Як нараджаецца сапраўдная літаратура? Расказываем пра выдатныя навінкі белліту
2026-05-20 17:35
У чарговым выпуску нашага кніжнага агляду я рады прэзентаваць сапраўды выдатныя навінкі. Гэтыя кнігі зусім нядаўна пабачылі свет, але паспелі ўжо знайсці сваіх прыхільнікаў і атрымаць станоўчыя водгукі. Упэўнены, што кожны з вас знойдзе сярод іх нешта асаблівае, што зачаруе, натхніць і падорыць незабыўныя эмоцыі.
Новая праца Якава Аляксейчыка - дакументальны нарыс "Долгий путь к большому дому". Што ж хаваецца за гэтай інтрыгуючай назвай? Аўтар запрашае нас у падарожжа ў часе, каб раскрыць таямніцы ўзвядзення аднаго з самых знакавых будынкаў Мінска - Дома ўрада.
Мы даведаемся не толькі пра гісторыю будынка, але і пра лёсы яго стваральнікаў, пра людзей, якія ўклалі сваю душу і працу ў гэты праект. Адчуем дух той эпохі, калі ён нараджаўся.
Яшчэ адна кніга, якая не можа не зачапіць, - зборнік выбраных твораў Міхася Башлакова пад назвай "Радзіму зберажы". Вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі працуе ў літаратуры ўжо больш як паўвека. Яго вершы - гэта сапраўдная шчырасць, грамадзянская пазіцыя і глыбокая лірыка. Яны нагадваюць пра тыя часы, калі паэзія мела асаблівую вагу, калі творчасць Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Аляксея Пысіна, Анатоля Вялюгіна і іншых фарміравала нашу свядомасць і нашы мастацкія густы.
Радзіму зберажы…
Калі ёсць, то назаўжды:
Не знікне,
Не растане шызым дымам.
Яна для нас -
Нібы глыток вады
Для зморанага смагай
Пілігрыма…
Радзіма…
Гэта светлая любоў
Да родных гоняў
За бялюткім гаем.
Яна, як крык
Самотных журавоў,
Што аж да слёз
Да самых працінае…
Вы калі-небудзь задумваліся, як нараджаецца сапраўдная літаратура? Як адрозніць шчырасць ад імітацыі, глыбіню ад павярхоўнасці? Паэт, публіцыст і крытык Дзмітрый Радзівончык, які літаральна жыве мастацкім словам, прапануе свой адказ у кнізе "Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе…". Ён нібы дбайны садоўнік аглядае шырокія абсягі сучаснай беларускай літаратуры, чытае дзясяткі кніг і шчыра, часам крытычна, але заўсёды з павагай, вядзе гаворку пра творчыя здзяйсненні калег. Асаблівая ўвага - гродзенскім літаратарам, што жывуць у краі, які заўсёды славіўся цікавымі мастацкімі з’явамі.
Часам здаецца, што некаторыя яркія імёны на небасхіле нашай гісторыі паступова згасаюць у тумане часу, забытыя і непрыкметныя. І калі той ці іншы аўтар звяртаецца да гэтых асоб, гэта як сонечныя прамяні, у якіх пачынаем бачыць, наколькі вялікі іх уклад у тое, што мы маем сёння. Кніга Людмілы Хмяльніцкай "Міхал Кусцінскі. Археолаг і краязнаўца з Лепельшчыны" якраз з такіх выданняў.
Яшчэ адна кніга, якая мяне прыемна здзівіла, - зборнік "Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў". На першы погляд, усяго тры вершы: "Я люблю" Купалы, "Родныя вобразы" Коласа і "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…" Багдановіча. Але кожны з іх пададзены не толькі ў арыгінале, але і на азербайджанскай, армянскай, казахскай, кыргызскай, малдаўскай, рускай, таджыкскай, туркменскай, узбекскай мовах. Вершы, якія напісаны больш як сто гадоў таму, гучаць так мілагучна і свежа, што чытанне прыносіць асаблівую асалоду і выклікае шчымлівыя пачуцці захаплення мастацкім словам.
| Алесь Карлюкевіч для часопіса "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Таямніца Полацкага Фаўста і куфар казак: прапануем 5 цікавых кніг на вясну
"Пачынаецца ўсё з любві". На якія кніжныя навінкі варта звярнуць увагу?
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.