Як нашы продкі ладзілі жыллё? Уладкаванне, побыт і гісторыя беларускай хаты
2024-08-01 19:15
Прыемным пахам свежага хлеба, напаленай печкі, зёлкавай гарбаты сустракала родная хата. Гэта была калыска для некалькіх пакаленняў адной сям’і. Тут пераплецены самабытная культура, традыцыі, звычаі, сакральная сімволіка, магічныя абрады. Але перш-наперш родная хата заставалася сваёй прасторай, якая засцерагае, дае сілы, а за парогам, лічылі раней, пачынаецца жыццё чужое - не такое добрае ды бяспечнае.
Эвалюцыя будаўніцтваНашы продкі рассяляліся па той мясцовасці, што была найбольш зручнай для пражывання. Будавалі сядзібы, наладжвалі побыт. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, разнастайнымі промысламі. Так фарміравалася вёска, якую сёння ведаем і мы, - асяродак самабытнай культуры, захавальніца багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту.- Асноўнай структурнай адзінкай вёскі з’яўлялася сядзіба (двор), якая складалася з жылля і цэлага комплексу падсобных і гаспадарчых пабудоў, - расказвае дацэнт кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ кандыдат гістарычных навук Міхась Міхайлец. - Кожны сялянскі двор уяўляў універсальную гаспадарку, якая амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы. Тут вырошчвалі розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякалі хлеб, гатавалі іншую ежу, апрацоўвалі лён, пяньку, футра і скуры, пралі, шылі адзенне і абутак, выраблялі прадметы паўсядзённага ўжытку. А яшчэ самі будавалі жытло, майстравалі розныя прылады, транспартныя сродкі.Традыцыі беларускага народнага жылля складваліся стагоддзямі. У археалагічным музеі "Бярэсце" можна ўбачыць тыя прыземістыя курныя хаткі з глінянай падлогай і чаротавай страхой, што будаваліся славянамі шмат стагоддзяў таму. Паводле этнаграфічных апісанняў, такія хаткі сустракаліся яшчэ ў XIX стагоддзі ў глухіх кутках Палесся, хоць і лічыліся ўжо архаікай.Зрубная канструкцыя драўлянай хаты пражыла значна больш. Яна выкарыстоўваецца нават сёння - толькі цвікі ўжо не драўляныя. Росквітам такога кшталту будаўніцтва можна лічыць XVI стагоддзе. Хату маглі будаваць з яліны, хвойных парод, але на ніжнія вянцы ішоў дуб. Пад вуглы падкладалі дубовыя "штандары", прастору паміж якімі запаўнялі невялікімі бярвеннямі ці гарбылямі, а таксама вертыкальнымі чурбакамі. Замест "штандараў" маглі быць камяні-валуны, паміж якімі насыпалі дробнае каменне. Наяўнасць заваліны (прызбы), якой хата абносілася з трох бакоў, лічыцца характэрнай рысай для нашых шырот. Летам на ёй сядзелі бы на лаўцы.Прыемна пасядзець на прызбе з сяброўкамі
Памер хат спачатку быў неверагодна малым: літаральна адно невялічкае памяшканне, усяго адзін пакой. Паступова жыццё сялян паляпшалася - павялічваўся і памер жытла, у хатах пачалі рабіць вокны.
- Першапачаткова ніякіх вокнаў у пабудовах не было - іх ролю выконвалі дзверы, адчыненыя ў цёплы час года, а ў халодны час запальвалі лучыну, агмень, - адзначае дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, акадэмік Аляксандр Лакотка. - Вокны пачалі з’яўляцца значна пазней і спачатку толькі каля печы, бо тут гаспадыні праводзілі шмат часу, займаючыся хатнімі справамі. Потым насупраць чырвонага кута - хатняй святыні. Вокны з выхадам на вуліцу ў старадаўнія часы не рабілі (а навошта ўсім і кожнаму бачыць, хто там ідзе ці едзе?). Так і атрымлівалася нейкі час: на адной сцяне два акны. Але ж даволі хутка пачалі прарубаць і трэцяе, звернутае менавіта на вуліцу.
"Кожны сялянскі двор уяўляў універсальную гаспадарку, якая амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы"
2022 год. Гаспадарку весці - не барадой трэсці. Знакаміты глускі бондар Уладзімір Станкевіч
У сакральным сэнсе хата лічылася прасторай жаночай, бо яе ахоўвае гаспадыня, гэта яе зона адказнасці. Мужчына займаецца тым часам гаспадарчымі справамі па-за домам. Ён адказвае за сувязь са знешнім светам, яна - за ўтульнасць і камфорт у хаце. Камфорт тады быў, праўда, паняццем адносным. Дзесьці да сярэдзіны XVIII стагоддзя, а недзе і да XIX-XX стагоддзяў печы тапілі па-чорнаму. Гэта значыць, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) - адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Так што кожны год жыллё трэба было адмываць ад сажы.Комін ужываўся ў замках і маёнтках феадалаў даўно, але простыя сяляне змаглі дазволіць яго сабе толькі пасля адмены прыгоннага права. Такім чынам, класічная хата ўжо займела і печку, і комін.З часам вяскоўцы пачынаюць рабіць сенцы. Яшчэ пазней узнікае такая гаспадарчая пабудова, як клець (камора, кладоўка, спіжарня), дзе захоўваюцца прадукты, збожжа, побытавыя рэчы, нават адзенне. На захадзе Беларусі клець часцей называлі свірнам або імбарам, хоць у свірна была і свая, асобная функцыя - захоўваць менавіта збожжа.- Клець была без вокнаў, але з вельмі добрымі дзвярыма, каб не прабраўся ніякі злодзей і не знёс увесь скарб, - удакладняе Міхась Міхалец. - Гэта і праўда быў скарб: тут табе кубельцы з салам, бочкі з квасам і іншымі напоямі, на бэльках падвешваліся кумпякі, шынкі, каўбасы, паляндвіцы ды іншыя мясныя прыпасы. А побач - куфар (кубел) з тканінамі, адзеннем, нават ложак, дзе летам спалі маладажоны.Ставілася клець насупраць дзярэй або акна, каб можна было бачыць, што там робіцца. Прыкладна напрыканцы XIX стагоддзя ўсё часцей яе сталі далучаць да хаты. Такім чынам, ужо з’явілася такое трохкамернае жыллё: клець, сенцы і ўласна хата. А з цягам часу сядзібны компекс ужо складаўся з хаты, клеці, свірна, варыўні, склепа, павеці, адрыны, абарогу, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні і г. д.
Хата лічылася прасторай жаночай. Экспазіцыя ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыца
Спецыфічныя рысы
Беларусы заўсёды з павагай ставіліся да святла, лічылі яго сімвалам жыцця. Доўгі час самым папулярным сродкам асвятлення з’яўлялася лучына. Больш за ўсё этнолагаў уражвае палескі светач.- Гэта конусападобная труба, якая выводзіцца праз столь і дах. Сярод іншых прыстасаванняў палескі светач вылучаўся даволі масіўнымі кратамі, амаль па 50 сантыметраў, на якія клалася лучына, - кажа Міхась Міхайлец. - Над кратамі рабілі спецыяльны комін, бо тая давала шмат дыму, а дзверы адчыненымі трымаць увесь час немагчыма.З такой лучынай звязаны сакральны абрад "Жаніцьба коміна", які праводзілі ўвесну і на пачатку восені, прыкладна ў верасні, што азначала пачатак і канец запальвання агню ў хаце. Абрад звязаны таксама з пакланеннем святлу, дабрабытам. Калі ў гэты момант збіралі ўраджай, то светач пасыпалі жытам. А яшчэ ў коміна прасілі працягу роду. На святочным стале звычайна былі пернікі, яблыкі, арэхі. Гаспадар прыносіў міску мёду, гаспадыня - семкі і разам прасілі комін "свяціць ясненька"."Жаніцьба коміна" зафіксавана ў Цэнтральным і Усходнім Палессі (Пінскім, Лельчыцкім, Столінскім, Жыткавіцкім раёнах). На жаль, сёння гэту жывую традыцыю ўжо не ўбачыць. Часам рэканструкцыю сакральнага абраду прадстаўляе Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Знешняе ўпрыгажэнне хаты на беларускай вёсцы было адносна сціплым - да другой паловы ХІХ стагоддзя яна аздаблялася хіба арнаментам на лабавых дошках і разьбаванымі канькамі на страсе. На Гомельшчыне, праўда, майстры навучыліся рабіць такую вытанчаную драўляную скань, што цяжка нават паверыць, што яна зроблена з дапамогай звычайнай драўлянай габлюшкі. Тут можна было разгледзець і райскі сад з яблынямі ды вінаградам, і буйныя ружы.Калі менавіта на берагах Сожа з’явілася падобная тэхніка, дакладна невядома. Першае згадванне датычыць XV стагоддзя, калі нібыта адзін праваслаўны манах такім чынам упрыгожыў абраз. Згодна з больш папулярнай версіяй, мясцовая дамавая разьба як арыгінальная з’ява ўзнікла на аснове стараабрадніцкага стылю аздаблення жылля ў XVII стагоддзі. У Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава захоўваецца калекцыя фрагментаў дамавых упрыгожанняў: ліштвы і іх дэталі, падзоры, карнізы, вуглавыя фігуры, рашоткі брам. Паходзяць яны з Веткі. Традыцыя разьбы па дрэве і прыёмы арнаментацыі дамоў працягваецца і сёння. Больш за тое, беларускія майстры з’яўляюцца адзінымі ў свеце носьбітамі драўлянай скані. Творы іх мастацтва прадстаўлены ў калекцыях вядомых дзеячаў мастацтва і культуры, у тым ліку ў калекцыях Папы Рымскага і каралевы Вялікабрытаніі. Злева: Веткаўская дамавая разьба, фасад дома на адной з вуліц. Справа: маляваныя дываны Язэпа Драздовіча цяпер складаюць аснову музея ў Германовічах
Больш увагі надавалася, безумоўна, інтэр’еру традыцыйнага жылля. Ручнікі, куфры, мэбля, тканіны, розны інвентар стваралі асаблівы мікраклімат, адкрывалі сакрэты нашых продкаў, у тым ліку духоўнага жыцця.Найбольш упрыгожанай была покуць, або чырвоны кут. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённым жыцці, звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, упрыгожаныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), асвечаныя ў царкве жытнёвыя каласы ды травы. У XIX стагоддзі тут пачынаюць з’яўляцца выцінанкі, фіранкі.У хаце вывешвалі таксама прасторавыя кампазіцыі з саломы, папяровых кветак, зерня лубіну, фасолі… Шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя, яны былі традыцыйным упрыгажэннем інтэр’ера беларускага народнага жылля. Звычайна над сталом падвешвалі саламянага павучка: лічылася, што ён прыносіць шчасце. З народнага ўжытку гэта выйшла дзесьці ў сярэдзіне 1950-х. Вырабляюць павучкоў і цяпер, але толькі як сувенір.Куфры можна лічыць прататыпам сучаснай мэблі, шафаў. На пачатку ХХ стагоддзя яны былі маляваныя, са спецыяльнай мастацкай акоўкай. Прыкладна ў той жа час узніклі і маляваныя дываны, больш за ўсё распаўсюджаныя ў некаторых регіёнахПанямоння, на захадзе Міншчыны і на Віцебшчыне, дзе гэта традыцыя складвалася пад уплывам славутага мастака Язэпа Драздовіча. Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.Кветкаводства таксама неад’емны элемент народнай культуры. Сучасныя дачнікі ці ўладальнікі сядзіб і не ўяўляюць сабе неўпрыгожаную прастору па-за хатай. Аднак вучоныя адзначаюць, што кветкавае хараство ля сялянскіх сядзіб раней было вельмі сціплым. Культурных раслін амаль не высаджвалі. Хіба толькі ў панскага садоўніка ўдавалася выпрасіць флянсік. А так у нашых продкаў толькі і былі, што лілейнікі ды аксаміткі.Прылады сялянскага побыту экспануюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі
Глыбей у гісторыю зазірнулі супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі. Падчас сваіх экпедыцый, што адбыліся больш за дзесяць гадоў таму, ім удалося вылучыць каля 50 відаў раслін на ўласных сядзібах. Дарэчы, заўважана, што як толькі ў адным двары з’яўлялася новая расліна, праз колькі часу яна квітнела ўжо амаль ля кожнай хаты. Сёння можна набыць насенне не толькі мальвы ці флёксаў, але і безліч іншых арыгінальных чужаземных раслін - сучасны беларускі палісаднік стаў больш экзатычным.
Пераносім шчасце
Як жа продкі разумелі жыллёвую прастору?
- Як свет - свой і сваёй сям’і, маці і бацькі, - падкрэслівае акадэмік Аляксандр Лакотка. - За парогам пачынаўся свет іншы - чужы. Адсюль столькі павер’яў, прымхаў, забабонаў, звязаных з абярэгамі, засцярогай сваёй жылой прасторы.
"Калі ў старой хаце добра жылося, быў лад, тады ў новую бралі з сабой трохі смецця з падлогі"
Печ у беларусаў была сакральным цэнтрам хаты
Разуменне ўласнай прасторы потым распаўсюджвалася на вёску, бо гэта таксама была прастора тутэйшых. Тут спрадвеку жылі сваякі, знаёмыя, суседзі, усе ведалі адно аднаго, хадзілі ў госці, ладзілі святы. Звычайна вёска была адміністрацыйным цэнтрам воласці ці прыхода, да якога падцягваліся хутары, засценкі.- Дробныя паселішчы ў старажытныя часы аб’ядноўвалі ў акругі, пагосты, - падкрэслівае вучоны. - Князь або памешчык збіралі з яе падаткі. Акругі мелі царкву, валасную ўправу, карчму, крамы…Былі на гэтых тэрыторыях і свае… загадкі. Разгадку, вядома, ведалі толькі мясцовыя, што тут пражываюць. І калі на якое свята завітае раптам чужынец, яго маглі хутка вылічыць па няправільным адказе. Такі момант зафіксаваны мастаком Васілём Максімавым на карціне "Прыход ведзьмака на вясковае вяселле".- Загадкі былі своеасаблівым кодам распазнавання "сваіх-чужых", - расказвае Лакотка. - Вось паспрабуйце адгадаць: стрыжаны бес - хто такі?А вельмі проста! Скошаны луг.
Вучоны падкрэслівае, што з цягам часу традыцыі мяняліся, многія язычніцкія абрады зліліся з хрысціянскай традыцыяй - звязаныя з Калядамі, Гуканнем вясны, Дажынкамі, Масленіцай, Дзядамі і гэтак далей. Ці патрэбны нам сёння тыя язычніцкія адгалоскі? Вучоныя мяркуюць, што ў гэтым хаваецца глыбінная, фундаментальная частка народнай культуры.
Старое - сучаснае
Амаль у кожным регіёне склаліся свае асаблівасці архітэктурнай планіроўкі забудовы сялянскага падворка, сцвярджае Міхась Міхайлец. Напрыклад, на поўначы доўгі час быў распаўсюджаны вяночны двор. Па-сутнасці, сялянская сядзіба ўяўляла міні-крэпасць. Усё замыкалася па перыметры пабудовамі. Прычым грунтоўнымі, складзенымі з вялікіх бярвенняў. Нават брама была высокая ды моцная. Гэта было зручна ва ўмовах Віцебшчыны з яе дысперсным рассяленнем (невялікімі паселішчамі, раскіданымі паміж рэчкамі, азёрамі, пагоркамі). Так што архітэктурная канструкцыя забудовы ў выглядзе вяночнага двара дапамагала абараніцца ад нечаканых гасцей. На жаль, вяночная забудова нідзе не захавалася.У сярэдзіне XVI стагоддзя, калі была праведзена зямельная рэформа "ўстава на валокі", дробныя вёскі розных зямель пачалі зводзіць у адно вялікае сяло. І тады тэрыторыю забудовы "наразалі" палосамі - валокамі. Будынкі сяляне вымушаны былі ставіць у рад. У такіх вёсках жылыя пабудовы знаходзіліся з аднаго боку ад дарогі, а гаспадарчыя - з другога. Але ж на тэрыторыі Беларусі гэта рэформа была праведзена не цалкам. Найбольш моцна яна закранула Панямонне, цяперашнюю Міншчыну і Заходняе Палессе. А сённяшнія Віцебшчына, Магілёўшчына, частка Гомельшчыны працягвалі ставіць двары і драўляную агароджу кругам.На Гродзеншчыне наогул іншая справа. Тут агароджу ўздоўж вуліцы выкладвалі палявым каменем. І ладзілі яшчэ пры гэтым пералаз. Такія агароджы і сёння можна ўбачыць у Зэльвенскім і Мастоўскім раёнах, пад Ваўкавыскам.- Дзесьці ў канцы 1970-х я наведаў вёску Нізок Уздзенскага раёна - гэта радзіма Кандрата Крапівы, Паўлюка Труса, - кажа Аляксандр Лакотка. - Там захавалася "павалочная" вёска, якую дарога дзяліла на два бакі: з аднаго стаялі ў радок хаты, а з другога - хлявы і іншыя гаспадарчыя пабудовы. І ніякіх платоў не было. Прыкладна праз сорак гадоў давялося зноў пабываць у Нізку. Але нічога падобнага я там ужо не ўбачыў. Шкада, што не захавалася ніводнага такога архітэктурнага фрагмента.2022 год. Сялянская хата ў акварэлі акадэміка Аляксандра Лакоткі. Зімовы сон
У свой час падобнай архітэктуры было шмат на Капыльшчыне, Случчыне, у Клецкім і Салігорскім раёнах. Як бачым, патрыярхальная вёска і аўтэнтычная забудова знікаюць. Змяніліся ўнікальныя вёскі Дражна, Падарэссе, Ляўкі - у новых дамоў будзе свая гісторыя.І яна ўжо пішацца, ствараючы свой непаўторны вясковы шык. Сучасная забудова, не аграгарадская, а сялянская, перажывае рэнесанс, сцвярджае акадэмік. Сёння можна назіраць, як старыя драўляныя дамы дабудоўваюць не спецыялісты, а самі гаспадары, якія ўлічваюць неабходныя асаблівасці.
"Амаль у кожным регіёне склаліся свае асаблівасці архітэктурнай планіроўкі забудовы сялянскага падворка"
Чытайце таксама:
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.