваю "Папараць-кветку". Праз яе і нам перадаюць тое фантастычнае адчуванне жыцця і натхнення, да якога спрычыніліся самі.| Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ, часопіс "Беларуская думка". Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ.
Чытайце таксама:Пры чым тут фартух? Пяць гісторый, як Івацэвічы рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменстваКаким видели Рогачев Бона Сфорца и Владимир Короткевич? Виртуальная карта туриста"Губы стали сине-фиолетовыми". Реальные истории неудачного обращения к косметологам
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.