"Ах, цуд, хуткі і нечаканы". Адкуль пайшла беларуская выцінанка і чаму яе так любяць
2023-09-06 17:15
2022 год. Фрагмент выцінанкі "Адзінства" Вольгі Налівайка (Мінск)
Яе сусветная гісторыя мае больш глыбокія карані, і звязаны яны з вынаходніцтвам паперы ў старажытным Кітаі, дзе ажурныя выразкі па-ранейшаму захоўваюць традыцыйную стылістыку. З Персіі і Турцыі звычай выразаць з паперы прыкладна ў XV стагоддзі трапіў у Італію і паступова распаўсюдзіўся далей.
Цікава, што выцінанка ў знаёмым нам выглядзе больш прыжылася ва Усходняй Еўропе і дагэтуль застаецца адным з відаў народнай культуры ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Літве, а таксама ў некаторых рэгіёнах Расіі. А вось у Францыі, Германіі, Англіі і іншых краінах Заходняй Еўропы былі больш папулярныя сілуэты - партрэтныя адлюстраванні або сюжэтныя кампазіцыі пераважна з чорнай паперы. Назву яны атрымалі ад імя французскага фінансіста Эцьена Сілуэта - майстра перакройваць дзяржаўны бюджэт і прыхільніка выразаных партрэтаў замест дарагога жывапісу. Ад французаў моду на мініяцюрныя сілуэтныя партрэты і кампазіцыі перанялі ў канцы XVIII стагоддзя рускія дваране. Гэтым мастацтвам захапляліся вядомыя мастакі, яго выкарыстоўвалі ў кніжным афармленні. Магчыма, беларуская шляхта таксама аздабляла інтэр'еры сядзіб сілуэтнымі партрэтамі, але дакументальных звестак пра гэта не знойдзена. Затое дакладна вядома, што тагачасныя чыноўнікі выкарыстоўвалі кустодзіі - папяровыя выразкі для абароны васковых і сургучных пячатак, якія мацаваліся непасрэдна на дакуменце пад тэкстам, візуальна павялічваючы пячатку і падкрэсліваючы значнасць дакумента.
Яўген Сахута
"Аркуш паперы, нажніцы - і новыя фіранкі, абрусы на абразы да Калядаў ці Вялікадня гатовыя".
- І звязана гэта было з пашырэннем папяровай прамысловасці, яе адноснай даступнасцю, з аднаго боку, і зменай інтэр'ера сялянскага жылля, запатрабаванасцю ў сродках дэкору, з другога, - расказвае навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута. - Курныя хаты выцясняюцца "чыстымі", узнікае жаданне іх аздабляць. Карункавыя вырабы, дэкаратыўныя тканіны - посцілкі, дываны - з'ява таго ж часу, у адрозненні ад ручнікоў, якія больш старажытныя. Новыя віды народнай мастацкай творчасці ажывілі сціплы ў дэкаратыўным плане інтэр'ер сялянскіх хат. Але саткаць посцілку ці пашыць што - працаёмкая справа, а тут аркуш паперы, нажніцы - і новыя фіранкі, абрусы на абразы да Калядаў ці Вялікадня гатовыя.
Ажурныя выразкі былі характэрны і для яўрэйскай культуры. Імі аздаблялі свяшчэнныя тэксты, а таксама віншавальныя карткі - шана това, шлюбныя кантракты - ктубы і іншае. Магчыма, тэхніку выразання з паперы беларускія сяляне якраз і перанялі ад местачковых яўрэяў.
- У прынцыпе, гэта версія пераканаўчая: у мястэчках іх пражывала на той час да 60 працэнтаў ад ўсяго насельніцтва. Яўрэі трымалі лаўкі, гандлявалі ў тым ліку канцылярскімі таварамі, аздаблялі вокны выразкамі з белай паперы - райзэле. Папяровая выцінанка на акне магла выконваць ролю і ўпрыгожвання, і своеасаблівай камерцыйнай рэкламы, нават заходзіць не трэба, з вуліцы відаць, - лічыць Яўген Міхайлавіч.Злева: на захадзе Беларусі католікі ўпрыгожвалі выцінанкай разьбяныя алтарыкі. Справа: пасля вайны ў вёсках згадалі пра папяровыя фіранкі і зноў узяліся за нажніцы
Паводле слоў Сахуты, пазней, калі выцінанка трывала ўвайшла ў сялянскі побыт, хлопцы, праходзячы міма хаты, дзе жыла дзяўчына на выданні, таксама глядзелі на вокны: што там за папяровая фіранка - абы-якая, мухамі заседжаная ці новенькая, акуратная, і рабілі выснову, ці будзе толк з гаспадыні. Бо ў добрай гаспадыні, як расказвалі даследчыку народнай культуры падчас этнаграфічных экспедыцый старажылы Навагрудчыны, нават каля печы былі выразаныя фіранкі. На Гродзеншчыне ў католікаў распраўсюдзілася традыцыя аздабляць выцінанкай хатнія алтарыкі. Праваслаўныя ўпрыгожвалі папяровымі карункамі покуць - абразы, палічкі пад імі. Паўсюль выразалі папяровыя сурвэткі пад святочныя пірагі.
Магчыма, тэхніку выразання з паперы беларускія сяляне перанялі ад местачковых яўрэяў.
Аднак панаванне выцінанкі ў беларускай хаце было адносна нядоўгім. У першай палове XX стагоддзя яна пачынае выходзіць з ужытку. Некаторы час пасля вайны, калі адраджаліся вёскі, традыцыя заставалася. Трэба было нечым прыкрыць вокны, аздобіць іх, вось і згадалі пра папяровыя фіранкі. Больш вопытныя майстрыхі амаль дакладна імітавалі гардзінныя тканіны, рабілі складкі на папяровых фіранках.Выцінанкі Вячаслава Дубінкі захоўваюцца ў тым ліку ў музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі
Сапраўным талентам лічылася ўменне выразаць нажом. На Навагрудчыне бытаваў характэрны мясцовы від выцінанкі - выбіванка. Узор высякалі вострым зубільцам ці плоска раскляпаным цвіком. У розных кутках Беларусі пасля вайны выкарыстоўвалі нават пустыя патронныя гільзы: недахопу іх у той час дакладна не было. Імі высякалі круглыя дзірачкі на шматразова складзеным аркушы паперы. Каб атрымаць адмысловыя ўзоры, краям гільзы надавалі фігурныя абрысы.
Традыцыя выцінанкі спарадычна доўжылася асабліва на захадзе Беларусі. У вясковых хатах сустракаліся фіраначкі, сурвэткі на палічках. Алтарык разьбяны мог быць упрыгожаны выцінанкай. Але такая творчасць ужо не мела масавага характару. Папяровыя дзівосы паступова знікалі з вясковага побыту, нагадваючы пра сябе хіба што сняжынкамі на вокнах на Новы год і Каляды. У такім выглядзе мы памятаем выцінанку, але наўрад ці хто з савецкіх дзяцей ведаў, што гэта менавіта ён, некалі папулярны ў народзе від дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Мой суразмоўца згадвае, што ў сваім пасляваенным дзяцінстве ён не бачыў ні папяровых фіранак, ні сурвэтак, у іх Вечатарова і ў суседніх вёсках на Стаўбцоўшчыне ніхто не выцінаў. Пазнаёміўся з выцінанкай падчас даследаванняў народных мастацкіх рамёстваў. Яшчэ заспеў носьбітаў традыцый - ткачых, ганчароў і кавалёў. Апантана ездзіў у экспедыцыі па вёсках Беларусі, каб адшукаць, занатаваць і захаваць.
"Традыцыйныя выцінанкі - сурвэткі, фіранкі - выконваюць толькі хіба што на выставу ці конкурс".
У канцы 1980 - пачатку 90-х гадоў цікавасць да народнай культуры пачынае прыкметна ўзрастаць не толькі ў навуковым асяроддзі, але і ў грамадстве.
- Гэта звязана ў першую чаргу з набыццём краінай незалежнасці і самастойнасці: беларусы сталі больш задумвацца, чым мы адрозніваемся ад іншых народаў, чым вылучаемся, - разважае Яўген Міхайлавіч. - Раней посцілкі тканыя, што маці давала дзецям у горад, не лічыліся моднымі, у шафе пыліліся, а тут рэзка ўсё мяняецца. Моладзь, глядзіш, паяском падпярэжацца, капялюш саламяны надзене і ідзе, ганарыцца. Ужо не кажу пра жаданне за кросны сесці ці за ганчарны круг. За некалькі гадоў адрадзіліся практычна заняпалыя ці амаль забытыя віды традыцыйных рамёстваў. Выцінанка, вернутая фактычна з небыцця, усяго за нейкае дзесяцігоддзе апынулася ў шэрагу папулярных відаў народнай творчасці.
Трыумфальнае вяртанне выцінанкі, выпрацоўка адметнай стылістыкі і нацыянальных рысаў звязана ў тым ліку з творчасцю журналіста, пісьменніка і фатографа са Случчыны Вячаслава Дубінкі. Падтрымліваючы трыдыцыі землякоў, ён выразаў свае папяровыя дзівосы, тыя ўзоры, што запалі ў душу з дзяцінства. І, спалучыўшы мясцовыя традыцыі і ўласнае бачанне магчымасцей выцінанкі, здолеў узняць яе на вышыню сапраўднага мастацтва. Працяглы час Дубінка быў ці не адзіным слынным майстрам. Яго выцінанкі - творы станковага мастацтва, блізкія да графікі, выкарыстоўвалі ў афармленні кніг, дэманстравалі як унікальную з'яву на шматлікіх выставах. І ўвогуле для многіх сучасных майстроў сталі тым самым вектарам, які дапамог адшукаць ім свой шлях у творчасці.З традыцыямі беларускай выцінанкі навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў Крычава знаёміць народны майстар Наталля Бярнадская
Выцінанкі Вячаслава Дубінкі можна ўбачыць у музеі старажытнабеларускай культуры ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Тут таксама знаходзіцца цікавая калекцыя, якую стварыў ў 1950-60-х гадах ксёндз М. Варанецкі з Ружанаў Брэсцкай вобласці. Хаця ў яго работах, як адзначае Яўген Міхайлавіч, шмат аматарскай самадзейнасці, каштоўнасць іх у тым, што захоўваюць мясцовыя традыцыі і сталі той нітачкай, што працягнулася да нашага часу. Ад яго тэхналогію ружанскай выразанкі пераняў зямляк, мастак Юрый Малышэўскі. Вырабляць арыгінальныя выцінанкі ён пачаў яшчэ ў 1980-х, адным з першых у Беларусі. Спалучэнне выцінанкі і сілуэтнага выразання надало яго творчасці яркую індывідуальнасць. Шмат гадоў Ю. Малышэўскі вядзе клас народнай творчасці для дзяцей, вучыць спалучаць асаблівасці мясцовай выцінанкі з уласным бачаннем прыгажосці.
"Моладзь, глядзіш, паяском падпярэжацца, капялюш саламяны надзене".
Адраджэнне выцінанкі ў Беларусі звязваюць таксама з імем вядомага народнага майстра Вікторыі Чырвонцавай з Маладзечна, з яе творчай і педагагічнай дзейнасцю на ніве традыцыйнай культуры. Яна заснавала маладзечанскую школу выцінанкі, вядомую ў Беларусі і за межамі краіны. На аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музычным каледжы імя М.К. Агінскага, дзе выкладала Вікторыя Чырвонцава, выпрацоўвалася адметная, пазнавальная стылістыка. Работы мясцовых майстроў вылучаюцца высокай графічнай культурай, дызайнерскім падыходам, каларыстычным лаканізмам. І сёння выцінанка ў каледжы выкладаецца на высокім узроўні, як прадмет, на якім глыбока вывучаюць сусветнае і нацыянальнае мастацтва выразання.Творы народнага майстра Станіслава Муліцы з Гродна адметныя рэгіянальнай пазнавальнасцю, сувяззю з мясцовымі традыцыямі народнай культуры
- З іх творчасці складаецца своеасаблівая мазаіка сучаснай беларускай выцінанкі, якая за тры дзесяцігоддзі выйшла на такі ўзровень, што мы вырашылі: хопіць чакаць з нашай сціпласцю, наша выцінанка вартая таго, каб папоўніць Спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва, - заяўляе Яўген Сахута.
І сапраўды, чаму б не? Сучасная беларуская выцінанка - выбітная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры. Гэта ўжо даўно не ўтылітарны прадмет, а высокай вартасці твор, які пры ўсіх сучасных тэндэнцыях і творчых аўтарскіх памкненнях не адышоў ад сваёй асновы - народнай культуры і традыцый.
| Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка", фота з архіваў БЕЛТА, Яўгена Сахуты і з адкрытых крыніц.
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.